Рыхтуемся да экзамену па гісторыі з Вольгай Краўчанка

- 10:11Образование, Портфолио

Настаўніца гісторыі Вольга Краўчанка ганарыцца тым, што працуе ў сярэдняй школе № 2 Рагачова імя В.М.Калеснікава — ва ўнікальным масіўным цагляным будынку, які захаваўся з дарэвалюцыйных часоў і не страціў канструктыўных асаблівасцей і велічнасці. У яе кабінеце знаходзіцца музей гісторыі школы, стварэнне якога педагог ініцыіравала. Усё разам гэта аказ­вае вялікі ўплыў на правядзенне ўрокаў і пазакласных мера­пры­емст­ваў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Мне пашанцавала ўсё жыццё працаваць у адным з найстарэйшых будынкаў краіны, які з’яўляецца матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспублікі і да чыёй гісторыі мы з вучнямі не аднойчы дакраналіся ў сваіх даследчых работах, — гаво­рыць Вольга Віктараўна. — Так, 1 ліпеня 1906 года ў гэтым будынку было адкрыта рэальнае вучылішча. У Першую сусветную вайну тут знаходзіўся размеркавальны пункт для бежанцаў, з 1918 года размяшчаўся педагагічны тэхнікум, а з 1929 па 1940 год — педагагічны інстытут. У гады акупацыі Рагачова нямецка-фашысцкімі захопнікамі будынак моцна пацярпеў. З 1944 года ў ім размяшчаецца сярэдняя школа № 2.

Школа славіцца людзьмі, якія працавалі ў ёй, і сваімі выпускнікамі. 17 кастрычніка 2011 года ўстанове было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Віталя Міхайлавіча Калеснікава — земляка, выпускніка Рагачоўскага педагагічнага інстытута 1939 года, што знаходзіўся ў сценах гэтага будынка. Асобнай увагі заслугоўвае праўнучка Аляксандра Сярг­еевіча Пушкіна  Вольга Яўгенаўна Кліменка (у замужжы — Усава), выпускніца кароткатэрміновых педагагічных курсаў Рагачоўскага педтэхнікума 1929 года.

У 2012 годзе мая вучаніца Вікторыя Чыжова падрыхтавала сур’ёзную даследчую работу пра гісторыю нашай установы, якая была прадстаўлена на абласным этапе конкурсу даследчых работ “Пошук”. Музейная экспазіцыя па гісторыі школы першапачаткова была створана ў асобным памяшканні, але ў 2014 годзе ўсе матэрыялы былі размешчаны ў кабінеце гісторыі.

Вучні Вольгі Віктараўны — пераможцы трэцяга этапу Рэс­публіканскай алімпіяды па гісторыі, на працягу апошніх дванаццаці гадоў неаднаразова перамагалі на рэс­публіканскім конкурсе работ даследчага характару, арганізаваным Міністэрствам адукацыі (заваявалі 6 дыпломаў). Асаблівае месца ў даследчай дзейнасці навучэнцаў Вольгі Краўчанка займаюць работы міжпрадметнага і надпрадметнага зместу: “Згасаючая спадчына”, “Гістарычны аспект поліканфесійнас­ці Рагачоўскага раёна”, “Унутраны гандаль другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя ў беларускіх гарадах”, “Рэгіянальная кузня кадраў ХХ стагоддзя”, “З гісторыі барацьбы з заразнымі захворваннямі на беларус­кай тэрыторыі ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя” і г.д.

Вольга Віктараўна Краўчанка — настаўнік-метадыст, суаўтар вучэбных і метадычных дапаможнікаў для школьнікаў (вучэбнага дапаможніка для 7 класа па гісторыі Беларусі, рэкамендаванага Міністэрствам адукацыі, дапаможнікаў ВМК: атласа, рабочага сшытка, дапаможніка для настаўніка для 7 класа па гісторыі Беларусі, рабочага сшытка па гісторыі Старажытнага свету ў 2 частках для вучняў 5 класа, трэнажора для падрыхтоўкі да алімпіяды па матэрыялах 5 класа), стваральнік ЭАР, пераможца конкурсаў прафесійнага майстэрства, у тым ліку шасціразовая пераможца рэспуб­ліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Яна настаўнік-цьютар, трэнер абласной каманды навучэнцаў па падрыхтоўцы да даследчых конкурсаў і заключнага этапу алімпіяды па гісторыі, лектар у АПА, ГАІРА, член творчай рэспубліканскай групы настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства ў АПА, член журы абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання, рэцэнзент метадычных дапаможнікаў.

Рыхтуемся да экзамену

Асаблівую ўвагу Вольга Краўчанка ўдзяляе развіццю ў вучняў прадметных і міжпрадметных кампетэнцый, функцыянальнай і інфармацыйнай дасведчанасці.

Вопыт педагога па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій быў прадстаўлены пры стварэнні адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, дзе яна стала аўтарам вучэбных модуляў: гісторыя Беларусі, 7 клас, 22 модулі. У дапамогу навучэнцам 9 класа і калегам пры падрыхтоўцы да іспыту за курс базавай школы па гісторыі Беларусі Вольга Краўчанка стварыла сайт , дзе размешчаны тэксты, прэзентацыі, план адказаў, слоўнік, інтэрактыўныя практыкаванні і аўтарскія тэкставыя запаміналкі для адпрацоўкі прадметных кампетэнцый, а таксама “Мабільны трэнажор” — карткі па гісторыі, распрацаваныя ў праграме “Барабук”.

— Вынік экзамену па гісторыі Беларусі ў 9 класе — гэта не проста вынік навучэнца, але і паказчык шматгадовага вывучэння прадмета “Гісторыя Беларусі” пачынаючы з 6 класа, — адзначае Вольга Краўчанка. — І толькі сістэмная карпатлівая праца на кожных занятках прывядзе вучня да поспеху.

Яшчэ з 6 класа на ўроках гісторыі Беларусі вучні Вольгі Віктараўны ўключаны ў пазнавальную і даследчую вучэбную дзейнасць. Так, пры вывучэнні жыцця ўсход­неславянскіх плямён пры запаўненні табліцы дзецям прапаноўваюцца тры крыніцы інфармацыі: тэкст вучэбнага дапаможніка, картасхема і малюнкі ўпрыгажэнняў, якія раней насілі жанчыны. У выніку можна змадэляваць новую карта­схему пры дапамозе рамак-маркераў, выяў, а калі гэта адбываецца на насценнай карце, то пры дапамозе магнітаў, размяшчаючы іх у патрэбных месцах для лепшага візуальнага ўспрымання і запамінання даных табліцы.

У 7 класе пры вывучэнні тэмы “Утварэнне Рэчы Паспалітай” педагог завастрае ўвагу вучняў на прычынах, умовах, значэнні Люблінскай уніі, спосабах барацьбы за захаванне самастойнасці ВКЛ. Можна камбінаваць заданні з картай і мастацкай карцінай па тэме з апісаннем падзеі па плане, складаннем схемы і тлумачэннем храналагічнага ланцужка. У 8 класе часцей даюцца заданні на параўнанне розных гістарычных падзей, напрыклад, у сферы эканомікі. Пры вывучэнні аграрнай рэформы 1861 года важна абапірацца на веды, атрыманыя вучнямі раней. Для гэтага ёсць розныя лагічныя ланцужкі. Пры вывучэнні асаблівас­цей рэформы выкарыстоўваюцца картасхемы, а ацаніць падзеі дапамогуць пытанні пра медаль таго часу. Пры вывучэнні сталыпінскай рэформы можна прапанаваць больш дэталёвы аналіз карыкатуры таго часу па пытаннях. Ад апісання і вывучэння асобных фрагментаў вучні пяройдуць да ацэнкі падзей. У гэтым дапамогуць заданні з дыяграмай і фрагментам гістарычнага дакумента. Можна не толькі вызначыць парадак афармлення зямлі ў асабістае валоданне згодна з указам 1906 года, але і зрабіць выснову аб перасяленчай палітыцы і магчымым вырашэнні пытання аб “зямельным голадзе”.

У варыянтах першага тэарэтычнага пытання да выпускнога іспыту прапануецца раскрыць дзве рэформы: 1861 і 1906 года. Пры паўтарэнні падыдуць заданні на дапаўненне схемы з пропускамі, запаўненне табліцы і правядзенне SWOT-аналізу для вызначэння моцных, слабых бакоў, магчымасцей і пагроз дзвюх рэформ у параўнанні. Вывучаючы ход гістарычных падзей польска-савецкай вайны ў 9 класе, акрамя картасхемы, з дыферэнцыя­цыяй заданняў можна растлумачыць прычынна-выніковыя сувязі гістарычных падзей і з’яў. А для вобразнага і эмацыянальнага ўспрымання спатрэбіцца плакат з пытаннямі. Разгле­дзеўшы дэталі, тэкст каля карыкатурнага малюнка, вучні атрымаюць сваё ўспрыманне тэмы і змогуць даць яму ацэнку. Другую карыкатуру можна разглядаць у параўнанні з картасхемай. Тут бу­дзе эфектыўны прыём “Дэтэктыў”, калі вучні зада­юць адно аднаму пытанні для аналізу падзеі, прадстаўленай у дзвюх крыніцах. Нельга забываць і пра магчымасці работы з фотаматэрыялам. І гэта толькі некаторыя варыянты паэтапнай падрыхтоўкі вучняў да выпускнога экзамену, якія выкарыстоўвае Вольга Краўчанка.

Вольга Віктараўна стварыла гульню “Таймлайн”, якая дапаможа скласці храналогію гістарычных падзей, а таксама распрацавала наборы аўтарскіх картак для пад­рыхтоўкі да школьнага экзамену, ЦТ па гісторыі і грамадазнаўстве, алімпіяд.

На працягу трох гадоў Вольга Віктараўна разам з педагогамі сярэдняй школы № 2 Рагачова імя В.М.Калеснікава, якія выкладаюць прадметы гуманітарнага цыкла ў 4—9 класах, удзельнічае ў інавацыйным праекце па ўкараненні электроннага адукацыйнага рэсурсу ў пра­цэс ажыццяўлення кантрольна-ацэначнай дзейнасці пры навучанні гісторыі Беларусі на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Па выніках знаёмства з магчымасцямі розных сэрвісаў і рэсурсаў настаўнікі вялі работу па стварэнні мультымедыйнага ЭАР па гісторыі Беларусі, які ўключае раздзелы міжпрадметнага зместу для вучняў 6—9 класаў. Вучэбны матэрыял такога дапаможніка сістэматызаваны па раздзелах у адпаведнасці з вучэбнай праграмай і спрыяе вывучэнню гісторыі сваёй краіны не толькі на занятках па гісторыі Беларусі, але і па іншых прадметах гуманітарнага цыкла (“Мая Радзіма Беларусь”, рускай і беларускай літаратуры, мастацтве, англійс­кай мове).

Мультымедыйны ЭАР па гісторыі Беларусі і прадметах гуманітарнага цыкла створаны на платформе Google і размешчаны на сайце ўстановы адукацыі. Прапануем спасылку доступу да праекта.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара