У галоўным упраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкама расказалі пра найбліжэйшыя перспектывы развіцця галіны, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Сярод будоўляў, якія сёлета будуць ажыццяўляцца, — новы дзіцячы сад у Гомелі і рэканструяванне двух памяшканняў для дзіцячых садоў (у Мазыры і Гомельскім раёне). Таксама плануецца набыць новыя аўтобусы, устанавіць сістэмы відэаназірання і турнікеты.
Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў, стане больш аўтатранспарту для падвозу дзяцей да месца вучобы ў сельскай мясцовасці. Дзевятнаццаць новых школьных аўтобусаў закупяць для ўстаноў адукацыі. Дарэчы, сёлета ў Гомельскай вобласці плануюць аптымізаваць пяць устаноў дашкольнай адукацыі і тры школы. Вырашана, дзе будуць створаны дадатковыя месцы для вучобы юных жыхароў вобласці.
— Будзе ўзведзена прыбудова з рэканструкцыяй харчаблока сярэдняй школы ў аграгарадку Камунар Буда-Кашалёўскага раёна і дашкольная ўстанова на 270 месцаў у мікрараёне Хутар Гомеля, — адзначыў Руслан Іванавіч. — Пад дзіцячы сад на 57 месцаў будзе рэканструяваны корпус № 2 аздараўленчага лагера “Чонкаўскі бор” пад Гомелем. Плануецца пачатак рэканструкцыі з узвядзеннем прыбудовы ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Крыштальны” — з пашырэннем магутнасці да 209 чалавек.
Сёлета ў галіне адукацыі будзе працягвацца работа па стварэнні бяспечных умоў. Для гэтага даўкамплектуюць сістэмамі відэаназірання 119 устаноў адукацыі, якія размешчаны на прыгранічных тэрыторыях, у 49 установяць сістэмы кантролю накшталт турнікетаў і электрамагнітных замкоў. 17 устаноў адукацыі перададуць пад ахову Дэпартаменту аховы МУС.
На кантролі кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама таксама стварэнне даступнага, адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для ўсіх дзяцей дашкольнага ўзросту з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Важна міжведамаснае ўзаемадзеянне з арганізацыямі аховы здароўя па раннім выяўленні такіх дзяцей, каб своечасова забяспечыць іх спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай.
У сакавіку пройдзе адно з галоўных інтэлектуальных спаборніцтваў сярод школьнікаў — заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Гомель сустрэне ўдзельнікаў Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. У камандзе Гомельскай вобласці — 205 навучэнцаў. Яны будуць змагацца за перамогу па 18 дысцыплінах.
У чэрвені паўднёва-ўсходні рэгіён будзе прымаць удзельнікаў рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. Плануецца, што ў горад над Сожам прыедзе больш як 3 тысячы юных спартсменаў.
Ірына АСТАШКЕВІЧ