Самы лепшы ўрок — гэта экспромт

- 13:14Педагагічная майстэрня

145 дыпломаў, грамат і падзяк розных узроўняў за 7 гадоў! Гэта вынік работы з адоранымі навучэнцамі настаўніка гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 4 Мінска Аляксея Міхайлавіча Грышэля. 30-гадовы педагог за гэты час абараніў кандыдацкую дысертацыю, узнагароджаны медалём “Лепшы педагог Фрунзенскага раёна”, прэміяй і грантам Мінгарвыканкама, стаў лаўрэатам спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (2019 год), а таксама выдаў 34 навуковыя публікацыі, з якіх 10 — у выданнях ВАК Беларусі і Украіны.

Уладзімір Лісаў — уладальнік дыплома І ступені заключнага этапу
Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі — з настаўнікам А.М.Грышэлем.

Родам Аляксей Грышэль з Мінска. Скончыў сярэднюю школу № 66, дзе гісторыю ў яго вёў Васіль Аркадзьевіч Шаўцоў. Манера выкладання настаўніка падабалася вучню, прадмет даваўся лёгка. Калі ў 11 класе прахо­дзіла алімпіяда па гісторыі, Аляксей даў сабе слова, што калі на спаборніцтвах трапіць у тройку лідараў, то стане гісторыкам. У выніку ў 2012 годзе ён з адзнакай скончыў гістарычны факультэт БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Гісторыя. Сацыяльна-педагагічныя дысцыпліны”, а ў 2014годзе — магістратуру ўніверсітэта па спецыяльнасці “Усеагульная гісторыя”.

“У гімназію № 4 Мінска прыйшоў працаваць у 2014 го­дзе. Спецыфіка гэтай установы ў тым, што выкладанне тут вядзецца на беларускай мове. Для мяне праблемы ў гэтым не было, — гаворыць Аляксей Міхайлавіч. — Самым складаным з самага пачатку было прыняць на сябе класнае кіраўніцтва. Парадавала, што ў гімназіі многія вучні захапляюцца гісторыяй. І гэта ня дзіўна, бо ўсё ідзе ад сям’і. Бацькі, якія аддаюць дзіця ў беларускамоўную гімназію, як правіла, і самі жыва цікавяцца гісторыяй.

Як педагог я маю ўстаноўку — не прымушаць дзяцей вучыцца. Мая задача — захапіць іх сваім прадметам, каб гісторыя для іх не была наборам сухіх дат і паняццяў. Стараюся максімальна эмацыянальна расказваць пра ўсе гістарычныя падзеі, праводзіць паралелі і прыводзіць цікавыя прыклады з жыцця. Падрабязныя канспекты ўрокаў не пішу. Лічу, што самы лепшы ўрок — гэта экспромт. Ты заходзіш у клас, маючы пэўны план дзеянняў з улікам спецыфікі класа, але не ведаеш дакладна, якім будзе твой урок. Гісторыя і грамадазнаўства — гэта вусныя прадметы. Іх выкладанне не павінна зводзіцца да чытання лекцый. Маналог настаўніка, вядома, неабходны, але ўсё ж павінны пераважац­ь дыялог і зваротная сувязь, каб дзеці не баяліся праявіць ініцыятыву, зрабіць памылку. Павінен быць давер, каб вучні маглі задаць любое пытанне, а я, напрыклад, не ведаючы дакладнага адказу, мог спакойна прызнацца ў гэтым і прапанаваць разам пашукаць дадатковую інфармацыю па тэме.

Мяне заўсёды цікавіць ход думак вучня, тое, наколькі разгорнута ён выкладае тэму, а не даслоўны пераказ тэксту падручніка. Важна тое, як хутка ён знаходзіць і аналізуе патрэбную інфармацыю ў шматлікіх і разнастайных крыніцах, прыводзіць асноўныя гістарычныя факты і дае ім абгрунтаваную ацэнку. Задача настаўніка гісторыі — выхаванне ў навучэнцаў гістарычнай свядомасці і патрыятызму. Гісторыю, тым больш сваёй краіны, павінен ведаць кожны чалавек, хаця б у агульных рысах. Але яна складаная тым, што трэба запамінаць шмат паняццяў, фактаў, дат. Таму вучэбны матэрыял, які я падаю, максімальна структураваны і пазбаўлены празмернасцей.

У 5 класе гісторыя больш нагадвае казку, міф перша­бытныя людзі, Старажытны Рым і Старажытная Грэцыя. Многія вучні яшчэ ў пачатковай школе чыталі пра гэты перыяд і разглядалі прыгожыя ілюстрацыі ў дзіцячых энцыклапедыях. Калі на гэтым этапе не спужаць вучняў павышанымі патрабаваннямі, а наадварот, заахвоціць да вывучэння прадмета, то далей ім будзе прасцей. Напэўна, самая складаная для вывучэння ў школьным курсе тэма — гэта Рэч Паспалітая (у 7 класе па гісторыі Беларусі), дзе шмат войнаў, дат, новых імён і запазычаных слоў. А вось адзін з лёгкіх для вывучэння перыядаў (у 11 класе) — тэмы аб Беларусі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Магчыма, гэта звязана з тым, што пра гэтыя падзеі часта расказваюць у СМІ і дзеці чуюць пра іх з вуснаў сваіх сваякоў — сведак таго часу”.

Сучасны педагог выкарыстоўвае розныя адукацыйныя тэхналогіі. Іх прымяненне залежыць ад узроўню класа, тэмы заняткаў, прафесійнага майстэрства і вопыту самога настаўніка. Тым не менш індывідуальны падыход у навучанні заўсёды сябе апраўдвае. Таксама актуальны класічны падыход, калі спачатку ўсе вучні слухаюц­ь тлумачэнне новай тэмы, затым ідзе паўтарэнне пройдзенага матэрыялу і праверка ведаў. Іншыя падыходы маюць як плюсы, так і недахопы. Напрыклад, сістэма ўзаеманавучання ў ланкастарскай школе, калі педагог тлумачыць матэрыял вучню, а той па ланцужку тлумачыць наступнаму вучню і г.д. У сітуацыі, калі клас не вельмі добра падрыхтаваны па прадмеце і хто-небудзь з дзяцей не зразумеў тлумачэння, добрага выніку не будзе. Работа ў групах, з аднаго боку, добра, але разам з тым у класе становіцца шумна. Актыўна, як правіла, працуе адзін вучань, а астатнія арыентуюцца на яго. Групавую работу, на думку педагога, лепш выкарыстоўваць з найбольш матываванымі вучнямі пры падрыхтоўцы да алімпіяд.

Аляксей Міхайлавіч абагульніў уласны педагагічны вопыт падрыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяд і інтэлектуальных конкурсаў па гісторыі з прымяненнем перспектыўна-апераджальнай тэхналогіі, за што ў 2017 годзе атрымаў прэмію Мінгарвыканкама. Гэтая тэхналогія прадугледжвае такую арганізацыю ўрокаў, факультатыўных і стымулюючых заняткаў, пры якой кожны навучэнец адчувае поспех. Названая тэхналогія першапачаткова распрацавана С.М.Лысянковай для пачатковай школы, але можа паспяхова прымяняцца і ў працэсе выкладання іншых вучэбных прадметаў.

Перспектыўна-апераджальнае навучанне дазваляе адначасова навучаць дзяцей з розным узроўнем ведаў. Настаўнік практыкуе правядзенне заняткаў, на якіх прысутнічаюць вучні з розных паралелей. Яны не толькі знаёмяцца паміж сабой, але і дапамагаюць адно аднаму. Адначасова забяспечваецца здаровая атмасфера саперніцтва: кожны імкнецца быць лепшым. У сацыяльнай сетцы “УКантакце” Аляксей Міхайлавіч стварыў групу Histoire, што дадаткова павышае пазнавальны інтарэс да гісторыі ў яго вучняў. Педагог робіць акцэнт на выпрацоўцы ў вучняў умення хутка мысліць, правільна выкладаць свае думкі. Яго заняткі з алімпіяднікамі невялікія па працягласці, але інтэнсіўныя па тэмпе. Вялікую ролю ён адводзіць індывідуальнай рабоце і рабоце ў групах, каб выпрацоўваць лідарскія якасці.

У межах толькі ўрокаў складана рыхтавацца да алімпіяд і конкурсаў, таму педагог вялікую ўвагу ўдзяляе факультатыўным і стымулюючым заняткам. Такім чынам, вырашаюцца дзве задачы: усе навучэнцы авалодваюць неабходным праграмным матэрыялам, а тыя, хто праявіў асаблівы інтарэс да прадмета, атрымліваюць дадатковыя веды. Засваенне новага матэрыялу пры выкарыстанні дадзенай тэхналогіі праходзіць у тры этапы: 1. На ўроках даецца асноўны матэрыял, адбываецца яго першаснае засваенне. 2. На распрацаваных настаўнікам факультатыўных занятках паўтараецца матэрыял, удакладняюцца новыя паняцці, адбываецца іх абагульненне, прымяненне на практыцы шляхам аналізу гістарычных крыніц. 3. На стымулюючых занятках увага ўдзяляецца развіццю бегласці разумовых прыёмаў і вучэбных дзеянняў.

Такім чынам, на першым этапе працуюць вучні, якія знаходзяцца на розных узроўнях падрыхтоўкі, а на другім і трэцім — тыя, у каго ёсць інтарэс і здольнасці да гісторыі. Колькасць наведвальнікаў факультатываў Аляксея Міхайлавіча з кожным навучальным годам павялічваецца, што ўплывае на выніковасць удзелу ў алімпіядах і конкурсах.

Самыя актыўныя вучні Аляксея Міхайлавіча ўжо з 5 класа ўдзельнічаюць і перамагаюць у камандных конкурсах, інтэрнэт-алімпіядах па гісторыі. Варта сказаць пра дасягненні яго вучняў за апошнія гады: дыплом I ступені па гісторыі (9 клас за 10 клас) на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ў 2016/2017 навучальным годзе ва Уладзіміра Лісава; дыплом II ступені (10 клас) і дыплом III ступені (9 клас за 10 клас) па гісторыі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ў 2017/2018 навучальным годзе ва Уладзіміра Лісава і Уладзіслава Суворава адпаведна; дыплом I ступені па гісторыі (11 клас) ва Уладзіміра Лісава і дыплом III ступені па грамадазнаўстве (9 клас за 10 клас) на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ў 2018/2019 навучальным годзе ў Ганны Сярэдзіч; пахвальны водзыў па гісторыі (11 клас) на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ў 2019/2020 навучальным годзе ў Ганны Бірук.

У даследчых конкурсах таксама добрыя вынікі. Даша Каранкевіч атрымала дыплом II ступені на гарадской канферэнцыі па грамадазнаўстве па тэме “Распрацоўка мадэлі вучнёў­скага самакіравання ў гімназіі № 4 Мінска” і дыплом III ступені па тэме “Сучаснае тэлебачанне: “траянскі конь” у вас дома”. Па гісторыі па тэме “Карыкатура як элемент антыгітлераўскай прапаганды ў СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945 гг.)” Уладзіслаў Базыльчык атрымаў дыплом III ступені на гарадскім этапе. Усе даследчыя работы цалкам выкананы самімі вучнямі. Роля настаўніка кансультацыйная.

Аляксей Міхайлавіч стварыў эксперыментальную групу навучэнцаў 8—11 класаў па падрыхтоўцы да алімпіяд і цэнтралізаванага тэсціравання па гісторыі з адсочваннем прамежкавых вынікаў і аналізам праблем, якія ўзнікаюць. Так, летась на базе гімназіі настаўнік праводзіў заняткі ў групе па падрыхтоўцы выпускнікоў да ЦТ па гісторыі Беларусі, якую наведвалі 10 чалавек. У выніку абітурыенты ў сярэднім набралі 78 балаў, максімальны вынік — 97 балаў.

“Я і сам кожны год здаю ЦТ разам з усімі абітурыентамі па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі, грамадазнаўст­ве і французскай мове. За 3 гады атрымаў ужо чатыры 100-бальныя сертыфікаты, — гаворыць Аляксей Міхайлавіч.— Пасля кожнага іспыту дапрацоўваю матэрыялы, па якіх рыхтую вучняў. Пры гэтым акцэнт раблю на фарміраванні ў іх навыкаў самастойнай дзейнасці і самакантролю. Для падрыхтоўкі да ЦТ і алімпіяд, а таксама для пазаўрочнай дзейнасці я распрацаваў адукацыйны мультыплекс “Простая гісторыя”. Ён складаецца з электроннага дапаможніка для падрыхтоўкі да ЦТ па гісторыі Беларусі https://educenter.by, лінейкі апорных канспектаў па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі (падручнік у 200—250 старонак змяшчаю ў 20—25 старонак, дзе даю асноўныя ілюстрацыі, даты, тэрміны), сістэмы тэставых заданняў па гісторыі на базе платформы onlinetestpad (https://onlinetestpad.com), аўдыявізуальнага кантэнту. Дадзены праект быў адзначаны грантам Мінгарвыканкама. Мая задача на будучыню — распрацаваць сістэму візуальных, аўдыяльных і традыцыйных дыдактычных матэрыялаў, тэставых заданняў па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі для навучэнцаў 5—11 класаў і забяспечыць даступнасць дыдактычных матэрыялаў і заданняў для настаўнікаў і навучэнцаў у інтэрнэце праз рэсурс Play Маркет і сайт “Цікавая гісторыя”.

Аляксей Міхайлавіч не спыняецца на дасягнутым, таму ў вольны ад работы час займаецца дадатковай адукацыяй, навуковымі даследаваннямі і падтрыманнем добрай фізічнай формы (катаецца на веласіпедзе, лыжах, роліках і каньках). З навуковага пункту гледжання яго зацікавіла Францыя сваёй насычанай падзеямі гісторыяй, культурай і літаратурай. У 2018 годзе ён скончыў аспірантуру РІВШ па спецыяльнасці “Усеагульная гісторыя” і датэрмінова абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Дзейнасць правых партый ва ўнутры- і знешнепалітычным жыцці Францыі (2002—2012 гг.)”. ВАК прысвоіла яму вучоную ступень кандыдата гістарычных навук. Яго навуковы кіраўнік прафесар Уладзімір Сяргеевіч Кошалеў — аўтар школьных падручнікаў па гісторыі.

“Вучоба ў аспірантуры мне вельмі дапамагла сістэматызаваць веды. У той жа час я прыйшоў да высновы: чым больш даследуеш якую-небудзь тэму, тым больш узнікае пытанняў, чым больш ведаеш, тым больш сумняваешся, — адзначае Аляксей Міхайлавіч. — Зараз рыхтуюся да паступлення ў дактарантуру ў БДУ ці ў БДПУ імя Максіма Танка, вучу замежныя мовы (французскую, англійскую, італьянскую), пішу і публікую навуковыя артыкулы. Прыкладная тэма майго новага даследавання — “Развіццё фашызму і неафашызму ў Францыі і Італіі ў XX стагоддзі” — вельмі складаная і недастаткова вывучаная. Але цяпер шмат добрай алічбаванай літаратуры, таму можна адшукаць нават рэдкую кнігу на замежнай мове. Калі рыхтаваў кандыдацкую дысертацыю, праз сацсеткі выходзіў на прадстаўнікоў партый у Францыі, і яны мне высылалі ўсю патрэбную літаратуру. Набываю кнігі і праз інтэрнэт-магазіны. Мне прапаноўвалі перайсці працаваць ва ўніверсітэт, але лічу, што яшчэ не ўсе ідэі рэалізаваў у рабоце з вучнямі, таму прыняў рашэнне пакуль застацца ў гімназіі”.

Рыбалоўныя гарпуны і кручок. Пачатак 2-га тысячагоддзя да н. э. Стаянка Асавец Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці.

З канспекта па гісторыі Беларусі 6 класа

(з найстаражытнейшых часоў да сяр. XIII ст.)

§2. Жыццё людзей у пасляледніковы перыяд

8 тыс. гадоў да н. э. — адступіў апошні ледавік з тэрыторыі Усходне-Еўрапейскай раўніны. Пачаўся пасляледніковы перыяд.

10—12 тыс. гадоў назад — вымерлі маманты.

Замест мамантаў сталі паляваць на дробных жывёл (пры дапамозе лука і стрэл).

Лук — гэта найбольш старажытны механізм, прыдуманы чалавекам. З’явіўся ў канцы палеаліту — мезаліце.

4—3 тыс. гадоў да н.э. — пераход да аселага ладу жыцця. Прысвойваючая (спажывецкая) гаспадарка — від гаспадаркі, пры якой старажытны чалавек браў ад прыроды ўсё неабходнае для жыцця ў гатовым выглядзе.

Асноўныя заняткі прысвойваючай гаспадаркі: 1) паляванне; 2) збіральніцтва; 3) рыбалоўства; 4) бортніцтва — збор мёду дзікіх пчол.

Борць — дупло ў дрэве, дзе сяліліся пчолы.

Канец 5 тыс. да н. э. — на поўдні Беларусі сталі рабіць гліняны (керамічны) посуд.

Надзея ЦЕРАХАВА.