Руслан Чарнецкі: «Сваім шчасцем мне хочацца дзяліцца з людзьмі»

- 13:27Моя школа

Руслан Чарнецкі — заслужаны артыст Беларусі, адзін з самых яркіх і запатрабаваных акцёраў сучаснасці. Прафесіяналізм, талент і фактурная знешнасць дазваляюць яму ўвасабляць самых розных персанажаў, як станоўчых, так і адмоўных. Аднак яго шлях да вялікай сцэны быў няпростым. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 — Руслан Іосіфавіч, давайце ўзгадаем, якім было ваша дзяцінства.

— Шчаслівым! Мы жылі на вуліцы Цнянскай. Памятаю, як мяне вазілі ў калясцы ўздоўж нашага дома, як бацька мяне на санках катаў, як вучыў на веласіпедзе ездзіць, як сястру сустракалі са школы… Успамінаў мноства, і ўсе яны яркія.

— А вы былі ціхонем ці задзірай?

— Як узгадвае родная сястра, старэйшая за мяне на 12 гадоў, я быў згаворлівым дзіцянём і са мной можна было дамовіцца. Аднак ціхонем я ніколі не быў, на мне заўсёды скура гарэла, у пачатковай школе біўся ледзь не штодня, але гэта нармальна для хлопчыкаў.

А яшчэ я быў вельмі актыўным і самастойным. Так, у сем гадоў сам прыйшоў займацца футболам у “Дынама”. Калі ў 4 класе мяне аддалі на плаванне ў Дом афіцэраў, то я таксама ездзіў туды самастойна з вуліцы Магілёўскай. Потым вучыўся ў 23-й школе, што ля плошчы Якуба Коласа, а на зборы па плаванні
ездзіў ажно ва Уручча. Затым мне захацелася зай­мацца парусным спортам, і я дабіраўся да Мінскага мора зноў жа сам, мяне ніхто ніколі не суправаджаў.

Увогуле я шмат чым займаўся, ніколі не сядзеў без справы. Акрамя спартыўных секцый, наведваў разнастайныя студыі, кружкі, танцы.

— Вашай дачцэ Арыне восем гадоў. А ці дазваляеце і ёй самастойна прымаць рашэнні, чым займацца?

— Канечне, хоць і крыху накіроўваем яе туды, дзе, як нам здаецца, ёй бу­дзе цікава. Так яна ўжо павучылася іграць на барабанах і пазаймалася тэнісам, але мы разам прыйшлі да высновы, што гэта не яе. Цяпер яна наведвае дзіцячую студыю пры Оперным тэатры, дзе ёй вельмі падабаецца спяваць. Дарэчы, яна ўжо актрыса, якая здымаецца з трох гадоў. Калі ж падрасце і раптам перадумае займацца акцёрскай справай, то будзе зноў шу­каць сябе. Нічога страшнага ў гэтым няма, я таксама доўга шукаў сябе.

— Можа быць, у школе быў педагог, які асабліва моцна паўплываў на вас? Каго ўзгадваеце?

— Маю першую настаўніцу Алену Яўгеньеўну з 56-й школы, зараз гэта гімназія. Усе вучні нашага класа яе вельмі любілі, і нават калі я перайшоў у 23-ю школу ў спартыўны клас па плаванні, то мы ўсё роўна збіраліся і наведвалі яе. Яна з’яднала нас, навучыла сябраваць і вучыцца. Дзякуючы гэтаму, многія з аднакласнікаў змаглі рэалізавацца, бо яна ўклала ў нас разуменне, што трэба вырасці добрымі, сумленнымі і выхаванымі людзьмі.

— Калі не сакрэт, чаму не склалася са спортам і мы ведаем вас як акцёра, а не як спартсмена?

— Спорт у маім жыцці прысутнічаў заўсёды, ён загартаваў характар. Але ў нейкі момант я зразумеў, што да прафесійнага спорту проста не ляжыць душа. Мой трэнер па плаванні Алена Сяргееўна Федарэнка — сапраўды таленавіты трэнер, якая за паўгода зрабіла з нас чэмпіёнаў. Яна нас так моцна матывавала, што мы на трэніроўкі не хадзілі, а бегалі: ад дома да метро, ад метро да школы і назад толькі бегам. Так я прабегаў тры гады і аднойчы, прыслухаўшыся да свайго ўнутранага голасу, усвядоміў, што больш не хачу плаваць. Хоць у свае 12 гадоў я ўсё ж выканаў першы дарослы разрад. Калі вярнуўся ў 56-ю школу, то яшчэ паспрабаваў сябе ў боксе, дзе мне паставілі ўдар, кікбоксінгу і баскетболе.

Увогуле, што тычыцца спорту, то я чалавек сістэмны. І калі пачынаю трэніравацца, то займаюся строга па графіку: чатыры дні трэніроўкі, адзін — выхадны і зноў па крузе. Па-іншаму ў мяне не бу­дзе выніку.

— Як атрымалася, што па першай адукацыі вы аўтаслесар?

— Гэта прафесія была вельмі запатрабаванай у той час, прычым і прахадны бал, і конкурс былі высокімі. Бацькі прапанавалі, і я пагадзіўся, асабліва не задумваючыся, кім сапраўды хачу стаць. Але ўжо на першым курсе зразумеў, што аўтаслесарам працаваць не буду. Больш за ўсё у ПТВ мне падабалася самадзейнасць, я выступаў у камандзе КВЗ, займаўся бальнымі танцамі і прадстаўляў сваю ўстанову на творчых конкурсах.

Пасля вучылішча адразу пайшоў на тэрміновую службу ў армію, таму ні дня не працаваў па першай прафесіі. Затым паспрабаваў сябе як прафесійны танцор-бальнік. Мы шмат гастралявалі, я нават выступаў па кантракце ў Тайландзе. Аднак у нейкі момант прыйшло ўсведамленне, што не змагу танцаваць усё жыццё, і гадоў у 40 прыйдзецца пачынаць з нуля.

А потым я звярнуў увагу, што гляджу кіно не як звычайны глядач, які сочыць за сюжэтам, спецэфектамі, а аналізую, як акцёры іграюць і як бы я зрабіў на іх месцы. І тут прыйшло азарэнне — гэта маё. А далей ўсе жыццёвыя падзеі пацвердзілі, што я на правільным шляху. Дзякуй богу, я ні секунды свайго жыцця не пашкадаваў пра гэта.

— Хто былі вашы настаўнікі на творчым шляху?

— Канечне, Барыс Іванавіч Луцэнка, бо гэты чалавек увёў мяне ў акцёрскую прафесію. Ён нешта разгледзеў ува мне і не пабаяўся ўзяць чалавека з вуліцы. У той жа час Барыс Іванавіч якраз ставіў спектакль “Выпадковы вальс” і даў мне першую ролю, праўда, пластычную, у масоўцы. А праз два гады ён даверыў мне і першую галоўную ролю. Паралельна я паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў.

Вядома, вучыўся я ва ўсіх нашых мэтраў, проста гледзячы на іх, пачынаючы акцёрскім рамяством і заканчваючы этыкай, стаўленнем да тэатра, прафесіі, калег і гледача. Дзякуй богу, што акцёрам майго пакалення пашанцавала застаць і Расціслава Іванавіча Янкоўскага, і Андрэя Сцяпанавіча Дударэнку, і Віталія Міхайлавіча Быкава, і Уладзіміра Ільіча Кургана. Яны вучылі нас: усё, што мы робім, — робім для гледача, і ўсё роўна, колькі чалавек у зале — 50 альбо 450. Яшчэ адзін сённяшні тэатральны настаўнік — наш Сяргей Міхайлавіч Кавальчык, хоць ён больш рэжысёр, чым педагог.

А вось у кіно маім настаўнікам стаў Віталь Андрэевіч Дудзін. Мне пашчасціла зняцца ў двух яго фільмах.

— Руслан Іосіфавіч, а вас ніколі не запрашалі выкладаць?

— Былі такія прапановы, але я не педагог. Мне заўсёды цікава проста пра нешта паразмаўляць з падрастаючым пакаленнем, але не вучыць. Так, два гады запар мы ездзілі па летніках з акцыяй “Крок да поспеху”. Гэта было вельмі цікава і дазволіла зразумець, як развіваюцца і чым жывуць сённяшнія дзеці. Хачу сказаць: наша моладзь эрудыраваная і разумная, задае глыбокія пытанні. Нягледзячы на ўсю даступнасць інтэрнэту і кліпавае мысленне, нашы дзеці несупынна развіваюцца і ствараюць.

— Дарэчы, наступнае пытанне якраз ад падрастаючага пакалення. Мая дачка-адзінаццацікласніца пасля прагляду “Графа Монтэ-Крыста” папрасіла запытацца: якія складнікі вашага поспеху?

— Самае галоўнае — знайсці сваё месца. Я перакананы, што кожны чалавек прыходзіць на Зямлю з вызначанай праграмай. Пытанне толькі ў тым, ці зразумее ён яе і ці выканае. Таму важна як мага раней зразумець, для чаго ты прыйшоў у гэты свет і што павінен зрабіць. Я толькі ў 23 гады гэта зразумеў. Калі чалавек знойдзе сваё месца і сваю справу, якой захоча займацца, то яму ніколі не будзе сумна, ён з задавальненнем будзе бегчы на сваю працу. Таксама не менш важна знайсці і блізкага чалавека — мужа ці жонку, які будзе ў гэтым падтрымліваць. Бо я перакананы, што людзі створаны парамі, галоўнае — знайсці сваю палову. Калі ў цябе ёсць любімая прафесія і самая лепшая сям’я і калі ты жывеш у цудоўнай краіне, то ты шчаслівы чалавек.

— Што сёння дастаўляе вам большае задавальненне: тэатр ці кіно?

— Я аднолькава люблю і тэатр, і кіно. У маім выпадку нічога не робіцца дзеля грошай. Дарэчы, гэта таксама яшчэ адзін бок поспеху, рабіць трэба не для сябе і заробку, а дзеля людзей. Чым бы ні займаўся — усё трэба рабіць для людзей. І чым больш народу гэта будзе разумець, тым лепш для краіны.

Я шчыра лічу, што біч сучаснасці — татальны эгаізм. Акцёр жа наогул не можа выходзіць на сцэну дзеля сябе, бо атрымаецца самалюбаванне. А наша мэта — як мінімум прымусіць гледача забыцца на свае праблемы хоць бы на 2—2,5 гадзіны, а як максімум — упэўніць задумацца пра нешта высокае і нават, магчыма, змяніцца да лепшага. Мне інакш нецікава.

— Большасць вашых узнагарод менавіта за ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва. Так, у канцы снежня за ролю Эдмона Дантэса ў спектаклі “Граф Монтэ-Крыста” вы атрымалі Нацыянальную тэатральную прэмію ў намінацыі “Лепшая мужчынская роля”. Наколькі важныя для вас званні, граматы?

— Гэта паказчык, што я на правільным шляху. Пры гэтым яны — і вялікая адказнасць, бо ты павінен адпавядаць званню, узнагародзе. Каб у чалавека нават думкі не ўзнікла, што ты яе хоць крышачку не варты. А яшчэ, калі маеш прызнанне, з цябе пачынаюць браць прыклад. Гэта нармальна і правільна, я таксама так рабіў і вучыўся ў паспяховых людзей. Калі ты заслужаны артыст, значыць, ты заслужыў гэта званне — і несці яго неабходна горда, і паводзіць сябе годна, каб моладзь брала з цябе прыклад.

— Падвесці вынік нашай размовы хочацца пытаннем з фінальнай песні спектакля “Граф Монтэ-Крыста”: “Куда ты идешь, зачем ты живешь?”.

— На працягу амаль 20 гадоў я спрабаваў сфармуляваць адказ на гэтае пытанне. Мне здаецца, што нарэшце ў мяне гэта атрымалася, калі зразумеў сваю галоўную мэту як акцёра — дапамагчы чалавеку стаць лепшым, чым ён ёсць.

— Руслан Іосіфавіч, дзякуй за цікавую размову. Хочацца пажадаць вам поспеху ва ўсіх пачынаннях і, канечне, яркіх роляў. А чаго б вы параілі нашым чытачам?

— Стаць больш дружнымі, бо толькі разам, аб’яднаўшыся ў адну вялікую амаль 10-мільённую сям’ю, мы пераможам любыя нягоды.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва героя