Садова-ягадны рай, альбо Як у Залескай школе рыхтуюць будучых аграрыяў

- 14:03Пресс-тур «Настаўніцкай»

Залеская сярэдняя школа Чачэрскага раёна добра вядома не толькі на Гомельшчыне, але і ва ўсёй краіне. Тут назапашаны багаты вопыт работы па доглядзе пладова­-ягадных культур. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З гаспадарскім падыходам

Дырэктар школы Яўген Цалко, матэматык па адукацыі, так захапіўся вырошчваннем розных культур, што далучыў да гэтай справы ўсю школу. І педагагічны, і вучнёўскі калектывы займаюцца ёй з такім жа энтузіязмам, як і кіраўнік. Некалькі гадоў назад Залеская школа стала пераможцай абласнога конкурсу на лепшую ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі на сяле, а Яўген Анатольевіч перамог у абласным конкурсе “Педагагічны алімп” у намінацыі “Настаўнік. Кіраўнік. Гаспадар”.

— Наша школа была пабудавана ў 2009 годзе ў межах праграмы развіцця сяла. У ёй вучацца дзеці з васьмі населеных пунктаў, для якіх арганізаваны падвоз, — расказвае Яўген Цалко. — Пасля будаўнікоў засталася невялікая пляцоўка. Мясцовыя жыхары адмовіліся ад гэтай зямлі, і нам трэба было яе доб­раўпарадкаваць. Нарадзілася ідэя арганізаваць прышкольны ўчастак, на якім зрабіць упор на ягадныя культуры. Дачакаўшыся вясны, мы пасадзілі каля 50 кустоў чарнаплоднай рабіны, якія нам прадаставіла мясцовае лясніцтва. З кожным годам наш участак усё разрастаўся і разрастаўся. Так з’явіўся гадавальнік, дзе былі высаджаны кусты чорнай і чырвонай парэчкі, ажыны, агрэсту, маліны розных сартоў, як летняй, так і рэмантантнай. Усе саджанцы мы куплялі ў спецыялізаваным гадавальніку, а калі яны падраслі, пачалі самастойна іх размнажаць. Сёння на ўчастку налічваецца каля 3000 саджанцаў. Ёсць тут і дэсертны вінаград, і буякі, і бружмель… Мы зрабілі таксама спробу прыручыць экзотаў: набылі чаранкі годжы і ёшты. І ўсё атрымалася.

Сёння ў цяпліцах вырошчваецца ранняя зеляніна, расада, якая выкарыстоўваецца як для сваіх высадак, так і для рэалізацыі насельніцтву. А ў пазамінулым годзе быў закладзены “Сад надзеі” ў межах рэспубліканскай акцыі. Больш за 100 маладых яблынь былі паса­джаны навучэнцамі.

Новы імпульс рабоце, якая праводзіцца ў школе, надаў ­удзел у міжнародным праекце Беларус­кага зялёнага крыжа. За чатыры гады на выдзеленыя фінансавыя сродкі школа набыла цяпліцы, абсталявала гандлёвую пляцоўку, закупіла гаршкі, грунт і партыю саджанцаў буякоў, якія сёння выраслі ў велізарную плантацыю. Праект ужо завяршыўся, але ўстанова па-ранейшаму працягвае цесна супрацоўнічаць з гэтай арганізацыяй.

Школьнікі разам са сваімі педагогамі (настаўнікамі працоўнага навучання Нінай Карнаушанка і Сцяпанам Малашкіным, настаўніцай біялогіі Вольгай Юдзі­най і інш.) беражліва клапоцяцца пра пасадкі і даглядаюць іх. Пры гэтым яны не выкарыстоўваюць угнаенняў і не праводзяць хімічнай апрацоўкі, а таму аб прадукцыі, якая вырошчваецца тут, можна гаварыць як аб экалагічна чыстай.

У Залессі імкнуцца максімальна аблегчыць ручную працу. Усе пасадкі мульчыруюцца, клубніцы растуць на спанбон­дзе, буякі — у высокіх траншэях, каб тым самым стварыць пера­шкоду траве і пустазеллю. Амаль усюды падведзены кропельны паліў, таму даводзіцца прыкладаць мінімальныя намаганні для догляду раслін.

— Мы прыцягваем навучэнцаў да розных відаў работ як на ўроках працоўнага навучання, так і на спецыяльна выдзеленых га­дзінах грамадска карыснай працы. Дзеці мульчыруюць глебу, займаюцца пасынкаваннем, абрэзкай галін дрэў, праполкай, у летні перыяд — зборам ягад, палівам і інш. Навучэнцам гэта абавязкова спатрэбіцца ў жыцці, і такім чынам праз карысную справу яны далучаюцца да працоўнай дзейнасці, вучацца не баяцца фізічнай працы — расказ­вае дырэктар.

Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся

Асаблівую актыўнасць на прышкольнай тэрыторыі праяўляюць вучні аграрных класаў.

— Акрамя вывучэння на павышаным узроўні шэрага прадметаў, навучэнцы агракласа засвойваюць праграму факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, — адзначае настаўніца біялогіі Вольга Юдзі­на. — У рабоце агракласаў акцэнт робіцца на практычных занятках, каб навучэнцы разумелі, з кім і з чым ім давядзецца працаваць у будучыні, і ўжо зараз спрабавалі прымяняць прафесійныя навыкі ў рэальных сітуа­цыях. На занятках у маім арсенале аглядавыя і ўстановачныя лекцыі, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, паведамленні і рэфераты, семінары, лабараторныя і практычныя заняткі, метад праектаў, залікі, тэставыя работы. З навучэнцамі право­дзіцца вялікая прафарыентацыйная работа, якая заключаецца ў цесным узаема­дзеянні з сельгас­прадпрыемствамі Чачэрскага раёна (напрыклад, ААТ “Зорка”), а таксама ўстановамі вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю. Арганізоўваюцца прафарыентацыйныя сустрэчы з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі (у іх ліку Чачэрскі дзяржаўны тэхнічны каледж, БДСГА, Віцебская ветэрынарная акадэмія, Буда-Кашалёўскі аграрны каледж). У школе аформлены інфармацыйны стэнд, дзе рэгулярна размяшчаецца актуальная інфармацыя пра дзейнасць агракласа, асаб­лівасці прафесій аграрнага профілю і інш.

Яўген Цалко: Мы актыўна прыцягваем дзяцей да паступлення на аграрныя прафесіі. У 2021 годзе з 11 выпускнікоў 6 паступілі на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ва УВА (5 з іх — па мэтавых накіраваннях). Імкнёмся арыентаваць нашых выпускнікоў на тое, каб яны бралі мэтавыя накіраванні, а пасля вучобы вярталіся ў раён і заставаліся тут працаваць.

Навучэнцы агракласаў прымаюць удзел у разнастайных спаборніцтвах. Так, летась яны заваявалі дыплом ІІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў JuniorSkills Belarus у кампетэнцыі “Аграбіялогія”.

— Стварэнне агракласаў цалкам апраўдана. Дзякуючы вучэбнай праграме, прафарыентацыі і рабоце на прышкольнай тэрыторыі, навучэнцы гатовы да далейшай працоўнай дзейнасці ў сельскай гаспадарцы. Яны знаёмяцца з сучаснай сельскагаспадарчай вытворчасцю і, што немалаважна, маюць ільготы пры паступ­ленні ва УВА сельскагаспадарчага профілю, — лічыць Вольга Ула­дзіміраўна.

Папрацаваць і зарабіць

Вырашчаныя ягады, садавіну і агародніну школа выгадна рэалізуе праз уласную гандлёвую пляцоўку або на кірмашах. Заробленыя грошы ідуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. У кожным класе ёсць камп’ютар, тэлевізар, прынтар. На “ягадныя” грошы былі набыты цяпліцы, газонакасілка, новыя крэслы ў кабінеты, пыласос, падключаны інтэрнэт. За кошт пазабюджэтных сродкаў у школе абсталявалі сапраўдную кухню. Тут ёсць усё неабходнае: сталовыя прыборы, пліта і духоўка, бытавая тэхніка. Дзяўчаты з задавальненнем наведваюць урокі працоўнага навучання, вучацца гатаваць узвары, дэсерты і іншыя стравы з вырашчаных ягад, якія захоўваюцца ў маразільных камерах школы. Навучыць школьнікаў не толькі вырошчваць ягады, але і перапрацоўваць іх — яшчэ адна задача школы. За кошт грошай ад рэалізацыі прадукцыі ўдаецца таксама рабіць харчаванне ў школьнай сталовай больш танным. Сёлета кіраўніцтва раёна право­дзіць яшчэ адзін незвычайны эксперымент. Мяркуецца, што выса­джаныя на ўчастку буракі цэлы год будуць выкарыстоўвацца для забеспячэння харчавання навучэнцаў.

У школьнікаў ёсць магчы­масць зарабіць грошы і праз ­удзел у праек­тах другаснай занятасці, што арганізоўваюцца пры садзейнічанні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, у лагерах працы і адпачынку. Летась, дарэчы, у Чачэрскім раёне было рэалізавана 19 праектаў па другаснай занятасці, у якіх было задзейнічана каля 120 дзяцей. На гэтае лета падалі заяўкі ўжо 85 школьнікаў.

У майстэрні абслуговай працы, куды гасцінна запрасілі ўдзель­нікаў прэс-туру, — узоры расады, якія вырошваюць навучэнцы: петуніі, хрызантэмы, туі, а таксама перцы, памідоры, баклажаны і інш.

Дзевяцікласніцы пад кіраўніц­твам настаўніцы Н.Карнаушанка прадэманстравалі прысутным, як праводзіцца пасынкаванне хвойных раслін — туі звычайнай і ядлоўцу казацкага.

— Для пасынкавання нам спатрэбіцца грунт: торф і пясок у роўнай колькасці, — расказваюць дзяўчаты. — Бяром галінку ядлоўцу і адломліваем будучы чаранок. Ні ў якім выпадку не абразаем яго. У чаранка павінна быць пятачка. Калі яна вельмі вялікая, то яе можна абрэзаць. Далей здымаецца лішняя хвоя. Бяром чаранок і абмочваем яго спачатку ў ва­дзе, пасля — у “Карнястыме”. Гэта неабходна рабіць для ўмацавання росту каранёў і лепшага ўкаранення. У папярэдне ўвільготненым грунце робім дзірачку і саджаем наш чаранок. У адным гаршку павінна быць 5—6 чаранкоў. Далей накры­ваем яго ёмістасцю для стварэння парніковага эфекту і прыбі­раем у месца, куды не трапляюць прамыя сонечныя промні. Восенню расліна будзе пад­рыхтавана да перасадкі.

Праца на зямлі натхняе школьнікаў на напісанне навукова-даследчых работ. На рэспубліканскім конкурсе доследных і даследчых работ “Юны натураліст” творчы калектыў навучэнцаў і педагогаў удастоены дыплома І ступені ў намінацыі “Мастацтва быць садаводам”.

У залескіх эксперыментатараў многа цікавых планаў на найбліжэйшую будучыню. Адна з задум — стварэнне доміка для пчол для апітэрапіі — выкарыстання мёду і прадуктаў пчалярства ў лячэбных мэтах.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА