Што дапамагае фарміраваць гарманічную асобу дашкольніка, даведаліся ў дзіцячым садзе № 1 Слоніма

- 15:23Пресс-тур «Настаўніцкай»

Сярод будынкаў у новым мікрараёне Слоніма здалёк вылучаецца адзін, да якога кожную раніцу спяшаюцца мамы з татамі і дзеці. Гэта дзіцячы сад № 1, які быў адкрыты напрыканцы мінулай восені. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На прыкладзе дарослых

Дзіцячы сад № 1 Слоніма разлічаны на 190 месцаў. У ім працуюць 10 груп, 3 з якіх ясельныя.

“У нашым садзе ёсць усё неабходнае для рознабаковага развіцця дашкольнікаў, — запэўніла загадчыца дзіцячага сада Галіна Трубіла. — Кабінеты яшчэ дапаўняюцца дадатковым абсталяваннем, але і тыя дыдактычныя матэрыялы, якія ў нас ёсць, дазваляюць праводзіць заняткі на высокім узроўні”.

У дашкольнай установе з дня адкрыцця працуюць басейн, камп’ютарны і музычны класы, а таксама спартыўная зала. На кожным паверсе сцены маюць тэматычнае афармленне, а на калідорах абсталяваны пляцоўкі для навучання гульням у шашкі і шахматы.

“Мы не толькі імкнёмся да таго, каб інтэлектуальна разві­ваць малышоў, але і стараемся прывіваць ім навыкі здаровага ладу жыцця, — сказала Галіна Трубіла. — Менавіта таму ў двары размясціліся пляцоўкі для гульні ў баскетбол, валейбол. Таксама ў нас ёсць шматфункцыянальная пляцоўка для вывучэння правіл дарожнага руху”.

Стварэнне развіццёвага асяроддзя ва ўстанове дапамагае выхавальнікам забяспечваць гарманічнае развіццё малышоў, падтрымліваць станоўчую эмацыя­нальную атмасферу ў групах. Усе кабінеты аснашчаны вялікай колькасцю цацак, якія падбіраліся згодна з узростам малых. Выхаванцы імкнуцца да самастойнасці, пераймаюць паводзіны і звычкі дарослых, таму ў кожнай групе створаны разнастайныя сюжэтна-ролевыя гульні і неабходнае прадметна-развіццёвае асяроддзе. Фарміраваць гарманічную асобу дашкольніка дапамагаюць у тым ліку настольныя гульні, менавіта таму педагогі дзіцячага сада актыўна далуча­юць дзетак да гэтай захапляльнай
дзейнасці.

Урок-тэатр

Адметным па сваім напаўненні з’яўляецца пакой патрыятычнага выхавання. У ім дашкольнікі далучаюцца да культурных каштоўнасцей і традыцый беларускага народа, вывучаюць звычаі беларусаў, даведваюцца пра гісторыю роднага горада і краіны.

Вялікае значэнне ў развіцці дзяцей педагогі дзіцячага сада надаюць LEGO-тэхналогіям. Прымяненне канструктара ў вучэбным працэсе дапамагае выхавальнікам праводзіць карэкцыю з максімальным псіхалагічным і эмацыянальным камфортам. Дзякуючы LEGO, работа з дашкольнікамі становіцца больш дзейснай.

“Створаныя канструкцыі з LEGO можна выкарыстоўваць у гульнях-тэатралізацыях, у якіх змест, ролі, гульнявыя дзеянні абумоўлены сюжэтам таго ці іншага літаратурнага твора або казкі”, — дадае Г.Трубіла.

Акрамя заняткаў з LEGO, дзеці любяць фізкультуру. Яшчэ на этапе будаўніцтва новага сада планавалася, што і на вуліцы, і ў самім будынку для заняткаў спортам будзе выдзелена вялікая прастора. Дарэчы, ідэі, як гэта ўвасо­біць на практыцы, загадчыца ўстановы запазычыла ва ўстановах дашкольнай адукацыі Мінскай вобласці. Галіну Аляксееўну вельмі натхніў прыклад дзіцячага сада № 6 Фаніпаля.

“Я ездзіла і глядзела, якімі на Міншчыне атрымаліся новыя дзіцячыя сады, якая ў іх матэрыяльна-тэхнічная база”, — дзеліцца вопытам педагог.

Дзякуючы ўдаламу падыходу, сёння на тэрыторыі сада знахо­дзяцца гульнявыя і фізкультурная пляцоўкі, а сучасная спартыўная зала абсталявана мноствам неабходных трэнажораў, інвентаром. Вельмі любяць дзеці і заняткі ў басейне, дзе іх вучаць плаваць. Тэмпература вады ў ім адпавядае нормам і складае +30 °С.

“У нас многа інтэрактыўных развіццёвых пляцовак, і я ўпэўнена, што, працуючы на іх, нам удасца падрыхтаваць дзетак для далейшага навучання ў школе, зрабіць малышоў пісьмен­нымі, інтэлектуальна і фізічна развітымі”, — падкрэсліла Г.Трубіла.

 Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА