Больш за 300 прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці краіны аб’яднаў рэспубліканскі семінар-практыкум “Прафесійнае станаўленне настаўніка — якасць адукацыі” ў Полацку. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У цэнтры ўвагі — удасканаленне работы настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, інавацыйныя тэхналогіі і праекты, аўтарскія методыкі, здароўезберажэнне і функцыянальная дасведчанасць, прапаганда алімпійскіх каштоўнасцей. Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізвыхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталя Стрыгельскага, сустрэча стала працягам серыі семінараў-практыкумаў, папярэдні з якіх праходзіў летась у Бярозе. Таксама ў Полацку былі абмеркаваны інфармацыя па нядаўнім маніторынгу і шэраг рабочых пытанняў у рамках выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы па выніках Рэспубліканскага педагагічнага савета.
Вітаючы ўдзельнікаў семінара, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома адзначыў, што вобласць мэтанакіравана, комплексна і планамерна развіваецца ў напрамку ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы для заняткаў фізічнай культурай і спортам. У тым ліку кожны год уводзяцца ў эксплуатацыю новыя спартыўныя аб’екты, многае зроблена ў частцы набыцця спартыўнага інвентару і абсталявання. Віцебшчына славіцца сваімі таленавітымі, працавітымі, адданымі прафесійнаму прызванню настаўнікамі. Рэгіён па праве ганарыцца поспехамі іх вучняў. У цэлым перспектывы росту відавочныя, і для гэтага закладзены трывалы, надзейны падмурак, ствараюцца аптымальныя ўмовы. У якасці нагляднага прыкладу кіраўнік сістэмы адукацыі вобласці асобна спыніўся на нядаўняй рэзананснай падзеі — урачыстым закрыцці сезона “Зорны мяч — 2024”. Пераможцам у намінацыі “За ўклад у развіццё масавага футбола” быў названы дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў
Сяргей Бабіч, рэгіянальны суарганізатар рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Гуляем у футбол”.
— Забяспечыць якасную адукацыю, з дзяцінства далучыць навучэнцаў да здаровага, а яшчэ лепш — да спартыўнага ладу жыцця, дапамагчы вырасці спартсменам, якія потым будуць прадстаўляць нашу краіну на алімпійскім п’едэстале, — задача няпростая і разам з тым вельмі цікавая. Несумненна, нашым педагогам па сілах узяць гэтую высокую планку, — падкрэсліў Дзмітрый Хома.
У ходзе семінара адбылося ўрачыстае ўшанаванне лепшых педагагічных работнікаў за шматгадовую працу і вялікі асабісты ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення. Узнагароды ўручылі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома і намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Павел Шасцярэнь. Галоўнымі пляцоўкамі семінара сталі сярэдняя школа № 18 імя Еўфрасінні Полацкай і сярэдняя школа № 16, дзе ўдзельнікаў чакала серыя яркіх майстар-класаў. Завяршыла насычаную двухдзённую праграму дыялогавая пляцоўка, на якой сабраліся 130 маладых настаўнікаў з усіх раёнаў вобласці.
— Фізічная культура ва ўстановах адукацыі — неад’емная частка выхаваўчай сістэмы, — адзначыў метадыст Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Пётр Кавальчук. — Па выніках некалькіх гадоў менавіта Полаччына паказвае даволі значны прагрэс у параўнанні з іншымі раёнамі. У Рэспубліканскай алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўі, напрыклад, тут найбольшая колькасць удзельнікаў трэцяга этапу, шмат удзельнікаў і пераможцаў заключнага. Гэты раён зараз задае тон у вобласці ў напрамку фізічнага выхавання, фарміравання здаровага ладу жыцця і спартыўнай арыентаванасці. Настаўнікі Полаччыны не адмаўляюцца падзяліцца сваім педагагічным вопытам з калегамі ў ВАІРА на курсах павышэння кваліфікацыі і ў міжкурсавы перыяд. Сёння яны таксама правялі цудоўныя майстар-класы. Яшчэ адзін важны момант — дыялогавая пляцоўка, якая насамрэч была дыялогавай, а не маналогавай. Было бачна, што людзі прыехалі не проста пасядзець, а навучыцца новаму, у іх гарэлі вочы.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара