Сапраўдную краіну дзяцінства стварылі ў ДЦРД № 8 Магілёва

- 13:00Индекс успеха, Могилевская область, Образование

У дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 8 Магілёва штодзень з радасцю спяшаюцца сотні бацькоў і малышоў з усёй акругі. Намаганнямі педагагічнага калектыву тут створана сапраўдная краіна дзяцінства. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

ДЦРД № 8 расчыніў свае дзверы ўсяго дзесяць гадоў назад. За невялікі адрэзак часу ўстанова змагла атрымаць статус цэнтра развіцця дзіцяці і зараз з’яўляецца лепшай у вобласці.

— Сёння ў нас выхоўваюцца 345 хлопчыкаў і дзяўчынак. Для ўсіх імкнёмся стварыць камфортныя ўмовы знаходжання ў садку. Выхавальнікі шукаюць да малышоў падыход, каб кожны з іх адчуваў сябе ў групе як дома. Стараемся апраўдваць назву нашай установы. Асноўнай мэтай бачым рознабаковае развіццё дзіцячай асобы. Гадуем дзяцей дасведчанымі і ініцыятыўнымі, — паведаміла загадчыца ўстановы Алена Крукоўская.

Упор у 8-м дашкольным цэнтры робяць на інтэлектуальнае, фізічнае, патрыятычнае і эстэтычнае выхаванне. Па ўсіх напрамках тут дасягнулі поспехаў.

— Адукацыйны працэс будуем на выкарыстанні інавацыйных адукацыйных тэхналогій. Прычым такіх, якія не здаваліся б выхаванцам сумнымі і нецікавымі, а захаплялі і гарманічна напаўнялі іх светапогляд значным зместам. Нашы педагогі актыўна прымяня­юць на занятках метад праектнай і даследчай дзейнасці, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Шматлікія ідэі распрацоўваем самастойна. За апошнія гады рэалізавалі сем рэс­публіканскіх эксперыментальных і інавацыйных праектаў, — расказала Алена Іванаўна.

Мноства напрацовак створана выхавальнікамі ДЦРД № 8 у кірунку патрыятычнага выхавання. Тэматычныя квест-гульні і медыяпадарожжы дапамага­юць дзецям віртуальна знаёміцца з родным краем. Сумесна з бацькамі педагогі склалі маршруты выхаднога дня для сямейнага адпачынку.

Мамы і таты паўдзельнічалі таксама ў ажыццяўленні арт-праекта “Мая Беларусь” па візуальным афармленні лесвіц дашкольнага цэнтра. Прыступкі ўпрыгожылі нацыя­нальным арнаментам і цытатамі аб любові да Радзімы, а сцены — прыроднымі сімваламі, выявамі славутасцей, прадпрыем­стваў краіны. Цяпер звычайныя лесвіцы фарміруюць патрыятычныя якасці хлопчыкаў і дзяўчынак і служаць іх ранняй прафарыентацыі.

Арыгінальныя падыходы ў дашкольным цэнтры выкарыстоўваюць і ў фізічным выхаванні. Тут не проста праводзяць рэгулярныя фізкультурныя заняткі, а ўсяляк далучаюць дзяцей да здаровага ладу жыцця. У супрацоўніцтве з Беларускай алімпійскай акадэміяй малышоў вучаць гульнявым алімпійскім відам спорту, знаёмяць са знакамітымі спартсменамі.

— Для фізічнага развіцця дзяцей у нас ёсць добрая матэрыяльная база: фізкультурная і гімнастычная залы, басейн, вулічныя спартыўныя комплексы. Усё гэта выкарыстоўваем па прызначэнні. Акрамя заняткаў па вучэбнай праграме, арганізавалі разнастайныя спартыўныя гурткі: вучым выхаванцаў плаванню, фітнесу, тэхніцы валодання мячом. Мы адзіная да­школьная ўстанова ў рэгіёне, у якой ёсць гурток па навучанні элементам гульні ў вялікі тэніс. Аб’яднанне было адкрыта ва ўзаемадзеянні з Беларускай федэрацыяй тэніса. Ахвочых вучыцца заўсёды шмат, і важна, што потым дзеці працягваюць займацца ў спецыялізаваных спартыўных секцыях, — заўважыла Алена Крукоўская.

Дадатковая адукацыя ў ДЦРД № 8 вынікова выкарыстоўваецца ў эстэтычным і інтэлектуальным развіцці выхаванцаў. Тут функцыянуюць гурткі, дзе дзеці набываюць творчыя ўменні ў розных відах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ва ўзаемадзеянні з Паркам высокіх тэхналогій у дашкольным цэнтры абсталяваны вучэбны кабінет для заняткаў асновамі алгарытмікі, інфарматыкі і праграмавання.

— Не пакідаем без увагі фарміраванне ў дзяцей асноў бяспечнай жыццядзейнасці. Для гэтага стварылі інтэрактыўны пакой бяспекі, дзе выхаванцы вучацца прымяняць тэарэтычныя веды на практыцы. Развіваем у хлопчыкаў і дзяўчынак таксама экалагічную культуру і навыкі энергазберажэння, — адзначыла Алена Іванаўна.

Прадукцыйная работа ДЦРД № 8 Магілёва ўжо неаднаразова высока адзначалася. У дашкольнай адукацыі вобласці гэтая ўстанова некалькі гадоў запар — нязменны флагман. Адметна, што ўзнагароды матывуюць педагогаў да далейшага ўдасканалення. У калектыву 8-га дашкольнага цэнтра яшчэ шмат планаў, якія чакаюць сваёй рэалізацыі.

 Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара