Школа, спорт і музыка сталі галоўнымі ў жыцці настаўніцкай сям’і Наскевіч

- 11:10Образование

Любоў да педагагічнай прафесіі аб’яднала цэлую сям’ю са Століншчыны. І бацькі, і дзеці верныя не толькі школе, але і роднаму краю, дзе жывуць і настаўнічаюць. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Іван Іванавіч Наскевіч 35 гадоў працуе нас­таўнікам фізічнай культуры і здароўя ў Аздаміцкай сярэдняй школе. Тут жа 42 гады выкладае нямецкую мову яго жонка Любоў Паўлаўна. Працягнулі педагагічную дынастыю ўсе тры іх дачкі: Ганна, Наталля і Яніна выкладаюць нямецкую мову ў трох суседніх школах, але жывуць усе ў родных Цераблічах. Муж Наталлі Аляксандр па адукацыі таксама нас­таўнік (фізічная культура і здароўе). Гуляюць у школу ўжо іх дочкі Юльяна і Даяна. Пакуль ролі настаўніцы і вучаніцы дзяўчынкі выконваюць па чарзе, але кажуць, як толькі падрасце іх “вучань” — сямімесячны брат Аляксандр, яны ўжо стануць калегамі.

У аснове такой прафарыентацыі — паважлівае стаўленне да педагагічнай справы іх бацькоў, якое дочкам, відаць, перадалося на генетычным узроўні.

Любоў Паўлаўна Наскевіч адзначае:

— Галоўнае для кожнага чалавека — выбраць тую прафесію, якая яму падабаецца. Калі можна было б адматаць жыццё назад і калі б я зноў апынулася перад выбарам прафесіі, ні за што не выбрала б іншую. Я вельмі люблю сваю працу — школу і вучняў.

І абсалютна дакладна, што гэта ўзаемна. Мяккі характар і ўменне настаўніцы матываваць да вучобы нават тых дзяцей, якія раней не вельмі хацелі вучыцца, паспрыялі таму, што многія яе вучні сталі настаўнікамі. Прычым значная частка выбрала сваім кірункам замежныя мовы з асноўнай нямецкай.

У іх ліку і дочкі. Праўда, калі старэйшая бачыла сябе толькі нас­таўніцай нямецкай мовы, то малодшыя, акрамя асноўнай вучобы, рабілі поспехі і ў спорце, таму мелі некаторыя сумненні. Напрыклад, Яніна ўваходзіла ў склад зборнай раёна па баскетболе, якая была лепшай камандай раёна, з бацькам-трэнерам шмат ездзіла на спаборніцтвы і па Беларусі, і за мяжу. Былі думкі стаць настаўніцай фізкультуры, але ж мара ву­чыць замежным мовам узяла верх. Дзяўчына на выдатна скончыла і школу, і ўніверсітэт. Потым паспяхова адаптавалася ў школе. Яніна Іванаўна толькі два гады адпрацавала тут, але ўжо запэўнівае:

— Працаваць з дзецьмі лёгка. І чым меншая розніца ва ўзросце, тым лягчэй. Мы з імі на адной хвалі. Але тут існуе небяспека: калі ты з імі сябруеш, ёсць рызыка, што яны перастануць цябе слухаць. Таму трэба ўстана­віць межы і ў самым пачатку даць ім зразумець, што пры неабходнасці ты не толькі хваліць умееш. Нямецкая мова цяпер крыху саступае па папулярнасці англійскай, часам дзеці гэтым і абгрунтоўваюць сваё гультайства. Але я ўпэўнена: гэта адгаворка, бо, калі дзіця хоча вучыцца, яно і нямецкую асвоіць, і толькі на ёй не спыніцца. Я абе­дзве мовы ведаю, і такія ж намеры — ведаць мовы — бачу ў сваіх вучняў 3—4 класаў. Яны і на ўроках стараюцца, і пасля ўрокаў да мяне кожны дзень прыбяга­юць, каб нешта спытаць, вывучыць ці перакласці штосьці новенькае.

Старэйшая сястра Ганна Іванаўна прызнаецца, што сваіх навучэнцаў любіць нават занадта моцна:

— Я не ўяўляю, як мае калегі мяняюць прафесію. Нават на час свайго бальнічнага не магу перадаць іншым настаўнікам правя­дзенне заняткаў у сваім класе. Калі ты вучыш дзяцей з 3 класа, прывыкаеш да іх, а яны да цябе, то гэта няпроста.

Сям’ю Наскевіч аб’ядноўвае яшчэ адно захапленне — музыка. Бацька Іван Іванавіч іграе на гітары, гармоніку, ударных інструментах. Некалі нават увахо­дзіў у склад ансамбля пры мясцовым Доме культуры, дзе іграў на бас-гітары. Навучыў струннаму майстэрству ён і малодшых дачок, калі тыя былі яшчэ маленькімі. Яніне ж гітары аказалася мала — восем школьных гадоў яна паралельна вучылася ў музычнай школе, скончыла яе па класе фартэпіяна, але асвоіла дадаткова яшчэ і акардэон, гармонь, скрыпку і барабаны. Таму цяпер у яе вучняў ёсць настаўніца-аркестр — можа акампаніраваць ім на розных інструментах.

Наталля Іванаўна таксама любіць гітару. А вось старэйшая сястра Ганна Іванаўна, як і мама, аддае перавагу вакалу. Яны салісткі на ўсіх сямейных канцэртах. Прадстаўніцы ж трэцяга пакалення таксама ад іх не адстаюць: шасцігадовая Юльяна падыгрывае дарослым на турэцкім барабане.

Валянціна Аляксандраўна Грэчка, загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама, падкрэслівае:

— Сям’я Наскевіч — гор­дасць нашага раёна і прыклад вернасці, адданасці педагагічнай прафесіі. Прафесійныя поспехі ро­бяць не толькі бацькі, але і іх дзеці. Ганна Іванаўна паспела сябе добра зарэкамендаваць як намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Наталля Іванаўна ў мінулым го­дзе на раённым узроўні атрымала званне маладога настаўніка года. Гэтымі днямі Яніна Іванаўна прымае ­ўдзел у рэспуб­ліканскім конкурсе маладых работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў ­“SuperПРОФІ”. Не менш важна адзначыць і шчы­расць іх зносін: у сям’і кожнага шануюць, паважа­юць і падтрымліва­юць.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара