Самаразвіццё — у прыярытэце

- 10:51Людзі адукацыі

Сучасны настаўнік павінен валодаць многімі якасцямі. Але галоўнае, да чаго трэба імкнуцца любому педагогу, — гэта быць асобай. Асобай мэтанакіраванай, адкрытай і цікавай дзецям. Толькі такім чынам атрымаецца захапіць навучэнцаў вучобай, выклікаць у іх цікавасць да прадмета. У гэтым пераканана настаўніца хіміі гімназіі № 3 Бабруйска Таццяна Васілеўская.

Таццяна Мікалаеўна захапілася хіміяй яшчэ ў школе. У яе былі цудоўныя настаўнікі, якія не толькі прывілі ёй любоў да гэтай складанай навукі, але і паўплывалі на прафесійны выбар. Пасля заканчэння школы дзяўчына свядома працягнула навучанне ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, стала настаўніцай хіміі і адправілася працаваць на малую радзіму — у Бабруйск.

— Першапачаткова я выкладала ў сярэдняй школе № 26 горада. У гэтай навучальнай установе адбылася як педагог, дасягнула першых прафесійных поспехаў. Але ў поўнай меры свой педагагічны патэнцыял здолела раскрыць у гімназіі № 3, — паведаміла Т.М.Васілеўская.

З трэцяй бабруйскай гімназіяй яе жыццё звязана вось ужо восем гадоў. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва ўстановы, згуртаванасці і ўзаемадапамозе ў педагагічным калектыве, ёй удалося выбудаваць уласную сістэму навучання.

На думку Таццяны Мікалаеўны, інтарэс навучэнцаў да прадмета напрамую зале­жыць ад настаўніка. Менавіта педагогу трэба здолець захапіць вучняў вучобай. Каб зрабіць хімію зразумелай для кожнага, свае ўрокі Т.М.Васілеўская імкнецца праводзіць цікава, творча і запамінальна. Яе заняткі — гэта дыялог, вучнёўскія адкрыцці і станоўчыя эмоцыі. Урокі гэтага педагога заўсёды напоўненыя практыка-арыентаванымі заданнямі, хімічнымі эксперыментамі, праблемнымі пытаннямі.

— Ніколі не трэба забываць, што хімія — навука, якая акружае нас паўсюль. Таму заняткі павінны быць практыкаарыентаваныя. Дзецям неабходна разумець, якім чынам прымяніць атрыманыя на ўроку веды ў рэальным жыцці, — лічыць Таццяна Мікалаеўна. — А яшчэ — вучням не трэба да­ваць гатовыя веды. Дазваляючы ім здзяйсняць уласныя адкрыцці, самастойна знаходзіць адказы, атрымліваецца прывіць ім любоў да прадмета, — упэўнена настаўніца.

На сваіх уроках Т.М.Васілеўская нярэдка задае вучням праблемныя пытанні. Такі прыём павышае пазнавальную актыўнасць, дапамагае дзецям зрабіць важныя вывады, замацаваць атрыманыя веды і глыбей засвоіць тэму.

Асаблівую ўвагу ў сваёй педагагічнай дзейнасці Таццяна Мікалаеўна ўдзяляе рабоце з адоранымі навучэнцамі. Яна арыентуе вучняў на ўдзел у алімпіядным руху, прычым падрыхтоўку да алімпіяд пачынае з урока.

— У мяне заўсёды ёсць запас заданняў рознага ўзроўню. Дамашняе заданне мае вучні таксама атрымліваюць рознаўзроўневае. І тут хочацца адзначыць змястоўнасць школьных зборнікаў задач. Часта прапаную дзецям заданні творчага характару, яны могуць быць як “лірычнымі” — на складанне антыправіл па ахове працы, крыжаванак, вершаў, так і хімічнымі — на складанне задач і тэстаў па пэўнай тэме, дамашні хімічны эксперымент, — адзначыла Т.М.Васілеўская.

Развіццём здольнасцей адораных вучняў Таццяна Мікалаеўна пачынае займацца з першых заняткаў у новых класах. Яна стварае пэўную каманду, своеасаблівае хімічнае таварыства, у якое ўваходзяць вучні 7—11 класаў. З адной паралелі ў яе займаюцца па 2—3 навучэнцы, што дазваляе ім сапернічаць адзін з адным.

— Я лічу здаровую канкурэнцыю важным аспектам поспеху. Але яшчэ больш значна, што ў нашай супольнасці пануе творчая, добразычлівая атмасфера, дзе ўсе адзі­н аднаго падтрымліваюць, — расказала Т.М.Васілеўская.

Падчас падрыхтоўкі да алімпіяд Таццяна Мікалаеўна практыкуе лекцыі па пытаннях, якія не разглядаюцца па вучэбнай праграме, праводзіць семінары, франтальнае паўтарэнне, індывідуальныя кансультацыі, часта прымяняе элементы апераджальнага навучання, калі старэйшыя вучні самастойна вывучаюць пэўныя тэмы і выступаюць у ролі настаўніка для малодшых.

— Адораныя дзеці заўсёды прагнуць спа­знаць што-небудзь новае, таму я нярэдка запрашаю да нас на семінары аспірантаў хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вялікую ролю адводжу таксама самастойнай рабоце вучняў. Прапаноўваю ім для засваення вучэбныя дапаможнікі, матэрыял у якіх выходзіць далёка за межы вывучаемага на ўроках, — падкрэсліла Т.М.Васілеўская.

Плённая праца Таццяны Мікалаеўны дае адпаведны вынік. Яе вучні рэгулярна становяцца пераможцамі розных, у тым ліку заключнага, этапаў рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, прызёрамі алімпіяды Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта “Ламаносаў”. Многія навучэнцы выбіраюць хімію як аснову будучай прафесіі і вельмі паспяхова здаюць яе на цэнтралізаваным тэсціраванні. Асобныя выпускнікі ў свой час нават атрымлівалі стобальныя сертыфікаты.

У прафесійнай скарбонцы Т.М.Ва­сі­леўскай нямала і ўласных поспехаў. Яна неаднаразова адзначалася ганаровымі граматамі і дыпломамі. Сёлета ж Таццяна Мікалаеўна стала пераможцай абласнога конкурсу “Лепшы па прафесіі”. Нягледзячы на шэраг значных прафесійных дасягненняў, гэтая настаўніца плануе працягваць удасканальваць сваё педагагічнае майстэрства, бо ўпэўнена: самаразвіццё для сучаснага педагога павінна быць у прыярытэце.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Т.М.Васілеўскай.