Шмат ідэй і праектаў: даведаліся, чым жыве геаграфічны цэнтр Беларусі — Пухавіччына

- 15:11Планерка

Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” наведала Пухавіцкі раён Мінскай вобласці, дзе знаходзіцца геаграфічны цэнтр Беларусі, і пагаварыла з кіраўніком мясцовага ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Сяргеем Вінаградам.

Размова ішла пра якасць сістэмы адукацыі раёна, патрабаванні часу, патрыятычнае выхаванне і новыя праекты.

— Мы робім усё, каб узровень адукацыі нашага раёна адпавядаў яго геаграфічнаму становішчу: стараемся быць у самым цэнтры па­дзей і сучасных тэндэнцый, — гаворыць Сяргей Міхайлавіч, які, дарэчы, заняў сваю пасаду менш чым год назад, але мае вялікі педагагічны вопыт.

У свой час С.М.Вінаград атрымаў спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў у Баранавіцкім дзяржаўным вышэйшым педагагічным каледжы, які быў папярэднікам БарДУ. Працаваў сацыяльным педагогам, потым настаўнікам і адначасова дырэктарам у Гарадзішчанскай сярэдняй школе імя М.А.Скіпара. Затым кіраваў упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме Баранавіцкага раёна Брэс­цкай вобласці, а зараз — Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці.

— У кіраўніцкай дзейнасці мне вельмі дапамагае ўласны настаўніцкі вопыт, — прызнаецца Сяргей Міхайлавіч. — Скажу так: калі б блізка не працаваў з дзецьмі і іх бацькамі, не ведаў бы вясковай педагогікі, то на маёй цяперашняй пасадзе мне было б значна цяжэй.

У жыцці Сяргей Вінаград прытрымліваецца наступнага прынцыпу: хто не ведае свайго мінулага — не мае будучыні.

— Шмат увагі ўдзяляем патрыятычнаму выхаванню школьнікаў: прывіваем дзецям любоў да Радзімы ўжо з першага школьнага звяна, — расказвае ён. — У Пухавіцкім раёне шмат слаўных гістарычных месцаў, якія выклікаюць гордасць і пра якія трэба ім гаварыць. Вялікі дзякуй нашай 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага назначэння, якая, можна сказаць, узяла на сябе шэфства над школьнікамі раёна ў плане патрыятычнага выхавання. Шмат мерапрыемстваў на школьным і раённым узроўні ў нас ужо запланавана да Дня абаронцы Айчыны. Лічу, што менавіта школа — самае першае звяно ў патрыятычным выхаванні дзяцей. Свой школьны музей, урокі “Чалавек і свет” у пачатковых класах — менавіта гэта дзеці запомняць на ўсё жыццё.

Захаванне традыцый у раёне спалучаецца з інавацыямі.

— Мы стварылі рабочую групу з ліку настаўнікаў, гісторыкаў Пухавіцкага раёна, якія будуць збі­раць інфармацыю пра ўстановы адукацыі, што існавалі тут у розныя эпохі, але якіх ужо няма, — расказ­вае Сяргей Вінаград. — Будзем шукаць звесткі пра іх кіраўнікоў, розныя ўспаміны, фотаздымкі. У планах — стварыць мемарыяльны комплекс, прысвечаны гэтым установам, каб людзі, якія некалі іх скончылі, маглі прыехаць і пакланіцца памяці сваіх педагогаў. Тэхналогіі сёння даюць шмат магчымасцей: можна ажыўляць фотаздымкі, з дапамогай камп’ютарнай графікі візуалізаваць падзеі. Пры гэтым вялікіх грошай на гэта не патрабуецца, але тыя пазітыўныя эмоцыі, якія людзі ў выніку атрыма­юць, дарагога вартыя.

У нашым раёне захаваўся цесны сімбіёз адукацыі і спорту. На аднаўленне спартыўных аб’ектаў (спартыўных залаў, пляцовак, стадыёнаў) з бюджэту выдзяляюцца значныя сродкі. Так, у гэтым годзе запланавана будаўніцтва стадыёна пры сярэдняй школе № 3 Мар’інай Горкі, дзе яго раней не было.

Яшчэ адзін цікавы праект на базе раёна створаны для будучых сацыяльных педагогаў. Пачнецца ён з навукова-практычнага семінара “Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная падтрымка паспяховас­ці асобы ва ўмовах сучасных выклікаў”. Ідэя праекта — дапамагчы маладым спецыялістам, выпускнікам УВА, удасканаліць свае веды, а педагогам даць магчы­масць абмяняцца вопытам. Яшчэ адна важная мэта — прыцяг­нуць маладых спецыялістаў у раён, заціка­віць іх перспектывай работы на Пухавіччыне.

— Я сам па прафесіі сацыяльны педагог, — гаворыць Сяргей Вінаград. — Ведаю, якая гэта няпростая, эмацыянальна напружаная праца, у тым ліку з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з дзецьмі-­правапарушальнікамі. Мы звязаліся з кафедрай педагогікі і сацыяльных дысцыплін Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, і яе спецыялісты пагадзіліся аказваць нам дапамогу. З часам будзем прыцягваць да праекта і іншыя УВА. Сам праект плануецца рэалізоў­ваць у нашым раёне: з універсітэтаў бу­дуць прыяз­джаць каманды выкладчыкаў і выпускнікоў. Педагогі будуць праводзіць майстар-класы, чытаць лекцыі для калег, а маладыя спецыялісты — працаваць з дзецьмі. На люты ў нас ужо запланаваны форум-тэатр “Вы нічога не разумееце!”, сацыяльна-псіхалагічны трэнінг “Мір. Дружба. Жвачка”, трэнінг “Урокі скалалажання”.

Упраўленне па адукацыі, спорце і турызме таксама плануе распрацаваць шэраг праектаў на тэму геаграфічнага цэнтра Беларусі, якія стануць брэндавымі для Пухавіччыны.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара