ШТО НІ КРАЙ, ТО неЗВЫЧАЙны праект

- 15:21Краязнаўства, Рознае

На мінулым тыдні знакаміты залескі музей-сядзіба М.К.Агінскага, а таксама гімназія Смаргоні ласкава сустракалі ўдзельнікаў Рэспубліканскага краязнаўчага форуму педагагічных работнікаў. Дэлегаты з усіх рэгіёнаў краіны сабраліся для абмену вопытам вывучэння роднага краю, абмеркавання асаблівасцей выкарыстання рэгіянальнай адукацыйнай прасторы для грамадзянска-патрыятычнага выхавання асобы.

Рэспубліканскі краязнаўчы форум — гэта, па сутнасці, традыцыйныя рэспубліканскія краязнаўчыя чытанні, якія сёлета праводзіліся ў новым фармаце, сталі больш маштабным мерапрыемствам як па колькасці ўдзельнікаў, так і па насычанасці праграмы. Цяпер гэта не толькі краязнаўчыя даклады, але і майстар-класы (напрыклад, інтэрактыўная трэнінг-экскурсія ад супрацоўнікаў залескага музея-сядзібы), і элементы семінара па музейнай педагогіцы (абмеркаванні сумесна з супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь актуальных пытанняў развіцця школьнай музейнай справы), і круглы стол па тэме “Выкарыстанне рэгіянальнай адукацыйнай прасторы для грамадзянска-патрыятычнага выхавання асобы”, і грамадзянска-патрыятычная акцыя на мемарыяльным комплексе па лініі супрацьстаяння ў гады Першай сусветнай вайны.

Смаргоншчына нездарма была выбрана месцам правядзення першага Рэспубліканскага краязнаўчага форуму. Як паведаміў намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзь Паўлавіч Бычко, гэта цудоўная і непаўторная зямля са шматвяковай гісторыяй, слаўнымі баявымі і працоўнымі дасягненнямі. Спакон веку тут жывуць прыгожыя душой і справамі людзі, шчырыя, сціплыя, працавітыя, шчодрыя і таленавітыя. Гэты край славіцца многімі вядомымі дзеячамі культуры, навукі, палітыкамі, пісьменнікамі, асветнікамі, ваеннымі. Іх нашчадкі, нашы сучаснікі, беражліва захоўваюць і прымнажаюць матэрыяльную і духоўную спадчыну роднага краю. Важнае месца ў выхаваўчай прасторы раёна належыць краязнаўчай дзейнасці. Шэраг устаноў адукацыі з’яўляюцца апорнымі ў краязнаўчым напрамку (напрыклад, Крэўскі яслі-сад — сярэдняя школа, гімназія Смаргоні, сярэдняя школа № 7 Смаргоні, Жодзішкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа). У раёне дзейнічае 14 музеяў устаноў адукацыі і 3 музейныя пакоі. Плённа працуе раённая школа экскурсаводаў, развіта пошукавая работа.
Установы адукацыі Смаргоншчыны выдатна выконваюць адну з прыярытэтных задач сістэмы адукацыі краіны: выхаванне маладога пакалення, якое любіць сваю зямлю, малую радзіму. “Так, нам патрэбны прафесіяналы ў розных галінах, нам патрэбны таленавітыя, творчыя маладыя людзі, але ў першую чаргу нам патрэбны тыя, хто любіць Бацькаўшчыну. І краязнаўства, калі яго правільна выкарыстоўваць, мае велізарны рэсурс выхавання падрастаючага пакалення”, — адзначыла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч.

Паспяховае фарміраванне грамадзяніна і патрыёта магчыма толькі праз сістэмнасць выхаваўчай работы. Як паведаміў дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства Андрэй Юр’евіч Лунін, ва ўстановах дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю рэгіёна ў аснову такога сістэмнага падыходу пакладзены метад праектнай дзейнасці. Так, у ходзе абласнога мегапраекта “Патрыятычны марафон сацыяльна значных спраў “Паклонімся вялікім тым гадам” з 2011 па 2015 год рэалізавана 27 сацыяльна значных праектаў. На ўдасканаленне сістэмы грамадзянска-патрыятычнага выхавання накіраваны і абласны мегапраект “Жывём і памятаем”, прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі. Праект будзе рэалізоўвацца на працягу 2016—2020 гадоў. 14 гадоў дзейнічае абласны адукацыйна-краязнаўчы праект “Галасы гісторыі”, які рэалізуецца сумесна з упраўленнем культуры аблвыканкама. З гэтага навучальнага года пачалася рэалізацыя абласнога адукацыйна-краязнаўчага праекта “Гродзеншчына ў люстэрку эпох”.

— На пашырэнне кругагляду вучняў, знаёмства з гістарычнымі і культурнымі традыцыямі раёнаў Гродзеншчыны накіраваны турыстычна-краязнаўчы праект “Запрашаем у госці да нас”, які рэалізуецца з 2014 года ў рамках летніх аздараўленчых профільных лагераў і аб’ядноўвае ўсе ўстановы дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю вобласці. У рамках праекта распрацавана больш за 200 экскурсійных і турыстычных маршрутаў для навучэнцаў, а таксама для сямейнага адпачынку, выдадзены адпаведныя каталогі. З мэтай удасканалення ўзаемадзеяння паміж музеямі ўстаноў адукацыі вобласці распрацаваны і паспяхова рэалізуецца праект “Музей — пляцоўка ідэй”. Новай формай музейнай педагогікі на ўзроўні рэгіёна можна лічыць абласны праект “Злёт саветаў народных музеяў”, які ў мінулым годзе праводзіўся ўжо трэці раз. З 2014 года сумесна з навукоўцамі-краязнаўцамі, выкладчыкамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў рамках праекта “Край Гарадзенскі” право-дзіцца аднайменная абласная краязнаўчая канферэнцыя. 16 красавіка на гэтай пляцоўцы выступілі са сваімі даследаваннямі больш за 200 вучняў у 24 тэматычных секцыях, — паведаміў Андрэй Юр’евіч.

Няцяжка здагадацца, што па колькасці краязнаўчых праектаў Гродзенская вобласць з’яўляецца ў краіне абсалютным лідарам. Наогул, праектная дзейнасць — модная тэндэнцыя ў айчыннай сістэме адукацыі, у тым ліку і ў краязнаўчай рабоце. У дачыненні да Рэспубліканскага краязнаўчага форуму знакамітае выслоўе “што ні край, то звычай” можна перафразаваць наступным чынам: “што ні край, то незвычайны праект”. Прычым праект адметны, характэрны толькі для гэтага рэгіёна. Возьмем для прыкладу Гомельшчыну. Гэта адзін з найбольш пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС рэгіёнаў. Пра асаблівасці вывучэння роднага краю педагогамі і вучнямі вобласці першай расказала загадчык кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар гістарычных навук, прафесар Марыя Аркадзьеўна Бяспалая.

— Мне вельмі цікава пазнаёміцца з педагогам дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 2 Нароўлі Васілём Васільевічам Чайкай, які падрыхтаваў для нашай кафедры свайго былога вучня. Юнак скончыў магістратуру і 14 красавіка абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме музеефікацыі артэфактаў чарнобыльскай зоны. Гэта першая дысертацыя ў краіне ў краязнаўча-музейнай галіне, прысвечаная праблеме Чарнобыля. Вялікі вам дзякуй. Дзякуй і кіраўніку народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Невычэрпная крыніца гісторыі” гімназіі № 25 Мінска Аліне Казіміраўне Пахвалёнай. Яе вучань будзе паступаць на нашу кафедру. Вось гэта і ёсць сапраўдная прафарыентацыя. Здорава, што ў нас наладжаны такія сувязі. Трэба, каб гэтыя сувязі пашыраліся, каб супрацоўніцтва было яшчэ больш цесным, — адзначыла Марыя Аркадзьеўна.

Не сакрэт, што ў турыстычным плане ў многіх раёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, склаўся адмоўны імідж. “Фарміраванне іміджу Чэрыкаўскага раёна як пляцоўкі для ўстойлівага развіцця турызму” — пад такім дэвізам настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 1 Чэрыкава Васіль Сцяфанавіч Максіменка рэалізуе праект, які з’яўляецца своеасаблівым сінтэзам розных кірункаў краязнаўчай работы. Асаблівую актуальнасць праект набывае ў рамках выканання загада кіраўніка дзяржавы аб стымуляванні ўстойлівага развіцця паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці, у якім гаворыцца і пра развіццё турызму.

Развіццё айчыннага турызму — адна з актуальных для нашага грамадства тэм-доўгажыхароў. Пра яе гаварылі яшчэ ў савецкія часы, гаварылі і ў ліхія, але поўныя надзей і спадзяванняў 90-я. Гавораць і ў пачатку ХХІ стагоддзя. Нехта гаворыць, а нехта робіць канкрэтныя справы. Да другой катэгорыі людзей якраз і адносяцца ўдзельнікі краязнаўчага форуму. Адны, як, напрыклад, Васіль Васільевіч Чайка, ствараюць адметныя сваёй тэматыкай школьныя музеі, у якія не сорамна запрасіць і замежных гасцей (дарэчы, на нядаўнім Рэспубліканскім музейным семінары ў Міры на распрацоўцы школьнымі музеямі экскурсій на замежных мовах засяроджвалася асаблівая ўвага), а нехта, як кіраўнік сямейна-краязнаўчага клуба “Радавод” Капаткевіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна Надзея Адамаўна Сігай, закладвае аснову развіцця сямейнага турызму (наведванне нашчадкамі родных мясцін сваіх продкаў).

— Наш клуб аб’ядноўвае выхаванцаў, якія звязаны паміж сабой роднаснымі сувязямі. Гэта родныя, стрыечныя ці траюрадныя браты і сёстры. У нашай школе наладжана і падтрымліваецца пастаянная сувязь, сувязь асобы і сям’і, сувязь сям’і і населенага пункта або прадпрыемства, сувязь прадпрыемства і малой радзімы. Яшчэ адзін від сувязі — гэта сувязь са сваёй мэтавай аўдыторыяй. Гэтую сувязь нашы настаўнікі падтрымліваюць з вучнямі праз інтэрактыўныя формы работы. Гэта, напрыклад, “Жывая скульп-тура”, “Жывая скульптура ў руху”, якія своеасаблівым чынам ажыўляюць музейную экспазіцыю. Падчас “Ажыўшай фотакарткі” дзеці фатаграфуюцца ў такой жа паставе, як вядомы чалавек або прадстаўнік пэўнай эпохі са старога фотаздымка. Не абавязкова прытрымлівацца вопраткі, галоўнае — адпаведнасць погляду і постаці. Яшчэ адна форма — гэта “Спрэчнае сцвярджэнне”, калі, напрыклад, тром вучням трэба вызначыць з трох прапанаваных варыянтаў, што такое пранік. Яшчэ адна форма — гэта “Інтэрактыўны тэатр” — група, якая выконвае пэўнае дзеянне з удзелам гледачоў. Напрыканцы нашых гульняў-заняткаў мы заўсёды робім вузельчык або павуцінку на памяць, на моцныя сямейныя сувязі, — паведаміла Надзея Адамаўна.

Адным з перспектыўных кірункаў развіцця айчыннага турызму, безумоўна, з’яўляецца ваенны. Пераканацца ў гэтым можна на прыкладзе пошукавай дзейнасці многіх педагогаў-краязнаўцаў. Хаця лепш сказаць так: на прыкладзе дзейнасці кожнага педагога-краязнаўца, бо няма такіх настаўнікаў, якія падчас вывучэння мінулага роднага краю абмінулі б тэму вайны. Цікавіцца ваеннай гісторыяй можна па-рознаму. Можна, напрыклад, як настаўніца гісторыі Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Ірына Іосіфаўна Дубейка, вывучаючы малавядомыя старонкі Першай сусветнай вайны. Можна, як кіраўнік музея сярэдняй школы № 2 Мінска Таццяна Уладзіміраўна Булдава, падчас добраўпарадкавання магіл і месцаў знішчэння беларускіх сялян падчас Вялікай Айчыннай вайны. Можна яшчэ і, як педагог дадатковай адукацыі Асіповіцкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Андрэй Міхайлавіч Торбін, падчас правядзення ваенна-гістарычных рэканструкцый.

Калі для педагогаў Рэспубліканскі краязнаўчы форум стаў выдатнай пляцоўкай для абмену вопытам работы, то для нас, журналістаў, гэта была выдатная пляцоўка для пошуку новых тэм і герояў будучых матэрыялаў. Толькі і рабі, што ўключай дыктафон і запісвай цікавыя аповеды пра рэгіянальны вопыт грамадзянска-патрыятычнага выхавання асобы. Не ўсё, што запісаў дыктафон на Смаргоншчыне, змясцілася ў гэтым нумары “Настаўніцкай газеты”, таму працяг абавязкова будзе.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.