Што абумовіла прафесійны выбар і вяртанне на малую радзіму? Вопытам падзяліліся маладыя педагогі з Дуброўна

- 16:02Первое рабочее место

Вікторыю Вароніну і Данілу Міхальчанку, маладых настаўнікаў сярэдняй школы № 1 імя Г.А.Нікандравай, і маладую выхавальніцу дзіцячага сада № 4 Лізавету Дзюбанаву яднае вучоба ў профільным класе, дзе яны зрабілі першыя крокі ў прафесіі. Іх настаўніца Святлана Болахава, дарэчы, таксама тут вучылася, а цяпер выкладае біялогію і вучыць будучых калег асновам педагагічнага майстэрства. Сёлета ў Святланы Ула­дзіміраўны прафесійны юбілей: 30 гадоў работы ў роднай школе. Пытанне да маіх суразмоўнікаў найперш пра выбар прафесіі: што вызначае настаўніцкі шлях?

Святлана Болахава:

Прыродныя схільнасці і нас­таўніцкі прыклад. У мяне былі цудоўныя настаўнікі, але вырашальнай стала бацькоўская парада. Месцам вучобы выбрала Оршу, педвучылі­шча (цяпер Аршанскі каледж ВДУ імя П.М.Машэрава). Пасля вярнулася ў родны край і сваю школу. За шчасце лічыла, што мяне прынялі ў калектыў. Праўда, пэўны час давялося выкладаць рытміку, бо месца настаўніцы пачатковых класаў вызвалілася не адразу. Па другой педагагічнай спецыяльнасці я біёлаг-эколаг, скончыла ВДУ. Вышэйшую адукацыю атрымала завочна, таму што выйшла замуж, гадавала дваіх дзяцей. Відаць, на маю прыхільнасць да біялогіі паўплывала сямейнае выхаванне. Бацька — аграрый, маці — майстар вытворчага навучання, зноў жа з выразнай арыентацыяй на аграрны сектар. І дачка мая — педагог, настаўніца фізічнай культуры і здароўя.

У педагагічным калектыве нас амаль 70 чалавек, і ўсе мы стаім гарой адно за аднаго. Мы сталі першай на Віцебшчыне школай будучыні (быў такі вялікі абласны праект). Асвойвалі незнаёмае сучаснае абсталяванне днямі і начамі. Наша радасная і разам з тым адказная, разважлівая адкры­тасць новаму захавалася ў нас і перадалася вучням. Цяпер ужо яны ў якасці калег вяртаюцца ў школу, прыўносяць новыя павевы.

Гэта таксама цікава — вучыцца ў сваіх вучняў. Яны напаўняюць маё жыццё, не даюць старэць душой.

Мне заўсёды хочацца нешта новае, карыснае знайсці, прачы­таць, паглядзець, каб потым падзяліцца з іншымі. Цікава ўзнімаць на занятках праблемныя пытанні, знаходзіць іх вырашэнне. Люблю, калі дзеці не бяздумна паўтараюць інфармацыю, а ўдумліва яе засвойваюць, аналізуюць, дапаўняюць уласным меркаваннем і могуць яго абгрунтаваць. Родная школа для мяне не проста словы. Яна насамрэч родная, гэта частка майго жыцця.

Лізавета Дзюбанава:

Жывы прыклад настаўнікаў і наш педклас. Педагогаў у маёй сям’і няма, але, калі мне прапанавалі вучыцца ў педагагічным класе, падумала: “Чаму б не?” Мне падабалася выконваць творчыя заданні на занятках, паглыбляцца ў спецыфіку педагагічнай дзейнасці, шукаць дадатковую інфармацыю, уважліва прыслухоўвацца да сябе. Дзякуй усім маім настаўнікам і асабіста Святлане Уладзіміраўне, якія далі нам грунтоўную базавую падрыхтоўку!

Напрамкам выбрала дашкольную адукацыю, бо адчувала, што гэта мне бліжэй. Без цяжкасцей прайшла субяседаванне ў БДПУ. Я не засталася ў Мінску, хаця былі магчымасці. У родным Дуброўне выйшла з дому — і праз некалькі хвілін вось яна, дашкольная ўстанова адукацыі, дзе я працую. Дзіцячы сад № 4 даўно для сябе прыгле­дзела. Зімой, да размеркавання, прыехала сюды, пагаварыла з кіраўніцтвам. Загадчыца Таццяна Мікалаеўна Макаранка цёпла і добразычліва прыняла. Аб сваім выбары ні разу не пашкадавала. У нас вельмі добры, дружны калектыў. Праца­ваць з дзецьмі — сапраўды маё, блізкае сэрцу.

Даніла Міхальчанка:

Сям’я, школа і профільны клас. Я з педагагічнай сям’і, маці — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ў маёй школе. Можна сказаць, дзяцінства я пражыў тут ці не больш, чым дома. Адпаведна, крыху больш за равеснікаў ведаў пра настаўніцкую прафесію. Усё было ўсвядомлена, больш я сябе нідзе не бачыў. Профільны клас, на маю думку, аптымальная пачатковая падрыхтоўка да таго, што чакае будучага педагога ва ўніверсітэце і затым у школе. Дзякуючы педкласу, зразумеў, што такое план-канспект і навошта настаўніку планаванне, як вырашаць праблемы ў класе, выбудоўваць адносіны ў дзіцячым калектыве. Напрыклад, у канфліктнай сітуацыі мала вызначыць вінаватых, трэба знайсці справядлівае рашэнне, якое паслу­жыць урокам для вучняў.

У настаўнікі фізічнай культуры і здароўя пайшоў, бо захапляюся спортам. У школьныя гады гэта была пераважна лёгкая атлетыка. У БДПУ прыярытэты змяніліся ў бок гульнявых відаў спорту, і я стаў кандыдатам у майстры спорту па баскетболе. Лічу, што наша школа ў ліку лепшых, як мінімум у вобласці. Калектыў знаёмы, большасць калег — мае школьныя настаўнікі.

Надзейна і камфортна працаваць з людзьмі, якіх ты добра ведаеш, а яны ведаюць цябе. Узнікла пытанне, і ты не шукаеш, хто можа дапамагчы, а адразу ідзеш да канкрэтнага чалавека, не сумняваючыся, што ён дапаможа.

Сам дапамагаю, чым магу. Што тычыцца адносін з мамай, то мы расставілі прыярытэты: у школе мы адно для аднаго Алеся Аляксееўна і Даніла Аляксандравіч — выключна прафесійны падыход.

Сярод маіх вучняў за першы год работы з’явіліся пераможцы раённых спаборніцтваў і прызёры абласных. Пасля ў мяне быў перапынак на армію, цяпер працягваю весці як урокі, так і дадатковыя заняткі па інтарэсах. Зацікаўленасць спортам у школьнікаў вялікая. Зыходзячы з таго, што мой рабочы графік даволі інтэнсіўны, трэніроўкі праводжу ў вячэрні час. Калі да цябе з 18 да 20 гадзін вечара прыходзяць па 20—25 чалавек, гэта моцна. Разам з тым для мяне як настаўніка падрыхтоўка будучых пераможцаў спартакіяд не з’яўляецца галоўным клопатам. Важней прывіць дзецям навыкі здаровага ладу жыцця, падаць прыклад. Дзень за днём, сістэмна выхоўваць фізічную культуру, каб рэгулярныя заняткі сталі для дзяцей усвядомленай неабходнасцю.

Вікторыя Вароніна:

— Педагагічны клас і мае нас­таўнікі. Шчыра прызнацца, спачатку не адчувала вялікага жадання быць настаўніцай, разглядала гэтую прафесію як варыянт, не больш. Агітацыя за профільны клас спрацавала на ўсе 100. Прыемным бонусам ішлі перавагі пры паступленні ва ўніверсітэт. Далей Святлана Уладзіміраўна з калегамі ўзяліся за справу. І неяк неўпрык­мет для мяне настаўніцкі варыянт будучыні ператварыўся спачатку ў прыярытэтны, потым — у адзіны. Заставалася толькі вызначыцца са спецыялізацыяй.

Настаўнік пачатковых класаў — універсал у сэнсе прадметных напрамкаў. Мне гэта якраз падыходзіла, таму што я актыўны чалавек.

У школе ўдзельнічала ў конкурсах, была старастай класа, займалася ў аб’яднаннях па інтарэсах нашых Дома культуры і Дома рамёстваў.

У ВДУ імя П.М.Машэрава паступіла лёгка. У мяне было вельмі вялікае партфоліа. Гарталі яго ў камісіі, а там — адны граматы. Зараз адчуваю, што многае ўмею і магу. У нашай сям’і я першы педагог. Для мяне арыенцір у прафесіі — мае настаўнікі. У першую чаргу Святлана Уладзіміраўна, першая настаўніца Галіна Леанідаўна Кабуш і класны кіраўнік Святлана Аляксанд­раўна Макарэвіч. Гэтыя людзі заклалі сістэму каардынат для развіцця педагога, якім я сёння з’яўляюся.

Адаптавацца ў школе мне таксама было лёгка. Чаму імкнулася ў Дуб­роўна пасля заканчэння ўніверсітэта? Дома лепш і, калі глядзець у прагматычным ключы, больш рэзерваў. Ёсць жыллё. Чаму накіравалася ў сваю школу? Люб­лю яе. Не сумнявалася, што сюды вярнуся. На выпускным вечары такі момант быў: па традыцыі мы выпусцілі ў неба прыгожыя шары, усе ўзляцелі, а адзін пад­хапіла ветрам. І ён вярнуўся ў будынак, зноў па школе паляцеў. Чамусьці я падумала: “Гэта быў мой”.

***

Святлана Болахава з любоўю ўспамінае і гатова доўга гаварыць пра кожнага з выпускнікоў педкласаў, хто настаўнічае або рых­туецца да гэтага пасля заканчэння ўніверсітэта. Дзесяць з іх паспяхова працуюць ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Дуброўна, Оршы, Віцебска, Полацка і Мінска, двое — у Дубровенскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы і дзіцячым са­дзе райцэнтра, яшчэ адна дзяўчына выдатна праявіла сябе на пасадзе педагога-арганізатара ў сваёй школе і сёння ўзначальвае раённы камітэт БРСМ.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара