Рухавікі поспеху

- 12:32Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Установы адукацыі быццам цягнікі, якія перавозяць людзей ад аднаго значнага пункта ў іх жыцці да другога. Напрыклад, прафесійныя каледжы і ліцэі дастаўляюць ад станцыі Школа да станцыі Дарослае жыццё. І ў кожнага такога цягніка ёсць рухавік — гэта людзі, што працуюць ва ўстанове. Як ад рухавіка залежыць, наколькі хутка едзе цягнік і ці едзе ён увогуле, так і ад супрацоўнікаў залежыць, наколькі эфектыўна працуе ўстанова адукацыі. Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж — установа, якая ганарыцца поспехамі ў падрыхтоўцы спецыялістаў. І гэтыя поспехі дасягнуты дзякуючы таленавітым і працавітым людзям.

Дырэктар каледжа Мікалай Іосіфавіч Вакульчык не сумняваецца, што менавіта людзі — рухавік развіцця ўстановы. І сам ён — пацвярджэнне гэтай думкі. Яго прыход даў новы штуршок дзейнасці ўстановы. Мікалай Іосіфавіч узначаліў установу тры гады назад. Працаваць у плыні сучасных тэндэнцый і патрабаванняў часу — адзін з важных для Мікалая Іосіфавіча прынцыпаў работы. Таму значная ўвага калектыву сёння скіравана ў бок інавацый і выкарыстання сучасных тэхналогій. У каледжы працавалі над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне мабільных тэхналогій у адукацыйны працэс устаноў прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі”, і цяпер педагогі каледжа выкарыстоўваюць у рабоце розныя інтэрнэт-сэрвісы, мабільныя дадаткі, ствараюць блогі і г.д.

Дырэктар перакананы, што сёння для поспеху ў жыцці і прафесіі мала быць адукаваным чалавекам і высокакваліфікаваным спецыялістам, трэба быць творчай, усебакова развітой асобай. Менавіта з такім падыходам і працуюць у каледжы. Значна ўзмац­нілася работа ў кірунку тэхнічнай творчасці, рацыяналізатарства. Такая дзейнасць дае дадатковыя навыкі, якія будуць карысныя ў прафесіі, а таксама вучыць падыходзіць крэатыўна да любой справы. Увага да тэхнічнай творчасці дазволіла праявіць сябе мноству бліскучых талентаў. У 2017 годзе ва ўстанове з’явілася пастаянна дзеючая выстава тэхнічнай творчасці, дзе дэманструюцца вынаходкі навучэнцаў і педагогаў. Не менш важнае і эстэтычнае развіццё, таму ў каледжы прапаноўваюцца заняткі ў 19 творчых аб’яднаннях па інтарэсах рознага кірунку. Адчуваючы падтрымку, кіраўнікі творчых аб’яднанняў працуюць больш эфектыўна і натхнёна, што адбіваецца на выніках. Так, значны прагрэс дэманструе танцавальны калектыў NEWVENTО. На­прыклад, у бягучым годзе яго ўдзель­нікі атрымалі два дыпломы на міжнародным фестывалі-конкурсе “Новыя вяршыні”.

Кіраўнік адзначае таксама важнасць пашырэння супрацоўніцтва з рознымі партнёрамі. І ў гэтай справе таксама ёсць дасягненні: у 2018 годзе партнёрства выйшла за межы нашай краіны. Наладжана ўзаемадзеянне з Баршчоўскім агратэхнічным каледжам і Уладзіміра-Валынскім агратэхнічным каледжам.

“Неталенавітых, няздольных людзей не бывае, але для таго, каб асоба творча раскрылася, неабходна стварыць пэўныя  ўмовы” — падкрэслівае дырэктар і, відавочна, ставіць перад сабой задачу ствараць такія ўмовы для навучэнцаў і сваіх падначаленых.

Рынат Газінуравіч Муратаў — малады крэатыўны педагог, улюбёны ў сваю прафесію, які пастаянна імкнецца да новага, перадавога. Ён працуе ў каледжы дзевяць гадоў, з’яўляецца магістрам ветэрынарных навук, выкладчыкам вышэйшай катэгорыі зааветэрынарнага аддзялення каледжа.

Яго стыль выкладання дэмакратычны і дыпламатычны. Педагог абавязкова даведваецца, што цікава навучэнцам, што іх хвалюе, натхняе, і імкнецца задаволіць іх запыты. На занятках заўсёды ёсць месца дыялогу, педагог заклікае навучэнцаў дзяліцца ўражаннямі і задаваць пытанні. Разумеючы, што сучасныя падлеткі не ўяўляюць свайго жыцця без гаджэтаў, Рынат Газінуравіч актыўна выкарыстоўвае тэхналогіі мабільнага навучання ў вучэбнай дзейнасці і пазаўрочнай рабоце. Педагог стварыў уласны блог, які дапамагае ў рабоце і спрыяе камунікацыі з навучэнцамі, прымяняе разнастайныя cэрвісы Google для арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Рынат Газінуравіч — творчы чалавек і ўсе свае таленты накіроўвае на прафесійную дзейнасць. З дзяцінства ён піша вершы і на вучэбных занятках лёгка можа зашыфраваць у чатырохрадкоўі тэму, прыду­маць тэрміналагічныя загадкі, падзякаваць навучэнцам за плённую працу ў вершаванай форме.

Педагог выдатна праявіў сябе ў рабоце з адоранымі навучэнцамі. Ужо некалькі гадоў ён рыхтуе каманду каледжа да інтэлектуальных спаборніцтваў па ветэрынарыі. У яго склалася свая сістэма работы, якая дае вынікі: каманда навучэнцаў каледжа пад яго кіраўніцтвам двойчы станавілася пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Аграмайстэрства” ў намінацыі “Ветэрынарная медыцына”, штогод навучэнцы атрымліваюць дыпломы ў конкурсе і ў асабістым першынстве. За асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў Р.Г.Муратаў у 2018 годзе ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Рынат Газінуравіч паспявае весці і актыўнае грамадскае жыццё: ён выдатны арганізатар, натхняльнік творчых і дабрачынных спраў. Педагог узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю навучэнцаў каледжа. Пярвічка лічыцца адной з лепшых у Брэсцкай вобласці. У вачах навучэнцаў Рынат Газінуравіч — безумоўны лідар. Ён умее знай­сці падыход да падлеткаў, яго сакрэт — у пазітыве і адкрытасці. Кожнага ён сустракае ўсмешкай і добрым словам, заўсёды гатовы выслухаць і падтрымаць.

Пасля заняткаў юнакі спяшаюцца ў майстэрню да Сяргея Аляксандравіча Шчарбука. Сяргей Аляксандравіч — майстар вытворчага навучання, а таксама кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юны скульптар”. У яго за плячыма ўсяго 5 гадоў работы, і толькі трэці год ён вядзе заняткі аб’яднання. Аднак Сяргей Аляксандравіч — бездакорны аўтарытэт для навучэнцаў, чалавек, якога паважаюць. Ён лічыць, што для таго, каб дасяг­нуць паважлівага стаўлення і цікавасці навучэнцаў на занятках, неабходны спакой і ўпэўненасць у сваіх сілах. А для гэтага патрэбен падмурак з моцных ведаў і высокага прафесіяналізму, які ў Сяргея Аляксандравіча, безумоўна, ёсць. І гэты падмурак ён пастаянна ўмацоўвае.

Сяргей Аляксандравіч — ад зін з тых, дзякуючы каму тэхнічная творчасць у каледжы выйшла на якасна новы ўзровень. Дарэчы, юныя творцы займаюцца пад яго кіраўніцтвам не толькі скульптурай, нягледзячы на назву аб’яднання. Спачатку яны сапраўды рабілі скульптуры з гіпсу, але сёння ўжо вынаходзяць розныя цікавыя прыборы і прыстасаванні, а назву гуртка вырашылі пакінуць першапачатковую. Запрашаць і зацікаўліваць навучэнцаў педагогу даводзілася толькі ў першы год работы аб’яднання, а цяпер навучэнцы самі бягуць сюды з задавальненнем.

Сяргей Аляксандравіч працуе з фантазіяй, натхненнем і стараннасцю. І гэта перадаецца выхаванцам. Чаго толькі яны не вырабілі разам! На пастаянна дзеючай выставе тэхнічнай творчасці можна ўбачыць калекцыю настольных лямп, жалезных чалавечкаў, прадметаў інтэр’ера са шкла і металу. Адна з апошніх вынаходак — універсальны інкубатар, у якім можна выво­дзіць любых птушанят: хоць куранят, хоць маленькіх пінгвінаў. За тры гады работы аб’яднанне “Юны скульптар” пад кіраўніц­твам С.А.Шчарбука многага дасягнула. Тры гады запар работы навучэнцаў узнагароджваюцца дыпломамі II і III ступені на заключным этапе конкурсу “ТэхнаЁлка”. Удзельнік аб’яднання Ігар Гурскі атрымаў дыплом III ступені на XVI Рэспубліканскім злёце вынаходнікаў і рацыяналізатараў і ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяль­най падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Яго распрацоўка — агрэгат для халоднага вэнджання “Вяндлярня ХК-1”. Навучэнец Дзмітрый Літвінчук узнагароджаны дыпломам II ступені на заключным этапе Рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі ў 2018 годзе за распрацоўку і выраб універсальнага халадзільніка “Пельцьес-1”, у наступным годзе каманда навучэнцаў каледжа атрымала дыплом III ступені на заключным этапе рэспубліканскага агляду.

Сяргей Аляксандравіч, безу­моўна, радуецца дасягненням сваіх навучэнцаў, а яшчэ больш яго радуе, што дзякуючы яго заняткам яны атрымліваюць навыкі, якія будуць ім карысныя ў працы і ў жыцці.

Аксана Канстанцінаўна Верабей ператварае навучэнцаў у юных вучоных, захапляючы іх навукова-даследчай дзейнасцю. Пад яе кіраўніцтвам будучыя тэхнолагі па перапрацоўцы малака і малочных прадуктаў паспяхова акунаюцца ў свет гіпотэз і доследаў. Дзякуючы асабістай зацікаўленасці педагога, нала­джана супрацоўніцтва з Інстытутам мяса-малочнай прамысловасці. Штогод каледж бярэ ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе на лепшую навукова-даследчую работу сярод студэнтаў і навучэнцаў. І тройчы навучэнцы Аксаны Канстанцінаўны ўздымаліся на п’едэстал гонару.

Даследаванні навучэнцаў цесна звязаны з іх будучай прафесіяй. Аб’ектамі даследавання становяцца малочныя прадукты. Абсталяванне вучэбнай лабараторыі каледжа дазваляе вырабляць малочныя прадукты, вызначаць іх фізіка-хімічныя і мікрабіялагічныя паказчыкі, праводзіць дэгустацыі. Падчас сваіх даследаванняў юныя навукоўцы ўжо параўноўвалі беларускія закваскі з прадуктамі замежных вытворцаў. Таксама вывучалі тварог і даведваліся, як розная па якасцях сыравіна ўплывае на канечны прадукт. А яшчэ даследавалі, як прэбіётыкі ўплы­ваюць на колькасць мікраарганізмаў у ёгуртах. Педагог падкрэслівае, што такая дзейнасць пашырае кругагляд навучэнцаў, яны вучацца назіраць, аналізаваць, рабіць высновы. Усё гэта робіць іх лепшымі ў прафесіі.

Таксама Аксана Канстанцінаўна з’яўляецца старшынёй цыклавой камісіі, якая неаднаразова станавілася пераможцай у конкурсе “Лепшая цыклавая камісія каледжа”. Педагог узнагароджана ў 2019 годзе Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Аксана Канстанцінаўна сур’ёзная, адказная, валодае высокім узроўнем прафесійных ведаў і патрабуе ад навучэнцаў дасканалага авалодання спецыяльнымі ўменнямі і навыкамі. Гэта і забяспечвае яе прафесійныя поспехі.

У Пінскім дзяржаўным аграрным тэхналагічным каледжы працуе яшчэ шмат цудоўных спецыялістаў. Іх майстэрства і прафесіяналізм дапама­гаюць кожнаму навучэнцу стаць не толькі прафесіяналам, але і цікавай, усебакова развітой асобай.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і прадастаўлены ўстановай адукацыі.