Што адбудзецца, калі забраць альбо «адключыць» у народа яго гістарычную памяць, у тым ліку багаты фальклор

- 15:23Новости

Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі пройдзе ў Мінску 18—20 мая пад эгідай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пра ідэю форуму, месца казак і народных традыцый у нашым жыцці ў эпоху ІТ карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыў з вядомай фалькларысткай доктарам навук Таццянай Валодзінай, якая ўваходзіць у аргкамітэт форуму.

З навуковым падыходам

“Што адбудзецца, калі забраць альбо “адключыць” у народа яго гістарычную памяць, у тым ліку і багаты фальклор: песні, замовы, прыказкі, прымаўкі, паданні, казкі? — з нечаканага пытання пачала развагі Таццяна Васільеўна. — Мяркую, культурны калапс ці шок. Вось паспрабуйце зачыс­ціць у камп’ютары дыск, які ўтрымлівае неабходную вам інфармацыю для выканання важнай, тэрміновай работы. Ну а тое, што ў кожнага народа ёсць свая работа, свой участак для працы ў праяўленым свеце (ёсць і свет нябачны), прымем як аксіёму. Ці як догму. Як фундаментальную ўмову існавання народа. Зберагаючы духоўную спадчыну, мы зберагаем і народ як непаўторную супольнасць людзей. А ідэя правядзення Міжнароднага форуму даследчыкаў беларускай казкі (МФДБК) узнікла з жадання зберагчы гэты важны складнік духоўнай спадчыны беларусаў: з належнай павагай, з навуковым падыходам. І як мы тое зробім — вельмі важна”.

Сёння, у пару інфавыбуху, актыўнага выкарыстання ІТ-тэхналогій для пашырэння самых розных ідэалогій, светапоглядных матрыц, не толькі навукоўцы заклапочаны тым, каб прадоўжыць трансляцыю наступным пакаленням духоўнай спадчыны свайго народа. Прыгадваю, што ў 90-я гады на радыё меў непасрэднае дачыненне да праекта радыёжурналісткі Святланы  Вавілавай “Казкі — мудрыя падказкі”. Перадача выходзіла раз на месяц. Шмат казак для дзяцей агучвала тады артыстка Тэатра юнага гледача Галіна Кухальская. А Таццяна Валодзіна звяртае ўвагу, што калі браць шырэй, то трансляцыя адбываецца і праз народныя святы, абрады, якія ў розных месцах зберагаюцца і праводзяцца, і праз публічную, сцэнічную дзейнасць розных калектываў, якія выконваюць узоры народнай творчасці.

“Без гэтага, без пераемнасці традыцый, а тым больш пры іх няўмелай нібы адаптацыі да сённяшняй рэальнасці спадчына губляецца. Ёсць, напрыклад, у некаторых творцаў “спакуса крэатыўнасці”, калі ў жаданні быць арыгінальнымі народныя песні перапяваюцца так, што крупінка якая ад арыгінала застаецца. І наватворы падаюцца за народныя… Цяпер мы выкарыстоўваем апрабаваны ўжо ва ўсім свеце механізм зберажэння-трансляцыі таго, што назбірана народам: мы надаём статус матэрыяльнай духоўнай каштоўнасці некаторым з’явам, рэчам, рамёствам. Ушаноўваем, напрыклад, шапавалаў на Дрыбіншчыне ды ў іншых месцах. Тэхналогія спіральнага пляцення, пашыраная на Віцебшчыне, у 2020 годзе была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. У шэрагу раёнаў краіны па рашэнні Рэспубліканскага навукова-метадычнага савета пры Мінкультуры такі ж статус нададзены дранікам, традыцыйным тэхналогіям стварэння гліняных вырабаў… І наш казачны форум — гэта прадаўжэнне ў іншай сферы надзвычай актуальнай сёння ідэі трансляцыі”, — адзначыла Таццяна Васільеўна.

Сістэмны, прадуманы, навуковы падыход у “казачнай” справе — запатрабаваны. Дзе ёсць пашырэнне спадчыны (праз стварэнне дамоў рамёстваў, цэнтраў народнай творчасці і г.д.), там патрэбны і рэкамендацыі навукоўцаў, дасведчаных у той або іншай тэме. Вядома ж, запісваючы, фіксуючы казкі, што жывуць у народзе, як і запрашаючы на форумы носьбітаў народнай казкі, навукоўцы працэсу трансляцыі спрыяюць.

Мы гатовы падтрымаць стварэнне ў школах краіны, у пазашкольных установах, бібліятэках клубаў сяброў беларускіх казак.

“Мы нашу культурную, асветніцкую ніву новым, але ж нашым родным зернем нанова засяваем, — прадоўжыла Таццяна Валодзіна. — Калі казаць мовай навуковай, то ўключаем духоўную спадчыну народа ў сённяшні культуразварот. Гэта, між іншым, вельмі далікатная сфера нацыянальнай культуры! Дарэчы, і абрад пачатку сяўбы — засеўкі — у беларусаў раней быў строга рэгламентаваны, меў шэраг тонкасцей і адметнасцей. І запуск у “новы севазварот” нашых культурных кодаў (менавіта пра іх зберажэнне ідзе гаворка) патрабуе асаблівай увагі. Мне, дарэчы, на гэтую тэму давялося рабіць даклад у 2015 годзе на пасяджэнні Прэзідыума НАН Беларусі. У ліку іншых “казусаў” пры трансляцыі народных традыцый я адзначала тое, што жывое, важкае зерне самой традыцыі іншым разам падменьваецца нейкім, скажам так, пустазеллем і засяваецца ў масавай свядомасці. Вось нібыта рупліўцы-зберагальнікі народных свят, абрадаў паказваюць, як яны тое робяць, вось здымаецца тэлесюжэт, фільм — і мы бачым на экране, што жанчыны, дзяўчаты носяць на галаве нейкія вянкі папяровыя, нейкія рэзаныя кветкі… Чаму так? Каму патрэбны “кічавасць” і такая непавага да духу традыцый? І гэта пры тым, што і традыцыйныя галаўныя ўборы ў нас добра вывучаны, і народнае ткацтва ў нас пакуль што жыве. Майстрыхі нашы ўмеюць ткаць розныя рэчы: паясы, наміткі, ручнікі…”

Тут будзе дарэчы згадаць знакамітыя радкі Максіма Багдановіча: “Хоць зернейкі засохлымі былі, // Ды ўсё ж такі жыццёвая іх сіла // Збудзілася і буйна ўскаласіла // Парой вясенняй збожжа на раллі”. Гэтаксама і з казкамі, з рамёствамі ў народзе: яны не змярцвелі, маюць прыхаваную сілу. Як спатрэбіцца, то “ўваскрэснуць” да жыцця. Таццяна Валодзіна прыгадвае, як у 90-я, калі быў крызіс і некаторых тавараў не хапала ў магазінах, то ў глыбінцы, асабліва ў заходніх рэгіёнах Беларусі, жанчыны дасталі старыя кросны ды паставілі ў хатах.

“Ведаю, што ў Пас­таўскім раёне ткалі пос­цілкі, дываны ў клетку, якія паспяхова збываліся ў краінах Прыбалтыкі. Да таго ж і вядомыя мотальскія кажухі карысталіся попытам: кушнеры да рамяства зноў вярнуліся”, — зазначыла Таццяна Ва­сільеўна.

Яна таксама выказала меркаванне, што, магчыма, каралева-італьянка Бона Сфорца завезла ў свой час на Палессе майстроў-рамеснікаў з Італіі, а яны сакрэты работы са скурамі перадалі палешукам.

Але ж пакінем тыя здагадкі ды вернемся да казак, важ­насць трансляцыі якіх у наш час відавочная. Чаму б даследчыкам казак ра­зам з Мінадукацыі не правесці ўсебеларускі конкурс на лепшага школьніка-выканаўцу казак. Дарэчы, мала хто ведае ў Беларусі пра суай­чынніка Піліпа Гаспадарова, які родам з вёскі Забаб’е Буда-Кашалёўскага раёна. Жывучы ў Карэліі, каваль-асілак праславіўся менавіта ў мастацтве баяць казкі: у 1941 годзе выйшаў зборнік “Сказки Ф.П.Гос­подарева”, у якім больш за 600 старонак! Звыш 100 казак запісаў ад яго малады фалькларыст Мікалай Новікаў з Ленінграда. Пра гэта, дарэчы, карэльская фалькларыстка Настасся Лызлова рабіла даклады на папярэдніх казачных форумах. На мае развагі Таццяна Васільеўна заўважыла, што якраз падчас папярэдняга форуму яго арганізатары ініцыіравалі конкурс юнага апавядальніка. Праводзіцца ён і сёлета: пра гэта мы ўжо пісалі.

“Каб дзецям было больш цікава, запусцілі конкурс “падвязаным” да сацсетак у інтэрнэце. Дзе ёсць школьнікі, дзе яны “ся­дзяць”, там і прайшла інфармацыя. Дзякуючы пэўным тэгам, мы сабралі відэасюжэты, і аказалася, што прадстаўлены розныя рэгіёны, практычна ўся Беларусь. Найбольш паступае сюжэтаў, якія зроблены пры падтрымцы настаўнікаў ці кіраўнікоў па пазакласнай рабоце. І ўклад педагогаў у справу трансляцыі духоўнай спадчыны неацэнны. Мяркую, нам і далей варта працаваць у цесным кантакце. Мы гатовы падтрымаць стварэнне ў школах краіны, у пазашкольных установах, бібліятэках клубаў сяброў беларускіх казак, больш цесна супрацоўнічаць у гэтым плане з Міністэрствам адукацыі”, — падсумавала Таццяна Васільеўна.

Веды на ўсе часы

Не сакрэт: менавіта дарослым пад сілу зацікавіць дзяцей казачнай спадчынай. Прычым звядзенне казкі да дзіцячай забаўкі ёсць яўнае неразуменне яе сутнасці, выхалошчванне глыбінных сэнсаў. Бо казка — найперш дарослым падказка: у ёй закадзіраваны невідавочныя, але надчасавыя веды, на ўсе часы, а дзеці розумам успрымаюць пераважна павярхоўны, сюжэтны пласт інфармацыі. Хоць, вядома ж, падсвядомасць на казачную муд­расць таксама рэагуе адпаведным чынам.

Рыхтуючы артыкул, я знайшоў у інтэрнэце звесткі пра цэлую беларуска-сібірс­кую дынастыю Мацюковых-Малахавых (нашы суайчыннікі жывуць і цяпер у Омс­кай вобласці Расіі), у якой ажно 9 казачнікаў! У тэксце навукоўца Алены Салаўё­вай, якая таксама выступала на казачным форуме ў Мінску, у дэталях паказана, як дарослыя казачнікі скіроўваюць дзяцей, унукаў на зберажэнне традыцый, а не адвольнае пераказванне сюжэтаў. Таццяна Валодзіна, згадваючы ранейшыя конкурсы, адзначыла: “Падтрымка творчых намаганняў дзяцей з боку дарослых дае найлепшы плён. Зрэшты, калі ёсць шчырасць і непасрэд­насць у выканальніцкай манеры юнага казачніка, то гэта самае галоўнае, і аздабленне іншае не патрэбна. Чалавеку цікавы найперш чалавек. Мы ўхваляем не сцэнічнае, а максімальна простае, аўтэнтычнае выкананне. Падво­дзіць вынікі было страшэнна цяжка: у конкурсе прымалі ўдзел каля 100 юных казачнікаў, ролікі ў большасці сваёй адпавядалі народнай традыцыі. Сёлетні конкурс яшчэ прадаўжаецца. Падвядзём вынікі, уручым сувеніры ўдзель­нікам і прызы пераможцам. Дарэчы, я неаднаразова была старшынёй журы, калі ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” (Кастрычніцкі раён Мінска) праходзіў конкурс апавядальнікаў беларускай народнай прозы “Кацігарошак”. Цэлы дзень сядзела ў журы — і не стамлялася, бо гэта ж такая радасць — слухаць беларускія казкі на роднай мове”.

Форум ужо хутка. Спадзяёмся, нашы чытачы будуць сачыць за яго ходам па публікацыях у СМІ. Прадстаўнікоў “Настаўніцкай” арганізатары таксама запрасілі асвятляць мерапрыемства. Таму, перафразуючы знакаміты казачны выраз “І я там быў”, дзелімся з вамі сваімі планамі: і мы там будзем!

Іван ЖДАНОВІЧ