Што прапануе навучэнцам дзённік па прафарыентацыі, і як ім можна карыстацца

- 10:13Актуально

Начальнік цэнтра сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Акадэміі адукацыі Людміла Філіповіч расказвае пра значэнне дзённіка па прафарыентацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Людміла Анатольеўна, чым абумоўлена стварэнне такога дзённіка? Чым вы кіраваліся?

— Над стварэннем дзённіка працавала творчая група нашага цэнтра. Мы імкнуліся абагульніць і сістэматызаваць матэрыял па прафарыентацыі, які назапашаны ў сістэме адукацыі і выкарыстоўваецца вучнямі 9, 10, 11 класаў. Таксама мы хацелі ўнесці ў прафарыентацыйны рух сучасныя формы і метады работы, больш дакладныя падыходы, скіраваныя на дасягненне адзінай мэты — каб выбар прафесіі нашымі школьнікамі быў усвядомленым і дакладным. Мяркую, што гэта атрымалася. Дзённік з’яўляецца своеасаблівым навігатарам у свеце прафесій і дзейсным дапаможнікам па пошуку інфармацыі, звязанай з прафесійным выбарам. Да яго маюць доступ усе жадаючыя. Але дзённік не існуе ў папяровым варыянце. Ён размешчаны на адзіным адукацыйным партале па спасылцы і знаходзіцца ў пастаянным карыстанні ў школьнікаў, якія маюць магчымасць рэгулярна яго весці і знаёміцца з новымі данымі. У гэтым яго навізна, своеасаблі­васць і карысць, што ў сваю чаргу дае істотныя перавагі ў далейшай прафарыентацыйнай рабоце і яе ўдасканаленні.

— Раскажыце, як працуе створаны дзённік.

— Дзённік прадастаўляе кожнаму навучэнцу шырокае поле дзейнасці ў прафарыентацыйным кірунку. Ён дапамагае дзіцяці выявіць яго схільнасці, правесці самааналіз, ацаніць свае магчымасці і вызначыць прафесійныя інтарэсы, супаставіць свае якасці з тымі патрабаваннямі, якія прад’яўляе тая ці іншая прафесія. Магчымасці дзённіка дазваля­юць складаць дакладны план прафесійнага вызначэння, пачынаючы ад паступлення ў навучальную ўстанову і заканчваючы далейшым кар’ерным ростам. У дзённіку таксама прадстаўлена карысная інфармацыя.

Прыцягвае ўвагу інтэрактыўная карта, дзе размешчаны ўстановы прафесійнай адукацыі ва ўсіх рэгіёнах краіны, і школьнік з лёгкасцю можа выбраць менавіта тую ўстанову, якая знаходзіцца ў месцы яго пражывання, азнаёміцца з найбольш запатрабаванымі ў сваім рэгіёне прафесіямі. Таксама ў дзённіку прадстаўлены інфармацыйны банк прафесій, дзе змешчаны агульны спіс тых спецыяльнасцей, якія сёння можна асвоіць у сістэме прафесійнай адукацыі і якія з’яўляюцца самымі запатрабаванымі ў сацыяльнай сферы і эканоміцы нашай краіны. У гэтым банку змешчаны звесткі аб праграмах падрыхтоўкі рабочых і служачых, патрабаваннях да кваліфікацый, якія прад’яўляюць заказчыкі кад­раў, і каналах працаўладкавання. Навучэнцы могуць захо­дзіць на сайт Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, непасрэдна ў раздзел дзяржаўнай службы занятасці, каб быць у курсе існуючых вакансій на рынку працы, дэфіцыту кадраў у тым ці іншым рэгіёне. Кадравую патрэб­насць сёння маюць такія галіны, як будаўніцтва, сельская і жыллёва-камунальная гаспадарка, грамадскае харчаванне, транспарт, прамысловасць.

Асобна прадстаўлена ў дзённіку інфармацыя аб падрыхтоўцы педагагічных кадраў, аграрыяў, медыкаў ва ўстановах адукацыі нашай краіны, аб набыцці ваенных прафесій праз ваенныя кафедры УВА і спецыяльныя вучылішчы Міністэрства абароны. На старонцы abiturient.by змяшчаюцца звесткі аб паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і каледжы. Тут прадстаўлена дакладная інфармацыя аб выніках уступнай кампаніі папярэдняга года, адлюстраваны парадак паступлення ў наступным годзе, пералік неабходных дакументаў, паведамляецца, як будуць праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне і цэнтралізаваны экзамен, якія прадметы патрэбна здаваць і ў якія тэрміны і інш.

Дзённік дзейнічае інтэрактыўна. Усе знешнія спасылкі, да­дзеныя ў ім, знаходзяцца ў актыўным рэжыме і дазваля­юць навучэнцам праз QR-коды лёгка і хутка атрымліваць усю тую інфармацыю, якая ім патрэбна. Асаблівасць дзённіка яшчэ ў тым, што школьнік можа не толькі знаходзіць неабходныя звесткі і карыстацца імі, але і напаўняць яго асабістым зместам. Навучэнцы могуць уносіць свежую інфармацыю аб сваіх дзеяннях у галіне прафарыентацыі, выніках профітэстаў, якія з імі праводзяць школьныя псіхолагі, наведванні прафарыентацыйных мерапрыемстваў, тых прафесіях, якія найбольш іх зацікавілі, а таксама свае заўвагі, меркаванні, прапановы і планы на будучыню. Мы сабралі ў адным рэсурсе самую важную, насычаную і сістэматызаваную інфармацыю, якая будзе пастаянна папаўняцца.

— Як дзённік успрынялі ва ўстановах адукацыі?

— Сёння ў школах вядзецца работа па ўкараненні гэтага рэсурсу. Кожны навучэнец атрымаў доступ да работы ў такім фармаце. Вучням дапамагаюць класныя кіраўнікі, сацыяльныя педагогі, педагогі-псіхолагі. Дзённік прыйшоўся даспадобы бацькам. Менавіта яны найбольш клапоцяцца пра сваіх дзяцей, пра тое, каб яны добра ўладкаваліся ў жыцці, мелі дастойную прафесію і адпаведны заробак і, галоўнае, каб вызначыліся ў выбары свайго шляху не спантанна, а ўсвядомлена і з цвёрдымі намерамі.

Сёння прафарыентацыйны дзённік — гэта электронны дакумент, які рэкамендаваны да выкарыстання ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі. Яго фармат дазваляе ўтрымліваць змест дзённіка ў актуальным рэжыме.

У наступным годзе мы зможам папоўніць яго новай інфармацыяй для навучэнцаў выпускных класаў 2026/2027 навучальнага года з улікам уступнай кампаніі 2026 года. Хачу дадаць, што пытанне значнасці, запатрабаванасці такога дзённіка яшчэ дастаткова не вывучана. Гэта новая справа, і патрэбен час, каб даць ёй аб’ектыўную ацэнку. Але мы ўпэўнены, што патэнцыял такога рэсурсу не патрабуе дадатковага абмеркавання і пераконвання. Ён відавочны і бясспрэчны. Па выніках гэтага навучальнага года плануецца правесці даследаванні па эфектыўнасці прымянення дзённіка па прафарыентацыі.

— Сёння прафарыентацыя набывае новыя формы. Якія з іх найбольш дзейсныя?

— Трэба адзначыць істотную ролю ў прафарыентацыі профільных класаў. Яны вельмі разнастайныя, дазваляюць навучэнцу сканцэнтравацца на тых ведах, якія спатрэбяцца для авалодання той ці іншай прафесіяй, і тым самым умацоўваюць прафесійны выбар. Навучэнцы з цікавасцю наведва­юць педагагічныя, аграрныя, інжынерныя, ваенна-патрыятычныя, спартыўна-педагагічныя класы і могуць паступаць у навучальныя ўстановы выбранага профілю згодна з вынікамі субяседавання.

У дзённіку выбудаваны пакрокавы шлях да атрымання прафесійнай адукацыі: паступленне ў профільны клас, выбар прафесіі падчас навучання, паступленне ў навучальную ўстанову для атрымання прафесіі. Навучанне ў профільным класе робіць выбар не выпадковым, а цалкам усвядомленым.

Сёння кожная трэцяя субота ў школе прысвечана працоўнаму выхаванню і прафесійнай арыентацыі. Дзеці наведва­юць прадпрыемствы, знаёмяцца з вытворчасцю, рабочымі калектывамі, прафесіямі. Да таго ж прадастаўляюць свае паслугі электронныя кірмашы вакансій. Такія падыходы пашыраюць інфармацыйнае поле навучэнцаў. Яны авалодваюць усё новымі і новымі звесткамі пра рынак працы, найбольш актуальныя прафесіі. Усе даныя школьнікі заносяць у свой дзённік прафарыентацыі. У такой рабоце свае плюсы мае працаўладкаванне школьнікаў з 14 гадоў па кірунках другаснай занятасці, у школьных лагерах працы і адпачынку ў летні перыяд, студэнцкіх атрадах альбо індывідуальнае працаўладкаванне. Усе гэтыя падзеі ў працоўным жыцці школьніка можна заносіць на старонкі дзённіка.

Мяркую, што неабходна больш актыўна задзейнічаць у прафарыентацыйнай рабоце дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі. Яна мае сваю спецыфіку для прафесійнага самавызначэння навучэнцаў і свае перавагі ў яе арганізацыі, паколькі прапаноўвае школьнікам дзейнасць на аснове прафесійных інтарэ­саў, якія толькі фарміруюцца. Аб’яднанні па інтарэсах развіваюць самастойнасць, ініцыятыву, творчасць і ўвогуле фарміруюць у навучэнцаў цікавасць да прафесійнай прадукцыйнай працы. Важна далучаць да прафарыентацыі цэнтры тэхнічнай творчасці, каб зацікаўліваць дзяцей тэхнічнымі прафесіямі з ранняга ўзросту.

— Якія сацыяльныя партнёры павінны быць побач са школай падчас прафарыентацыйнай дзейнасці?

— Сучасныя тэндэнцыі рынку працы патрабу­юць па-новаму падыходзіць і да пе­да­гагічнага суправаджэння пра­фесійна-­адукацыйнага самавызначэння школьнікаў. Выключна сваімі сіламі эфектыўна ажыццяўляць гэтую дзейнасць установы адукацыі не могуць. Неабходна выкарыстоў­ваць іншыя рэсурсы, шу­каць новыя магчымасці, каб адкрываць больш эфектыўныя шляхі ўдасканалення гэтай работы. Павінны быць аб’яднаны ў дзейсны прафарыентацыйны механізм адукацыя і работадаўцы. Такая работа прадугледжвае правя­дзенне розных прафарыентацыйных мерапрыемстваў у адкрытай адукацыйнай прасторы, падключэнне прадпрыемстваў і арганізацый, у першую чаргу ўстаноў адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне прафесійнай адукацыі. Такім чынам, сістэма адукацыі павінна развіваць узаемадзеянне з рознымі суб’ектамі гаспадарання. Ланцужок “школа — ССНУ, УВА — прадпрыемства” павінен быць непарыўным. На гэта арыентуе Канцэпцыя развіцця прафесійнай арыентацыі моладзі ў Рэспуб­ліцы Беларусь, зацверджаная пастановай міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, эканомікі, адукацыі № 20/7/57 ад 29 сакавіка 2022 года.

— Якую ролю адводзіце кіраўніку ўстановы адукацыі ў арганізацыі прафарыентацыйнай работы?

— Дырэктар установы агульнай сярэдняй адукацыі павінен быць цэнтральнай фігурай у прафарыентацыі школьнікаў, не стаяць на месцы, пашы­раць кола зносін з сацыяльнымі партнёрамі. Ён павінен вало­даць інфармацыяй аб рынку працы свайго рэгіёна, ведаць, якія спецыяльнасці найбольш запатрабаваныя. Ён павінен быць на пастаяннай сувязі са службамі занятасці, прадпрыемствамі, арганізацыямі, структурамі іншых сфер дзейнасці, каб сумеснымі сіламі забяспечваць праграму прафарыентацыі для кожнага маладога чалавека. А прафарыентолагам павінен стаць класны кіраўнік. Падключыцца да яго дзейнасці варта школьнаму псіхолагу, сацыяльнаму педагогу і ўвогуле ўсім настаўнікам. Яны павінны суправаджаць школьнікаў у прафарыентацыі, аказ­ваць ім сацыяльна-педагагічную і інфармацыйна-матывацыйную падтрымку.

Падтрымка прафесійна-адукацыйнага самавызначэння ва ўстановах адукацыі ўключае дыягностыку, інфармаванне, матывацыю, прафесійную сацыялізацыю, правядзенне прафесійных проб, што садзейнічае прафесійнаму развіццю навучэнца і яго адаптацыі ў прафесіі.

— Што прапануе Акадэмія адукацыі для павышэння кваліфікацыі педагогаў, якія займаюцца прафарыентацыяй?

— Стварэнне дзённіка як новай формы прафарыентацыйнай работы патрабуе аказання настаўніку метадычнай дапамогі. На гэта накіравана вучэбная праграма “Арганізацыя падтрымкі прафесійна-адукацыйнага самавызначэння навучэнцаў ва ўстановах адукацыі”, якая распрацавана і рэалізавана ў Акадэміі адукацыі. У працэсе павышэння кваліфікацыі па гэтай праграме слухачы ўдасканальваюць уменні па праектаванні прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, распрацоўцы зместу прафарыентацыйнай дзейнасці, асвойваюць сучасныя метады работы ў мэтах арганізацыі прадукцыйнага прафесійна-адукацыйнага самавызначэння дзяцей. Асобнай тэмай прадстаўлена ўкараненне і выкарыстанне сярод навучэнцаў дзённіка па прафарыентацыі. Увогуле, падтрымка школьнікаў у вызначэнні прафесійнага шляху ва ўстановах адукацыі пастаянна ўдасканальваецца. Педагогі імкнуцца падтрымліваць навучэнцаў у іх самавызначэнні з улікам сучаснай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, стану рынку працы ў рэгіёнах, іх асабістых інтарэсаў, запытаў ­бацькоў.

Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА