Сацыяльнае партнёрства — шлях да поспеху

Адлік гісторыі прафсаюзнага руху Гомельскай вобласці пачынаецца з пастановы ЦК КП(б)Б ад 12 снежня 1944 г. “Пра аднаўленне прафсаюзных арганізацый у Беларускай ССР”. Гэтай пастановай была створана Гомельская абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў пачатковых і сярэдніх школ. Да 1950 года яна налічвала ў сваіх радах больш за 8 тысяч чалавек, ахоп прафсаюзным членствам складаў 95%.

За гэты перыяд абласную арганiзацыю ўзначальвалi Нікадзім Сцяпанавіч Рэут (1944—1958 гг.), Антон Сямёнавіч Стэльмах (1958—1962 гг.), Вера Піліпаўна Марозава (1962—1982 гг.), Уладзімір Якаўлевіч Курылаў (1982—2002 гг.), Вадзім Аляксандравіч Сабко (2002—2012 гг.). Сённяшні старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Філіпцоў гаворыць, што за вялікую гісторыю абласная арганізацыя мяняла назвы, перажывала арганізацыйныя перабудовы і пераўтварэнні, але нязменнымі заставаліся асноўныя задачы і кірункі работы:

— Гэта садзейнічанне развіццю і ўдасканаленню сістэмы адукацыі, умацаванне працоўнай дысцыпліны, рэгуляванне сацыяльна-працоўных пытанняў. І цяпер прафсаюз кантралюе розныя кірункі. Сацыяльна-эканамічная і прававая абарона, кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і ахове працы, заработная плата і занятасць, клопат пра маладых спецыялістаў і ветэранаў, падтрымка творчых калектываў, спартыўна-масавая работа. Разам з тым усе праблемы, якія ўзнікаюць, мы імкнёмся вырашаць сумесна з кіраўніцтвам галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Гэта і зразумела, бо перад намі стаіць агульная задача — рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі.

Гомельская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі — самая буйная з абласных галіновых прафсаюзных аб’яднанняў краіны. У яе структуры — 25 раённых арганізацый, 1271 пярвічная прафсаюзная арганізацыя. На пачатак года ў арганізацыі налічваецца больш як 86 тысяч членаў прафсаюза. 74% з іх — работнікі галіны, 17% — студэнты і навучэнцы ўстаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, 9% — непрацуючыя пенсіянеры.

— На якіх прынцыпах будуецца сёння сацыяльнае партнёрства?

— У аснове — рэгуляванне калектыўна-дагаворных адносін. Дзейнічае дагавор паміж галоўным упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама і Гомельскай абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікоў адукацыі і навукі, разлічаны да 2022 года. Практычна штогод мы праводзім прававы аналіз раённых дагавораў і некалькіх соцень калектыўных дагавораў. Мэта — дасягнуць рэалізацыі норм і гарантый, прапісаных у гэтых дакументах, а таксама ўключыць у іх дадатковыя гарантыі.

— Колькасць пярвічных арганiзацый галіновага прафсаюза павялічваецца. Мікалай Акімавіч, раскажыце, калі ласка, пра стварэнне новых.

— З 2018 года іх было створана 45. Толькі сёлета мы стварылі 17 новых пярвічных арганізацый. Я ўпэўнены: рашэнне чалавека быць ці не быць у прафсаюзе залежыць ад сістэмнай і зладжанай работы ў пярвічных арганізацыях. Менавіта там устанаўліваецца непасрэдны кантакт з радавымі членамі прафсаюза, менавіта там знаходзіцца крыніца прафсаюзнай жыццядзейнасці. Прэстыж арганізацыі фарміруе прафсаюзны лідар. Яго асабістыя чалавечыя якасці, прафесіяналізм — складнікі паспяховай іміджавай формулы.

— Ва ўсе часы важным кірункам дзейнасці прафсаюза з’яўляецца пытанне аховы працы і здароўя яго членаў. Якія прыярытэты сёння?

— У кожнай арганізацыі грамадскія інспектары па ахове працы сочаць за тым, як выконваецца заканадаўства, фіксуюць парушэнні, даюць рэкамендацыі работадаўцу. Вынікі работы грамадскіх інспектараў кожны квартал разглядаюцца на пасяджэннях прафкамаў ці на нарадах наймальніка. Калектыўныя дагаворы абавязкова ўключаюць мерапрыемствы па ахове працы. Дарэчы, у многіх установах адукацыі Гомельшчыны работа па прафілактыцы вытворчага траўматызму арганізавана на выдатна. Параўнальны маніторынг праве­дзенай атэстацыі рабочых месцаў паказвае, што ўмовы працы работнікаў увесь час паляпшаюцца. У ажыццяўленні грамадскага кантролю ва ўстановах адукацыі бяруць удзел 2595 грамадскіх інспектараў па ахове працы, якія працуюць сумесна з наймальнікам.

— Ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці ў межах вучэбных праграм па гісторыі і грамадазнаўстве стала традыцыяй праводзіць прафсаюзныя ўрокі.

— Сапраўды, гэта форма дазваляе расказац­ь старшакласнікам пра дзейнасць прафсаюзаў. На працягу апошніх пяці гадоў мы актыўна прапагандуем прафсаюзныя ўрокі, а таксама пазакласныя мера­прыемствы па гэтай тэматыцы. Больш за тое, па выніках праведзеных урокаў у раёнах назапашаны значны вопыт: сабраны планы-канспекты, фота- і відэаматэрыялы, прэзентацыі. Педагогі выбіраюць нестандартныя формы правядзення такіх урокаў: адкрыты мікрафон, дзелавая гульня, гульня-аўкцыён. Цікавасц­ь выклікаюць практычныя заняткі па разліку пражытачнага мінімуму, па мінімальным памеры заработнай платы і спажывецкім кошыку, дыскусіі пра першы працоўны вопыт.

— Сёлета ў студзені набыў сілу Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь у новай рэдакцыі…

— Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступіла адным з распрацоўшчыкаў змяненняў і дапаўненняў, якія ўносіліся ў гэты важны дакумент. Работа вялася сумесна з органамі заканадаўчай і выканаўчай улады два папярэднія гады. Усяго было ўнесена 40 ініцыятыў па змяненні 30 артыкулаў кодэкса. Лічу, што ключавым змяненнем стала норма пра замацаванне ў законе гарантыі занятасці для добрасумленных працаўнікоў. Кантракт на адзін год па ініцыятыве наймальніка можа быць складзены толькі адзін раз — пры прыёме чалавека на працу. А далей, калі бакі вырашылі працягнуц­ь працоўныя адносіны, з добрасумленным работнікам з яго згоды кантракт падпісваецца на максімальны тэрмін, а новы складаецца мінімум на тры гады. Важна, што захавалася норма, паводле якой абмеркаванне зместу кантракта работніка — члена прафсаюза адбываецца з удзелам прадстаўніка прафсаюза.

— Раскажыце пра перспектывы, якія бачыце для арганізацыі.

— Усё павінна быць падпарадкавана адной мэце — аказваць сацыяльную падтрымку работнікам галіны і шукаць правільныя шляхі захавання калектываў. Важна, каб да голасу прафсаюзных лідараў і актывістаў прыслухоўваліся, а голас гэты гучаў упэўнена, патрабавальна, быў чулым і справядлівым. Спадзяюся, што і надалей Гомельскі абласны камітэт, усе райкамы і пярвічныя арганізацыі будуць паспяхова развівац­ь прафсаюзны рух, дасягаць пастаўленых мэт у той справе, якую ім даручылі людзі. Уся работа мае адну мэту — сфарміраваць пазітыўны стан душы педагога. А фарміруюць такі стан высокі сацыяльны статус у грамадстве, умовы для бяспечнай працы, а­дпачынку і ўмацавання здароўя, а таксама для творчай самарэалізацыі. Гэта пытанні, якія заўсёды будуць актуальныя для прафсаюзаў.

Гутарыла Ірына АСТАШКЕВІЧ.