Школьнікі напішуць Усебеларускую дыктоўку «Я раскажу пра Перамогу»

- 16:12Новости

Патрыятычныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пройдуць сёлета ва ўсіх навучальных установах краіны. Пра самыя значныя праекты расказалі падчас прэс-канферэнцыі арганізатары, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Як адзначыла кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская, згодна з планам ведамства мерапрыемствы будуць рэалізаваны па некалькіх кірунках. Гэта дзейнасць музеяў устаноў адукацыі, турыстычна-краязнаўчая і экскурсійная дзейнасць, пошукава-даследчая і валанцёрская работа навучэнцаў. Пройдуць і пазнавальныя мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці для дзяцей.

Ключавым жа з’яўляецца Усебеларускі патрыятычны праект «Памяць пакаленняў у імя будучыні». У ім прымуць удзел усе навучэнцы — ад дашкольнікаў да студэнтаў. Арганізатарамі праекта выступаюць Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства сумесна з Беларускім дзіцячым фондам. Старт ініцыятыве быў дадзены 27 лютага ў Магілёве падчас рэспубліканскай канферэнцыі па патрыятычным выхаванні.

У рамках названага праекта рэалізуецца шэраг знакавых мерапрыемстваў. Так, па словах дырэктара РЦЭіК Алены Ануфровіч, у ходзе рэспубліканскай акцыі «Гісторыя Перамогі ў асобах» творчыя калектывы ўстаноў адукацыі збіраюць і вывучаюць матэрыялы пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць або пражывалі ў іх населеным пункце. Таксама праводзяцца пошукава-даследчыя экспедыцыі, сустрэчы са сведкамі і ўдзельнікамі падзей, іх сваякамі, запісваюцца ўспаміны, вывучаюцца розныя крыніцы, добраўпарадкоўваюцца месцы пахаванняў і памятныя аб’екты. Вынікам пошукавай работы стане стварэнне ў кожнай установе адукацыі тэматычнага інфармацыйнага стэнда, які ўвекавечыць подзвіг абаронцаў Айчыны для наступных пакаленняў.

Важным напрамкам у рабоце з дзецьмі і моладдзю з’яўляецца захаванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне праз вывучэнне гісторыі сваёй сям’і. Рэспубліканскі конкурс «Наша Перамога. Мая гісторыя» якраз на гэта і накіраваны. Дзеці даследуюць дакументы, фатаграфіі, рэліквіі, якія захоўваюцца ў сямейных архівах, матэрыялы пошукавых інтэрнэт-рэсурсаў. Свае вынікі прапануецца афармляць у «Кнігі памяці» і ствараць відэапраекты, у якіх удзельнікі конкурсу расказваюць пра лёс родных — удзельнікаў вайны, іх баявы шлях, поўны мужнасці і доблесці, іх уклад у Вялікую Перамогу. Самыя юныя даследчыкі разам з бацькамі і педагогамі ствараюць тэматычныя лэпбукі, а навучэнцы старэйшага ўзросту і студэнты — фотакнігі.

Для дзяцей, якія захапляюцца экалогіяй, ландшафтным азеляненнем, праводзіцца рэспубліканская акцыя па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый «Кветкі дабрыні». У яе межах ствараюцца гірлянды для ўскладання да памятных месцаў у кожным населеным пункце, букеты для ветэранаў, а таксама праекты тэматычных кветнікаў, прысвечаных вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў праекта стане Усебеларуская дыктоўка «Я раскажу пра Перамогу». Яе школьнікі напішуць 3 мая.

У верасні будуць вызначаны пераможцы і прызёры Усебеларускага патрыятычнага праекта і пройдзе ўрачыстае мерапрыемства з падвядзеннем вынікаў і ўзнагароджаннем аўтараў лепшых работ.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота з архіва рэдакцыі