Настаўнік фізікі сярэдняй школы № 28 імя В.Д.Сакалоўскага Гродна Эльдар Крыніцкі цудоўна ведае, як сфарміраваць у вучняў цікавасць да тэхнічных навук. Адзін з сакрэтаў — правядзенне доследаў з высокачастотным абсталяваннем. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
На правах лідараў
Ва ўстанове прадстаўлены профільныя класы і групы фактычна ўсіх напрамкаў — у іх вучыцца 186 школьнікаў, а гэта 94%.
— У напрамку профільных класаў рухаемся пачынаючы з 1997 года. Тады свой летапіс пачаў першы ў горадзе ваенна-патрыятычны клас. А сёння прапануем вучням магчымасць навучання ў аграрных і педагагічных, спартыўна-педагагічных, інжынерным і прававым класе “Юны пракурор”, — знаёміць дырэктар Марына Якімо-
віч.
Самы малады профільны клас у 28-й школе — прававы. У 2024 годзе ён стаў другім з тых, што адкрыліся ў краіне, і сёння з’яўляецца самым вялікім па колькасці навучэнцаў.
28 адзінаццацікласнікаў у сіняй форме прыкметна вылучаюцца ў агульным патоку навучэнцаў. Акрамя вывучэння на павышаным узроўні рускай мовы і грамадазнаўства, іх школьныя будні напоўнены ўдзелам у мерапрыемствах прававой накіраванасці і цесным узаемадзеяннем з прадстаўнікамі абласной пракуратуры.
— Нашы вучні наведваюць тэматычныя ўрокі ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне, пазакласныя мерапрыемствы з удзелам супрацоўнікаў пракуратуры, — удакладняе кіраўнік установы адукацыі.
Школьнікі разам з класным кіраўніком Кацярынай Рабковай становяцца аўтарамі цікавых ініцыятыў. Не так даўно, напрыклад, прэзентавалі ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь інтэрактыўны фотаальбом. Гартаць яго трэба абавязкова са смартфонам у руках. Пры навядзенні камеры на выяву замест статычнага здымка бачым будучых правазнаўцаў, якія расказваюць, чаму прыйшлі вучыцца ў профільны клас і як у прафесійным сэнсе плануюць звязаць жыццё з прававым полем.
— Нядаўна мы былі запрошаны на міжнародную канферэнцыю з удзелам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа. Было вельмі прыемна ў прэзентацыі аднаго з выступоўцаў бачыць здымкі дзяцей свайго класа, зробленыя падчас удзелу ў мітынгу-рэквіеме ў вёсцы Шаўлічы Ваўкавыскага раёна, — дзеліцца Кацярына Рабкова.
Сёння настроены паступаць на юрыдычны факультэт больш за дзясятак яе будучых выпускнікоў. І мінімум трое плануюць зрабіць гэта на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.
Партнёрства ў інтарэсах школьнікаў
У цесным кантакце з будучымі інжынерамі (адпаведная група — 7 навучэнцаў) у школе працуюць настаўнікі фізікі Эльдар Крыніцкі і Святлана Жыгала.
— Наш педагагічны тандэм спрыяе таму, што вучні засвойваюць веды на асноўных уроках і замацоўваюць іх на факультатыўных занятках. Такім чынам павышаецца агульная ступень адукаванасці дзяцей у гэтай галіне, у іх з’яўляецца жывая цікавасць да тэхнічных навук, — гаворыць Эльдар Крыніцкі.
У час прэс-туру Эльдар Эміравіч прадэманстраваў доследы з высокачастотным абсталяваннем і адзначыў, што менавіта доследны падыход — найбольш дзейсны механізм развіцця інжынернага мыслення.
— Матэрыяльна-тэхнічная база школы толькі спрыяе падтрыманню такой цікавасці да навукі.
Сёння нашы будучыя інжынеры з цікавасцю друкуюць самастойна спраектаваныя мадэлі на 3D-прынтары. Сярод такіх не толькі мініяцюрныя фігуркі, але і бюст Васіля Сакалоўскага, імя якога носіць школа.
Больш за тое, у тандэме з гісторыкамі працуем над стварэннем маштабнай мадэлі страчанага гродзенскага храма — Фары Вітаўта. Гэта будзе амаль метровы макет з захаваннем прапорцый, — дадае Святлана Жыгала.
Да Сусветнага дня інжынерыі ў школе сёлета ўпершыню прайшоў абласны квест для навучэнцаў інжынерных класаў вобласці. Сярод удзельнікаў — больш за дзесяць каманд.
— У арганізацыі работы групы інжынернай накіраванасці актыўна працуем з ГрАІРА і шукаем новых партнёраў. У снежні, напрыклад, у складзе каманды ад рэспублікі мне пашчасціла стаць удзельніцай тэматычнай сустрэчы ў Дубне Маскоўскай вобласці — навукаградзе, які славіцца даследаваннямі ў галіне ядзернай фізікі. Падтрымліваем сувязь з прадстаўнікамі вышэйшай школы гэтага рэгіёна, — дадае Святлана Жыгала.
Пашыраючы межы
За ваенна-патрыятычнае выхаванне школьнікаў ва ўстанове адукацыі адказвае Уладзімір Прамагайба. І дыялогі адпаведнай тэматыкі кіраўнік ВПВ будуе з дзецьмі, добра ведаючы ўсе грані гэтай работы.
— Вяду заняткі па фізічнай культуры. Акрамя педагагічнай, маю яшчэ і медыцынскую адукацыю — скончыў медыцынскі каледж. Плюс, зразумела, служыў у войску. Атрымліваецца 3 у 1.(Усміхаецца.) Цэнтральную ролю ў выхаваўчай рабоце ў нашай установе адыгрывае музей баявой славы 28-й агульнавайсковай Чырванасцяжнай арміі, які выкарыстоўваем у тым ліку як вучэбную залу. Непасрэдна тут працую ў тандэме з кіраўніком музея Аляксандрам Рабковым — чалавекам, які пра гісторыю войска гаворыць захоплена і зацікаўлена, — дзеліцца Уладзімір Прамагайба.
Работу з навучэнцамі педагагічных класаў у 28-й школе будуюць у цесным кантакце з ГрДУ імя Янкі Купалы: пры ўзаемадзеянні са студэнтамі школьнікі праводзяць педагагічныя пробы, удзельнічаюць у мерапрыем-
стве “Стань студэнтам на адзін дзень” і ў штогадовым фестывалі педагагічных класаў. Актыўна прадстаўляюць установу і ў штогадовай педагагіядзе, якую арганізуе абласны інстытут развіцця адукацыі.
Леакадзія Тумель з юнымі экскурсаводамі школьнага этнаграфічнага музея “Спадчына”
— Імкнёмся паказаць шматграннасць прафесіі настаўніка і тое мноства траекторый, па якіх можна рэалізаваць сябе ў ёй. Плюс робім стаўку на тым, што для педагога важна штодзённае ўзаемадзеянне. Вучні педкласаў, напрыклад, праводзяць цікавыя мерапрыемствы з навучэнцамі інтэграванага класа пачатковай школы і з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі міжнародных дыялогаў. У мінулым годзе ўдзельнічалі ў сеткавым праекце “Доўгая дарога да сябе”. Ён быў прысвечаны вывучэнню рамана Ф.М.Дастаеўскага “Злачынства і пакаранне” і аб’яднаў нашых школьнікаў і іх равеснікаў з расійскага Іжэўска, — гаворыць Леакадзія Тумель, якая вядзе факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”.
Прафілізацыя ў лічбах
Наколькі эфектыўна ў 28-й школе працуюць у напрамку прафілізацыі, гавораць лічбы. У мінулым годзе амаль палова з 18 выпускнікоў ваенна-патрыятычнага класа паступілі на ваенныя спецыяльнасці. Усе яны былі членамі школьнага ваенна-патрыятычнага клуба “Фаварыт” і скарысталіся адпаведнымі льготамі.
— З 18 навучэнцаў класа аграрнай накіраванасці ў аграрныя УВА або на спецыяльнасці аграрнага профілю паступілі 10 выпускнікоў. І, думаю, для гарадской школы гэта вельмі добры вынік. Да таго ж кожны трэці выпускнік нашага педкласа ў мінулым годзе паступіў на профільныя спецыяльнасці. Прычым чацвёра будучых педагогаў зрабілі гэта як мэтавікі. У цэлым ва ўмовах шырокай сеткі профільных класаў колькасць заключаных мэтавых дагавораў у нас расце, — адзначае кіраўнік установы адукацыі.
Практычна ўсе старшакласнікі 28-й школы вучацца ў профільных класах. Для іншых арганізавана вывучэнне прадмета “Працоўнае навучанне” з наступным прысваеннем кваліфікацыі “аператар ЭВМ”.
Дарогай да ведаў у 28-й школе Гродна ідуць больш за 1,2 тысячы дзяцей, а штодзённы дыялог з навучэнцамі будуюць 112 педагогаў. Большасць настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.
— У нашай школе, якой сёння 36 гадоў, многія педагогі працуюць з дня яе заснавання, — звяртае ўвагу кіраўнік установы Марына Якімовіч.
Асабісты шлях Марыны Казіміраўны ў школе пачаўся яшчэ да размеркавання пасля вучобы ў БрДУ імя А.С.Пушкіна. Упершыню з канспектамі ў руках і вялікім жаданнем вучыць і вучыцца яна прыйшла сюды як практыкантка. Калі стала дыпламаваным спецыялістам, працавала настаўніцай пачатковых класаў і геаграфіі, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. І ўжо другі год працуе дырэктарам школы.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА