Сэрцам адданы роднай зямлі

- 10:48Людзі адукацыі

Гэтыя словы вельмі трапна характарызуюць дырэктара Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Андрэй Пятровіч Сусла нарадзіўся ў вёсцы Метраполь на Навагрудчыне, вучыўся ў тагачасным Навагрудскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, працаваў аграномам у адным з лепшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Гродзеншчыны — СВК “Азёры” Гродзенскага раёна і ўжо шэсць гадоў узначальвае родную навучальную ўстанову — Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж.

Выхоўваць тых, хто будзе на роднай зямлі вырошчваць хлеб, будаваць і абараняць навакольнае асяроддзе. Менавіта такіх спецыялістаў рыхтуюць у каледжы.

Выбар прафесіі агранома быў амаль выпадковы, але лёсавызначальны. Паступіўшы ў сельскагаспадарчы тэхнікум без вялікай упэўненасці, што гэта справа жыцця, Андрэй ужо на першым годзе навучання адчуў і вялікую цікавасць да прафесіі, і тое, што гэта яму падабаецца.

— У кожным беларусе жыве любоў да зямлі, мы нацыя земляробаў, і выгляд жытнёвага поля — адна з самых мілых карцін, — гаворыць Андрэй Пятровіч. — Я люблю працаваць на зямлі, атрымліваць на сваім надзеле ўраджай. Змена дзейнасці ад адміністрацыйнай работы — да працы на зямлі — лепшы адпачынак.

Пасля заканчэння тэхнікума атрымаў вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Аграномія” ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Вучыўся на “выдатна”. Першае працоўнае месца — СВК “Азёры” Гродзенскага раёна. І тут Андрэй Пятровіч узгадвае першыя ўрокі кіраўніка, якія ён атрымаў ад тагачаснага намесніка кіраўніка гаспадаркі, а зараз першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Івана Алёйзавіча Жука. Іван Алёйзавіч асабіста сустрэўся з Андрэем і яго сябрам перад размеркаваннем, правёз па гаспадарцы, паказаў усё і запрасіў на работу. Вось такі ўрок атрымалі маладыя спецыялісты — да людзей трэба падыходзіць уважліва, з пашанай, бачыць іх перспектыву і ствараць умовы для рэалізацыі.

Па асабістых прычынах А.П.Сусла вярнуўся на Навагрудчыну, і першым месцам, куды прыйшоў, быў каледж. Перспектыўнага спецыяліста адразу прынялі на работу. Выкладаў агранамічныя дысцыпліны і падымаўся па службовай лесвіцы — у 2012 годзе стаў дырэктарам. Пра якасць кіраўніцкай дзейнасці сведчыць і такі факт: па выніках работы за мінулы год Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж стаў лепшым сярод сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Гродзенскай вобласці.

Андрэй Пятровіч вызначае галоўныя якасці кіраўніка: адказнасць, рашучасць, упэўненасць, таварыскасць, ветлівасць, арганізаванасць, патрабавальнасць, упартасць і актыўнасць, кантроль і падтрымка падначаленых. Галоўныя правілы, якія ён сам для сябе акрэсліў: не перанось прыняцце рашэння на заўтра, не выконвай работу напалову, не імкніся ўсё зрабіць сам, нельга ведаць усё лепш за іншых, правільна размяркоўвай функцыі сярод падначаленых і не спрабуй перакласці віну на іншых.

Пастаянна развівацца — гэта значыць шукаць новыя кірункі дзейнасці. У гэтым годзе адкрываюць новую спецыяльнасць “Ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў”. Навучэнец каледжа Дзяніс Мельнічук заваяваў залаты медаль у кампетэнцыі “Аграномія” ў фінальным этапе III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus.

Андрэй Пятровіч выкладае прадмет “Аграхімія” і вучыць моладзь эксперыментаваць, быць пастаянна ў пошуку.

— У агранома павінна быць база даных, аснова, і ў той жа час яму трэба знаходзіцца ў пастаянным пошуку, адсочваць усё новае ў галіне. Мяне радуе той факт, што 80 працэнтаў нашых выпускнікоў жадаюць атрымліваць вышэйшую адукацыю завочна, значыць, застаюцца ў прафесіі, знаходзяць сябе ў справе на зямлі, — гаворыць Андрэй Пятровіч.

Развіццё пазабюджэтнай дзейнасці — яшчэ адзін важны аспект кіраўнічай канцэпцыі А.П.Суслы. У агульным фінансаванні каледжа пазабюджэтныя сродкі складаюць 21,5%. У 2017 годзе даход ад пазабюджэтнай дзейнасці склаў 472 340 рублёў. Пры гэтым значна павялічыўся прыбытак і склаў 151 980 рублёў (149% да 2016 года) пры рэнтабельнасці 32,2%. Кожны гектар сельгасугоддзяў каледжа даў 745 рублёў прыбытку. Тут не толькі вырошчваюць ураджай, але і самі яго рэалізоўваюць — каледж мае ўласны магазін на цэнтральным рынку Навагрудка. Прыбытак ад падрыхтоўкі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў катэгорыі “В” у мінулым годзе склаў 31 150 рублёў, што 198% да паказчыка 2016 года.

Але за гэтай дзейнасцю важна бачыць чалавека, лічыць дырэктар. Трэба пачуць і выкладчыка, і навучэнца, у кожнага можна чаму-небудзь навучыцца. Таму такім важным лічыць Андрэй Пятровіч конкурс “Ёсць ідэя!”, які адкрывае новыя таленты і дае магчымасць рэалізаваць новыя праекты моладзі.

— Я стараюся перадаць моладзі пачуццё аптымізму, вучу глядзець на складаную сітуацыю з розных бакоў, разглядаць усе варыянты і не прымаць паспешных рашэнняў, — гаворыць Андрэй Пятровіч. — Я шчаслівы тым, што не чакаю канца рабочага дня, мне гэта рабіць няма калі.

Спраў на зямлі і ў каледжы ў яго шмат.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.