Сенсацыя… ад школьнікаў

- 17:48Выхаванне, Краязнаўства

Фрагменты посуду з выявай рыбкі і чалавека: падчас археалагічнай экспедыцыі на Лепельшчыне вучні знайшлі артэфакты, якім прыкладна 5 тысяч гадоў.

Дзевяць дзён каля вёскі Верабкі ва ўрочышчы Дубавец на старажытным паселішчы эпохі мезаліту, неаліту і бронзы “Бярэшча-1” працавала экспедыцыя Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Максіма Чарняўскага. Археалагічныя работы вяліся разам з удзельнікамі лагера краязнаўчага профілю Слабадскога ясляў-сада — cярэдняй школы. Многія з выхаванцаў маюць вялікі вопыт археалагічных раскопак, некаторыя з хлопчыкаў і дзяўчынак упершыню на свае вочы не толькі ўбачылі, як праводзяцца даследаванні, але і самі сталі актыў­нымі ўдзельнікамі раскопак.

Посуд з падобнымі выявамі — надзвычай рэдкая знаходка на археалагічных помніках позняга каменнага веку, ён не адносіцца да разраду штодзённых, а мог мець культавае значэнне.

Першыя знаходкі археалагічных артэфактаў уражваюць, радуюць навукоўцаў і школьнікаў. У культурным пласце былі выяўлены шматлікія керамічныя, крамянёвыя і каменныя прадметы матэрыяльнай культуры. Сярод адметных знаходак можна вылучыць каменную двухпляцовачную шліфавальную пліту для вырабу крамянёвых сякер, касцяны наканечнік дроціка, а таксама шэраг унікальных фрагментаў глінянага посуду сярэдняга неаліту і бронзавага веку ўсвяцкай культуры і культуры шарападобных амфар. Вядома, што прадстаўнікі ўсвяцкай культуры насялялі Беларускае Паазер’е, у тым ліку і Лепельшчыну, з канца ІV — сярэдзіны ІІІ тысячагоддзя да нашай эры. Археалагічная культура шарападобных амфар існавала ў прамежку паміж 3200—2800 гадамі да нашай эры.

Сапраўднай сенсацыяй у навуковых колах стала знаходка фрагмента глінянага ляпнога гаршка з адмысловым малюнкам, на якім, па асноўнай гіпотэзе археолагаў, разме­шчана выява рыбы. Уражвае ўзрост зной­дзенага артэфакта — прыкладна 5 тысяч гадоў. У той час нашы продкі гліняны посуд упрыгожвалі розным па форме геаметрычным арнаментам.

Калі фрагмент посуду з выявай рыбкі за некалькі дзён раскопак паспеў стаць навуковай сенсацыяй, удзельнікі экспедыцыі зрабілі яшчэ адну не менш сенсацыйную знаходку — адкапалі невялікі фрагмент керамікі з выявай чалавека. Першапачатковую гіпотэзу адносна выявы чалавека на фрагменце керамікі са стаянкі “Бярэшча-1”, знойдзенага слабадскімі школьнікамі, пацвердзіла і расійская даследчыца, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела археалагічных помнікаў Дзяржаўнага гістарычнага музея Кацярына Кашына. Знаходкі графічных выяў чалавека на кераміцы на тэрыторыі лясной зоны Усходняй Еўропы нешматлікія. Большасць даследчыкаў лічыць, што посуд з падобнымі выявамі — надзвычай рэдкая знаходка на археалагічных помніках позняга каменнага веку, не адносіцца да разраду штодзённых, а мог мець культавае значэнне. Гэтае меркаванне дасведчаных навукоўцаў надае яшчэ большую знач­насць адкрыццю, зробленаму на Лепельшчыне.

У культурным пласце былі выяўлены шматлікія керамічныя, крамянёвыя і каменныя прадметы матэрыяльнай культуры.

Археалагічныя раскопкі каля Верабак завяршыліся, але наперадзе яшчэ доўгі працэс апрацоўкі знойдзеных археалагічных прадметаў, некаторыя з якіх сталі сенсацыяй. Усе знаходкі з цяперашняй экспедыцыі будуць пасартаваны, пашпартызаваны і накіраваны ў Інстытут гісторыі НАН Беларусі на лабараторныя даследаванні для далейшага вывучэння, а потым зоймуць пачэснае месца ў экспазіцыях Лепельскага краязнаўчага музея.

Абавязкова запомняцца археалагічныя раскопкі і слабадскім школьнікам, якія не толькі адпачылі на прыродзе, але і з карысцю правялі час, даследуючы далёкае мінулае Лепельшчыны.

Валерый ТУХТА.