Што новага плануецца ў выхаваўча-прафілактычнай рабоце ў наступным навучальным годзе

- 13:09Компетентно, Образование, Приложение, Школа управления

Прававое выхаванне дзяцей і правядзенне прафілактычнай работы сталі тэмай гутаркі з Аленай Сімаковай, намеснікам начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі галіновага міністэрства. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З павагай да закона

— Алена Фёдараўна, наша сістэма адукацыі напрацавала вялікі вопыт у выхаванні падрастаючага пакалення, фарміраванні ў дзяцей высокіх патрыятычных і грама­дзянскіх якасцей. А які ўзровень прававога выхавання і прафілактычнай работы ва ўстановах адукацыі? 

— Выхаванню як найважнейшаму складніку адукацыйнага працэсу адведзена значнае месца на ўсіх узроўнях адукацыйнай галіны. Вызначаны асноўныя вектары выхаваўчай і ідэалагічнай работы ва ўстановах адукацыі. Галоўнымі з іх з’яўляюцца выхаванне патрыёта, грамадзяніна, які ведае гісторыю сваёй краіны, паважліва ставіцца да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу. Рэалізуюцца Канцэпцыя і Праграма бесперапыннага выхавання, дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка”, у рамках якіх праводзяцца шматлікія рэспубліканскія і рэгіянальныя мерапрыемствы для дзяцей і моладзі.

Што тычыцца непасрэдна прававога выхавання дзяцей, то за мінулы год сістэмай адукацыі было арганізавана амаль 200 тысяч мерапрыемстваў, якія па сваім змесце былі накіраваны на фарміраванне ў маладых людзей павагі да закона, законапаслухмяных паво­дзін і прававой самасвядомасці, на выхаванне пачуцця адказнасці за свае дзеянні перад грамадствам і дзяржавай. У мерапрыемствах прававой накіраванасці прынялі ўдзел больш за мільён  навучэнцаў.

— Ці ўсё так гладка ў пра­філактычнай рабоце?

— Не зусім. Даныя статыстыкі за 1 квартал бягучага года, вынікі праверак і маніторынгаў, звесткі, якія паступаюць з органаў унутраных спраў, паказваюць, што гаварыць аб добранадзейнай сі­туацыі, якая складваецца ў падлеткавым і маладзёжным асяроддзі, пакуль заўчасна. Негатыўныя з’явы ўсё ж існуюць, утвараючы пагрозу нашаму грамадству, а таму не могуць заставацца без увагі дзяржаўных органаў кіравання і непасрэдна нашага міністэрства. Закон Рэспублікі Беларусь ад 31 мая 2003 г. № 200-З “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх” стаіць у аснове прафілактычнай работы ў сістэме адукацыі па выяўленні і выкараненні прычын і ўмоў, якія выклікаюць здзяйсненне непаўналетнімі супрацьпраўных дзеянняў.

Гэтым пытанням прысвячаюцца пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі, рэспубліканскія семінары, сустрэчы з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, педагогамі, міжведамасныя нарады. Значнасць выхаваўча-прафілактычнай работы сёння ўсе добра разумеюць. Але не заўсёды атрымліваецца так, як задумана. Калі вывучаўся стан спраў па выхаванні і прафілактыцы правапарушэнняў у навучальных установах, то было выяўлена, што гэтая работа не заўсёды сістэмная. Канкрэтныя даты правядзення мерапрыемстваў не адлюстраваны, запланаваныя мерапрыемствы прадубліраваны. Бывае і так, што навучэнцы фармальна залічаны ў аб’яднанні па інтарэсах і спартыўныя секцыі, але іх не наведваюць. Саветы па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, якія адкрыты ва ўсіх установах адукацыі, не ўсюды працуюць эфектыўна, іншым ра­зам існуюць для птушачкі, у іх работу не заўсёды ўключаюць профільных спецыялістаў, у тым ліку інспектараў па справах непаўналетніх. Недабраякасная і неэфектыўная работа з падлеткамі, адсутнасць індывідуальнай работы з кожным дзіцем прывялі да таго, што за 3 месяцы гэтага года колькасць злачынстваў сярод непаўналетніх вырасла.

Клопат пра кожнае дзіця

— Як бацькі задзейнічаны ў прафілактыцы правапару­шэнняў?

Пры правядзенні прафілактычнай работы ўзаемадзеянне з бацькамі павінна стаць дзейсным механізмам кантролю за паво­дзінамі падлетка, папярэджання ўцягвання яго ў супрацьзаконную дзейнасць. Статыстыка сведчыць, што часта падставай для правя­дзення індывідуальнай прафілактычнай работы ў дачыненні да непаўналетніх з’яўляюцца заявы бацькоў (апекуноў, папячыцеляў), а не толькі рашэнні судоў і пастановы камісій па справах непаўналетніх. Міністэрствам адукацыі распрацавана дарожная карта развіцця праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”, у якой адлюстравана работа з бацькамі непаўналетніх, у адносінах да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа і якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Разам з тым вывучэнне выхаваўча-прафілактычнай работы ва ўстановах адукацыі, аналіз матэрыялаў асабістых спраў падлеткаў, якія накіроўваюцца ў спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы, паказваюць, што бацькі ўхіляюцца ад выхавання дзяцей, а ў шэрагу выпадкаў дзяржаўныя органы змяшчаюць дзяцей у прытулкі для правядзення індыві­дуальнай прафілактычнай работы, вызваляючы тым самым бацькоў ад адказнасці за выхаванне дзяцей.

— Занепакоенасць выклікаюць факты небяспечнага знаходжання дзяцей у нядобранадзейных сем’ях.

Так, стала больш выпадкаў супрацьпраўных дзеянняў адносна дзяцей з боку дарослых. Такая негатыўная сітуацыя складваецца па віне сем’яў, з-за абыякавага стаўлення бацькоў, безадказных, няўважлівых адносін некаторых кіраўнікоў устаноў адукацыі да сваіх выхаванцаў.

Галоўнае ў прафілактыцы гвалту — клопат пра кожнае дзіця. Неабыякавы настаўнік, выхавальнік, класны кіраўнік павінны ўважліва ставіцца да кожнага дзіцяці. Па зменлівых, магчыма агрэсіўных паводзінах у зносінах з аднагодкамі і дарослымі, па маўклівасці і замкнёнасці можна здагадацца, што з дзіцем адбываецца нешта нядобрае, што яно апынулася ў негатыўнай сітуацыі і яго нешта турбуе.

Галоўнае — не прайсці міма, а шукаць шляхі, каб дапамагчы. Так, у адной са школ Віцебскай вобласці, дзякуючы пільнасці класнага кіраўніка і аднагодкаў, быў выяўлены факт насілля над адной з вучаніц, што прывяло да аператыўнага расследавання з боку органаў унутраных спраў. У далейшым былі прыняты неабходныя меры па пакаранні аднаго з дарослых за гвалт над дзіцем.

— Як абараніць дзяцей ад гвалту? Ці арганізавана міжведамаснае ўзаемадзеянне?

Мы выпрацоўваем меры аператыўнага рэагавання і перабудовы работы ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, наладж­ваем цеснае ўзаемадзеянне з кі­руючымі органамі іншых міністэрстваў і ведамстваў. Напрыклад, Міністэрствам адукацыі ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам унутраных спраў яшчэ ў 2017 годзе быў распрацаваны і накіраваны для выканання алгарытм інфармавання педагагічнымі работнікамі бацькоў, апекуноў, папячыцеляў навучэнцаў і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў аб наяўнасці прымет гвалту ў дачыненні да непаўналетніх. Міністэрствам унутраных спраў распрацаваны і даведзены да ўсіх устаноў адукацыі метадычныя рэкамендацыі па свое­часовым выяўленні і інфармаванні спецыялістамі ўстаноў адукацыі, якія працуюць з дзецьмі і моладдзю, аб прыметах сексуальнага насілля і эксплуатацыі ў адносінах да непаўналетніх.

Да пачатку 2022/2023 навучальнага года ў Інструктыўна-метадычным пісьме Міністэрства адукацыі быў прадугледжаны цэлы раздзел для педагогаў па распазнаванні дзяцей — ахвяр насілля. Перад планаваннем індывідуальнай прафілактычнай работы Міністэрства адукацыі рэкамендуе праводзіць вывучэнне асаб­лівасцей сямейнага выхавання падлетка, яго статусу ў класе або ў вучэбнай групе, кола сяброў, існуючых рызык і схільнасці дзіцяці да паўторных супрацьпраўных дзеянняў. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі павінны вельмі ўважліва ставіцца да прафілактычнай работы, пастаянна быць у курсе ўсіх спраў у школе, настройваць на актыўную работу калектыў, знаёміць педагогаў з адпаведнымі дакументамі, сачыць за іх выкананнем.

Заваёўваць давер

— Сёння востра стаіць пытанне аб узмацненні ролі псіхолагаў у школе. Ці ўкамплектаваны гэтымі кадрамі навучальныя ўстановы?

— Нашы ўстановы адукацыі ў большасці сваёй забяспечаны педагогамі-псіхолагамі. Па стане спраў на 1 сакавіка 2023 года, забяспечанасць названымі спе­цыялістамі складае 89,6%. Стаўкі сацыяльных педагогаў запоўнены на 91,2%. Безумоўна, пры выяўленні ў навучэнцаў праблем псіхалагічнага характару неабходна больш актыўна ўключацца ў справу педагогу-псіхолагу. Ён павінен пільна сачыць за паводзінамі дзяцей, выяўляць прычыны зніжэння цікавасці да вучобы і школьнага жыцця, адсутнасці актыўнасці ў пазавучэбны час. На жаль, сёння некаторыя псіхолагі абмяжоўваюцца толькі рэдкімі сустрэчамі з навучэнцамі ў кабінеце. Псіхолагу трэба заваёўваць давер у навучэнскім асяроддзі, наладжваць больш цесныя кантакты з дзецьмі, праводзіць разнастайныя мерапрыемствы, гутаркі, займацца з кожным дзіцем індывідуальна, каб яно раскрывала свой унутраны стан, а не замыкалася. Рэспуб­ліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі, які функцыянуе з 2019 года, што­дзень апрацоўвае дзясяткі зваротаў дзяцей, якія маюць пат­рэбу ў псіхалагічнай дапамозе. Важна, каб кіраўніцтва навучальных устаноў аператыўна рэагавала на паведамленні спецыялістаў цэнтра, аказвала на месцах своечасовую дапамогу, а не прапускала сігнал, які можа наклі­каць бяду.

— Нядаўна быў праведзены  рэспубліканскі семінар “Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу”, які яшчэ раз засведчыў, што роля школьнага псіхолага ўвесь час узмацняецца.

Пра актуальнасць тэматыкі семінара сведчаць яго маштаб­насць і прадстаўніцтва. Яго ўдзельнікамі сталі запрошаныя кіраўнікі структурных падраздзяленняў абласных, гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый раёнаў, абласных (Мінскага гарадскога) сацыяльна-педагагічных цэнтраў, прадстаўнікі абласных (Мінскага гарадскога) інстытутаў развіцця адукацыі, раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць дзейнасць педагогаў-псіхолагаў, метадычных аб’яднанняў педагогаў-псіхолагаў. Былі абмеркаваны праблемныя пытанні, шляхі іх вырашэння, далейшыя дзеянні па развіцці прававога выхавання падрастаючага пакалення, узмацненні прафілактычнай работы і ролі ў ёй школьнага псіхолага.

 На прафесійнай сустрэчы былі абмеркаваны пытанні неабходнасці стварэння ў школах і кале­джах спрыяльнай псіхалагічнай абстаноўкі, прафілактыкі насілля сярод падлеткаў і дзяцей малодшага школьнага ўзросту, фарміравання нецярпімасці да праяў жорсткасці і насілля. Шмат увагі было ўдзелена стану спраў у замяшчальных сем’ях. Рэалізаваная ў краіне дзяржаўная палітыка сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пацвярджае сваю эфектыў­насць. 88% такіх дзяцей выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях. Задача спецыялістаў — не толькі стварыць замяшчальныя сем’і, але і забяспечыць іх пастаяннае псіхалагічнае суправаджэнне, паколькі ўвесь час ёсць рызыка адмены ўсынаўлення, вяртання ў інтэрнаты выхаванцаў замяшчальных сем’яў, перамяшчэння выхаванцаў з адной замяшчальнай сям’і ў іншую, што вельмі балюча для дзяцей, якія аднойчы страцілі родную сям’ю.

Былі таксама абмеркаваны пытанні міжведамаснага ўзаемадзеяння падчас аказання псіхалагічнай дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу. У размове прынялі ўдзел прадстаўнікі Следчага камітэта, Міністэрства ўнутраных спраў, Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Міністэрства аховы здароўя.

На завяршэнне сустрэчы былі зроблены высновы аб тым, што, каб не дапусціць трагічных выпадкаў з навучэнцамі, прадухі­ліць канфлікты ў дзіцячым асяроддзі, правесці прафілактыку гвалту, прафесійнага выгарання, патрэбна сумесная праца. Разам з тым усё гэта магчыма ажыццявіць пры ўмелым падыходзе і актыўным удзеле педагога-псіхолага. Кіраўнікам орга­наў кіравання адукацыяй, кожнай установе адукацыі неабходна арганізаваць своечасовае накіраванне дзяцей, бацькоў, педагогаў да псіхолага, стварыць сетку псіхалагічнай дапамогі, забяспечыць яе кадравае напаўненне.

Ва ўзаемадзеянні

— Якія меры па выхаваўча-прафілактычнай рабоце запланаваны на новы навучальны год?

 — Міністэрства рыхтуе шэраг дадатковых нарматыўна-прававых дакументаў, плануюцца адпаведныя мерапрыемствы, выкананне якіх неабходна бу­дзе няўхільна забяспечыць на месцах. Адказ­насць ускладзена на кіраўнікоў устаноў адукацыі. Для папярэ­джання развіцця негатыўных тэндэнцый Міністэрствам адукацыі ва ўзаемадзеянні з усімі зацікаўленымі ведамствамі будуць укараняцца новая рэдакцыя Метадычных рэкамендацый па правя­дзенні індывідуальнай прафілактычнай работы і Нацыянальны механізм аказання дапамогі непаўналетнім, якія пацярпелі ад сексуальнага насілля. Плануюцца далейшае нарматыўнае прававое рэгуляванне функцыянавання раённых каардынацыйных саветаў па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях, механізмаў рэагавання на звесткі Рэс­публіканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі, удасканаленне норм аб прызнанні сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей, арганізацыя кантролю за забеспячэннем іх мінімальных жыццёвых патрэб. Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, Акадэмія пасля­дыпломнай адукацыі запланавалі правядзенне вучэбных семінараў для спецыялістаў устаноў адукацыі па арганізацыі індывідуальнай прафілактычнай ра­боты.

Работа па прафілактыцы зла­чынстваў і правапарушэнняў непаўналетніх, насілля над дзецьмі, па абароне іх правоў і законных інтарэсаў ва ўзаемадзеянні з усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі будзе прадоўжана. Абавязковыя ўмовы дасягнення станоўчага выніку ў гэтай рабоце — добрасумленнае выкананне кожным кіраўніком і педагогам сваіх службовых абавязкаў, неабыякавасць і актыўнасць.

Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА