Сардэчныя справы

- 10:42Выхаванне

5 снежня, у Сусветны дзень валанцёраў, у Нацыянальным алімпійскім камітэце прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — Добрае Сэрца”. Традыцыю ўзнагароджваць тых, для каго валанцёрства стала стылем жыцця, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі працягвае ўжо сёмы год.

Конкурс аб’яднаў тысячы добраахвотнікаў з усіх рэгіёнаў краіны, якія штодзень знаходзяць час і нагоду для клопату аб дзецях, пажылых людзях, арганізоўваюць і праводзяць сацыяльныя, культурныя, спартыўныя акцыі, займаюцца добраўпарадкаваннем культавых аб’ектаў, прымаюць удзел у буйнамаштабных спартыўных мерапрыемствах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.

Пераможцы сярод членаў пярвічных арганізацый устаноў краіны былі вызначаны ў некалькіх намінацыях. Так, лепшым валанцёрскім атрадам сярод навучэнскай моладзіл стаў валанцёрскі атрад “Добрае Сэрца” сярэдняй школы № 4 Асіповіч (Магілёўская вобласць), а лепшым валанцёрскім атрадам сярод студэнцкай моладзі — валанцёрскі атрад “Абдымкі” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Перамога ў намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад сярод працоўнай моладзі” прысуджана валанцёрскаму атраду “Сэрца Паліміра” завода “Палімір” ААТ “Нафтан” (Наваполацк, Віцебская вобласць).

Галоўную ўзнагароду ў намінацыі “Асабісты ўклад” атрымала Алена Чарняк, член валанцёрскага атрада “Экас”, навучэнка 10 класа гімназіі Шчучына (Гродзенская вобласць). У намінацыі “Будзь з намі” вылучаны валанцёрскі атрад “Добрае Сэрца” Першамайскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Шчучынскага раёна. Лепшым у намінацыі “Валанцёрскія справы ў фотааб’ектыве” быў названы валанцёрскі атрад “Рука ў руцэ” Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна (Брэсцкая вобласць). Самым сацыяльна актыўным і ў выніку пераможцам у намінацыі “Лепшая група ў сацыяльнай сетцы” стаў валанцёрскі атрад Мінскага гарадскога камітэта БРСМ “Добрае Сэрца”.

Пераможцай інтэрнэт-галасавання “Валанцёр года — Добрае Сэрца” ў намінацыі “Асабісты ўклад” стала Хрысціна Брагінец, кіраўнік валанцёрскага атрада “Мы — дзецям” Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Заслужаныя ўзнагароды пераможцам і асабістыя кніжкі валанцёра лепшым валанцёрам уручылі першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама адзінаццаціразовы параалімпійскі чэмпіён Ігар Бокі, трохразовая чэмпіёнка свету і Еўропы па спартыўных танцах на калясках Ганна Гарчакова і інш.

Самі ж валанцёры ацэньваюць дыпломы і прызы ўсяго толькі як прыемны бонус. Галоўныя ўзнагароды ім дораць тыя, для каго яны знаходзяць час пасля сваіх асноўных заняткаў.

Напрыклад, валанцёрскі атрад “Абдымкі” БДУ, які за 6 гадоў аб’яднаў 265 валанцёраў, вядзе сваю дзейнасць як у сценах універсітэта, так і далёка за яго межамі. Студэнты наладзілі сувязь з дзесяццю арганізацыямі, якія аказваюць сацыяльную дапамогу, частка з якіх займаецца непасрэдна ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, валанцёры наведваюць дзіцячыя дамы, хоспісы і іншыя ўстановы ў рамках валанцёрскага руху.

Алена Чарняк са Шчучына жыве пад дэвізам “Жыць трэба справамі, а не словамі!”. Стаўшы валанцёрам, Алена пачынала з малога — ад аказання маральнай падтрымкі да раздачы адзення і падарункаў дзецям-інвалідам. Сёння Алена валанцёр-інструктар роўнага навучання. Яе землякі — валанцёры Першамайскага дзіцячага сада — сярэдняй школы — рэалізавалі такія праекты, як “Дарогамі дабра” па развіцці і ўдасканаленні валанцёрскага руху ў Першамайскай сярэдняй школе, “Круг бяспекі супраць СНІДу”, экалагічны праект “За рэгіён”, практыка-арыентаваны праект “Экахваля”, праект па прапагандзе здаровага ладу жыцця, прафілактыцы шкодных звычак у падлеткавым асяроддзі “Выбар заўсёды за табой!” і інш.

Валанцёрскі атрад Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна “Рука ў руцэ” адкрывае для сябе новыя перспектывы: навучанне здароваму ладу жыцця па прынцыпе “роўны — роўнаму” і лялькатэрапія. Урачы ў лялечным абліччы сталі новым кірункам і для студэнтаў-валанцёраў МДЛУ. Хрысціна Брагінец з’яўляецца гукарэжысёрам двух універсітэцкіх тэатраў, якія дзейнічаюць на базе атрада-тэатра для дзяцей “Разам — у казку” і тэатра пантамімы “Мімы спяшаюцца на дапамогу”. Хутка ацэняць маленькія гледачы і прэм’еру ў яе лялечным тэатры “Драўляны домік казкі”. Па ініцыятыве Хрысціны атрад пачаў працаваць з дзецьмі з парушэннем слыху.

Вікторыя Мяннанава, сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ, каардынатар валанцёрскага руху “Добрае Сэрца”, зазначыла: “Валанцёрскі рух аб’ядноўвае неабыякавых маладых людзей, кансалідуе грамадства. Мы сёння — у ліку складальнікаў канцэпцыі валанцёрскага руху краін СНД. Цяпер у нас актыўная праца ідзе і з Еўрапейскай валанцёрскай службай, і з інфармацыйным пунктам Савета Еўропы”.

Праграма фіналу рэспубліканскага конкурсу ўключала не толькі ўзнагароджанні і віншаванні. У зале алімпійскай славы разгарнулася незвычайная інтэрактыўная выстава. Валанцёры “Добрага Сэрца” прапанавалі жадаючым прыняць удзел у майстар-класах па вырабе калядных рукавічак, навагодніх анёлкаў, званочкаў і інш. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі было адведзена “ёлцы жаданняў”, упрыгожанай сэрцамі з пажаданнямі ад выхаванцаў дзіцячых дамоў, дамоў дзіцяці, рэабілітацыйных цэнтраў, школ-інтэрнатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Здзейсніць дзіцячыя мары напярэдадні навагодніх і калядных свят змаглі ўсе жадаючыя. Уключала праграма і цэлы комплекс вучэбна-метадычных мерапрыемстваў. З самай раніцы на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры спецыялісты Цэнтра развіцця “Фарбы жыцця” і Цэнтра камфортных зносін, офіса прасоўвання ініцыятыў правялі для падлеткаў псіхалагічныя трэнінгі па арганізацыі дзейнасці валанцёрскага руху. Акрамя таго, валанцёры выпрабавалі свае якасці падчас праходжання квеста “Я — валанцёр”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.