“Шчасце быць настаўнікам, кіраўніком і зараджаць усіх станоўчай энергіяй”

- 10:10Рознае партфолiо

У сучасным грамадстве многія, здавалася б, непарушныя стэрэатыпы аказваюцца поўнасцю ці часткова разбуранымі. У тым ліку і стэрэатыпы адносна таго, якія віды дзейнасці з’яўляюцца прэрагатывай мужчын, а якія — выключна прыгожай паловы чалавецтва. У сферы адукацыі традыцыйна пераважаюць жанчыны. Прадстаўнікі моцнага полу складаюць у ёй каля 18%. Пры гэтым практыка яскрава сведчыць, што педагог-мужчына ў жаночым калектыве можа займацца любімай справай, павысіць свой прафесійны ўзровень, наладзіць карысныя сувязі, узняцца па кар’ернай лесвіцы, самарэалізавацца. Гэта пацвярджае дзейнасць аднаго з самых маладых кіраўнікоў — дырэктара сярэдняй школы № 148 Мінска Дзмітрыя Віктаравіча БУЛГАКА. За некалькі гадоў работы ва ўстанове ён заваяваў любоў вучняў, павагу калег і давер бацькоў. Пра свой шлях у педагогіку, асаблівасці работы ў жаночым калектыве, нюансы кіраўніцкай дзейнасці Дзмітрый Віктаравіч расказвае нашаму карэспандэнту.

— Ніколі не думаў, што буду працаваць настаўнікам. Гэта неяк само сабой атрымалася, у мяне ў сям’і ніхто не звязаны з педагогікай. УВА выбіраў не мэтанакіравана, па прынцыпе “каб хапіла ведаў і балаў для паступлення”, хоць у школе вучыўся добра. Асабліва лёгка мне даваліся гісторыя і грамадазнаўства, удзель­нічаў у алімпіядах, быў іх прызёрам. Але нават вучачыся ва ўніверсітэце, не ўяўляў сабе работу з дзецьмі. Усё змяніла практыка ў загарадным летнім аздараўленчым лагеры пасля 3 курса: менавіта тады з’явілася непераадольнае жаданне пайсці працаваць у школу. Вярнуўшыся з практыкі, адразу ж пачаў шукаць сабе месца працы. Першы свой урок у 6 класе памятаю вельмі добра: хвалявання не было, толькі баявы настрой і ўпэўненасць у сваіх ведах. Хоць, чаго хітраваць, закрадваліся і сумненні: раптам дзеці не прымуць? Я быў малады, без вопыту, а ў іх самы складаны пераходны ўзрост. Але ўсё прайшло выдатна: з першага ж дня мяне пачалі паважаць і слухацца. Я дакладна вызначыў межы: на ўроку мы маем зносіны як настаўнік і вучні, а ўжо на перапынку можам пабыць сябрамі. Лічыў і лічу, што трэба імкнуцца разумець дзяцей, быць з імі шчырым і сумленным.

Я прапрацаваў у школе 8 гадоў. Работа з дзецьмі прыносіла задавальненне. Але мая калега, яна ж мой старэйшы настаўнік, дала добрую параду: трэба спрабаваць рухацца наперад. Так у 28 гадоў я стаў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, адпрацаваў некалькі гадоў на гэтай пасадзе. І вось на дадзены момант я ўжо другі год з’яўляюся дырэктарам школы. Мне вельмі імпану­юць словы, якія сталі дэвізам маёй педагагічнай дзейнасці: сапраўдны настаўнік той, хто здольны спусціцца з вышынь сваіх ведаў да няведання навучэнца і разам з ім здзейсніць узыходжанне.

— Дзмітрый Віктаравіч, ці складана было рабіць першыя крокі на кіруючай пасадзе? На ваш погляд, што значыць быць дырэктарам?

— Дырэктар — гэта ключавая фігура ў школе. Паспяховасць ва ўстанове залежыць ад таго, хто ёй кіруе. Сёння, у сучасных умовах развіцця грамадства, кіраўнік абавязаны штодня прымаць мноства важных рашэнняў: ад удасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы да пошуку шляхоў павышэння якасці адукацыі. Сучасныя патрабаванні да адукацыі мяняюць пазіцыю дырэктара школы як кіраўніка. Зараз патрэбны веды па пытаннях кіравання фінансамі і школьнай эканомікі. Для гэтага неабходна валодаць стратэгічным мысленнем, але добра ведаць і працэс навучання і выхавання. Важнай якасцю сучаснага дырэктара з’яўляецца мэтанакіраванасць, таму што, калі кіраўнік не ўмее ставіць задачы перш за ўсё перад сабой і рухацца да іх дасягнення, наўрад ці ён можа павесці за сабой каманду. А яшчэ дырэктар павінен умець размяркоўваць свой час і кампетэнтна мець зносіны з дзецьмі, бацькамі, педагогамі.

Скажу шчыра, спачатку было складана, бо многія аспекты работы былі новымі. Калі па вучэбных пытаннях ведаў шмат, бо працаваў намеснікам дырэктара, то з фінансава-матэрыяльным забеспячэннем і выхаваўчай работай ва ўстанове даводзілася знаёміцца фактычна з нуля.

— Вы строгі дырэктар? Якіх прынцыпаў прытрымліваецеся пры кіраванні калектывам?

— Строгасць у пэўнай ступені характэрна для любога кіраўніка. Думаю, што я не з’яўляюся выключэннем. Кіраўнік — гэта вельмі адказная і няпростая роля. Тут неабходна валодаць вялікім запасам цярпення, навыкамі зносін з людзьмі, таму што да дарослых людзей, гэтак жа, як і да дзяцей, па­трэбен пэўны падыход. Спадзяюся, за пе­рыяд, які я прапрацаваў на пасадзе дырэктара школы, у мяне атрымалася павярнуць да сябе калектыў. Усё будуецца на даверы, узаемаразуменні. Вядома, здараецца, што ўзні­каюць непрадбачаныя працоўныя сітуацыі, але мы знаходзім выйсце з іх.

— У вас дружны педагагічны калектыў? Чым прывабліваеце кадры? Як утрымаць маладых спецыялістаў у навучальнай установе?

— Калектыў — гэта каманда людзей, якія глядзяць у адзін бок. Я прыкладаю ўсе намаганні, каб мы рухаліся ўперад разам. Гэта зусім не азначае, што мы ўсе ідэальныя, жывём і працуем, абапіраючыся на адзінае меркаванне. Мы проста ўмеем прыходзіць да кансенсусу, знаходзіць рашэнні, выгадныя для агульнай справы. Школьны педагагічны калектыў склаўся і на працягу ўжо многіх гадоў амаль нязменны, у ім пераважаюць педагогі вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Цякучасць кадраў штогод нязначная і, як правіла, звязана з пошукам педагогам працы бліжэй да дома або з яго выхадам на пенсію.

Ключавую ролю ў прыцягненні новых кадраў адыгрываюць узровень арганізацыі працэсу навучання і выхавання, а таксама прафесіяналізм педагогаў установы. А што тычыцца замацаванасці маладых спецыялістаў, то тут важна, акрамя прадастаўлення ўсіх сацыяльных гарантый згодна з заканадаўствам, арганізаваць дзейнасць, накіраваную на ўсебаковую падтрымку маладога настаўніка і каардынацыю яго прафесійнага станаўлення. За кожным маладым педагогам у школе замацоўваецца вопытны настаўнік. На ўзроўні раёна дзейнічае школа маладога настаўніка, дзе лепшыя педагогі праводзяць заняткі, накіраваныя на павышэнне педмайстэрства пачынаючых спецыялістаў. Вельмі важна заўва­жыць, на што здольны малады педагог, і даць яму магчымасць праявіць сябе.

— Дзмітрый Віктаравіч, ці многа ў вас настаўнікаў-мужчын? На ваш погляд, чаму так мала прадстаўнікоў моцнага полу ідуць працаваць у школу? Як іх прыцягнуць у настаўніцкую прафесію?

— Наш калектыў у асноўным складаецца з жанчын. Але мужчыны таксама ёсць. Гэта майстры сваёй справы: педагог-арганізатар Сяргей Леанідавіч Пацэвіч, настаўнік працоўнага навучання Мікалай Данілавіч Данільчанка, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Вадзім Барысавіч Віленчык. Вось і ўсё: трое плюс я. На мой погляд, адна з прычын, чаму мужчыны не ідуць у школу, — складаная маральная нагрузка. Дзяцей неабходна выхоўваць, падаваць ім прыклад, вучыць светламу і прыгожаму. А галоўнае, патрэбна цярпенне, якога трэба набрацца невядома адкуль, каб умець стрымліваць мнагагалосы шум на ўроку. Аднак часам для дзяцей мужчына-педагог адыгрывае больш значную ролю, чым спецыяліст жаночага полу. Галоўнае пытанне ў тым, наколькі ўпэўнена адчувае сябе сам настаўнік. Некаторым дастаткова замаўчаць і грозна звесці бровы, каб у класе запанавала цішыня. Думаю, што прыцягненне чалавека да працы ў школе — гэта не той працэс, які варта ініцыіраваць. Галоўную ролю адыгрываюць унутранае ўсведамленне і жаданне, асабістая матывацыя чалавека.

Мне прасцей знаходзіць агульную мову з жанчынамі. Мабыць, на гэта ўплывае і мой характар, манера паводзін, уменне выклікаць прыхільнасць да сябе. Я імкнуся ўзаемадзейнічаць з людзьмі на пазітыве, ствараць сітуа­цыю поспеху. У жаночым калектыве павінен быць больш далікатны падыход. Хаця ў цэлым у мяне няма ранжыравання паміж педагогам-мужчынам і педагогам-жанчынай. У кожнага свае абавязкі, кожны адказвае за сваю частку работы. Калі я штосьці не ведаю, то магу звярнуцца да больш вопытнага калегі. У гэтым няма нічога ганебнага. У мяне, дарэчы, працуе былы дырэктар школы Галіна Вячаславаўна Манкевіч. Яна часам можа штосьці падказаць, парэкамендаваць мне.

— Што дазваляе школе быць сёння канкурэнтаздольнай? У чым асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу?

— Асноўная задача школы, як і заўсёды, заключаецца ў тым, каб дзеці атрымалі якасную адукацыю. Школа павінна даць ім пэўны багаж ведаў, уменняў і навыкаў, у тым ліку навыкаў XXI стагоддзя: работа ў камандзе, кіраванне сваім часам, развіццё лідарскіх якасцей. Наша школа каціруецца, яна дастаткова папулярная ў раёне. Штогод каля 85% вучняў паступаюць ва УВА. Як правіла, вучні выбіраюць тэхнічныя ўстановы вышэйшай адукацыі — БНТУ, БДУІР і інш. У нас адкрыты два профілі: матэматыка — англійская мова, руская мова — англійская мова.

Некалькі гадоў у нас дзейнічала школьная служба медыяцыі, а сёлета мы пачалі ўдзел у інавацыйным праекце па медыяцыі. Мы — адзіная школа ў раёне, якая рэалізоўвае гэты праект.

Ва ўмовах рэалізацыі патрабаванняў сучаснай адукацыі педагогі школы выкарыстоўваюць найбольш актуальныя тэхналогіі, такія як інфармацыйна-камунікацыйныя, тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, праектная тэхналогія, тэхналогіі развіццёвага навучання, праблемнага навучання, узроўневай дыферэнцыяцыі, гульнявыя тэхналогіі. У адукацыйным працэсе мы прымяняем і сучасныя тэхнічныя магчымасці, такія як інтэрактыўная дошка, відэачаты, электронныя падручнікі, электронныя дзённікі і журналы і інш. Творча працуюць настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Людміла Аляксандраўна Руцкая (абагульніла вопыт па тэме “Фарміраванне пазнавальнай цікавасці навучэнцаў на ўроках гісторыі з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі” і атрымала прэмію Мінгарвыканкама), настаўніца фізічнай культуры і здароўя Вольга Аляксандраўна Юрашчык (удзельніца алімпіяднага руху, падрыхтавала серыю дыдактычных дапаможнікаў па навучанні школьнікаў 1—4-х класаў), настаўнік працоўнага навучання Мікалай Данілавіч Данільчанка (вучнёўскія работы пад яго кіраўніцтвам становяцца пераможцамі шматлікіх спаборніцтваў па розных напрамках), настаўніца сусветнай мастацкай культуры Алена Мікалаеўна Шылянок (дзякуючы ёй некалькі гадоў запар школа займае прызавыя месцы па дэкарыраванні), настаўніца французскай мовы Тамара Пятроўна Кірык (рэцэнзент падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, яе навучэнцы — прызёры рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару).

— Дзмітрый Віктаравіч, інавацыйная дзейнасць надае новы імпульс развіццю ўстановы, вы згодны з гэтым?

— Абсалютна згодны. Каб быць канкурэнтаздольнай, паспяхова развівацца, установа адукацыі павінна актыўна ўдзельнічаць у інавацыйнай дзейнасці. Гэтая дзейнасць дазваляе вызначаць прыярытэты развіцця ўстановы, закранае інтарэсы розных сацыяльных груп, дазваляе ўлічваць і рэалізоўваць гэтыя інтарэсы. З гэтага навучальнага года наша школа стала базай для рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне тэхналогіі фарміравання канфлікталагічнай кампетэнтнасці ўдзельнікаў адукацыйных адносін на аснове стварэння школьных службаў медыяцыі”. Умовы рэалізацыі эксперыментальнай дзейнасці накіраваны на развіццё якасцей асобы падлетка, якія спрыяюць паспяховай сацыялізацыі і самарэалізацыі ў жыцці, на карэкцыю паводзін і змяненне ўстановак. Плануецца, што падчас практыкі медыяцыі і вырашэння канфліктаў у навучэнцаў павысіцца самаацэнка, будуць развівацца лідарскія якасці, палепшацца камунікатыўныя навыкі. Таксама навучэнцы набудуць навыкі асертыўных (упэўненых) паводзін, навучацца кіраваць сваімі эмоцыямі, арыентавацца на вырашэнне канфліктаў мірным шляхам.

— Вы згодны з тым, што, калі настаўнік ставіць вучню нездавальняючую адзнаку, ён распісваецца ў сваёй бездапаможнасці?

— Не пагаджуся з гэтым сцвярджэннем. Нізкая адзнака, перш за ўсё, — паказчык таго, што навучэнец не праявіў сябе, не здолеў і не захацеў прыкласці дастатковай колькасці намаганняў для вывучэння матэрыялу праграмы. Працэс навучання як мінімум двухбаковы. Не лічу правільным на падставе нездавальняючай адзнакі навучэнца характарызаваць дзейнасць настаўніка. Часта настаўнік ажыццяўляе вялікі аб’ём працы да моманту атрымання навучэнцам нізкай адзнакі, асабліва калі гэта тычыцца адзнакі за чвэрць, і яшчэ большы — пасля яе выстаўлення.

—  Сацыяльныя сеткі — гэта зло? Вашы настаўнікі разам з дзецьмі ёсць у сацсетках? Ці карыстаюцца дзеці на ўроках гаджэтамі?

— Сацыяльныя сеткі — гэта сучасная данасць, якую неабходна адаптаваць для выніковага і прадукцыйнага асабістага выкарыстання. Так, педагогі з дапамогай сацыяльных сетак маюць зносіны з навучэнцамі, і, на самай справе, гэта вельмі часта дапамагае: можна хутка вырашаць нейкія арганізацыйныя ці нават вучэбныя пытанні. Настаўнік аператыўна можа апавясціць пра нешта законных прадстаўнікоў навучэнцаў. Галоўнае, каб педагогі паказвалі прыклад высокакультурных зносін у сацыяльных сетках.

Пытанне выкарыстання гаджэтаў на ўроку настаўнікі варашаюць па-рознаму. Ва ўсіх кабінетах ёсць спецыяльныя боксы, куды вучні складваюць свае тэлефоны, каб не адцяг­ваць увагу на ўроку. Зразумела, што мы зараз жывём крыху ў іншым свеце і гаджэты можна выкарыстоўваць для навучання. Тыя педагогі, якія здольны навучыць карыстацца дзяцей тэлефонам не толькі як цацкай і сродкам сувязі, але і як сродкам здабывання інфармацыі, робяць і ўрокі цікавымі. Для таго каб знайсці неабходную інфармацыю ў інтэрнэце, трэба правільна зрабіць запыт, а гэта вучням таксама неабходна ўмець.

— Ці бывае ў вас вольны час, як вы яго праводзіце? Пра што марыце?

— Вядома, работа аднімае ў мяне шмат часу. Але калі з’яўляецца вольны час, прысвячаю яго блізкім мне людзям або дзейнасці, накіраванай на самаразвіццё. Я еду за горад. Люблю літаратуру — мастацкую, псіхалагічную, педагагічную, якая прадугледжвае момант абдумвання, разважання. Калі ў мяне шмат дзён адпачынку, люблю падарожнічаць, як па Беларусі, так і за яе межамі. Мару заў­сёды адчуваць шчасце ад магчымасці проста быць настаўнікам, кіраўніком і зараджаць станоўчай энергіяй усіх, з кім я працую і маю зносіны.

Шчыра скажу, на сёння ў душы я ўсё ж такі больш настаўнік, чым адміністратар, і ніколі б не адмовіўся ад урокаў. Урокі — гэта свое­асаблівая аддушына, адпачынак ад адміністрацыйнай работы, цікавыя ўзаемаадносіны з дзецьмі. Мне прыемна назіраць, як яны пазнаюць свет, вучацца, сталеюць, удзельнічаюць у розных конкурсах, дэманструюць добрыя вынікі.

— Якой бачыцца ваша школа ў будучыні?

— Мне хочацца бачыць школу, у якой усе, хто ў ёй працуе, вучыцца і прыходзіць (бацькі, бабулі, дзядулі, госці), былі б гатовы адзі­н аднаго слухаць, чуць, паважаць, разумелі, што мы ўсе павінны быць разам і працаваць на агульны вынік. Некалькі гадоў назад школа ўвайшла ў тройку лепшых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў горадзе . Цяпер мая задача — захаваць усё гэта і па магчымасці зрабіць яшчэ лепшым. Хацелася б абнавіць камп’ютарны клас, палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу вучэбных кабінетаў. Але гэта справа не аднаго дня, так што будзем працаваць.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.