Сістэма работы з высокаматываванымі і адоранымі дзецьмі настаўніцы хіміі сярэдняй школы № 5 Пружан Наталлі Карпыза дае выдатныя вынікі: высокія месцы на алімпіядах, у тым ліку на заключных этапах, перамогі ў навуковых канферэнцыях і інтэлектуальных конкурсах. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сістэма работы
— У 7 класе, калі курс хіміі толькі пачынае вывучацца, задача настаўніка — прывіць дзецям цікавасць да прадмета, — гаворыць Наталля Мікалаеўна. — Гэта магчыма зрабіць з дапамогай займальных эксперыментаў і доследаў. Яшчэ ў пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці я вяла гурток па ўласна распрацаваным хіміка-эксперыментальным модулі “Здаровы лад жыцця”. З дзецьмі мы праводзілі шматлікія доследы, звязаныя з арганізмам чалавека. Калі ж у курсе хіміі з’яўляюцца задачы, ураўненні, вучні адчуваюць першыя цяжкасці. Калі праблемы назапашваюцца і не знаходзяцца спосабы іх вырашыць, гэта можа прывесці да страты цікавасці да прадмета. І толькі самых настойлівых і мэтанакіраваных, хто прывык працаваць, ведае, для чаго яму спатрэбіцца хімія, ніякія цяжкасці не спыняюць.
На ўроках Наталля Карпыза выкарыстоўвае праблемнае і практыка-арыентаванае навучанне, перавернуты ўрок, парную, групавую і індывідуальную формы работы, даследчы метад, інфармацыйныя тэхналогіі і тэхналогіі візуалізацыі, усе віды эксперыментальнай дзейнасці, творчыя і дыферэнцыраваныя заданні. Асаблівую ўвагу педагог удзяляе рэфлексіўнаму навучанню, якое дапамагае суадносіць пастаўленыя мэты з дасягнутымі вынікамі, праводзіць самакантроль вучэбнай дзейнасці, вырашаць вучэбныя праблемы. Так, калі вучань ці клас не можа выканаць пэўную вучэбную задачу, неабходна спыніцца і высветліць, чаму гэта не атрымліваецца. А пасля пераадолення цяжкасцей вярнуцца да ранейшай дзейнасці.
Настаўніца падае матэрыял блокамі з выкарыстаннем картак з рознаўзроўневымі заданнямі ў 4 варыянтах. Пасля тлумачэння кожнага блока тэмы вучні выконваюць заданні пэўнага ўзроўню, ацэньваюць сваю дзейнасць у балах на палях, мяняюцца сшыткамі і правяраюць іх, выпраўляюць алоўкам памылкі і побач з балам самаацэнкі выстаўляюць бал узаемаацэнкі. Потым вынікі аналізуюцца і карэкціруюцца, выводзіцца канчатковая адзнака.
Штогод, як правіла, у 8—9 класах вучні прыходзяць да Наталлі Мікалаеўны на факультатыў па хіміі. Творчы патэнцыял дзяцей ёй дапамагаюць раскрываць і пазакласныя мерапрыемствы, удзел у тыдні хіміі, шостым школьным дні, эксперыментальных практыкумах (“Мылаварэнне”, “Сінтэз складаных эфіраў”, “Вызначэнне вітаміна С у агародніне і садавіне”, “Цітрыметрыя” і інш.), у практыкумах па рашэнні разліковых задач. Пазнавальную цікавасць дзяцей развіваюць тэматычныя экскурсіі на прадпрыемствы рэспублікі: Пружанскі водазабор, станцыю хімізацыі і доследную станцыю, камбікормавы завод, шклозавод “Нёман”, “БелАЗ”.
Падрыхтоўка да алімпіяд
— Эфектыўнасць падрыхтоўкі да алімпіяд залежыць ад такіх найважнейшых фактараў, як кампетэнтнасць настаўніка, выяўленне здольнага дзіцяці і праяўленне ім максімальнай цікавасці да прадмета, стымуляванне ўнутранай матывацыі, сістэматычныя заняткі, — адзначае Наталля Мікалаеўна. — Каб навучыць дзіця рашаць задачы, педагог павінен сам рашаць іх дасканала, у тым ліку заданні ЦТ і алімпіядныя задачы, знаёміцца з новай літаратурай па падрыхтоўцы навучэнцаў, мець зносіны з калегамі, праходзіць курсавую падрыхтоўку, наведваць семінары. Так, дапаможнік для тых, хто паступае ў ліцэй БДУ, я выкарыстоўваю для работы з дзецьмі 8—9 класа. Выдатным памочнікам з’яўляецца рэсурс ва “УКантакце” “Беларускія хімічныя алімпіяды”, дзе прадстаўлены заданні тэарэтычнага і практычнага тураў з рашэннямі ад школьных да міжнародных алімпіяд пачынаючы з 2000 года.
У вялікай школе і выбар здольных дзяцей большы. Выяўляць будучых алімпіяднікаў настаўніцы дапамагаюць назіранні за дзецьмі падчас урокаў і пазакласных мерапрыемстваў. Улічваецца і паспяховасць па сумежных дысцыплінах, асабліва па матэматыцы. Хімікі гавораць, што матэматыка — служанка ў хіміі і часта няўдзячная. Часам дзіця добра валодае тэарэтычным матэрыялам, але не можа паспяхова рашаць задачы з-за праблем з матэматыкай.
Н.Карпыза: Падзялюся наступным матэматычным прыкладам. 0.99 у 365 ступені роўна прыблізна 0.026, а 1.01 у 365 ступені роўна 37.78. Так і мы, дзень пры дні недапрацоўваючы зусім крыху, атрымаем нязначны вынік. Калі ж, перамагаючы стомленасць, пераадольваючы ўсе праблемы і перашкоды, ісці да сваёй мэты, здзяйсняючы ўсяго толькі на адну сотую больш, чым учора, то поспех прыйдзе абавязкова і пружанскія зорачкі загарацца на небасхіле беларускай навукі.
Наталля Мікалаеўна рыхтуе будучых алімпіяднікаў па заданнях высокага ўзроўню складанасці і імкнецца да максімальнай самастойнасці вучняў пры іх рашэнні. Бо самыя трывалыя веды — гэта тыя, што здабываюцца самім вучнем у працэсе работы з літаратурай, інфармацыяй з інтэрнэту. Гэтая работа падразумявае тактоўны кантроль з боку настаўніка, калектыўны разбор і аналіз нярэшаных заданняў, падвядзенне вынікаў пры рашэнні задач. І адзін з асноўных прынцыпаў — пастаянная работа. Нават калі з самым разумным вучнем не займацца сістэматычна, выніку не будзе. Трэба працаваць увесь час, а не за два тыдні да алімпіяды. Рашыць некалькі задач пэўнага тыпу мала, трэба 10—15, прычым замацаваць гэты навык самастойным рашэннем. Важна, каб алімпіяда не ўспрымалася як разавае мерапрыемства, падрыхтоўка павінна быць сістэматычнай. Штогод Наталля Карпыза набірае групу дзяцей і працуе з імі аднолькава, але хтосьці працуе больш. Вучні нават летам знаходзяць час для хіміі і звяртаюцца да педагога па дапамогу. Самыя матываваныя і мэтанакіраваныя дзеці за лета могуць рашыць да 2000 задач.
Рэсурсны цэнтр
Наталля Карпыза вялікую ўвагу ўдзяляе ўдасканаленню і развіццю ў дзяцей эксперыментальных навыкаў, уменняў прымяняць веды ў нестандартнай сітуацыі, самастойна ажыццяўляць пошукавую дзейнасць пры рашэнні эксперыментальных задач. У сярэдняй школе № 5 Пружан вось ужо пяць гадоў функцыянуе рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд рознага ўзроўню, які летась стаў міжшкольным.
— Найбольш складана рыхтавацца да практычнага тура алімпіяд. Часам не хапае абсталявання і рэактываў. Выкарыстоўваюцца ўсе магчымасці, што ёсць у распараджэнні: мысленны эксперымент, практыкумы ў лабараторыях станцыі хімізацыі (па дамоўленасці) і, вядома ж, эксперымент у школьным кабінеце. Шукаем рэактывы, збіраем абсталяванне, глядзім відэадоследы, — расказвае настаўніца. — Апошнім часам праводжу заняткі ў змешанай творчай групе навучэнцаў 9—11 класаў. Гэта садзейнічае ўзаемадапамозе, перадачы вопыту ўдзелу ў алімпіядах, псіхалагічнай падрыхтоўцы вучняў, дазваляе зменшыць нагрузку на настаўніка. База ведаў самых падрыхтаваных навучэнцаў 9 класа не саступае ведам адзінаццацікласнікаў, у іх назапашаны добры багаж і па рашэнні задач. Некаторыя вучні спрабуюць асвоіць універсітэцкі курс. Пры гэтым як настаўнік я стаўлю дзве мэты: падрыхтоўку профільнай групы і трэніроўку алімпіяднікаў. Безумоўна, самыя каштоўныя — індывідуальныя заняткі, калі ёсць асабісты кантакт і асабліва адчуваюцца цяжкасці і праблемы кожнага. На першых этапах падрыхтоўкі такая форма работы пераважае.
Работа на вынік
— Падрыхтоўка і ўдзел у прадметнай алімпіядзе — гэта цяжкі і адказны працэс, які патрабуе максімальнага напружання сіл, мабілізацыі ўсіх рэзерваў ведаў, мыслення, памяці і нерваў, — падкрэслівае настаўніца.
Што асабліва радуе Наталлю Карпыза, дык гэта вынікі работы, якая праводзіцца сумесна з вучнямі. За апошнія пяць гадоў яны атрымалі 15 дыпломаў на другім і 4 дыпломы на трэцім этапе алімпіяды. Асабліва паспяховым быў мінулы 2022/2023 навучальны год. Вучні 9 класа сталі дыпламантамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі: Антон Варанко атрымаў дыплом II ступені, а Настасся Дацук — III ступені. Перамога вучняў — гэта вынік іх мэтанакіраванасці, велізарнай працавітасці і любові настаўніка да сваёй справы.
Наталля Карпыза выпусціла шэсць класаў хіміка-біялагічнага профілю і вельмі ганарыцца сваімі выпускнікамі, многія з якіх паступаюць на адпаведныя спецыяльнасці, часта выбіраюць медыцыну.
Фарміруем пазнавальны інтарэс да вывучэння хіміі
“Я пошла в комнату, села за стол, раскрыла учебник по химии, но учить химию мне не хотелось, я решила пока приготовить прибор для получения ацетилена. Этот прибор нам был нужен для опыта, который мы задумали с ребятами, а конструкцию я придумала сама. Очень простую. Взять бутылку из-под молока с широким горлышком, на треть заполнить водой. Затем листик промокательной бумаги засунуть в бутылку так, чтобы края остались снаружи, а в бутылке получился как бы мешочек из этой бумаги. В мешочек насыпать карбида — того самого, который насыпают в свои аппараты сварщики на соседней стройке, а сверху все плотно заткнуть большой пробкой с трубочкой. Теперь ваш прибор готов к действию в любую минуту. Достаточно перевернуть бутылку так, чтобы вода смочила промокательную бумагу, и начнет выделяться газ.
…Я невольно потянулась к лицу руками, но сейчас же бросилась к маме, вырвала у нее из рук полотенце, подбежала к бутылке и только успела обмотать ее полотенцем, чтобы осколки стекла не разлетелись в стороны и не ранили нас, как раздался громкий, словно пушечный, выстрел, пробку вышибло из бутылки, она ударилась в потолок, и вслед за пробкой до самого потолка взлетела струя воды, смешанная с карбидом”.
Паводле У.Кісялёва “Дзяўчынка і птушкалёт”.
***
Пытанні да абмеркавання:
1. Чаму адбыўся выбух?
2. З якой мэтай на будоўлях выкарыстоўваецца карбід? Якая яго формула і назва?
3. Напішыце ўраўненне рэакцыі, якая адбылася, і рэакцыі гарэння ацэтылену.
Адказ:
1. Пры рэакцыі выдзяляецца газ, а яму патрэбен вялікі аб’ём, таму адбыўся выбух.
2. Карбід кальцыя СаС2 пры ўзаемадзеянні з вадой утварае ацэтылен, які пры гарэнні дае тэмпературу 2000°С, што выкарыстоўваецца ў зварцы і рэзанні металаў.
3. СаС2+2H2O = Ca(OH)2 + C2H2
2C2H2 + 5O2 = 4CO2 + 2H2O
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара