Садружнасць моў. Віктар Гаўрыловіч пра тое, як суседнічаюць руская і беларуская мовы ў школах Пінскага раёна

- 15:21Новости

Чаму некаторым бацькам падаецца, нібыта руская мова навучання ў школе для іх дзяцей больш перспектыўная, чым беларуская? Ці не прыхоўвае такі выбар як ляноту і невуцтва, так і небяспеку паступовай страты нашага культурнага кода? І ўвогуле, якія мовы і наколькі ўпэўнена гучаць сёння ў тых мясцінах і ўстановах адукацыі, куды 120 гадоў назад будучы класік Якуб Колас прыехаў працаваць настаўнікам? Пра гэта і не толькі карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыў з начальнікам аддзела па адукацыі Пінскага райвыканкама Віктарам Гаўрыловічам.

У першым тэксце з камандзіроўкі на Піншчыну мы пачалі аповед з Коласаўскай трылогіі “На ростанях” і палескіх Пінкавіч (у рамане Выганы). Са згадкі пра тое, што Канстанцін Міцкевіч усе заняткі ў Пінкавіцкім народным вучылішчы вёў на рускай мове: нібыта іншай у 1904 годзе ў самай глыбі “Северо-Западного края” Расійскай імперыі ўвогуле не было…

А потым жа быў час — з 1921 па 1939-ы, калі ў школах Піншчыны (пры Польшчы “крэсы всходні”) беларускай мове зноў адмаўлялі ў праве на жыццё. Яе забаранялі, таму шырыўся масавы рух у абарону беларускай мовы, беларускай школы. А польскія ўлады арыштоўвалі актывістаў таго руху, сілай насаджалі палешукам выключна польскую мову. Аднак і беларуская там па гэты час не знікла, і палескі дыялект жывы. Моц і жывучасць нашай роднай мовы, як бачым, правераны і часам, і мовамі суседніх народаў.

Цікава, які ўсё ж “моўны расклад” ва ўстановах адукацыі Піншчыны сёння? Пра гэта, а таксама пра некаторыя праблемы адукацыі ў так званых буферных зонах, на­б­ліжаных да буйных гарадоў, Віктар Гаўрыловіч разважае з фактамі ў руках і глыбокім веданнем справы.

Чатыры педагагічныя пяцігодкі

— Віктар Віктаравіч, вашы калегі падказалі, што вы маеце адукацыю настаўніка рускай мовы і літаратуры. Прыклад бацькоў, родных на такі ваш выбар неяк паўплываў?

— Так, мой тата ўсё жыццё працаваў майстрам вытворчага навучання ў Пінскім вучэбна-курсавым камбінаце, які з часам стаў вучылішчам. Потым сястра, на шэсць гадоў за мяне старэйшая, вучылася на філфаку БДУ. І я за імі ў педагогіку пайшоў: скончыў педуніверсітэт імя А.С.Пушкіна ў Брэсце.

— Як рухаліся вы па кар’ернай лесвіцы?

— Ды я, па сутнасці, як размеркаваўся ў 2003 годзе, так і працую ў адным месцы, хоць і на розных пасадах: у сістэме адукацыі Пінскага раёна. Першай была Кончыцкая сярэдняя школа, на стыку з Іванаўскім раёнам — яе ўжо няма. Тады для мяне пяцігодка была ўдарная! Адпрацаваў два гады настаўнікам і класным кіраўніком, два з паловай — намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, апошнія паўгода ўжо дырэктарам. Наступныя пяць быў дырэктарам у Парэччы, там і цяпер ёсць Парэцкая базавая школа, іншы край раёна. І выкладаў, і чатыры гады кіраваў летам, у адпачынку, адзіным у раёне дзіцячым аздараўленчым лагерам “Парэчча”. Трэцяя пяцігодка: з 2013-га і да прызначэння на гэтую пасаду ў 2019-м працаваў дырэктарам Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа — яна і цяпер самая вялікая ў раёне. Так што ў лістападзе ў мяне 5-гадовы юбілей на гэтай пасадзе (усміхаецца), і ўжо адзначыў 20-годдзе ў раённай педагогіцы.

— Віншую, Віктар Віктаравіч! Вы ўжо дваццаць гадоў назіраеце зблізку, як суседнічаюць нашы дзяржаўныя мовы, беларуская і руская, ва ўстановах адукацыі, на вясковых вуліцах. Давайце акрэслім дэталі такой садружнасці на прыкладзе школ раёна.

— Будзе да месца сказаць адразу, што абедзве мовы тут гарманічна суіснуюць, а ў старэйшых людзей таксама і палескі дыя­лект у пашане.

У раёне 31 установа агульнай сярэдняй адукацыі, дзве з іх ажыццяўляюць дзейнасць на рускай мове — у гарпасёлку Лагішын і аграгарадку Малоткавічы. Яшчэ да мяне так склалася, мы нічога не мянялі.

Зручна гэта ці не? Ёсць аргументы за і супраць. А паводле заканадаўства баць­кі, жывучы ў прыгарадзе, могуць выбіраць: аддаць сваё дзіця ў гарадскую рускамоўную школу ці прывесці ў раённую сістэму адукацыі, якая ў асноўным беларускамоўная. Іх выбар часам вырашальны. І што ж ха­ваць: ёсць бацькі, якія не хочуць, каб іх дзіця вучылася на беларускай мове. Прыво­дзяць шэраг аргументаў на карысць такога рашэння. Асноўны з іх: “Віктар Віктаравіч, цяжка нам будзе і клопатна. У сям’і асноўная руская мова, а дзецям давядзецца і матэматыку, фізіку, хімію са сваёй тэрміналогіяй вучыць на беларускай. Урокі як ра­біць? А пасля школы куды ні пайдзі вучыцца далей — усюды навучанне на рускай мове”. Такая ў людзей жыццёвая логіка.

Калі горад — канкурэнт

— Для жыхароў якіх канкрэтна вёсак паўстае такі моўны выбар?

— А паглядзіце па карце паселішчы вакол Пінска, і ўсё будзе зразумела: Пінкавічы, Стытычава, Аснежыцы, Ставок, Плешчыцы… Там сёння можна (і трэба!) школам змагацца за навучэнцаў, канкурыраваць з горадам. У Пінкавічах, калі я быў дырэктарам, то сам з бацькамі гутарыў, іх настроі адчуваў, спрабаваў свае аргументы прыводзіць. Увогуле, гэтая тэма як важная, так і далікатная. Школам раёна, вядома ж, вучні патрэбны, але ж аб’ектыўна што мы маем? Насельніцтва раёна змяншаецца, у тым ліку і за кошт працоўнай міграцыі, ёсць прыцягненне горада, ёсць іншыя моманты. Так што меншае дзяцей, раённая сістэма адукацыі, на жаль, па дзецях не плюсуе. Ды і на ўзроўні краіны, думаю, у раёнах вакол буйных гарадоў падобная сітуацыя.

Таму мы вельмі асцярожна падступаем да прыняцця рашэнняў па ліквідацыі ўстаноў адукацыі ў вёсцы, увогуле, па якой бы там ні было аптымізацыі. Я часта чую выраз: школу закрылі — памерла вёска. У нас інакш: калі памерла вёска, тады ўжо закрылі школу. Ёсць прыклады, калі напаўняльнасць школ катэгарычна нізкая, а мы іх не закрываем, вучым там дзяцей.

— Маеце на гэты конт паразуменне з кіраўніцтвам раёна?

