Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” разам з начальнікам аддзела адукацыі Чашніцкага райвыканкама Ганнай Дзірко наведалі сярэднюю школу № 1 Новалукомля імя Ф.Ф.Дуброўскага. Адразу звярнулі ўвагу на добры настрой у дзяцей і настаўнікаў.
— Мабыць, у вас тут толькі што скончылася свята? — пацікавіліся ў дырэктара Фаіны Аўсееўны Вішнеўскай. Тая жартаўліва заўважыла, што свята ўсмешак у школе кожны дзень. Інтрыгу раскрывае Ганна Уладзіміраўна:
— Гэта дзеці са сталовай вяртаюцца. Пасля смачнага снедання і апетытнага абеду яны заўсёды ў настроі!

Як пазней высветлілася, каэфіцыент усмешак у школе прапарцыянальны таленту шэф-повара сталовай установы Наталлі Мікульскай. Больш за 25 гадоў яна радуе школьнікаў смачнымі снеданнямі і абедамі.
— Важна, каб дзіця не проста паела, а наелася і каб ежа была смачнай і карыснай. Значыць, карыснае трэба зрабіць смачным. Стараемся гатаваць ежу так, каб не проста накарміць, а стварыць святочны настрой для дзяцей, напоўніць іх энергіяй і пазітыўнымі эмоцыямі на ўвесь дзень, — гаворыць Наталля Васільеўна.
Родам з дзяцінства
— Тое цяпло, якое я ўвабрала ў сябе ў роднай хаце, мне і цяпер хочацца дарыць навакольным, асабліва дзецям. Мама Зінаіда Анатольеўна працавала пекарам на хлебазаводзе і з дзяцінства захапіла мяне гатаваннем. Дома ў нас заўсёды пахла ваніллю, карыцай і цёплым хлебам, адусюль веяла любоўю і дабрынёй. Матуліна выпечка ў мяне заўсёды выклікае самыя цёплыя ўспаміны, — расказвае Наталля і дадае:
— Я і цяпер не ўяўляю без гэтага хатнюю ўтульнасць. Дарэчы, мы разам з мамай гатавалі, фантазіравалі, імправізавалі, стваралі прыгажосць… А без творчасці ў нашай справе нават бутэрброды не атрымаюцца.
Бацька Васіль Сцяпанавіч працаваў будаўніком на заводзе керамзітавага гравію. Ён далучыў дачку да свайго захаплення — малявання. На заводзе ў яго была свая майстэрня, куды ён часта браў яе з сабой, калі змена выпадала на выхадныя. Там Наталля малявала карціны. Гэта стала яе любімым заняткам.
— Бацькі навучылі мяне галоўнаму — уменню радавацца простым рэчам. Выхавалі ўва мне працавітасць, акуратнасць, адказнасць, жаданне прыносіць людзям карысць.
Наталля Мікульская малюе карціны, займаецца фітнесам, зранку па выхадных бегае на стадыёне.
Наталля вучылася ў сярэдняй школе № 2 Новалукомля імя Ф.Ф.Азміцеля. Ведаючы свае схільнасці да кулінарыі, у выбары прафесіі не сумнявалася. Паступіла ў Лепельскае ПТВ на спецыяльнасць “Кухар-кандытар”. Працавала кухарам у Ратамскай школе-інтэрнаце Мінскага раёна, а калі выйшла замуж, то пераехала з мужам на малую радзіму, дзе і ўладкавалася школьным кухарам, стала загадчыцай сталовай.
Дачка Таццяна таксама знайшла сваё прызванне — скончыла ВДУ імя П.М.Машэрава і працуе выхавальніцай у ДЦРД № 5 Віцебска.
— Усё, што мы сабой уяўляем, і ўсё, чаго мы дасягнулі, стала магчымым дзякуючы нашым настаўнікам, якія навучылі нас вучыцца, — упэўнена Наталля Васільеўна. — Нашы дасягненні — гэта вынік набыцця ўменняў хутка асвойваць новыя навыкі і прымяняць іх там, дзе гэта трэба. Каб быць добрым кухарам або шэфам, трэба пастаянна развівацца. Цікавасць і любоў да прафесіі дазваляюць згатаваць самыя смачныя стравы. Ставячыся да работы з любоўю, можна дасягнуць па-сапраўднаму добрых вынікаў.
Яе прафесійныя дасягненні ўражваюць: занясенне на раённую Дошку гонару, прызавыя месцы на конкурсах прафесійнага майстэрства, падзякі ад кіраўніцтва райвыканкама за добрасумленную работу. Як гаворыцца, па працы і гонар. На думку Наталлі Васільеўны, самая лепшая ўзнагарода ў любым кулінарным конкурсе ці спаборніцтве — гэта бясцэнны вопыт, самаразвіццё і нагода паставіць перад сабой чарговыя мэты. Яна пастаянна адсочвае новыя тэндэнцыі ў прафесіі. Яе падыход у гатаванні наступны: рабі смачна, а потым упрыгожвай. І акуратнасць ва ўсім: і ў знешнім выглядзе работніка, і ў тым, як ён працуе.
— Парадак на кухні павінен быць строгі, — адзначае шэф-повар.
Між іншым, Наталлю Мікульскую як прафесіянала ўсё часцей уключаюць у склад журы. Гэта дазваляе ёй натхняць на поспех калег.
Здаровы лад жыцця
У штодзённых працоўных буднях перад шэф-поварам стаіць няпростая задача — накарміць смачнымі і карыснымі абедамі 542 вучні. З бягучага навучальнага года школа ўдзельнічае ў пілотным праекце па арганізацыі харчавання, што дазваляе прапаноўваць навучэнцам ежу з улікам іх смакавых пераваг. Наталля Васільеўна цесна ўзаемадзейнічае з тэхнікам-тэхнолагам па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і дзяржаўных органаў Чашніцкага раёна Таццянай Мікалаеўнай Яромінай. Дзеці выбіраюць як ужо ўпадабаную ежу, так і навінкі.
— Меню вельмі разнастайнае, — гаворыць Наталля Васільеўна.
Пры гэтым у ежы важны не толькі смак, але і пах, апетытны выгляд.
Знешняя прывабнасць стравы і смак — вось што дзецям патрэбна ў школьнай сталовай. Дарэчы, меню сталовай цалкам адпавядае здароваму рацыёну. А стравы, згатаваныя з душэўным цяплом і клопатам, любяць усе дзеці.
Лепшы доказ гэтага — пустыя талеркі!
— Калі бачу іскрынкі радасці ў вачах дзяцей, іх усмешкі, то гэта для мяне бальзам на душу. Станоўчая зваротная сувязь — самае важнае для шэфа, — падкрэслівае Наталля Васільеўна.
Па яе меркаванні, у аснове паспяховай работы сталовай — якасныя прадукты, сучаснае абсталяванне і прафесійны, згуртаваны калектыў.
— У пачатку навучальнага года былі набыты цестамес, параканвектамат — для смачнай выпечкі, карыснай ежы на пары. Часта гутару з дзецьмі, пытаюся, ці ўсё ім падабаецца. Тлумачу ім, што пры правільным харчаванні яны будуць здаровыя, а значыць, паспяховыя ў вучобе, — падкрэслівае шэф-повар.
А наколькі ўзаемазвязаны знешнасць чалавека і яго прафесія? Наталля Васільеўна разбурае стэрэатып аб тым, што кухару цяжка ўсачыць за сваёй вагой:
— Я — за здаровы лад жыцця. Для мяне важна быць не проста здаровай, але і мець дастаткова энергіі, фізічных сіл, а таксама добра выглядаць. З 1 класа я займалася валейболам, хадзіла на лыжах. Люблю рух. Пасля работы з задавальненнем займаюся фітнесам. У мяне выдатны трэнер Наталля Фалькоўская, якая правільна падбірае нагрузку, да кожнага ставіцца з душой. Акрамя таго, па выхадных а 7-й раніцы спяшаюся на стадыён. Бег — мая стыхія. А потым абавязкова лазня!
Вось такая цудоўная жанчына і прафесіянал. Чалавек, у якім па-чэхаўску ўсё прыгожа.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК





