Самая заходняя, пагранічная…

- 13:39Родная земля

Самая заходняя, пагранічная… Менавіта такімі словамі можна ахарактарызаваць камянецкую зямлю. З-за асаблівасцей геаграфічнага становішча ёй неаднаразова даводзілася першай сустракаць чужынцаў, якія імкнуліся захапіць беларускі край, даваць ім рашучы адпор. У сярэднявеччы — крыжакам, у адносна нядаўнім мінулым — нямецка-фашысцкім войскам. Таму і сярод асноўных кірункаў выхаваўчай работы, што праводзіцца ва ўстановах адукацыі раёна, ляжыць пагранічная тэматыка.

Прыехаць у Камянец…

Пабываць у Парыжы — і ўбачыць Эйфелеву вежу, наведаць Лондан — і сфатаграфавацца на фоне Біг Бэна, прыехаць у Камянец — і… пастаяць каля сцен знакамітай вежы. Але для атрымання паўнаты пачуццяў гэтага недастаткова. Неабходна яшчэ хаця б некалькі хвілін пасядзець на абарончых валах ХІІІ стагоддзя, потым зайсці ўсярэдзіну вежы, паслухаць цікавы аповед супрацоўнікаў філіяла Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, а пасля абавязкова падняцца па звілістай лесвіцы на назіральную пляцоўку, і ўжо там у спакоі пастарацца пачуць, як уецца вакол магутных зубцоў гарэза-вецер, палюбавацца даляглядамі поймы ракі Лясной, на абрывістым левым беразе якой валынскі князь Уладзімір Васількавіч загадаў у 1276 годзе свайму дойліду Алексу закласці “столп камен”. І гэта не ўсё. Падарожжа ў Камянецкі раён будзе няпоўным, калі абмінуць увагай установы адукацыі. Менавіта педагогі і вучні не горш за прафесійных музейшчыкаў актыўна вывучаюць мінулае роднай зямлі, ствараюць яе летапіс. У гэтым пераканала наведванне сярэдняй школы № 1 Камянца і Высокаўскай сярэдняй школы.

Гэта было нешта!

Настаўнікам і вучням 1-й камянецкай школы можна па-добраму пазайздросціць: за вокнамі многіх вучэбных кабінетаў гэтай установы адукацыі віднеецца не шумны сталічны праспект, як, напрыклад, за вокнамі кабінетаў рэдакцыі нашай газеты, а ўнікальны помнік архітэктуры. Прычым вежа, нібыта ведаючы, што кожны дзень ёй любуюцца дзясяткі цікаўных вачэй, некалькі разоў на год мяняе сваё стракатае адзенне. Вядома, колер самой вежы застаецца нязменным, проста калі глядзець на гэты помнік з кабінетаў школы, то можна заўважыць, што вясной і летам вежа нібыта апранаецца ў ярка-зялёнае адзенне, восенню яго колер змяняецца на жоўта-аранжавы. Менавіта так выглядаюць дрэвы, што ахутваюць вежу сваёй лістотай і ствараюць такі зрокавы падман.
Менавіта ў цені гэтых дрэў сонечным майскім днём разам з настаўнікамі 1-й камянецкай школы мы гутарылі пра мінулае краю, пра тую работу, што праводзіцца ва ўстанове адукацыі па вывучэнні яго гістарычных і прыродных адметнасцей. Размова ля падножжа вежы на схіле абарончых валоў ХІІІ стагоддзя была працягам гутаркі, якая пачалася ў музейным пакоі сярэдняй школы № 1 Камянца. Менавіта тут захоўваюцца вынікі пошукавай і даследчай работы, што праводзіцца настаўнікамі і вучнямі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў — больш за 2 тысячы экспанатаў, сярод якіх фотаздымкі, альбомы, дакументы, асабістыя рэчы вядомых землякоў.
Па словах настаўніка выяўленчага мастацтва Уладзіміра Антонавіча Седуна, музей (будзем так называць музейны пакой) ствараўся пад кіраўніцтвам былога дырэктара школы Зінаіды Пятроўны Межыўцовай у 60-я гады. Спачатку экспанаты расказвалі пра лёс людзей, якія вызвалялі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З многімі ветэранамі была наладжана актыўная перапіска, якую вялі ўсе класы. За кожным класам было замацавана па некалькі чалавек. Дзякуючы такой рабоце, удалося сабраць даволі шмат каштоўнай інфармацыі, што тычылася ў асноўным перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Паралельна з ваеннай тэматыкай распрацоўваліся і іншыя напрамкі даследчай работы. У прыватнасці, вывучаўся даваенны перыяд гісторыі Камянца. Калі эпоху сярэднявечча даследуюць навукоўцы, у якіх ёсць магчымасць працаваць у архівах, то настаўнікі і вучні вывучалі менавіта даваенны перыяд. А інфарматарамі станавіліся сведкі тых падзей, людзі, якіх яшчэ шмат жыло ў 60-я гады ў Камянцы. Школьнікі запісвалі іх успаміны, суразмоўцы дзяліліся даваеннымі фотаздымкамі.
— Вось як выглядаў наш горад у 30-я гады, — дастаў з-пад шкла стары фотаздымак Уладзімір Антонавіч. — На тым месцы, дзе цяпер стаіць школа і дзе знаходзіцца гарадскі сквер, былі драўляныя дамы. У асноўным яны належалі яўрэйскаму насельніцтву, Камянец да вайны быў мястэчкам.
Паступова, акрамя матэрыялаў на ваенную тэматыку, збіраліся і матэрыялы пра іншыя перыяды гісторыі горада. З цягам часу музей баявой славы было вырашана ператварыць у музей баявой і працоўнай славы. Калі сэнс слова “баявой” зразумелы, то “працоўнай” славы азначала тое, што з’явіліся стэнды, прысвечаныя творчаму і працоўнаму шляху ў першую чаргу настаўнікаў школы, а таксама іншых знакамітых людзей Камянца. Так, асобныя стэнды прысвечаны дырэктарам школы, педагогам, ёсць сярод партрэтаў і знакамітыя выпускнікі. У 90-я гады музей папоўніўся новымі стэндамі, дзе расказвалася пра мінулае горада. Такім чынам, да слоў “баявой” і “працоўнай” славы дадалося яшчэ і “гісторыка-краязнаўчы”.
Адметнасцю музея з’яўляецца тое, што стэнды, многія з якіх былі створаны настаўнікамі ў далёкія 60-я і нядаўна рэканструяваныя Уладзімірам Антонавічам, самі з’яўляюцца экспанатамі. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, стэнды не з’яўляюцца маральна састарэлымі. Бясспрэчна, у сучаснасці знешняга афармлення яны прайграюць музеям устаноў адукацыі, у стварэнне якіх былі ўкладзены значныя фінансавыя сродкі, аднак перавага гэтай экспазіцыі ў тым, што ад кожнага стэнда сыходзіць нейкая цеплыня і клопат. Кожная літарка ўласнаручна выразана з паперы або напісана пэндзлікам з дапамогай фарбы многа гадоў назад настаўнікамі і вучнямі. Акрамя саміх стэндаў, як ужо адзначалася, музей налічвае больш за 2 тысячы экспанатаў, якія захоўваюцца ў раздзелах “Гістарычнае мінулае Камянца”, “Гады барацьбы і спадзяванняў”, “Суровыя выпрабаванні”, “Яны вызвалялі наш раён”, “Яны атрымалі медалі”, “Наш раён сёння”.
У музеі ёсць яшчэ адзін арыгінальны стэнд, і знаходзіцца на гэтым стэндзе самы незвычайны, самы каштоўны і ўнікальны экспанат. Гэты раздзел — акно, а экспанат — Камянецкая вежа. Справа ў тым, што за акном музея 1-й камянецкай школы — знакамітая вежа. Цікава назіраць за тым, як падчас экскурсіі настаўнік падводзіць вучняў да акна і, паказваючы на вежу, гаворыць: “А вось з гэтым экспанатам звязана развіццё нашага горада, менавіта па выявах добра вядомай вам вежы пазнаюць наш раён, вобласць і краіну, вежа даўно стала іх сімвалам”.
— Больш падрабязна пра гісторыю будаўніцтва Камянецкай вежы і яе лёс нам раскажуць у філіяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Падчас жа экскурсіі ў школьным музеі мы засяроджваем увагу вучняў на малавядомых фактах. Пасля вайны закінутая вежа была любімым месцам забавак камянецкай дзятвы. Добра памятаю, як разам з сябрамі мы любілі палазіць усярэдзіне вежы, забрацца па звілістых лесвіцах на самы верх. Вось такім чынам маё пакаленне вывучала ў школьныя гады мінулае роднай зямлі, даследавала адзін з унікальных гістарычных помнікаў нашай краіны. Не так даўно падчас чарговай экскурсіі адзін мой знаёмы, калі мы падняліся на вежу, паклікаў мяне і, паказаўшы на выдрапаны на адным з зубцоў надпіс, сказаў: “Чытай!”. Я быў здзіўлены: “Сядун У”. Няўжо гэта справа маіх дзіцячых рук? Вядома, стала сорамна, што я гэтак спаганіў помнік, але ж некалі мы былі добрыя свавольнікі, ды і вежа стаяла ў запусценні. Аднак змрочна яна выглядала не заўсёды. Добра памятаю, як наш настаўнік фізікі Міхаіл Юльянавіч Гаўрылюк разам з вучнямі зрабіў ілюмінацыю і на святы ўвечары развешваў яе на зубцах вежы. У той час для Камянца гэта было нешта, — расказвае Уладзімір Антонавіч.

“Столп камен”

Цяпер жа знакамітую вежу камянецкая дзятва наведвае толькі падчас арганізаваных экскурсій. Некаторыя ж вучні, у прыватнасці, сярэдняй школы № 1 Камянца і гімназіі Камянца, прыходзяць у яе ў якасці экскурсаводаў. Справа ў тым, што некалькі гадоў на базе філіяла Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, што знаходзіцца ў вежы, праводзяцца заняткі гуртка “Юны экскурсавод”. Яго ўдзельнікі дапамагаюць прафесійным музейшчыкам праводзіць экскурсіі, прычым самыя цікавыя з іх атрымліваюцца для равеснікаў.
— Дзеці заўсёды здзіўляюцца, калі раптоўна на першым, другім або трэцім ярусе вежы яны сустракаюць сваіх аднакласнікаў, з указкамі, апранутых у святочнае адзенне. Экскурсія для дзяцей становіцца ў некалькі разоў цікавейшай, — адзначыў дырэктар сярэдняй школы № 1 Камянца Аляксандр Валер’евіч Сахранны.
Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталлі Уладзіміраўны Міхнюк, з вежай звязаны і некаторыя іншыя напрамкі выхаваўчай работы. Так, на працягу многіх гадоў каля вежы праходзіць урачыстае ўручэнне атэстатаў выпускнікам школы. Ад абарончых валоў пачынаюцца і велапрабегі па гістарычных мясцінах. Акрамя таго, настаўнікі і вучні прымаюць актыўны ўдзел у традыцыйных рыцарскіх фестывалях, што праводзяцца ля падножжа вежы. Безумоўна, дзеці не апранаюць цяжкія даспехі, не змагаюцца на рыцарскіх турнірах, аднак, напрыклад, прынесці вады рыцарам або дапамагчы перанесці даспехі — гэта іх справа. А сёлета пасля апошняга званка на плошчы каля вежы выпускнікоў чакае арыгінальны арт-моб.
— Ну што ж, а цяпер палюбуемся Камянцом з вышыні птушынага палёту, — прапанавалі настаўнікі і загадкава паглядзелі на зубцы вежы.
Шлях па звілістай лесвіцы на верхні ярус вежы звычайна займае хвіліну-другую. Аднак у гэты дзень для нашай невялікай экскурсійнай групы ён доўжыўся прыкладана гадзіну. Уся справа ў захапляльнай экскурсіі, якую правяла загадчыца філіяла “Камянецкая вежа” Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Мікалаеўна Казулька.
— Мы з вамі знаходзімся ўсярэдзіне ўнікальным помніка, які адносіцца да найвышэйшай катэгорыі каштоўнасці. На сёння Камянецкая вежа адзіная, што захавалася з серыі сярэдневяковых валынскіх абарончых веж. Шэсць з іх знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, пяць — на тэрыторыі Польшчы і тры — на тэрыторыі Украіны, — расказвае Таццяна Мікалаеўна.
Будавалася Камянецкая вежа (“столп камен”, як называецца яна ў летапісах) па загадзе валынскага князя Уладзіміра Васількавіча на высокім левым абрывістым беразе ракі Лясной у 1276—1288 гады. Больш за 7 стагоддзяў узносіцца яна над камянецкай зямлёй. Галоўная роля, якую выконвала вежа — пагранічная, абарончая. Менавіта яна затрымлівала прасоўванне на беларускія землі чужаземных войскаў, была своеасаблівым пагранічнікам нашага краю.
Можна толькі ўявіць, наколькі маштабным і грандыёзным для ХІІІ стагоддзя стала будаўніцтва. Уручную, пры дапамозе самых прымітыўных прылад і прыстасаванняў цагліна за цаглінай узводзілася вежа. Звесткі пра “столп камен высотою 17 сажней”, які “подобен удивлению всем зрящим на нь”, хутка распаўсюдзіліся па Еўропе. Воіны самых розных народаў намагаліся захапіць вежу. Аднак у летапісах ніколі не ўзгадваецца, што “столп камен” быў кімсьці захоплены. Так, драўляны пасад знішчаўся, а сама вежа заставалася непакорнай, чыстай. Таму і назва Белая, якую ёй памылкова далі ў ХІХ стагоддзі, у адносінах да сярэднявечча з’яўляецца цалкам справядлівай.
— Вежа стаіць на каменным падмурку (таўшчыня сцен амаль 4 метры, а вышыня падмурку 2 метры 30 сантыметраў). Што самае цікавае: магутныя валуны ляжаць не на растворы, а перасыпаны звычайным рачным пяском. Акрамя таго, каменны падмурак стаіць на дубовых палях. Яго вонкавы дыяметр складае 16 метраў, а дыяметр самой вежы — 13,5 метра. Сцены складзены ў асноўным з чырвонай цэглы — пальчаткі (ад слова “пальцы”). Форма цэглы незвычайная: перад абпальваннем на адным з яе бакоў праводзіліся 4 баразны для лепшай сувязі цэглы з растворам. У аснове раствору гашаная вапна (гасілася не менш за 5 гадоў). Да яе дадавалі дробны кварцавы пясок, цымянку (дробную прасеяную кераміку). Для трываласці муру мясцовыя будаўнікі дадавалі і кроў дзікіх жывёл, а таксама яечныя жаўткі. Вышыня вежы 29 метраў 40 сантыметраў, таўшчыня сцен у аснове 2,5 метра, а да вяршыні сцены звужаюцца на 15 сантыметраў, — расказвае Таццяна Мікалаеўна.
Каб вораг не змог лёгка пранікнуць у вежу, у ёй ніколі не было ўваходу на ўзроўні першага яруса. Сучасныя ж дзверы былі зроблены ў пачатку ХХ стагоддзя. У ХІІІ стагоддзі ўваход быў на ўзроўні 4 яруса і падняцца да яго можна было толькі па падстаўным драўляным лесвіцам. У ХІІІ стагоддзі ў кожнага яруса было сваё прызначэнне. Мяркуецца, што на ніжнім знаходзіўся халодны або ледзяны падвал, на другім размяшчаліся складскія памяшканні, трэці ярус выкарыстоўваўся для адпачынку воінаў, на чацвёртым маглі быць пакоі князя, а на апошнім захоўваліся зброя і даспехі воінаў.
— У часы князя Уладзіміра Васількавіча Камянец быў невялікім сярэдневяковым горадам плошчай крыху больш за 1 гектар з насельніцтвам да 500 чалавек, — працягвае экскурсію Таццяна Мікалаеўна каля арыгінальнага макета сярэдневяковага горада. — Як і ўсе гарады таго часу, Камянец быў умацаваны земляным валам, абарончым ірвом, які запаўнялі вадой. Горад з вежай злучаўся пры дапамозе пад’ёмнага драўлянага маста, які пераходзіў у памост і паміж уваходам і памостам ставілі лесвіцы. Для ворага галоўным было захапіць вежу. Калі падчас бою яна заставалася незахопленай, то незахопленым лічылі і горад.
Скончылася наша экскурсія па сімвале няскоранасці як камянецкай зямлі, так і ўсяго нашага народа, на назіральнай пляцоўцы вежы, каля зубцоў. Уражаныя маляўнічымі даляглядамі, мы некалькі хвілін моўчкі стаялі каля магутных зубцоў, слухалі, як вакол іх уецца гарэза-вецер. Уладзімір Антонавіч, напэўна, узгадваў сваё дзяцінства, тыя моманты, калі ён лазіў з сябрамі па зубцах, усе астатнія ўдзельнікі нашай экскурсійнай групы, мабыць, намагаліся ў гэтыя хвіліны ўявіць падзеі далёкага ХІІІ стагоддзя, калі толькі-толькі быў узведзены “столп камен”.

Сябры пагранічнікаў

Нагод для наведвання Высокаўскай сярэдняй школы было некалькі: па-першае, у гэтай установе адукацыі актыўна вывучаецца мінулае роднай зямлі, а па-другое, хутка Дзень пагранічніка, які непасрэдным чынам тычыцца і высокаўскіх настаўнікаў і вучняў. Справа ў тым, што на працягу некалькіх гадоў у школе дзейнічае атрад “Юныя сябры пагранічнікаў”, таму 28 мая — можна сказаць, і свята высокаўскай школы. У гэты дзень юныя сябры пагранічнікаў будуць удзельнічаць у ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”. Менавіта так коратка ахарактарызаваў святочную праграму для школы намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце пагранзаставы “Такары” лейтэнант Андрэй Юр’евіч Кунда.
У дзень маёй камандзіроўкі разам з іншымі ваеннаслужачымі Андрэй Юр’евіч праводзіў на тэрыторыі школы спецыяльныя заняткі: знаёміў настаўнікаў і вучняў са службай яшчэ аднаго юнага сябра пагранічнікаў — маладой нямецкай аўчаркі.
— Для аховы дзяржаўнай граніцы выкарыстоўваюцца нямецкая аўчарка, бельгійская аўчарка, сумесь гэтых парод, лабрадоры, кокер-спаніэлі. Сабакі дапамагаюць знаходзіць выбуховыя і наркатычныя рэчывы, затрымліваць парушальнікаў граніцы. Курсы трэніровак сабак падзяляюцца на агульныя і спецыяльныя. Агульны курс уключае выпрацоўку каманды “ляжаць”, “стаяць”, “сядзець”, а спецыяльны курс уключае адшукванне, праследаванне і затрыманне парушальнікаў граніцы, — расказвае Андрэй Юр’евіч.
Як адзначыла кіраўнік атрада педагог-арганізатар Высокаўскай сярэдняй школы Алена Уладзіміраўна Янчук, удзельнікі атрада вывучаюць гісторыю пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь, лёс герояў-пагранічнікаў. Вучні заўсёды з нецярпеннем чакаюць экскурсіі на пагранзаставы, падчас якіх знаёмяцца з побытам пагранічнікаў, з асаблівасцямі аховы дзяржаўнай граніцы. Акрамя таго, для дзяцей праводзяцца практычныя заняткі па вывучэнні стралковай зброі, асвойвання майстэрства разведчыкаў-следапытаў, авалодвання навыкамі назіральнікаў, сувязістаў, санітараў. Разам з пагранічнікамі дзеці складаюць слоўны партрэт чалавека, вучацца арыентавацца і бясшумна перамяшчацца на мясцовасці, затрымліваць вучэбнага парушальніка граніцы. На базе пагранзаставы пад кіраўніцтвам настаўніка дапрызыўнай падрыхтоўкі Аляксандра Пятровіча Васілюка рэгулярна праводзяцца ваенна-палявыя зборы для вучняў 10 класа. Традыцыйна напрыканцы навучальнага года ладзяцца “Зарніца” і спаборніцтвы “Абаронцы граніцы”.
Дзякуючы гасціннасці начальніка аддзела адукацыі Камянецкага райвыканкама Віктара Мікалаевіча Грыцука, метадыста аддзела адукацыі Юліі Іванаўны Шкуда, вадзіцеля Эдуарда Вацлававіча Геруся і, безумоўна, педагогаў сярэдняй школы № 1 Камянца, Высокаўскай сярэдняй школы, а таксама метадыста Камянецкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Веры Уладзіміраўны Буневіч, кароткі камандзіровачны дзень мне пашчасціла напоўніць незабыўнымі ўражаннямі. Аднак усё ж такі і гэтае насычанае падарожжа атрымалася не да канца поўным. Хацелася наведаць многія іншыя ўстановы адукацыі раёна, дзе актыўна праводзіцца выхаваўчая работа, вывучаецца мінулае камянецкай зямлі, хочацца больш падрабязна расказаць і пра краязнаўчую работу ў Высокаўскай сярэдняй школе. Думаю, гэта стане выдатнай нагодай для чарговай камандзіроўкі на Камянеччыну, для будучых артыкулаў пра маляўнічы, самы заходні пагранічны край.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва Высокаўскай сярэдняй школы.