“Асаблівы лёс дзіцяці не яго віна, а яго бяда”. Гісторыя Наталлі БЛАГАДАРАВАЙ, бібліятэкара сталічнай сярэдняй школы № 70, пад апекай якой выраслі прыёмныя хлопчык і дзяўчынка, а зараз выхоўваюцца яшчэ трое дзяцей, якіх яна і яе муж усынавілі.
Прыслухалася да сноў
Наталля мае адукацыю журналіста. Яе кар’ера абяцала быць паспяховай. Працаваць пачала яшчэ студэнткай у маленькай газеце, а перад атрыманнем дыплома ўладкавалася ў Нацыянальны прэс-цэнтр. Але было нешта, што не давала ёй спакою. Гэта была мара, якая прыйшла ў снах яшчэ ў дзяцінстве. Яна бачыла побач з сабой дзяцей, якія засталіся без бацькоў, і замяняла ім маці. Сны паўтараліся шмат разоў. “Мабыць, гэта не проста так!” — адчувала Наталля. І дала магчымасць гэтым снам здзейсніцца. Далей споведзь гераіні.
— Калі выйшла замуж, адразу папярэдзіла мужа, што хачу шмат дзяцей і абавязкова ў сям’і будуць малыя, якія засталіся без бацькоўскага цяпла і ласкі. Ён падтрымаў мяне, хоць і ведаў, наколькі гэта цяжка, якія рэсурсы будуць затрачаны: яго маці была апекуном дачок свайго брата, што загінуў у аўтамабільнай аварыі.
У 2006 годзе, калі мне споўнілася 26 гадоў, мы забралі з прытулку, які расфарміравалі, брата і сястру. Марыне было 13 гадоў, Міхаілу — 14. Пэўны час яны знаходзіліся пад апекай сваякоў, але тыя іх вярнулі ў прытулак. Такая рана ніколі не загоіцца. Зараз яны ўжо дарослыя. Дачка нарадзіла двух дзяцей, сын працуе будаўніком, пакуль не ажаніўся. Мы падтрымліваем зносіны, сустракаемся, тэлефануем адно аднаму.
Ілью забралі да сябе, калі яму было чатыры з паловай гады. Маці хлопчыка памерла. Ён доўга не размаўляў, таму мы шмат займаліся з лагапедамі і псіхолагамі. Зараз хлопчыку амаль 17 гадоў, ён вучыцца на электрыка. Потым я даведалася, што ў Фрунзенскім раёне доўга ніхто не забірае
дзвюх сястрычак. Іх гісторыя вельмі сумная. Бацьку пасадзілі ў турму, маці пачала піць. Таму старэйшая дзяўчынка Аляксандра даглядала малодшых дзетак, самаму маленькаму з якіх было ўсяго 8 месяцаў. Разам з ёй мы забралі і 4-гадовую Аню. Астатніх дзяцей уладкавалі ў іншую сям’ю. Перыяд адаптацыі быў вельмі складаны і працягваўся гады тры. Дзякуй богу, мы справіліся. Зараз Аляксандра паступіла ў педагагічны каледж, Аня вучыцца яшчэ ў школе. Шэсць гадоў назад мы ўсынавілі ўсіх траіх дзяцей. А год назад адбыўся цуд — я нарадзіла Кацярыну. Вось такая ў нас вялікая і дружная сям’я Благадаравых.
Па школьнай лесвіцы
За гэтыя гады я скончыла шмат розных курсаў, падпрацоўвала і майстрам па манікюры, візажыстам, масажыстам, і сакратаром, дызайнерам мэблі і інтэр’ера, рамеснікам і прыбіральшчыцай. Ніколі не баялася працы.
Калі дзеці пайшлі ў школу, пачаліся новыя праблемы. Яны маглі збегчы з урокаў, прыходзілася іх шукаць. Таму я была вымушана пільнаваць іх на першым паверсе школы. Нечакана дырэктар прапанавала мне месца бібліятэкара. Я скончыла адпаведныя курсы і з першага паверха паднялася на другі. (Усміхаецца.) І пачалася новая старонка нашага жыцця. Шмат кніг прыносіла на работу са сваёй дамашняй бібліятэкі. Два разы ў год праводзілі акцыю “Падары бібліятэцы кніжку”, да якой актыўна падключыліся бацькі школьнікаў і самі дзеці. Аляксандра стала маім кансультантам — вучні звярталіся да яе па параду, якую кнігу пачытаць. Дзяўчынка так шмат чытала, што час ад часу нават прыходзілася забараняць ёй гэта рабіць. На перапынках у бібліятэку заўсёды была чарга дзяцей. Я абклейвала дзверы рознымі рэдкімі словамі з апісаннем іх значэння. Кожны дзень дабаўляла новае, і, каб яго знайсці, дзеці перачытвалі папярэднія словы. Пагадзіцеся, вельмі добры трэнажор. Так праляцелі тры насычаныя падзеямі гады, пакуль я не пайшла ў дэкрэтны водпуск. Можна сказаць, у радзільны дом я паехала прама з бібліятэкі. Памятаю, муж у той час прыходзіў дапамагаць мне штампаваць падручнікі і быў вельмі здзіўлены: “Школьнікі сюды ідуць бясконца. Тут у цябе кабінет псіхолага ці што?” А вучні прыбягалі, дзяліліся сваімі перажываннямі, радасцямі, і я выслухоўвала… Мне хацелася, каб яны зразумелі, што з дарослымі можна сябраваць і давяраць ім. Асабліва гэта важна ў пераходным узросце.
Прынцыпы выхавання ад Наталлі Благадаравай
- Я — адвакат любога дзіцяці, якому неабходна дапамога!
- Твае дзеянні павінны быць карыснымі і не перашкаджаць нікому.
- Памылкі здараюцца. Над імі трэба працаваць — абмеркаваць, чаму так адбылося, і зрабіць вывады, каб больш іх не паўтараць.
- Даць дзіцяці максімальную колькасць жыццёвых практычных навыкаў, якія дапамогуць стаць самастойнымі.
- Адсутнасць мабільных тэлефонаў. Пры гэтым трэба прапанаваць альтэрнатыву — цікавае, напоўненае жыццё. Канкурэнцыя сур’ёзная, але перамога магчыма. Нашы дзеці выраслі без мабільнікаў.
- Творчасць — абавязковая. Яна развівае крытычнае мысленне і гібкасць розуму. Лічу гэтыя якасці ўмовай поспеху.
- Ствараць сітуацыі, у якіх дзіця адчувае, што робіць штосьці правільна. Важна, каб чалавек разумеў наступствы сваіх дзеянняў ці бяздзеянняў.
На раз, два, тры…
У першую змену я была бібліятэкарам, у другую — вяла тры гурткі. Самае галоўнае, мае дзеці былі пры мне, прысутнічалі на маіх занятках. Потым да іх далучылася больш за 100 школьнікаў.
Пачалося ўсё з “Творчай майстэрні”. Галоўная ўмова, якую я адразу агучыла дзецям, — адсутнасць мабільнага тэлефона. Спачатку набрала пяцікласнікаў, але ўбачыла, што вучні не ўмеюць нават паперу згарнуць, рукі не слухаюцца. Таму на наступны год пачала працаваць з першакласнікамі. Вучні спрабавалі сябе ў розных відах дзейнасці, такіх як валенне, дэкупаж, лепка з гліны і салёнага цеста, аплікацыя, маляванне, дэкарыраванне… Я лічу, што творчасць — гэта афіцыйны спосаб працягнуць дзяцінства. Я і сама не ўяўляю свайго жыцця без яго. Дзецям дазвалялася фантазіраваць, эксперыментаваць, памыляцца, але ні ў якім разе не параўноўваць сябе і свае работы з іншымі. Вучыла іх бачыць свае поспехі і рух наперад. У канцы кожнага ўрока фатаграфавала іх з вырабамі насупраць акна, і на здымку яны атрымліваліся нібыта з німбам. Казала ім: “Калі вы творыце, ператвараецеся ў анёлаў!” Яны ў гэта верылі і вельмі натхняліся.
Затым з’явілася “Літаратурная майстэрня” — дзве групы школьнікаў ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Сучасныя дзеці вельмі мала чытаюць, таму ў іх небагаты слоўнікавы запас. Мы імкнуліся яго папоўніць, вывучалі розныя жанры, спрабавалі пісаць невялікія творы. Напрыклад, давала дзецям паперку з выявай чатырох прадметаў. Неабходна было скласці апавяданне з удзелам усіх персанажаў, ці прыдумаць як мага больш эпітэтаў да слова “мама”, ці надаць вядомай казцы эпічны жанр.
Калі чула ў калідоры, што дзеці ўжылі дрэннае слова, прасіла напісаць дзесяць сінонімаў да яго. Усе гэта вельмі добра ведалі. (Усміхаецца.)
Яшчэ стварыла тэатральны гурток. Аднойчы адзін хлопчык расплакаўся на занятках — нешта ў яго не атрымлівалася. І я прапанавала паплакаць разам з ім усім жадаючым, бо падзеленае гора — паўбяды. Ён так збянтэжыўся, калі я таксама пусціла слязу, але больш не плакаў. А яго мама потым расказала, што сын часта плакаў з-за няўдач і ніяк не ўдавалася растлумачыць яму, што гэта не дапамагае. Нагляднасць, дружалюбная абстаноўка і навыкі, якія дае тэатральны гурток, усё вылечылі. Мы нават спрабавалі пісаць сцэнарыі са старэйшымі дзецьмі. Спадзяюся, калі вярнуся ў школу, працягнем ствараць арыгінальныя творы.
Я заўсёды нацэлена на вынік. Тады і магчымасці знаходзяцца. Галоўнае — уважліва назіраць за дзецьмі, каб разумець, чаго ім не хапае на самай справе.
Мы рыхтавалі таксама пастаноўкі да розных свят. Асабліва цікавым атрымлівалася святкаванне Велікоднай сядміцы. Цэлы тыдзень на перапынках дзеці бавілі час за народнымі гульнямі, ладзілі кірмашы і выставы велікодных вырабаў, зробленых сваімі рукамі. У госці да нас прыходзілі званары, якія праводзілі майстар-класы. Школьнікі рыхтавалі канцэрт.
Талерантная і дружалюбная
Я вельмі ўдзячна адміністрацыі школы, дырэктару Яўгеніі Веньямінаўне Рудавай, настаўнікам і бацькам. У навучальнай установе створана дружалюбная атмасфера для вучняў з асаблівым лёсам. Раз на месяц адбываюцца сустрэчы супольнасці “Родныя людзі”, якая аб’ядноўвае сем’і з прыёмнымі ці ўсыноўленымі дзецьмі. Я ўпэўнена, што менавіта падтрымка талерантнага асяроддзя дае магчымасць вырасціць нашых вельмі складаных дзяцей дастойнымі грамадзянамі і, спадзяюся, добрымі сем’янінамі. Я вельмі сумую па школе і з задавальненнем туды вярнуся.
Марына ЖДАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.