Сакрэтамі падрыхтоўкі алімпіяднікаў па працоўным навучанні дзеліцца Марына Ганіна з Ветрынскай школы

- 12:10Знак качества, Персона, Портфолио

Тэхналагічная адукацыя і творчы падыход да справы дазволілі Марыне Ганінай, настаўніцы працоўнага навучання, настаўніку-­метадысту Ветрынскай сярэдняй школы імя Д.В.Цябута Полацкага раёна, стаць паспяховай у прафесіі. Яна суаўтар вучэбнага дапаможніка па працоўным навучанні для 6 класа, падрыхтавала дзясяткі пераможцаў алімпіяд і творчых конкурсаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Творчасць падштурхнула мяне да таго, чым я зай­маюся і ў прафесіі, і ў вольны час. Спачатку гэта было жаданне ствараць вакол сябе нешта прыгожае. У далейшым гэта прывяло мяне з фабрыкі, дзе я выконвала руцінную работу, у адукацыю, дзе ў межах гуртковай дзейнасці ў вучылішчы, а потым у школе я зай­малася сапраўднай творчасцю і дзялілася сваімі навыкамі з дзецьмі, — расказала педагог.

Яшчэ ў дашкольным узросце ў Марыны Ганінай дома было сваё дзіцячае атэлье. На маленькай швейнай машынцы яна шыла розныя мадэлі адзення лялькам. Чытаць дзяўчынка навучылася да школы, у бібліятэцы брала не толькі казкі, але і кніжкі па рукадзеллі. Па іх асвоіла вязанне кручком, а з пруткамі ёй дапамагла мама. Першая сур’ёзная рэч, якую Марына Ганіна звязала ў 5 класе, быў жакет. У 8 класе яна ўжо сябе апранала. Многаму навучылася ў сваіх настаўніц працоўнага навучання, якія былі ўзорам для пераймання, заўсёды выглядалі эфектна.

У школе Марына Ганіна ўдзель­нічала ў алімпіядах па матэматыцы, фізіцы і чарчэнні. Скончыла Віцебскі тэхналагічны тэхнікум і Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці, а затым Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П.М.Машэрава. Абараніла магістарскую дысертацыю. Шмат гадоў прымяняе метад праектаў, вынікам чаго ў 2010 годзе стала распрацоўка праграмы факультатыўнага курса “Асновы праектнай дзейнасці”. У 2014 годзе Марына Уладзіміраўна здала экзамен на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, прадставіўшы вопыт арганізацыі праектнай дзейнасці. Рэцэнзавала падручнікі па працоўным навучанні, з’яўляецца суаўтарам вучэбнага дапаможніка для 6 класа.

35 гадоў Марына Ганіна працуе ў адукацыі, з іх 19 займаецца падрыхтоўкай вучняў да алімпіяд, 17 з’яўляецца трэнерам і кіраўніком абласной каманды навучэнцаў — удзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Пачынаючы з 2004/2005 навучальнага года, калі ўпершыню прайшла Рэспубліканская алімпіяда па працоўным навучанні, Марына Ганіна падрыхтавала 42 удзельнікі трэцяга этапу, сярод якіх 33 пераможцы, а таксама 22 удзельнікі заключнага этапу, у тым ліку 11 пераможцаў. Спецыяльным прызам міністра адукацыі ўзнагароджаны тры яе вучаніцы.

У чым заключаецца сістэма работы Марыны Уладзіміраўны? У індывідуальнай дыферэнцыраванай рабоце на ўроках, правя­дзенні факультатыўных заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў, арганізацыі праектнай дзейнасці вучняў, удзеле ў алімпіядах і творчых конкурсах.

— Важна прадастаўляць вучням магчымасць рашаць задачы па-свойму, а не толькі па ўзоры, алгарытме, інструкцыі або тэхналагічнай карце, прапаноўваць розныя варыянты канструявання, мадэлявання, аздаблення, тэхналогіі, практычнага прымянення гатовага вырабу, — гаворыць Марына Уладзіміраўна. — Варта вучыць дзяцей фармуляваць і рашаць вучэбна-даследчыя задачы, здзяйс­няць маленькія адкрыцці. Прымяняць веды, у тым ліку з творчым падыходам, дапамагаюць розныя практычныя работы: па вывучэнні ўласцівасцей тэкстыльных матэрыялаў, тканін розных ткацкіх перапляценняў, па вызначэнні дабраякаснасці круп, гатаванні страў з агародніны і інш.

Урокі працоўнага навучання падразумяваюць работу на швейных машынах, розныя віды рукадзелля, апрацоўку харчовых прадуктаў, выраб швейных і дэкаратыўных вырабаў, сувеніраў і інш. Усё гэта рыхтуе дзяцей да выбару прафесіі, выхаду ў вялікае жыццё.

— Кожны ўрок па новай тэме пачынаю з гісторыі пытання, паступова пераходжу да сучаснасці. Настройваю дзяўчынак на тое, што да рукадзелля нельга ставіцца як да бабулінага захаплення. Сёння многія дызайнеры выкарыстоўваюць той жа трыкатаж і вышыўку, у модных брэндах прысутнічае імітацыя ручной вязкі, нават у мадэлях вясельных сукенак, купальнікаў, сумак.

У 5 класе вучні рэдка ро­бяць заданні самастойна. З першых заняткаў педагог выкарыстоўвае сістэму развіццёвых і матывуючых прыктыкаванняў-хвілінак, дыферэнцыраваных і займальных заданняў. На кожны раз­дзел вучэбнай праграмы Марына Уладзіміраўна распрацавала загадкі, анаграмы, галаваломкі, крыжаванкі, сканворды, метаграмы, рэбусы, віктарыны. Дзеці і самі ствараюць такія заданні.

У 5—6-х класах у ход ­ідуць сюжэтна-ролевыя і дзелавыя гульні, калі дзеці самі прыдумваюць сюжэт і ўвасабляюць яго. Напрыклад, пасля вывучэння тэмы “Матэрыялазнаўства” настаўніца прапаноўвае вучням гульню “Паход у магазін тканін”, а пры асваенні раздзела “Апрацоўка тэкстыльных матэрыялаў” — дзелавую гульню “Атэлье”. У ­7—9-х класах педагог выкарыстоўвае метады параўнання, эўрыстычных пытанняў, вобразнага бачання, праблемнае навучанне і г.д. Вучаніцы самі пішуць інструкцыю па гатаванні салатаў, апісваюць прымяненне тканіны па карцінках, прыдумваюць казку “Як атрымліваюць тканіну”, арыгінальныя спосабы афармлення швейных вырабаў, мадэлююць прыхваткі ў выглядзе пысачак жывёл і г.д. Да таго ж яны складаюць загадкі па тэмах, новых паняццях, прапаноўваюць фантастычныя вобразы касцюма, арыгінальнае афармленне халоднай стравы і г.д. У старшых класах робяць прэзентацыі, мультфільмы, відэафільмы, заданні з выкарыстаннем мультымедыйных электронных кантралюючых праграм і інш.

На факультатыўных занятках можна мадэляваць пазнавальныя задачы, будаваць праблемныя сітуацыі, распрацоўваць эўрыстычныя праекты і інш. Дзяўчынкам даюцца заданні (эксперыментальныя і творчыя, з элементамі праектнай і даследчай дзейнасці), якія не маюць адназначнага рашэння і патрабуюць ведаў па іншых прадметах, звароту да розных крыніц інфармацыі. Гэта могуць быць гульні, конкурсы, віктарыны з выкарыстаннем пазнавальнага матэрыялу.

— Падчас тыдня працоўнага навучання арганізоўваю конкурсы газет па розных тэмах, напрыклад, “Гісторыя адзення”, дзе кожны клас выбірае сваю падтэму і прэзентуе яе, — гаворыць Марына Ганіна. — Праводжу конкурсы прэзентацый “Свет новых прафесій”, “Сучасныя тэхналагічныя вынаходствы” і відэаролікаў “Кім быць?”, “Любімае захапленне” і інш. Дзяўчынкі выконва­юць вучэбныя праекты, а гатовыя вырабы дэманструюць падчас прадметнай дэкады, фестываляў творчасці, на выставах і конкурсах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Штогод нашы вучаніцы ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх конкурсах “Калядная зорка”, “Прывітанне, свет!”, маюць дыпломы на раённым і абласным узроўнях.

Пры падрыхтоўцы да алімпіяд важныя сістэмнасць і індывідуальны падыход. Але Марына Уладзіміраўна практыкуе і групавое навучанне, калі тыя, хто мае вопыт удзелу ў алімпіядах, ву­чаць пачаткоўцаў. Пры распрацоўцы заданняў для падрыхтоўкі да алімпіяды педагог удзяляе ўвагу не толькі практычным, але і творчым тэарэтычным задачам (графічным, канструктарскім, тэхналагічным, даследчым). Вучаніцы і самі прыдумваюць падобныя заданні.

Як складваецца далейшы шлях выпускніц Ветрынскай школы — пераможцаў алімпіяд па працоўным навучанні?

— Ганна Цябут скончыла Полацкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці “Швачка, кравец, цырульнік”. Аксана Дубоўская паспяхова скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя”, працавала дызайнерам мэблі, а зараз яна спецыяліст па продажах мэблевай фурнітуры. Захапляецца рукадзеллем, у прыватнасці вырабам сутажных упрыгажэнняў, — падзялілася педагог.

Дачка Марыны Уладзіміраўны Карына Ганіна вучылася ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце па спецыяльнасці “Дызайн касцюма і тканін”, стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Млын моды” ў 2018 годзе, была ўдзельніцай і прызёрам шматлікіх конкурсаў, у тым ліку ў Расіі, Італіі. Пасля заканчэння ўніверсітэта працавала мастаком-мадэльерам на адным з прыватных прадпрыемстваў краіны, а цяпер яна вядучы мастак-ма­дэльер на прадпрыемстве па вырабе нацыянальнага спартыўнага адзення брэнда IROS.

Алена Карасёва і Александрына Мацейка вучыліся ў Полацкім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва”, а сёння працуюць настаўнікамі працоўнага навучання ў Наваполацку і Віцебску. Наталля Мароз хоць і не звязала сваю прафесійную дзейнасць з творчасцю, затое мае творчае хобі: вышывае, вяжа, шые, захапляецца тэхнікай пэчварк.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара