«Школьныя Каласавіны» ў Лунінцы пашыраюць веды пра класіка

- 16:16Новости

Шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных вядомаму пісьменніку Якубу Коласу, прайшоў у сярэдняй школе № 1 Лунінца.

Той, хто чытаў трылогію класіка «На ростанях», ведае пра жыццё і лёс галоўнага героя — маладога настаўніка Андрэя Лабановіча: пра яго сустрэчы і спатканні, пра ваганні і выбар, пра каханне… І толькі той, хто знаёмы з біяграфіяй самога аўтара, не будзе сумнявацца, што трылогія — аўтабіяграфічны твор! Вы можаце смела мяняць «Андрэй Лабановіч» на «Канстанцін Міцкевіч» — і атрымаеце ўяўленне пра палітычную і адукацыйную дзейнасць вядомага пісьменніка на тэрыторыі сучасных Пінскага, Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў.

Вядома, што Канстанцін Міхайлавіч, трапіўшы ў апалу ўлады, быў вымушаны жыць і шукаць работу ў Лунінцы. З работай дапамог сябар і сакурснік па Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Вікенцій Філіповіч. Калісьці на месцы сучаснай сярэдняй школы № 1 Лунінца быў размешчаны будынак народнага пачатковага вучылішча, у якім жыў і нелегальна вучыў дзяцей Якуб Колас. Менавіта тут ён пачаў працаваць над паэмай «Сымон-музыка».

Гэтыя і іншыя факты сталі штуршком да таго, каб штогод вясной ладзіць «Школьныя Каласавіны» — шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных вядомаму пісьменніку, на якія запрашаюцца славутасці, даследчыкі жыцця і творчасці Якуба Коласа, сваякі і проста прыхільнікі творчасці класіка.

Сёлета асноўнае мерапрыемства «Каласавін» было вырашана правесці ў новым фармаце — прэс-канферэнцыі. На яе запрасілі вучняў і ганаровых гасцей. Стандартную схему правядзення прэс-канферэнцыі ў форме пытанняў і адказаў паспяхова разбавілі выразным чытаннем на памяць твораў Песняра, прэзентацыяй і музычнымі кампазіцыямі. У выніку адукацыйна-развіццёвае мерапрыемства прайшло ў лёгкай і цікавай атмасферы.

Час прайшоў хутка. Завяршыліся «Школьныя Каласавіны» словамі падзякі ў адрас вучняў і адміністрацыі школы, а таксама ўручэннем сувеніраў, самымі каштоўнымі з якіх сталі, як і павінна быць у школе, кнігі.

Андрэй КІСЛЮК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Лунінца