Сеткавы адукацыйны рэсурс для каардынацыі работы па патрыятычным выхаванні навучэнцаў стварылі ў Касцюковічах

- 9:00Главная, Могилевская область, Образование

Як выхаваць дзяцей патрыётамі? Ва ўстановах адукацыі Касцюкоўшчыны перакананы: акцэнт неабходна рабіць на пераемнасці, адзінстве падыходаў і рэгіянальным кампаненце. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На працягу амаль трох гадоў педагогі мэтанакіравана займаюцца распрацоўкай раённай сеткавай мадэлі фарміравання грама­дзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў.

— У рэалізацыі аднайменнай інавацыі задзейнічаны тры дашкольныя ўстановы і адна школа. Сумеснымі намаганнямі педагогі вывучаюць розныя спосабы патрыятычнага выхавання, а таксама актыўна прэзентуюць напрацоўкі, — расказала начальнік аддзела па адукацыі Касцюковіцкага райвыканкама Алена Хомчанка.

Акрамя адзіных алгарытмаў, у кожнай навучальнай установе зрабілі стаўку на асобную методыку або форму работы. Так, калектыў гарадскога дзіцячага сада № 4 шырока выкарыстоўвае ў патрыятычным выхаванні праектную дзей­насць.

— Лепш за ўсё дзіця засвойвае веды, здабываючы іх эксперыментальным, пошукавым шляхам, аналізуючы, ужываючы набытыя кампетэнцыі ў жыццёвых сітуацыях. Гэта вядомая ісціна, і метад праектаў дапамагае эфектыўна ўкараняць яе ў адукацыйны працэс. Нашы выхавальнікі прыцягнулі дзяцей да ажыццяўлення пяці праектаў. Праз даследаванні і творчасць мы паказалі малышам значнасць сямейных традыцый, азнаёмілі іх з народнымі промысламі і цацкамі, арміяй рэспублікі. Асаблівую ўвагу ўдзялілі праекту “Мая малая радзіма — Касцюкоўшчына”. Усе ініцыятывы ўвасабляліся ў цесным узаемадзеянні з бацькамі, — паведаміла загадчык Кацярына Селіцкая.

На партнёрстве з сям’ёй зрабілі акцэнт і ў дзіцячым са­дзе № 2 райцэнтра. У гэтай да­школьнай установе ўпэўнены: выхаванне дзяцей — агульная задача педагогаў і бацькоў.

— Для гарманічнага станаўлення дзіцячай асобы неабходна плённае супрацоўніцтва з сям’ёй, таму абавязкова далучаем мам і татаў да сумесных спраў. Разам выхавальнікі, дзе­ці і бацькі ўдзельнічаюць у пат­рыятычных марафонах, эстафетах, чэленджах, конкурсах, працоўных акцыях. На пастаян­най аснове ў нас наладжана функцыянаванне бацькоўскага ўніверсітэта. Рэгулярна праводзім для сем’яў кансультацыі, майстар-класы. Вялікай папулярнасцю ў бацькоў карыстаюцца нашы аўтарскія маршруты выхаднога дня па памятных мясцінах горада, — расказала загадчык Валянціна Баркалава.

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Касцюковіч павышаную ўвагу ўдзяляюць далучэнню выхаванцаў да гісторыі краіны. Уласнымі намаганнямі педагогі стварылі этнаграфічны пакой. У міні-музеі размясцілася мноства аўтэнтычных старадаўніх прадметаў.

— Усе экспанаты выкарыстоўваем у спецыяльна арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці з выхаванцамі. Перыядычна праводзім у этнаграфічным пакоі гульні, экскурсіі, святы, забавы, тэатралізаваныя паказы. Таксама там праходзіць цыкл тэматычных заняткаў “З бабулінага куфэрка”, “Адзенне нашых продкаў”, “Гэта цуда-гліна”, “Саламяныя дзівосы” і іншыя. Такі падыход дае магчымасць прывіць ціка­васць дзяцей да культурнай спадчыны беларускага народа, — адзначыла загадчык Святлана Асмалоўская.

А вось у Новасамацевіцкай школе зацікаўліваюць вывучэннем гістарычнага мінулага праз турызм. Педагогі імкнуцца паказаць вучням прыгажосць і самабытнасць роднага краю. Падарожжы і паходы па наваколлях вёскі пакідаюць у дзяцей яркія ўражанні, таму ў найбліжэйшых планах нас­таўнікаў — фарміраванне экскурсійных маршрутаў і складанне інтэрактыўнай карты мясцо­васці.

Развіваюць у школе і валанцёрства. Ва ўстанове змаг­лі адрадзіць цімураўскі рух. У складзе атрада цімураўцаў зараз 10 хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны дапамагаюць ветэранам працы, пажылым і адзінокім людзям, воінам-інтэрнацыяналістам, падтрымліваюць сувязь з настаўнікамі, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, даглядаюць мема­рыялы часоў Вялікай Айчыннай вайны, дапамагаюць дзецям з АПФР, мнагадзетным і малазабяспечаным сем’ям.

— Валанцёрства дапамагае дзецям зразумець асабістую адказнасць за будучыню Айчыны. У маштабах дзяржавы іх уклад невялікі, але дае дзецям адчуванне датычнасці, фарміруе сацыяльную неабыякавасць. А гэта — аснова патрыятызму і грамадзянскасці, — заўважыла дырэктар Аксана Міхалёва.

Падчас ажыццяўлення інавацыі настаўніцтвам раёна распрацавана мноства метадычных і дыдактычных матэрыялаў. Адметна, што зараз яны абагульняюцца ў сеткавай прасторы.

— Мы стварылі пазнавальную платформу “Анлайн Касцюкоўшчына”, дзе прадстаўлены педагагічны вопыт і практычныя прадукты. Матэрыялы знаходзяцца ў адкрытым доступе, азнаёміцца з імі можа любы жадаючы, — падкрэсліла Алена Хомчанка. — Гэты адукацыйны рэсурс аб’яднае ўсю сістэму адукацыі раёна ў арганізацыі скаардынаванай работы па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлены аддзелам па адукацыі Касцюковіцкага райвыканкама