Шчаслівы лёс таленавітага педагога

- 15:42Людзі адукацыі

Выхавальніца ясляў-сада № 78 Гродна Таццяна Літвінчык будзе прадстаўляць свой рэгіён на VI Усебеларускім народным сходзе. Педагог з 36-гадовым стажам, выдатнік адукацыі, удастоеная медаля “За працоўныя заслугі”, Таццяна Аляксееўна любіць справу, якой прысвяціла жыццё, сваіх маленькіх выхаванцаў, і яны ёй адказваюць тым жа. Таццяна Аляксееўна паспяхова дзеліцца сваім вопытам і напрацоўкамі з калегамі не толькі з вобласці, але і з усёй краіны.

Гісторык па адукацыі, выпускніца факультэта гісторыі і грамадазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Таццяна Літвінчык спачатку працавала па спецыяльнасці, а ў 1987 годзе стала выхавальніцай дзіцячага сада. Думала, што часова, але аказалася, назаўсёды. У яслях-садзе № 78 яна працуе ўжо больш за 20 гадоў.

— Ніколі не пашкадавала, што выбрала шлях педагога дашкольнай адукацыі. Прайшло столькі гадоў, а я да гэтага часу з хваляваннем іду на работу, — прызналася Таццяна Аляксееўна. — Кожны дзень падносіць розныя сюрпрызы, бо дзеці настолькі розныя. Нават калі стамляешся, усё роўна ад іх атрымліваеш пазітыў і энергію. Яны настолькі адчуваюць мой настрой: калі сумую, абдымаюць, лашчаць, разумеюць, што мне патрэбна іх падтрымка. Як і ў хвіліны іх дзіцячых слёз я абдымаю і суцяшаю іх. Дзеці мяне адчуваюць, і гэта вельмі дапамагае. З імі не сумна, дзень на дзень не падобны. Як дарослы чалавек, педагог, мама, бабуля я адштурхоўваюся ад іх запытаў. І стараюся зрабіць усё, каб ім было камфортна.

Педагог упэўнена, што ёй выпаў шчаслівы лёс, калі яна прыйшла на работу ў 78-ы дзіцячы сад. Неўзабаве тут была адкрыта эксперыментальная рэспубліканская пляцоўка па выкарыстанні АТММ-ТРВЗ-РТУ-тэхналогіі. Гэтая тэхналогія дапамагае вырашаць задачы вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Тлумачачы сутнасць, Таццяна Аляксееўна прыводзіць прыклад: “Можна забіваць цвік малатком або шклянкай, і эфект бу­дзе розным. Для нас гэта той інструмент, які дапамагае вырашаць задачы лёгка, займальна. Гэта тэхналогія, якая развівае ў дзяцей уяўленне, нестандартнае мысленне, крэатыўнасць”.

Педагогі дашкольнай установы прайшлі навучанне, паступова асвойвалі новаўвядзенне і ўжо з гадамі, назапасіўшы і сістэматызаваўшы пэўны вопыт сталі трансліраваць яго ў абласным інстытуце развіцця адукацыі. І цяпер тэхналогія паспяхова ўкараняецца ў практыку. Сёння, гледзячы на сваіх выхаванцаў, педагог разумее, што яны разняволеныя, лёгка ўступаюць у кантакт, умеюць вырашац­ь праблемныя сітуацыі і заўсёды знаходзяць выйсце.

— Паўстала пытанне: калі мы маем такі вопыт, патэнцыял у працы, значыць, можам трансліраваць яго на іншым узроўні, — расказвае Таццяна Аляксееўна. — І мы падалі заяўку на адкрыццё абласнога рэсурснага цэнтра па гэтай тэме. Заяўка была адобрана. З 2015 года на базе дашкольнай установы функцыянуе абласны рэсурсны цэнтр “Выкарыстанне АТММ-ТРВЗ-РТУ-тэхналогіі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі”, я з’яўляюся яго кіраўніком. Мы змаглі трансліраваць свой вопыт не толькі на абласных, але і на рэспубліканскіх і нават міжнародных пляцоўках. Педагогі мэтанакіравана займаюцца гэтым, кожны выбраў для сябе тэму.

Рэсурсны цэнтр пяць гадоў працуе з педагогамі ўсёй краіны. Яслі-сад № 78 прымае іх на сваёй пляцоўцы. Павышэнне кваліфікацыі арганізоўваецца ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, праводзяцца семінары для навучэнцаў Гродзенскага гуманітарнага каледжа. Часова прый­шлося адмовіцца ад вочных заняткаў, аднак семінары рэгулярна праходзяць на анлайн-пляцоўках. Пра напрацоўкі рэсурснага цэнтра ведаюць педагогі краіны, і таму самі праяўляюць цікавасць, імкнуцца іх пераняць.

Знакавым для Таццяны Літвінчык стаў 2014 год, калі яна прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года”, дайшла да рэспубліканскага этапу і стала лаўрэатам у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”.

Самая значная ўзнагарода — медаль “За працоўныя заслугі”, уручаная кіраўніком дзяржавы ў 2017 годзе. А год назад педагог узнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Беларусь “Выдатнік адукацыі”. Ёсць яшчэ адна дарагая сэрцу ўзнагарода — медаль “Жонцы афіцэра” Рэспубліканскага савета ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў.

З пэўным багажом ведаў і вопыту адпраўляецца на VI Усебеларускі народны сход Таццяны Літвінчык — дэлегат V Усебеларускага народнага сходу, член рэспубліканскага педагагічнага інтэлектуальнага клуба “ТРВЗ”, член секцыі дашкольнай адукацыі рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, ганаровы аўтар выдавецтва “Зорны Верасок”, аўтар чатырох метадычных дапаможнікаў, у тым ліку па выкарыстанні АТММ-ТРВЗ-РТУ-тэхналогіі ў падрыхтоўцы дзяцей дашкольнага ўзросту да навучання грамаце.

Відавочныя змены адбываюцца ў галіне адукацыі. Таццяна Аляксееўна ўспамінае 1987 год, калі з цяжкасцю ўладкавала сына ў дзіцячы сад. На сённяшні дзень дашкольныя ўстановы даступныя. Толькі за апошнія пяць гадоў на Гро­дзеншчыне пабудавана 11 новых дзіцячых садоў, з’явілася больш як 2250 дадатковых месцаў для дзяцей. Улічваючы тое, што ў краіне разглядаецца пытанне скарачэння дэкрэтнага водпуску, колькасц­ь месцаў у дашкольных установах павінна яшчэ вырасці, трэба адкрываць новыя дзіцячыя сады і, адпаведна, забяспечыць іх падрыхтаванымі кадрамі. Паступова растуць заробкі педагогаў, аднак і ў гэтым напрамку трэба рухацца далей. Як і ў справе далейшай матэрыяльнай падтрымкі маладых спецыялістаў, каб яны замацоўваліся ў педагагічных калектывах.

На думку Таццяны Літвінчык, значная роля ў справе выхавання дзяцей належыць сям’і. І тут немалаважнае супрацоўніцтва дашкольнай установы і сям’і. Калі ў галіне інфармацыйнага асяроддзя нават педагогу з вопытам часам варта нешта пераняць у маладых бацькоў, то ў справе выхавання вельмі важную ролю адыгрывае менавіта дашкольная ўстанова. Трэба знайсці залатую сярэдзіну: аб’яднаць намаганні бацькоў і педагогаў, не згубіць гістарычныя ўклады, пераняць лепшыя набыткі народнай педагогікі.

Таццяна Літвінчык не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Ёсць яшчэ планы на публікацыю новых распрацовак. Яе заўсёды падтрымлівае муж, радуюць сын і нявестка, маленькая ўнучка. А энергіяй і жаданнем тварыць яна напаўняецца, бачачы захопленыя вочы сваіх выхаванцаў і атрымліваючы словы ў­дзячнасці ад іх бацькоў. Дзеля гэтага варта жыць, упэўнена педагог.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.