Рыхтуемся разам

- 13:11Абитуриент

На хвалюючыя пытанні бацькоў і педагогаў па правядзенні ЦЭ і ўступнай кампаніі — 2023 адказвае міністр адукацыі Андрэй Іванец.

— Чаму замест здачы чатырох ЦТ зараз можна здаць толькі два ЦЭ і адно ЦТ?

— Такі падыход дае магчымасць абітурыенту зрабіць свядомы выбар будучай спецыяльнасці, а не набіраць пералік сертыфікатаў, з дапамогай якіх ён пасля будзе пралічваць, куды пройдзе па балах. Гэта сур’ёзны фактар, які павышае якасць адбору абітурыентаў ва УВА.

— Да якой даты вучням 11 класаў неабходна вызначыцца з выбарам прадмета для здачы ЦЭ? І як будзе ажыццяўляцца рэгістрацыя для ўдзелу ў ім?

— У адпаведнасці з Інструк­цыяй па арганізацыі і правя­дзенні ЦЭ да 1 лютага ва ўстановах адукацыі павінны быць зацверджаны камісіі па рэгістрацыі і забеспячэнні ўдзелу ў ЦЭ. Вызначыцца з вучэбнымі прадметамі, якія будуць здаваць на цэнтралізаваных экзаменах, навучэнцы павінны да 1 сакавіка. Такім чынам, канчатковы выбар неабходна зрабіць у лютым.

Зарэгіструе навучэнцаў на ЦЭ камісія ўстановы адукацыі. Навучэнцам нікуды ездзіць для гэтага не трэба. Для ўдзелу ў асноўны тэрмін правядзення ЦЭ рэгістрацыя будзе праводзіцца з 1 па 20 красавіка. Змяненне звестак адносна выбраных ву­чэбных прадметаў і мовы прадастаўлення экзаменацыйных матэрыялаў пасля рэгістрацыі немагчыма.

— Калі 11-класнік на ЦЭ атрымаў 1 або 2 балы, як будзе выстаўляцца адзнака ў атэстат?

— Балы будуць складвацца з гадавой адзнакай і дзяліцца на два. Напрыклад, калі па ЦЭ 1 бал, а гадавая 3 балы, то сярэдняе арыфметычнае — двойка. У такім выпадку навучэнец атрымае даведку, з якой можна ісці паступаць толькі ў каледж.

Атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі будзе выдадзены, калі сярэдняе арыфметычнае паміж гадавой адзнакай і адзнакай, атрыманай на ЦЭ, па 10-бальнай шкале будзе ад 3 балаў і вышэй. Дарэчы, да ЦЭ таксама дапускаюцца толькі вучні, якія маюць гадавыя адзнакі ад 3 балаў і вышэй.

— Хто можа быць вызвалены ад цэнтралізаванага экзамену?

— Ад здачы ЦЭ могуць быць вызвалены толькі пераможцы трэцяга (абласнога, мінскага гарадскога) і заключнага этапу рэспуб­ліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах вызваляюцца ад аднаго ЦЭ — па вучэбным прадмеце, па якім навучэнец стаў пераможцам. У атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі па гэтым прадмеце выстаўляецца 10 балаў.

Пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды вызваляюцца ад усіх ЦЭ. У атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбных прадметах, па якіх вучань стаў пераможцам, выстаўляецца 10 балаў; па астатніх прадметах — гадавая адзнака.

— Ці магчыма дастаўка вучня на ЦЭ бацькамі?

— Паводле інструкцыі да­стаўляць вучняў на ЦЭ павінна ўстанова адукацыі. І гэта не залежыць ад таго, патрабуецца падвоз з сельскага пункта ў райцэнтр ці размова ідзе аб перамяшчэнні ў самім раённым цэнтры, абласным горадзе ці ў Мінску. 

І давайце разбяромся, чым адрозніваецца ЦЭ ад ЦТ? ЦТ — гэта асабістая справа абітурыента і яго бацькоў, якія хвалююцца, даехала іх дзіця да пункта здачы ЦТ ці не, і тут школа адказнасці не нясе. А вось у дачыненні да ЦЭ дастаўка, рэгістрацыя і суправаджэнне — абавязак школы, бо на кон ставіцца атрыманне атэстата.

— Вучні аднаго класа, прыехаўшы на ЦЭ, напрыклад, па мове, будуць здаваць іспыт разам у адной аўдыторыі?

— Хутчэй за ўсё не. Тут пытанне аб’ектыўнасці і справяд­лівасці, таму мы і выводзім ЦЭ са сцен школы.

— Як здаваць ЦЭ выпускнікам мінулых гадоў? Ці трэба ім падаваць характарыстыку ва УВА?

— Выпускнікі мінулых гадоў, выпускнікі ССА і ПТА могуць ­здаць тры ЦТ. Пры гэтым характарыстыка патрэбна ўсім — яе бя­руць па апошнім месцы работы або вучобы.

— Калі выпускнік не паступіў у гэтым годзе, то ў наступным будзе здаваць тры ЦТ?

— Не, яго сёлетнія сертыфікаты будуць сапраўднымі і ў наступным годзе. Хоць, па праў­дзе кажучы, мы будзем гэты аспект пераглядаць. Бо веды абітурыента за год могуць змяніцца. Але, уліч­ваючы і так вялікую коль­касць навацый, мы гэта не сталі змяняць. Пакуль сертыфікаты і ЦТ, і ЦЭ бу­дуць сапраўднымі два гады.

Вызначыцца з вучэбнымі прадметамі, якія будуць здаваць на цэнтралізаваных экзаменах, навучэнцы павінны да 1 сакавіка.

— Ці можна будзе “перакідваць” дакументы з аднаго ўніверсітэта ў другі?

— У абітурыента будзе 5 дзён, каб сарыентавацца, — такая магчымасць будзе ў рамках тэрмінаў падачы дакументаў на бюджэт (ліпень — жнівень). Штодзень усе УВА кожныя тры га­дзіны інфармуюць пра ход уступнай кампаніі. Даведацца аб сваёй пазіцыі сярод іншых абітурыентаў можна бу­дзе з крокам у 5 балаў. Калі будзеце ба­чыць, што шансы не вельмі вялікія, можна выбраць іншую УВА. Многія альма-матар практыкуюць агульны конкурс на групу спе­цыяльнасцей.

— Калі выпускнік школы атрымае мэтавае накіраванне, але не пройдзе па конкурсе мэтавікаў, ці зможа ён пасля спрабаваць паступіць на агульных умовах?

— Залічэнне мэтавікаў бу­дзе праходзіць да 13 чэр­веня. І калі выпускнік не паступіў, то можа пайсці здаваць ЦТ, але на тэсціраванне неабходна не забыць зарэгістравацца да 1 чэрвеня.

— Якім чынам будзе право­дзіцца набор ва УВА на спецыяльнасці, пры паступленні на якія неабходна здаць творчы экзамен?

— Усё застаецца без змяненняў. Пералік УВА і спецыяльнасцей, па якіх абітурыенты здавалі ўнутраны творчы экзамен, не зменіцца. Здача ЦЭ, падкрэслю, — гэта не паступленне ва ўніверсітэт, а ўсяго толькі атрыманне атэстата.

— Ці будуць змяненні пры паступленні ў ваенныя УВА?

— Мы ўжо адпрацавалі іх з Міністэрствам абароны. Там лі­чаць, што той шматступеньчаты адбор, які пачынаецца ледзь не з лютага: праходжанне медыцын­скіх камісій, прафадбор, тэсты, — гэта ўжо з’яўляецца важным уступным іспытам.

— Выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, калі не пройдуць субяседаванне, змогуць паступаць на агульных умовах?

— Так, змогуць. Субяседаванні будуць у тыя ж тэрміны, як і ў выпускнікоў спецыялізаваных класаў. Але мы перакананы, што выпускнікі тэхнапарка, якія атрымаюць рэкамендацыі назіральнага савета, субяседаванне пройдуць. Аднак каб паступіць у сталічны ўніверсітэт, абітурыент павінен прайсці не менш за 2 адукацыйныя змены, а ў рэгіянальны — 1 адукацыйную змену вочна, і адну змену дыстанцыйна.

— Якія льготы маюць інваліды пры паступленні ва УВА?

— Для іх уведзена новая льгота — пераважнае права пры аднолькавай колькасці балаў. Раней такой ільготы не было. Сістэма адбору на навучанне ва УВА ў першую чаргу арыентавана на адбор падрыхтаваных абітурыентаў, конкурсны характар паступлення — найважнейшы яе прынцып. Пры гэтым пытанні паступлення ва УВА для такой катэгорыі асоб трэба ўвязваць з наяўнасцю ўмоў і стварэннем новых магчымасцей для іх далейшага працаўладкавання. Асобы, якія маюць інваліднасць, таксама маюць права выбару: здаваць ЦТ або ўнутраны іспыт ва УВА. Як паказвае практыка, многія з іх набіраюць высокія конкурсныя балы, якія да­юць магчымасць быць залічанымі на бюджэтную форму атрымання вышэйшай адукацыі.

— Ці не створаць гэтыя новаўвядзенні ўмовы для паступлення ва УВА не­падрыхтаваных абітурыентаў?

— Новыя падыходы ствара­юць лепшыя ўмовы для паступлення падрыхтаваным і матываваным абітурыентам — магчымасць быць залічанымі на ранніх стадыях для тых абітурыентаў, якія дакладна вызначыліся з УВА (перамога ва ўніверсітэцкай алімпіядзе), з формай навучання (удзел у конкурсе на мэтавую падрыхтоўку). Гэта дадатковыя магчымасці, пры тым што магчымасці ўдзелу ў конкурсе на агульных умовах на бюджэтныя ці платныя месцы застаюцца для ўсіх.

Вольга АНТОНЕНКАВА.