— Безумоўна. Гэта, па сутнасці, наш агульны пункт гледжання, прынамсі, на працягу апошніх пяці гадоў. Так, мы закрылі пару школ, але там ужо бязвыхаднае становішча было: 11 вучняў, прычым з самой вёскі дзяцей не было — усіх падво­зяць. Калі ўжо так, прымаем рашэнне. Вядома ж, наглядныя органы маюць свае патрабаванні, асноўны матыў якіх — аптымізуйце! Пакуль знаходзім баланс дзяржаўных інтарэсаў і канкрэтных вясковых школ, іх вучняў і настаўнікаў, тэхнічных работнікаў. Бо любая школа — гэта цэлы комплекс дачыненняў, праблем рознага ўзроўню і роду.

“Бацькі на ростанях”

— Давайце, Віктар Віктаравіч, паразважаем не толькі пра мову школ, а і пра моўную культуру ў так званай буфернай зоне. Зразумела, баць­кам руская мова навучання для дзіцяці бачыцца як аргумент за паспяховасць: і ў школе, і ў пасляшкольнай адаптацыі. Гэта практычны, скажам так, погляд на мову як інструмент поспеху і дабрабыту. А ці будзе да месца педагогам, ведучы размовы з “баць­камі на ростанях”, ужываць і такія важныя сёння словы, як патрыя­тызм, павага да роднай культуры, спадчыны? Праз мову ідзе далучэнне юных да нашай гісторыі, культуры, менталітэту, гэта і душа народа, і ключ да ра­зумення твораў айчыннай літаратуры, да засваення фальклорна-песенных скарбаў. І складнік нашай самаідэнтыфікацыі, дзяржаўнасці. А якія аргументы на карысць мовы роднай, выслухаўшы бацькоў, прыводзяць педагогі? У пару гібрыднай вайны супраць Беларусі ці ж не павінны мы ўсімі сіламі зберагаць і развіваць усё тое, што называецца нашым культурным кодам? І мову ў тым ліку. Ці ўсё бацькі “ад сахі”, як кажуць, выра­шаюць?

— Важныя словы, як вы кажаце, мы ўжываем, а не заўсёды ўдаецца “дастукацца”. І прытым разумеем: па сутнасці, той “ад сахі” бацька сам жыве ва ўмовах створаных, маю на ўвазе моўную сітуацыю ў краіне. Тут няма і гаворкі пра тое, каб увогуле не вывучаць беларускую мову: гэта ж абавязковы прадмет! Яшчэ раз агучу такі аргумент не на ка­рысць беларускамоўнай школы: мы яго вучым-вучым, ён паступае ў інстытут, каледж, дзе ўсё на рускай, — і завальвае першую сесію. Ой, дзіцяці дрэнна-цяжка будзе, хочам рускую…

— Не ўсё ж вымяраецца выгадай, камфортам. І ў патрыятызме, на першы погляд, што за практычная выгада? Якая выгада гінуць за Радзіму?.. Але нашы бацькі-дзяды ведалі, мы гэтую ісціну засвоілі: не будзе Радзімы — не будзе і нас. Таму на перспектыву ў патрыятычным духу ёсць вялізная выгада, і дух народа — найважнейшая ўмова нашага сумеснага выжывання. І для нас ведаць 2, 3, 4 мовы не праб­лема.

Фрагмент экспазіцыі вышываных узораў у Пінкавіцкім дзіцячым садзе

— Дык і праблемай гэта назваць і нельга, і не трэба, і няправільна, бо ў нас дзве дзяржаўныя мовы. Наконт ляноты альбо невуцтва… Не будзем катэгарычнымі. Магчыма, камусьці здаецца, што так прасцей, лягчэй, — так і робяць, не зазіраючы ў далёкую будучыню. Бацькоўскі клопат можна зразумець… Але ў падобных сітуацыях, згодзен, мае значэнне як баць­коўская, так і наша цвёрдая грамадзянская, дзяржаўная пазіцыя. А яна такая: беларускую мову ў Беларусі трэба ве­даць усім. Але факт: ёсць сем’і ў нашым раёне, у якіх усе размаўляюць дома на рускай мове, дакладней, на трасянцы. У ёй пераважна рускія словы, ёсць беларускія, часам украінскія, польскія і з мясцовага дыя­лекту. Такая рэальнасць, і гэта не добра і не дрэнна. Мы ўсе жывём у шматнацыянальнай краіне, у шматмоўным асяроддзі. А колькі англійскіх слоў з’явілася апошнім часам! І мы ж не страчваем пры гэтым свой культурны код. Ва ўсіх школах вывучаецца беларуская мова, хоць варта прыз­наць: сфера ўжывання рускай пашыраецца. Маладыя бацькі адназначна за школы на рускай мове. І ніхто пры гэтым не крытыкуе школы з беларускай мовай навучання, і няма нагнятання нездаровых эмоцый вакол тэмы, згушчэння фарбаў, сацнапругі. Ёсць права выбару — і людзі яго рэалізуюць так, як умеюць і лічаць патрэбным. Можа, у Мінску, пад Мінскам іншая сітуацыя? Можа, ёсць у прыгарадных школах рускамоўныя класы, а бацькі захацелі б там беларускамоўныя?.. За 20 гадоў, што я працую ў сістэме адукацыі Пінскага раёна, такіх сігналаў ад нашых, мясцовых баць­коў нам не паступала.

З горада — у вёску

— Але ж, Віктар Віктаравіч, сігналы паступаюць: у выглядзе заходніх санкцый. Ці спроб разгайдаць згоду ў грамадстве. Моладзь атакуюць і касмаполітан-ідэі: гэта як быццам светапоглядная ўстаноўка, скіраваная на ўсведамленне чалавекам адзінства свету, але ж так “шыфруюцца” цяпер настроі глабалізму, а гэта — занядбанне нацыянальнай культуры, мовы, традыцый. Любоў да Радзімы, да роднай мовы для глабалістаў — знак адсталасці, перажытак… І таму патрэбна кансалідаваная, вывераная пазіцыя педагогаў і ў размовах з “бацькамі на ростанях”.

— Такая пазіцыя ў нас ёсць, а ў аддаленых ад райцэнтра школах і пытанняў такіх не ўзнікае. Зручна ці не, выгадна ці не — гэта ёсць. А з людзьмі “на ростанях”, з правам выбару мы працуем. Быў, скажам, сюжэт на пінскім тэлебачанні: плюсы і мінусы школ сельскіх і гарадскіх. Не сакрэт: калі менш дзяцей у сістэме адукацыі, то і менш на яе выдзеляць грошай. Каб утрымаць нам свайго вучня, патрэбны вопытныя педагогі, добрыя ўмовы, згода законных прадстаўнікоў. Ёсць і такія амбіцыйныя планы, каб да нас з горада дзеці ездзілі вучыцца. Але тады якраз беларуская мова навучання можа быць слабым звяном на фоне іншых аргументаў. Ёсць у нас Кашавіцкая сярэдняя школа, яе ўмяшчаль­насць каля 300 вучняў, а вучыцца 85. Чаму б там і гарадскіх дзяцей не вучыць! Хочаце рускую мову навучання? Давайце падумаем. Хочаце клас на 12—18 вучняў, а не 32?
Будзе. Падвоз дзяцей гарадскіх у школу? Не праблема, пойдзем на такое. І ёсць яшчэ адно: не­дзе на ўзроўні геннай памяці чалавек разумее, што ў вясковай школе больш душы, чым у гарадской, якія часам, прабачце за такое параўнанне, падобныя да вялікіх інкубатараў…

Я не хвалюся, але магу запэўніць, што ў вясковых школах дзецям звычайна ўдзяляецца больш увагі, клопату, чым у горадзе. Бо 12 вучняў і 32 — ёсць розніца, у якім класе вучыцца.

Далікатная грань сітуацыі

— Цікава, што вы ў шэрагу аргументаў на карысць вясковай школы згадалі пра душу…

А як без яе ў педагогіцы! Мне ўвогуле не даспадобы выраз “адукацыйныя паслугі”: мы ж не рамантуем абутак і не прышываем гузікі… Дык вось у Кашавічах такая схема працуе! Думаем і два аўтобусы ўжо запускаць, каб з Пінска вучняў туды ва­зіць, кіламетраў за 3—5. Лічу, гэта стасуецца і з пазіцыяй кіраўніка дзяржавы,
які патрабуе па-гаспадарску выкарыстоўваць існуючыя будынкі школ. І калі дэтальна, у ручным рэжыме падобныя праекты рэалізуеш, то разумееш: а праблема валодання беларускай мовай усё ж такі ёсць. Таму і псіхалагічна цяжка вучню з горада перайсці ў сельскую школу з беларускай мовай навучання. Не пойдуць. Вельмі тонкая, далікатная грань моўнай сітуацыі. Прычым у аддаленых ад райцэнтра школах і незаўважная. Як па мне, то вельмі добра, што там беларуская мова ў сіле, развіваецца, мае працяг. У ідэале мы яе ўсе павінны ведаць, разумець, ганарыцца ёй, карыстацца ёй усюды, а не толькі на школьных занятках. Але ж рэаліі, пра якія казаў, вымушаюць нас быць гнуткімі ў такіх пытаннях. Глыбока перакананы, што сённяшні стан грамадства, настроі людзей трэба ўлічваць абавязкова. Не палітызаваць моўныя тонкасці, не рабіць рэзкіх рухаў, як і ходзячы па балоце, а ўдумліва, з душой і сэрцам разбірацца ў кожнай сітуацыі. Паверце, ніхто ў нас тут не падтрымае нейкіх рэзкіх перамен у той ці іншы бок. Усіх абавяжы вучыцца на беларускай мове — не пойдуць, не падтрымаюць такія ініцыя­тывы. Не прывабіш ні размовамі-аргументамі, ні вясковай людскасцю і школай з душой, ні больш уважлівым стаўленнем да вучняў і малымі класамі. Але гэты шлях да роднай мовы паціху-патроху, без націску, штурмаўшчыны і прымусу кожны павінен адолець сам.

— Дзякую за шчырую размову, Віктар Віктаравіч! Удалай вам новай пяцігодкі!

Пасляслоўе, ці Добрая Воля

Калі я выязджаў дадому з Пінска ў бок Ганцавіч, пры дарозе, пры ўбраным кукурузным полі, галаснуў хлопчык. Прыпыніўся. “Здравствуйте! Подвезете?..” “А табе куды?” — “В Добрую Волю”.

Па дарозе я даведаўся, што з вёскі Ромка (назавём яго так) ездзіць вучыцца ў горад. Ну трэба ж, як сышлося: адзін у адзін тая сітуацыя, пра якую мы з Віктарам Віктаравічам разважалі! Хлопчык гаварыў па-руску, і я запытаў, ці ведае малы паляшук беларускую мову? “Нет, пока не очень”… Зрабіў невялічкую паўзу, глянуў на мяне: “У нас и дома, и в классе все на русском говорят… Но белорусский еще выучу”.

Развіталіся ў Добрай Волі. І вельмі ж сімвалічнай бачыцца мне цяпер тая назва Добрая Воля ў кантэксце ўсяго напісанага. Па сутнасці, якраз яна, добрая воля — і бацькоў, і дзяцей, і педагогаў, і чыноўнікаў — павінна быць галоўным стрыжнем, духам, ды і аргументам ва ўсіх моўных дачыненнях. Гэтак жа свабодна і добра­ахвотна, як дыхаць, мы ўсе маем права гаварыць на роднай нашай зямлі як на роднай нашай мове, так і на той, якая нам даспадобы, з якой нам і дома, і ў лю­дзях, і лю­дзям з намі камфортна. З якой мы адчуваем сябе жывой часцінкай беларускага народа, Баць­каўшчыны, Радзімы і ўсяго свету.

А як лічыце вы?

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара