Самаадукацыя як кампетэнцыя стагоддзя: агляд жнівеньскага нумара часопіса «Народная асвета»

- 13:12Журнал "Народная асвета", Новости

Адной з вядучых кампетэнцый чалавека ХХІ стагоддзя з’яўляецца гатоўнасць да самаадукацыі. У наш імклівы інфармацыйны час, калі ўменні і навыкі хутка становяцца ўстарэлымі, калі мяняюцца формы і віды працы і патрабаванні да спецыялістаў, неабходна ўзб­роіць школьнікаў інструментамі самаадукацыі.

Менавіта гэтай тэме прысвечаны чарговы выпуск рубрыкі “Педагагічная асамблея”. Прапануем  азнаё­міцца з матэрыяламі ўдзельнікаў рэспуб­ліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі самаадукацыі навучэнцаў у кампетэнтнасна арыентаваным вучэбным асяроддзі на аснове метадаў стратэгіі фарсайту”. У сваіх артыкулах нашы аўтары прадстаўляюць дзейсныя сродкі фарміравання ў школьнікаў навыкаў самастойнай вучэбнай дзейнасці і самарэалізацыі з мэтай стварэння сацыяльна значнага прадукту, развіцця здольнасцей да супрацоўніцтва і камунікацыі ў розных сітуа­цыях, кампетэнцый у галіне аналізу і адбору інфармацыі.

Школьны музей народнай творчасці і рамёстваў імя Паўлюка Багрыма — візітная картка Крошынскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна. Наведаўшы экспазіцыю, якая налічвае больш за 400 экспанатаў, мы пранікліся пачуццём гордасці за багатую гісторыка-культурную спадчыну беларусаў. Што тычыцца калектыву педагогаў, з якімі нам пашчасціла пазнаё­міцца падчас падрыхтоўкі матэрыялаў праекта “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”, то адразу адчулі згуртава­насць настаўнікаў: тут усе жывуць агульнымі справамі, зносіны паміж калегамі цёплыя і душэўныя. У атмасферы супрацоўніцтва і творчага пошуку нараджаецца шмат ідэй па ўдасканаленні адукацыйнага працэсу і выхаваўчай работы, рэалізуюцца інавацыйныя і эксперыментальныя праекты. Пад кіраўніц­твам вопытных настаўнікаў навучэнцы карпатліва вывучаюць гісторыю малой радзімы, займаюцца пошукава-даследчай дзейнасцю ў складзе атрада “Памяць”, рэалізуюць валанцёрскія ініцыятывы, прымаюць актыўны ўдзел у рэспуб­ліканскіх конкурсах і даб­рачынных акцыях.

На старонках “Народнай асветы” настаўнікі Крошынскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна дзеляцца эфектыўным вопытам метадычнай, вучэбнай і выхаваўчай работы.

Падводныя рыфы сяброўства бацькоў і дзяцей разглядаюцца ў чарговым выпуску праекта “Бацькоўскі сход”. “Традыцыйныя ролі ў структуры адносін бацькоў і дзяцей у сучаснай сям’і зведалі пэўную трансфармацыю. Занепакоенасць педагогаў і псіхолагаў выклікае тэндэнцыя да разбалансаванасці гэтых адносін у бок змены традыцыйнай бацькоўскай ролі на ролю бацькоў-сяброў”, — падкрэс­лівае ў сваім артыкуле кандыдат псіхалагічных навук Н.К.Плаўнік і прапануе не толькі аналіз наступстваў сяброўскага стылю ўзаемадзеяння паміж бацькамі і дзецьмі, але і рэкамендацыі, як гэтых наступстваў пазбегнуць.

У жнівеньскай “Народнай асвеце” — агляд артыкулаў мінулых гадоў, які прысвечаны вопыту станаўлення краязнаўчай работы ва ўстановах адукацыі краіны. Трэба адзначыць, што ў спадчыну цяперашнім школьнікам і настаўнікам дастаўся багаты матэрыял: краязнаўчая дзейнасць у Беларусі пачала актыўна развівацца адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны. Дзеці вывучалі гісторыю і культуру сваёй мясцовасці, а пра подзвігі сваіх суайчыннікаў даведваліся, як кажуць, з першых вуснаў. Памятаю, як мы з аднакласнікамі рыхтаваліся да сустрэч з ветэранамі, якімі недасягальнымі героямі яны для нас былі. Мы слухалі іх гісторыі, і нам здавалася, што гэтыя людзі, якія выжылі на фронце, будуць жыць вечна. Дзякуй, што сёння засталіся ўспаміны аб іх подзвігах, малых і вялікіх… У артыкуле “Аб краязнаўчай рабоце ў школах рэспублікі”, які быў надрукаваны ў “Народнай асвеце” ў 1958 годзе, аўтары Н.Ба­ранава і Н.Паўлава на прыкладах Лельчыцкай і Лоеўскай сярэдніх школ Гомельскай вобласці, а таксама Валеўскай сярэдняй школы Гродзенскай вобласці апісваюць сістэму работы па арганізацыі краязнаўчай дзейнасці і прапануюць разнастайныя формы і метады, цікавую і розную тэматыку для вывучэння гісторыі роднага краю. Гэты вопыт з карысцю мо­гуць прымяняць і цяперашнія настаўнікі.

Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар