Што ўяўляе сабой сучасная сістэма выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі нашай краіны? Якія магчымасці для павышэння прафесійных кампетэнцый маюць педагагічныя работнікі — арганізатары выхаваўчага працэсу? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі з начальнікам упраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі, галоўным рэдактарам навукова-метадычнага часопіса “Выхаванне і дадатковая адукацыя”, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Наталляй Катовіч.
У супрацоўніцтве навукоўцаў і практыкаў
— Наталля Канстанцінаўна, вы доўгі час узначальваеце ўпраўленне выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі. Як змяніліся падыходы да арганізацыі выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі краіны?
— На маіх вачах пачынаючы з 1991 года, калі Рэспубліка Беларусь была абвешчана незалежнай дзяржавай, выбудоўвалася нацыянальная сістэма выхавання. У аснову гэтай сістэмы закладзена ідэя бесперапыннасці выхавання дзяцей і моладзі на ўсіх ступенях адукацыі — ад дзіцячых садкоў да ўніверсітэтаў. Стварэнню такой сістэмы садзейнічала прыняцце ў 1999 годзе адзінай у СНД Канцэпцыі выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь, якая вызначыла мэты, задачы, асноўныя кірункі выхаваўчай работы, іх змест і педагагічныя ўмовы рэалізацыі. Зараз гэтая канцэпцыя дзейнічае ў рэдакцыі 2015 года. Згодна з ёй, на кожныя 5 гадоў распрацоўваецца рэспубліканская Праграма выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, а на яе аснове ствараюцца рэгіянальныя праграмы выхавання і праграмы выхавання ўстаноў адукацыі. Таксама функцыянуюць Праграма выхавання дзяцей, якім патрэбна аздараўленне, Праграма выхавання дзяцей, якія дасягнулі высокіх поспехаў у вучэбнай і грамадскай рабоце.
Як бачым, створаны наладжаны механізм планавання і арганізацыі выхаваўчай дзейнасці. Гэта вынік сумеснай карпатлівай працы навукоўцаў і практыкаў.
— Калі гаварыць пра прыярытэты, то як бы вы вызначылі іх у выхаваўчай дзейнасці сучаснай школы?
— Школа заўсёды адыгрывала і працягвае адыгрываць важную ролю ў выхаванні падрастаючага пакалення. Менавіта гэты сацыяльны інстытут разам з сям’ёй закладвае фундамент светапогляду, ідэйнай мэтанакіраванасці, фарміруе характар дзіцяці, дапамагае яму адаптавацца ва ўмовах сучаснага сацыяльнага жыцця.
Сёння ўзнікла вострая неабходнасць стварэння сістэмы данясення да падрастаючага пакалення айчынных каштоўнасцей сучаснай мовай, у формах, блізкіх і зразумелых моладзі. Пытанні фарміравання патрыятызму ў навучэнцаў не страчваюць сваёй актуальнасці. Прычына гэтага не толькі аб’ектыўная запатрабаванасць грамадствам і дзяржавай сумленных і актыўных грамадзян і патрыётаў. У апошнія гады абвастрылася грамадска-палітычная сітуацыя ў свеце, што абумоўлівае з’яўленне новых выклікаў і пагроз. Таксама значна павялічылася колькасць дэструктыўнай інфармацыі, накіраванай, у першую чаргу, на падлеткаў і моладзь.
У сувязі з гэтым увага педагагічных работнікаў павінна засяроджвацца на дыверсіфікацыі метадаў і форм патрыятычнага выхавання, выкарыстанні новых фарматаў правядзення мерапрыемстваў, звароце да гістарычнага рэбрэндынгу, які звязаны з запаўненнем нацыянальнай свядомасці моладзі пэўным зместавым кантэнтам. Але павінна адзначыць: педагагічнае ўздзеянне нават самых актуальных форм і метадаў не будзе эфектыўным, калі за ім не стаіць майстэрства педагога.
Калі гаворыць пра арыенціры ў выхаваўчай дзейнасці, то побач з асобасным развіццём дзіцяці, раскрыццём яго прыродных задаткаў і здольнасцей я адзначыла б маральнае, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, прафілактыку супрацьпраўных паводзін і шкодных залежнасцей, захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей і моладзі, стварэнне ў школе асяроддзя сацыяльнай і псіхалагічнай абароненасці, творчай садружнасці.
— Але ж ёсць распаўсюджанае меркаванне аб тым, што школа, настаўнік павінны найперш вучыць, адукоўваць, а выхаванне — справа сям’і…
— Мне здаецца, гэтае меркаванне могуць падзяляць толькі людзі, далёкія ад педагогікі.
Адукацыя — гэта адзіны працэс выхавання і навучання. І гэтыя складнікі нельга аддзяліць адзін ад аднаго. Нельга вучыць, не выхоўваючы, і немагчыма выхоўваць без навучання.
Выхаванне ажыццяўляецца ў непарыўнай сувязі з працэсам навучання, хоць і мае свае мэты, задачы, метады і формы дзейнасці. Так, мэта навучання — даць вучню веды пра прыроду, культуру, чалавека. А як ён скарыстае набытыя веды і навыкі, якім каштоўнасцям іх падпарадкуе, куды скіруе свой патэнцыял — усё гэта будзе залежаць ад выхавання.
Што тычыцца сям’і, то, безумоўна, яе роля ў выхаванні дзіцяці выключная. Таму і цана бацькоўскіх памылак высокая. Адзіная магчымасць знізіць яе — гэта цеснае супрацоўніцтва са спецыялістамі, прафесіяналамі ў галіне педагогікі і псіхалогіі. І тут мы зноў вяртаемся да школы і разглядаем яе як цэнтр педагагічнай асветы для сям’і. Гэта натуральна, калі бацькі і педагогі, зацікаўленыя ў пазітыўным развіцці асобы дзіцяці, дзейнічаюць сумесна, наладжваюць партнёрскія адносіны. Калі такой практыкі няма, то задумацца найперш варта педагогам. Валодаючы прафесійнай адукацыяй, яны з’яўляюцца тут моцным бокам, здольным змяніць сітуацыю.
Цэласная выхаваўчая прастора
— Вы акрэслілі ролю сучаснай школы як найважнейшага сацыяльнага інстытута. Што, на ваш погляд, найперш вызначае якасць выхаваўчай работы?
— Бясспрэчна, якасць выхаваўчай дзейнасці ў школе цалкам вызначаецца прафесійнай кампетэнтнасцю ключавых спецыялістаў — намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, класных кіраўнікоў, педагогаў-арганізатараў, педагогаў дадатковай адукацыі, кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, супрацоўнікаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў. Яны выконваюць надзвычай важную місію: выбудоўваюць цэласную выхаваўчую прастору ўстановы адукацыі, арганізоўваюць педагагічнае ўзаемадзеянне ўсіх патэнцыяльных суб’ектаў выхавання для вырашэння пастаўленых задач у найбліжэйшай і аддаленай перспектыве. Таму метадычнае, інфармацыйнае забеспячэнне гэтых спецыялістаў, пашырэнне іх прафесійнага кругагляду, удасканаленне практычных навыкаў становіцца найважнейшай умовай паспяховай дзейнасці школы.
— А якія магчымасці для павышэння кваліфікацыі педагогаў — арганізатараў выхаваўчай дзейнасці вы бачыце?
— Безумоўна, гэта курсавая падрыхтоўка спецыялістаў на базе ўстаноў адукацыі, удзел у навукова-метадычных мерапрыемствах, у рэалізацыі інавацыйных праектаў. І, вядома, самаадукацыя: сістэматычнае знаёмства з актуальнымі метадычнымі дапаможнікамі, матэрыяламі спецыялізаваных профільных выданняў. Для сістэмы выхаваўчай работы профільным з’яўляецца навукова-метадычны часопіс “Выхаванне і дадатковая адукацыя”. Гэта перыядычнае выданне, якое асвятляе асноўныя кірункі рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне выхавання і друкуе метадычныя матэрыялы, неабходныя для вызначэння стратэгіі і тактыкі выхаваўчай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі.
Пастаянныя чытачы ўжо добра ведаюць адметныя рысы “ВДА”: публікацыя матэрыялаў у фармаце “тэматычны нумар”, які прадугледжвае падбор і навукова-метадычных, і практычных артыкулаў па актуальнай тэме; арыентацыя на педагога-практыка; выяўленне і папулярызацыя лепшага педагагічнага вопыту; адлюстраванне ў змесце часопіса і на яго каляровых укладках-постарах важных для педагагічнай грамадскасці дзяржаўных, культурных, адукацыйных дат і падзей; акцэнт на інавацыях. Кожны нумар мы стараемся зрабіць узорам удумлівага, кампетэнтнага асвятлення праблемных пытанняў у сучаснай сістэме дадатковай адукацыі і арганізацыі выхаваўчай работы.
Рэдакцыяй падрыхтавана некалькі тэматычных нумароў па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні, краязнаўчай дзейнасці, пастаянна друкуюцца распрацоўкі з вопыту работы педагогаў, напаўняюцца рубрыкі, прысвечаныя тэматыцы бягучага года.
Наталля ЯНУШЭВІЧ