2023 год для супрацоўнікаў “Настаўніцкай” быў багаты на падзеі, сустрэчы, рэалізацыю новых праектаў.
Многае працягнем рабіць і ў наступным годзе, бо распачатае знайшло водгук сярод чытачоў. Напрыклад, такія праекты, як “У госці да “Настаўніцкай”, “Экспертная пляцоўка”, “Настаўніцкі дуэт”, “Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны”, “Нам засталася спадчына” і многія іншыя атрымаюць працяг у наступным годзе.
Але ж уступленне ў новы год патрабуе абнаўлення. Тады і нам цікавей будзе працаваць, і вам чытаць. Таму са студзеня 2024 года мы запускаем новы праект — “Настаўніцкая” едзе ў госці”. У чым яго сутнасць?
Так, мы ездзім у камандзіроўкі, наведваем навучальныя ўстановы, сустракаемся з педагогамі, але, як правіла, ініцыятыва такіх сустрэч зыходзіць ад нас, журналістаў. Мы самі шукаем сабе герояў. А цяпер нам хочацца такой ініцыятывы ад вас, паважаныя чытачы, асабліва ад прадстаўнікоў невялікіх школ, далёкіх і блізкіх, але заўсёды вельмі атмасферных.
З нецярпеннем чакаем ад вас тэлефонных званкоў або лістоў (электронных ці папяровых), дзе вы запросіце нас прыехаць у вашу навучальную ўстанову. І вось тут самае важнае: сфармулюйце ў сваім звароце прычыны, па якіх мы павінны прыехаць менавіта да вас. Гэта могуць быць педагогі, якія рыхтуюць паспяховых вучняў, або дзейнасць бізнес-кампаніі і супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі, выніковая інавацыйная дзейнасць, плённае ўзаемадзеянне з бацькамі, сістэма арганізацыі дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі, цікавы музей, спартыўныя дасягенні і г.д. Іншымі словамі, гэта ўсё тое, што можа стаць прадметам нашай размовы, якая пасля ператворыцца ў серыю газетных артыкулаў.
Нам патрэбна цеснае ўзаемадзеянне, каб стаць больш блізкімі і карыснымі адно для аднаго партнёрамі.
Чакаем вашых запрашэнняў з пазнакай “Настаўніцкая” едзе ў госці” на адрасы:
info@nastgaz.by або г.Мінск, пр.Незалежнасці, 77. Выдавецкі дом “Педагагічная прэса”.