Што новага адбудзецца ў Вілейскім раёне да 1 верасня?

- 13:06Планерка

Пра капрамонт у Ільянскай сярэдняй школе імя А.А. Грымаця, адкрыццё раённага ваенна-патрыятычнага клуба, прызначэнне новага дырэктара Вілейскай гімназіі № 1 «Логас» і прыбыццё ў раён 13 маладых спецыялістаў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Вілейскага райвыканкама Вольга Артышэвіч.

Фота з архіва ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Вілейскага райвыканкама

У рамках падрыхтоўкі да новага навучальнага года значнымі работамі ў раёне ахоплена каля 15 устаноў адукацыі. Тут праходзяць бягучыя рамонты дахаў, фасадныя работы, добраўпарадкаванне тэрыторыі, замена і рамонт асфальтавага пакрыцця і г. д. На гэта накіраваны сродкі як з абласнога, так і з раённага бюджэту, — адзначыла суразмоўніца. — Пад капітальны рамонт сёлета трапіла Ільянская сярэдняя школа імя А.А. Грымаця, дзе вучыцца каля 160 дзяцей. На гэта з абласнога бюджэту выдзелена больш за 1 млн рублёў. Будынак установы меў патрэбу ў цепларэнавацыі, дахавых работах, рамонце фасада, сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, харчаблока, замене асвятлення. У аграгарадку Ілья сёлета пройдуць раённыя «Дажынкі».

Якасць адукацыі

Да работы ў школах і садах раёна з 1 верасня прыступяць 13 маладых спецыялістаў, сярод іх 4 мэтавікі. Сёлета 9 вучняў з раёна паступілі па мэтавых накіраваннях на педагагічныя спецыяльнасці (летась — 6).

У гэтым годзе мы плануем стварыць раённы ваенна-патрыятычны клуб на базе сярэдняй школы № 3 Вілейкі імя В.Л. Сасонкі ў супрацоўніцтве з РАНС, — працягнула В. Артышэвіч. — Што тычыцца вучэбнага працэсу, то ў планах работа над паляпшэннем вынікаў вучняў у алімпіядным і конкурсным руху, пашырэнне сеткі профільных класаў прафесійнай накіраванасці, павышэнне іх эфектыўнасці, што праяўляецца ў імкненні выпускнікоў паступаць па выбраным профілі.

Добрыя паказчыкі па рабоце з адоранымі з году ў год дэманструюць у Вілейскай гімназіі № 2, дзе ў 2023—2024 навучальным годзе было тры пераможцы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, працоўным навучанні, фізічнай культуры і здароўі і 9 дыпломаў трэцяга (абласнога) этапу алімпіяд.

Асаблівая  гордасць Вілейшчыны — Куранецкі дзіцячы сад, які стаў лепшым у вобласці сярод дашкольных устаноў адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці, у намінацыі «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі — 2023».

Захаваць і працягнуць традыцыі

У Вілейскай гімназіі № 1 «Логас» днямі быў прызначаны новы кіраўнік — Наталля Асмалоўская. Да гэтага яна працавала дырэктарам Лебедзеўскай сярэдняй школы імя У.М. Калачыка Маладзечанскага раёна.

— Планую захаваць і працягнуць традыцыі, якія былі закладзены ў гімназіі. Тут вельмі моцны кадравы склад, добрая пераемнасць. Большасць калег — гэта выпускнікі гімназіі. Маёй галоўнай задачай будзе падтрымліваць і матываваць педагогаў і вучняў на дасягненне вынікаў, ствараць камфортныя ўмовы для гэтага, — адзначыла Н. Асмалоўская.

Асаблівая ўвага ва ўстанове ўдзяляецца алімпіяднаму руху і даследчай дзейнасці, тут функцыянуюць інжынерныя і педагагічныя класы, рэалізуецца інавацыйны праект «Укараненне мадэлі фарміравання інфармацыйнай бяспекі асобы ў сучаснай адукацыйнай прасторы».

Па выніках мінулага навучальнага года вучні атрымалі 6 дыпломаў трэцяга (абласнога) этапу алімпіяд, 39 узнагарод на міжнародных конкурсах, канферэнцыях і алімпіядах і 23 дыпломы на ўзроўні рэспублікі. У іх ліку 7 дыпломаў на XXIV Гаазаўскіх чытаннях, 3 дыпломы на IV навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў «Мой першы крок у навуку», а таксама дыплом I ступені ў секцыі «Робататэхніка і штучны інтэлект» на XIV рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі-конкурсе навукова-даследчых работ навучэнцаў і студэнтаў «Ад Альфа да Амегі…», які атрымаў Георгій Чурын.

На пастаяннай аснове пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў рыхтуе настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Згерская, кіраўнік абласнога рэсурснага цэнтра, а таксама настаўніца матэматыкі Вольга Занковіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.

З году ў год больш за 90 % выпускнікоў гімназіі паступаюць ва УВА. Ва ўстанове дзейнічае ўзорная студыя «Вясёлка», дзе любоў да мастацтва дзецям прывівае вядомы ў Мінскай вобласці мастак Эдуард Мацюшонак. Тут ёсць аркестр народных інструментаў, вакальныя ансамблі, харэаграфічны калектыў, школьнікаў вучаць ігры на фартэпіяна, цымбалах, акардэоне, баяне, праходзяць заняткі па чырлідынгу.

У далейшым хацелася б адкрыць у гімназіі музей этнічнай беларускай кухні, які можа размясціцца ў беларускай хатцы, — падзялілася планамі Н. Асмалоўская. — Будзе весціся работа па адраджэнні старадаўніх рэцэптаў мясцовай кухні, а ў перспектыве, магчыма, з’явіцца бізнес-кампанія. Дапаможа мне ў гэтым настаўніца абслуговай працы Валянціна Шпаковіч, якая разам з вучаніцай Софіяй Мамай падрыхтавала даследчую работу «Каляндар абрадавых страў Вілейшчыны».

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара