Кірункі і перспектывы развіцця прафесійнай адукацыі ў нашай краіне абмеркавалі на сумесным пасяджэнні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Актуальнасць тэмы пасяджэння падкрэсліў у сваім выступленні міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка, адзначыўшы, што ад эфектыўнасці работы сістэмы прафесійнай адукацыі шмат у чым залежыць устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё нашай краіны. Таму галоўнай задачай з’яўляецца ўдасканаленне мадэлі прафесійнай адукацыі з такім разлікам, каб яна адпавядала не толькі сучасным, але і будучым патрэбам чалавека, грамадства і дзяржавы. І для вырашэння гэтай задачы неабходна ўзаемадзеянне шэрага міністэрстваў і ведамстваў. Важная роля адводзіцца органам дзяржаўнага кіравання, якія курыруюць пэўныя віды эканамічнай дзейнасці. Яны павінны сфармуляваць не толькі колькасныя паказчыкі патрэбы ў кадрах, але і выразна апісаць функцыі рабочых і спецыялістаў, якіх яны хочуць бачыць на працоўных месцах. Для гэтага ў 2018 годзе ў Беларусі распрацавана стратэгія ўдасканалення нацыянальнай сістэмы кваліфікацый.
У адпаведнасці з гэтым дакументам ствараюцца сектаральныя саветы, якія павінны распрацаваць прафесійныя стандарты, у якіх сфармуляваны патрабаванні рынку працы да працоўных функцый спецыялістаў. Прафесійныя стандарты стануць асновай для распрацоўкі зместу адукацыйных праграм прафесійнай адукацыі.
— Такія стандарты патрэбныя і работадаўцу, і сістэме адукацыі. Мы не раз казалі: скажыце, які вам патрэбны спецыяліст і мы яго падрыхтуем. Разгорнутае апісанне функцый і дзеянняў работніка, на мой погляд, будзе тым інструментам, які і ва ўстановах адукацыі, і ва ўмовах вытворчасці дазволіць выбудаваць бесперапынную прафесійную адукацыю работніка ад школьнай лаўкі да вяршыні кар’еры, — падкрэсліў Ігар Васільевіч Карпенка.
Пры Міністэрстве адукацыі таксама створаны свой сектаральны савет кваліфікацый і распрацаваны праект прафесійнага стандарту педагагічнай дзейнасці ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Таксама прадстаўнікі Міністэрства адукацыі ўваходзяць у склад усіх створаных на сённяшні дзень 11 сектаральных саветаў. У некаторыя адукацыйныя праграмы ўжо ўнесены змяненні на аснове рэкамендацый гэтых саветаў.
І.В.Карпенка звярнуў увагу на ролю рэсурсных цэнтраў у арганізацыі падрыхтоўкі кадраў. Сёння ў краіне створаны 48 рэсурсных цэнтраў па 9 відах эканамічнай дзейнасці. На іх базе ў адукацыйны працэс укараняюцца сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, прымяняюцца найноўшыя сродкі навучання і абсталяванне. Штогод у рэсурсных цэнтрах краіны праходзяць падрыхтоўку каля 25 тысяч чалавек, з іх 20 тысяч — навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Таксама тут ажыццяўляецца стажыроўка майстроў вытворчага навучання профільных устаноў адукацыі, прафесійная падрыхтоўка і перападрыхтоўка дарослага насельніцтва. Зараз Міністэрства адукацыі ажыццяўляе працэс нарматыўнага прававога замацавання рэсурсных цэнтраў. Для найбольш эфектыўнага і шырокага выкарыстання абсталявання рэсурсных цэнтраў развіваецца сеткавая форма ўзаемадзеяння, якая дазваляе навучэнцам адной установы адукацыі засвоіць змест пэўнай часткі адукацыйнай праграмы з выкарыстаннем рэсурснага забеспячэння іншай установы.
Міністр расказаў пра планы па стварэнні Нацыянальнага агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі. Адпаведныя змяненні ўжо ўнесены ў праект новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Асноўнай задачай Нацыянальнага агенцтва будзе правядзенне дзяржаўнай акрэдытацыі ўстаноў адукацыі і іншых арганізацый, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць.
— Стварэнне агенцтва дазволіць сфарміраваць штат прафесійных экспертаў у сферы адукацыйнай дзейнасці, як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўню, зробіць працэдуру больш адкрытай, будзе спрыяць павышэнню экспарту адукацыйных паслуг, — падкрэсліў І.В.Карпенка.
Кіраўнік міністэрства заявіў, што сёння патрэбны новыя падыходы да арганізацыі супрацоўніцтва ў прафарыентацыйнай рабоце. Неабходна актывізацыя ў гэтым кірунку прадпрыемстваў і арганізацый. Менавіта яны павінны ўзаемадзейнічаць з будучымі абітурыентамі, зацікаўліваць іх, агучваць перспектывы развіцця свайго сектара эканомікі ў цэлым і канкрэтных арганізацый. Зараз у асноўным прафарыентацыяй займаюцца школа і сістэма прафесійнай адукацыі, але відавочна, што намаганні неабходна аб’ядноўваць.
Яшчэ адно актуальнае пытанне — навучанне дарослага насельніцтва. Сёння многія прадпрыемствы адчуваюць праблему недахопу кадраў. Трэба ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі кіравання шукаць шляхі навучання дарослага насельніцтва ва ўстановах адукацыі.
Удзельнікі сумеснага пасяджэння абмеркавалі таксама пытанні выхаваўчай і ідэалагічнай работы, работы з адоранымі дзецьмі, перспектывы выкарыстання мэтавай падрыхтоўкі і іншыя актуальныя тэмы. Перспектывы далейшага развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі дакладна вызначаны, і яны прадугледжваюць мэтанакіраваную і ўзгодненую штодзённую працу шэрага дзяржаўных структур.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.







