Што агульнага ў Мікалая Баскава і настаўніка? Даведаліся падчас фестывалю «PROшколу» ў Ленінскім раёне Мінска

- 16:02Новости

Ці ведаеце вы, для каго гучыць званок з урока або што агульнага ў Мікалая Баскава і настаўніка? А навучэнцы 9—11 педкласаў і маладыя настаўнікі Ленінскага раёна Мінска, якіх сабраў першы раённы фестываль“PROшколу”, пра педагагічную прафесію ведаюць усё і нават больш. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мерапрыемства прайшло на базе сярэдняй школы № 134 імя Т.С.Марыненка пад дэвізам “З педагагічнага класа — у класныя педагогі!”, бо ўсіх яго ўдзельнікаў аб’ядноўвае ціка­васць да педагагічнай прафесіі. Дзевяцікласнікі стаяць на парозе прафесійнага выбару, знаходзяцца ў пошуках сябе, разглядаюць магчымасці сваёй рэалізацыі ў прафесіі. Навучэнцы 10-х класаў ужо зрабілі свой прафесійны выбар і знаходзяцца на стадыі пазнання і развіцця сваіх здольнасцей. А сёлетнія выпускнікі свядома пераступаюць школьны парог і накіроўваюцца ў захапляльнае падарожжа — асваенне прафесіі настаўніка.

— Ідэя правядзення раённага фестывалю належыць сярэдняй школе № 134. Важна, каб вучні педкласаў і маладыя настаўнікі ведалі адно аднаго, сябравалі і каб гэтае сяброўства выходзіла далёка за межы ўстаноў адукацыі, — адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі Ленінскага раёна Наталля Кучынская. — Развіццё сеткі педагагічных класаў і павелічэнне колькасці дзяцей, матываваных на атрыманне педагагічнай прафесіі, з’яўляецца для раёна прыярытэтным напрамкам. Сёлета мы стварылі прафесійны кластар, сутнасць якога ў тым, што мы ўзгадоў­ваем матываваных дзяцей у педагагічных класах сваіх устаноў адукацыі. З вучнямі педкласаў і маладымі педагогамі першага года работы працуе сярэдняя школа № 134, з маладымі педагогамі другога года работы — гімназія № 28, дзе для іх штомесяц праводзяцца майстар-класы і розныя інтэрактыўныя заняткі (дарэчы, апошнія прайшлі на базе раённага ­ЦКРНіР), а з педагогамі трэцяга года работы працуе сярэдняя школа № 54.

Будзем спадзявацца, што фестываль стане добрай традыцыяй, надасць новы імпульс сяброўству, супрацоўніцтву, развіццю.

Удзельнікам мерапрыемства давялося прайсці праз некалькі конкурсных выпрабаванняў. Яны прадставілі свае ўстановы адукацыі, бачанне настаўніцкай прафесіі ў візітоўцы “Педклас — гэта клас!”. Ярка, цікава, відовішчна, з вакальнымі і танцавальнымі нумарамі, лірычнымі мініяцюрамі, жартамі педкласаўцы зарадзілі гледачоў станоўчымі эмоцыя­мі, энергіяй, пазітывам. Другое конкурснае выпрабаванне было дыферэнцыраваным: дзевяцікласнікі прадэманстравалі свае здольнасці ў конкурсе гістарычных фотаздымкаў “Героі нягучных прафесій”, дзе расказалі пра педагогаў — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Таццяна Марыненка, Іван Марчонак, Эдуард Валасевіч, Уладзімір Парахневіч і многія іншыя знаёмыя і незнаёмыя прозвішчы настаўнікаў адкрылі для сябе прысутныя. Дзесяцікласнікі прынялі ўдзел у конкурсе “Тэхналогіі, якія нас натхняюць”, дзе паказалі фрагменты ўрокаў з выкарыстаннем сучасных метадаў і прыёмаў навучання. Сярод іх — метад “Шэсць капелюшоў”, метад скарбонкі, інтэ­лект-карты, тэхналогія калектыўнай мысля­дзейнасці і інш. Адзінаццацікласнікі праявілі свае веды і кемлі­васць у знахо­джанні выйсця са складанай педагагічнай сітуацыі ў конкурсе “Сапраўдныя супергероі плашчоў не носяць”. Напрыклад, навучэнцам прапаноўвалася наступная сітуацыя: “Па класе перадаецца запіска. Вучні моўчкі чытаюць яе, глядзяць на столь і хіхікаюць, пасля чаго перада­юць запіску далей. Настаўнік забірае запіску, разгортвае яе і бачыць надпіс “Паглядзі на столь”. Ён глядзіць на столь. У гэты час у класе раздаецца гучны рогат. Настаўнік выходзіць з сябе. Ён імкнецца даведацца, хто быў ініцыятарам ідэі, сварыцца, пагражае паста­віць дрэнныя адзнакі і выклікаць бацькоў у школу. А як зрабілі б вы?” Школьнікі паспяхова справіліся з гэтай сітуацыяй, сказаўшы, што настаўнік павінен паводзіць сябе спакойна, разважліва, магчыма, нават пасмяяцца разам з вучнямі, а потым патлума­чыць, што ўрок прызначаны для атрымання новых ведаў.

У выніку дыпломам за перамогу ў конкурсе “Тэхналогіі, якія нас натхняюць” узнагароджана сярэдняя школа № 54, у конкурсе “Героі нягучных прафесій” — сярэдняя школа № 134, у конкурсе “Сапраўдныя супергероі плашчоў не носяць” — сярэдняя школа № 4. Лепшай візітоўкай прызнана візітоўка сярэдняй школы № 54.

Пераможцай фестывалю стала сярэдняя школа № 54, 2-е месца заняла сярэдняя школа № 134, 3-е месца — сярэдняя школа № 224.

— Цудоўна, што столькі маладых, таленавітых вучняў ужо выбралі ў якасці сферы сваіх інтарэсаў і, спадзяюся, будучай спецыяльнасці лепшую прафесію на Зямлі, — гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 134 імя Т.С.Марыненка Юлія Кулакоўская. — Нашым фестывалем мы ствараем успаміны — школьныя, цёплыя, добрыя, якія ў далейшым дарослыя людзі будуць успрымаць як штосьці яркае і незабыўнае.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара