Папаўненне ў педагагічнай сям’і: маладыя спецыялісты пачынаюць шлях у прафесіі ў Свіслацкім раёне

- 16:15Новости

Сем маладых спецыялістаў пачынаюць свой шлях у прафесіі педагога сёлета ў Свіслацкім раёне.  Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Напярэдадні новага навучальнага года маладым спецыялістам Свіслаччыны была ўдзелена асаблівая ўвага падчас правядзення раён­най жнівеньскай нарады. Яны не проста падняліся на сцэну, а сталі героямі мініяцюры з удзелам школьніка. Вельмі сімвалічна сем маладых спецыялістаў раёна ўручылі вучню-імянінніку шары ў форме сэрцаў у знак таго, што менавіта праз сэрца будзе ляжаць іх шлях у прафесіі. 

Ганна Аніська сёлета скончыла галоўны рэгіянальны ўніверсітэт. Стаць настаўніцай яна марыла з 8 класа і ў прафесію пайшла з рашучай упэўненасцю, што пасля вучобы ў ГрДУ імя Янкі Купалы вернецца на сваю малую радзіму.

— Паступала як мэтавік і сёлета пераступлю парог сваёй роднай школы пад нумарам два ў новым для сябе статусе. Я пачынаю шлях у прафесіі ў калектыве, дзе мяне добра памятаюць і ведаюць. Гэта надае дадатковай упэўненасці ў сабе, — адзначае настаўніца.

Хрысціна Жукавец, Вераніка Якута, Вікторыя Савіч, Людміла Буяк, Юлія Камароўская, Ганна Аніська, Яўген Мураўёў

Вераніка Якута шлях у прафесіі настаўніцы замежнай мовы пачынае ў гімназіі № 1 імя П.Васіленка.

— Яшчэ ў малодшых класах мяне натхніў яркі прыклад педагога. Пасля 9 класа ў родным Ваўкавыску без роздуму паступіла ў педагагічны каледж, а пасля яго заканчэння — у ГрДУ імя Янкі Купалы. У педагогіку ішла свядома, і ўсё ж вельмі хвалююча пачынаць. Дапамагае тое, што першая сустрэча і знаёмства з новым калектывам былі па-сапраўднаму цёплымі. Адчуваю за сабой вялікую падтрымку, і гэта настройвае толькі на лепшае, — падзялілася малады спецыяліст.

Ужо ў першы год работы ў сістэме адукацыі яна прымярае на сябе і вопыт класнага кіраўніцтва. Прычым у рабоце з невялікім класам у дзе­сяць чалавек малады педагог ужо прадумвае формы цікавай пазаўрочнай занятасці.

— А ўвесь мой клас — усяго трое дзяцей, — падключаецца да размовы Юлія Камароўская, малады спецыяліст Вердаміцкай сярэдняй школы. — Падчас педагагічных практык у Гродне класны калектыў выглядаў зусім інакш — мінімум 28 пачаткоўцаў. Першы год работы абяцае быць асаблівым, бо змагу ўдзя­ліць увагу сваім вучням фактычна як родным.

Малады спецыяліст дадала, што настройваюць на гэта яе і новыя калегі, ужо гатовыя дапамагчы падказкай і парадай. Расказваючы аб тым, як яе прынялі ў Свіслачы, звярнула ўвагу яшчэ і на тое, што як маладому спецыялісту ёй адразу было прадастаўлена бясплатнае жыллё.

Разам з Юліяй шлях у прафесіі педагога ў Вердаміцкай сярэдняй школе пачынае сёлета настаўніца англійскай мовы Хрысціна Жукавец.

— Не разлічваю, што бу­дзе лёгка, але першая сустрэча ў калектыве настройвае, што ўсё будзе пад сілу, — з усмешкай дзеліцца пачынаючы педагог.

Вікторыя Савіч, малады спецыяліст-дашкольнік, у адрозненне ад сваіх калег з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі яшчэ ўлетку шлях у прафесіі пачала, непасрэдна ўзаемадзейнічаючы з дзецьмі. У дзіцячым садзе № 2 сваё першае слова ў педагогіцы яна гаворыць пасля заканчэння гуманітарнага каледжа ў Гродне. Што цікава, сярод варыянтаў размеркавання ў выпускніцы з чырвоным дыпломам была магчымасць застацца ў абласным цэнтры, але яна зрабіла выбар на карысць утульнага кутка Гродзеншчыны побач з бацькамі.

— Выбар педагогікі — родам з майго дзяцінства, — шчыра дзеліцца Вікторыя Савіч. — Расла ў мнагадзетнай сям’і і заўсёды “вучыла” сваіх малодшанькіх і не толькі. Лічу, што шлях у педагогіку важна пачынаць з любові да дзяцей, і ў аснове майго выбару ляжала менавіта гэта.

Нават калі была школьніцай, яна мела невялікі вопыт настаўніцтва — была валанцёрам падыходу, які рэалізуецца ва ўстановах адукацыі, “роўны вучыць роўнага”. Сёння ж статус маладога спецыяліста Вікторыя Савіч сумяшчае са студэнцкім. Сёлета паступіла ў ГрДУ імя Янкі Купалы і працягне навучанне па выбранай спецыяльнасці завочна.

У адным шэрагу з радасцю ад сустрэчы з дзецьмі ў маладых спецыялістаў заканамерна стаіць хваляванне. Але вопытныя настаўнікі ўпэўнены: “Справяцца! Дапаможам, падкажам, падтрымаем!”

У пераважна жаночай камандзе маладых спецыялістаў раёна ёсць і педагогі-мужчыны. Данііл Пекар у дзень урачыстасці напярэдадні новага навучальнага года ў родным для яго Свіслацкім раёне гасцяваў у Гродне з адукацыйнай місіяй — стаў удзель­нікам школы маладых спецыялістаў у абласным інстытуце развіцця адукацыі. Пасля заканчэння гуманітарнага каледжа ён пачне свой прафесійны шлях настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў Ханевіцкай сярэдняй школе Свіслацкага раёна. А для Яўгена Мураўёва месцам старту ў прафесіі стала гімназія № 1 імя П.Васіленка.

— У нашай гімназіі я стаў другім настаўнікам фізкультуры і гатовы пераймаць вопыт, удасканальваць свае веды і расці прафесійна, — падзяліўся педагог.

Па словах начальніка аддзела адукацыі Свіслацкага райвыканкама Людмілы Буяк, для маладых педагогаў раёна ствараюцца ўсе ўмовы як у пытаннях бытавой уладкаванасці, так і адаптацыі ўнутры калектываў. Адным з магчымых рэсурсаў павышэння прафесіяналізму для іх з’яўляецца ў тым ліку ўдзел устаноў адукацыі ў інавацыйнай дзейнасці. Толькі ў новым навучальным годзе ў раёне будзе прадоўжана работа па рэалізацыі сямі інавацыйных праектаў.

— Вялікую ўвагу, зразумела, удзяляем умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы і яе адпаведнасці сучасным патрабаванням. Кабінеты хіміі, біялогіі, фізікі, тэхнічнай і абслуговай працы аснашчаны сучаснымі сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем. Паказчык забяспечанасці спартыўным інвентаром, у тым ліку для зімовых відаў спорту, у нас складае 100%. Практычна ва ўсіх установах адукацыі ёсць інтэрактыўныя дошкі, у асобных — мультыборды. Не магу не адзначыць яскравыя і пазітыўныя ўражанні гасцей з Баграціёнаўскага раёна Расійскай Федэрацыі ад наведвання нашых устаноў адукацыі сёлета. Сістэма адукацыі раёна, на іх думку, адказвае на выклікі часу, — расказала Людміла Раманаўна.

Падчас жнівеньскай раённай канферэнцыі старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі адзначыў, што педагагічны калектыў раёна багаты на добрыя традыцыі моцнага настаўніцтва і ўносіць важны ўклад у развіццё сацыяльнай сферы Свіслацкага краю. Так, у мінулым годзе настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Уладзімір Міхальчык стаў прызёрам рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2023”, а вопыт работы раённага аддзела адукацыі быў прызнаны адным з лепшых у вобласці.

— У гэтым годзе ў раёне будуць весціся работы па дзвюх адчувальных пазіцыях перш за ўсё для нашых маладых спецыялістаў. Так, праходзіць экспертызу праект будаўніцтва арэнднага жылля. А ўсім добра зразумела, што жыллёвае пытанне — адно з самых важных. Рэалізацыя ж праекта па будаўніцтве басейна на базе 2-й школы вырашыць пытанне актыўнага баўлення вольнага часу. Гэта важныя вектары для прыцягнення ўвагі да раёна з боку менавіта моладзі, — адзначыў Аляксандр Вярсоцкі.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара