Больш за 50 наймальнікаў і сотні студэнтаў сустрэліся на кірмашы вакансій у БДЭУ. Спартыўная зала БДЭУ, дзе размясціліся дзясяткі маляўнічых лакацый з яркімі плакатамі і стэндамі, на некалькі гадзін напоўнілася людзьмі, бясконцым гулам галасоў і прыемнай мітуснёй з гучнай музыкай, конкурсамі, розыгрышамі, сувенірамі і салодкімі прэзентамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Наймальнік — саіскальнік
Кірмаш вакансій — сувязнае звяно паміж прадпрыемствамі і моладдзю. Адны юнакі і дзяўчаты прыглядаюць месца для праходжання азнаямленчай практыкі, другія — для вытворчай, трэція шукаюць падпрацоўку ў вольны ад лекцый і семінараў час, жадаючы вызначыцца з далейшым месцам працы.
— Кірмашы вакансій — гэта штогадовае восеньскае мерапрыемства, якое стала добрай традыцыяй. Калі ў першыя гады іх правядзення падобныя сустрэчы ў большай ступені былі цікавыя выпускнікам, то ў апошнія гады назіраецца актыўная зацікаўленасць студэнтаў малодшых курсаў, — дзеліцца назіраннямі першы прарэктар БДЭУ Таццяна Садоўская. — Але, мабыць, сёння такая сустрэча найбольш цікавіць юнакоў і дзяўчат 2—3 курсаў. Тут яны знаходзяць сабе месца для праходжання практыкі, прыглядаюцца, спрабуюць працаваць, а да 4 курса прыкладна 80% ужо працуюць. Часцей за ўсё наймальнікі ідуць насустрач студэнтам і складаюць графікі так, каб тыя маглі і вучыцца, і працаваць. Універсітэт таксама адносіцца з паразуменнем: старшакурснікам мы намагаемся перанесці расклад заняткаў, каб яны маглі сумяшчаць дзве справы.
Што ж прапануе рынак працы студэнтам-эканамістам? У ліку пастаянных гасцей кірмашу, з якімі ўніверсітэт супрацоўнічае з году ў год, каля дзясятка беларускіх банкаў і прыкладна столькі ж буйных прадпрыемстваў розных форм уласнасці. Тут можна сустрэць таксама спецыялістаў турфірм, гандлёвых сетак, сталічнага гасцінічнага бізнесу, агенцтваў нерухомасці, страхавых кампаній, работнікаў міліцыі, Следчага камітэта, мытных структур і прадстаўнікоў заводаў.
Па словах Таццяны Садоўскай, калі набліжаецца час размеркавання і выпускнік хоча працаўладкавацца туды, дзе ён паспеў папрацаваць або прайсці практыку, кіраўніцтва ўніверсітэта ідзе насустрач, бо бачыць, што гэтае супрацоўніцтва сапраўднае, чалавек рэалізуецца па спецыяльнасці. З многімі арганізацыямі, якія прадстаўлены на кірмашы, ва ўніверсітэта заключаны даўнія дагаворы аб супрацоўніцтве.
Зносіны вочы ў вочы
— Кожны год мы актыўна набіраем выпускнікоў 4 курса на розныя напрамкі работы. Штогод да нас прыходзяць 4—5 дзясяткаў маладых спецыялістаў. Многія з іх даведваюцца аб нашай аўдытарска-кансалтынгавай кампаніі на 2 ці 3 курсе. Пасля трэцяга года навучання студэнты могуць запісацца да нас у летнюю бізнес-школу, якая залічыцца ім як практыка. А могуць паўдзельнічаць у праекце “Лекторый”, які доўжыцца два месяцы. За гэты час, прыходзячы на некалькі гадзін у тыдзень, моладзь знаёміцца з дзейнасцю кампаніі, яе кіраўніцтвам, — расказвае Ірына Цімашкевіч, галоўны эксперт аддзела аўдыту кампаніі В1, якая шмат гадоў супрацоўнічае з БДЭУ.
— Якія пытанні часцей за ўсё гучаць ад студэнцтва? — пытаюся я.
— Часта цікавяцца, як трапіць да нас на практыку або на размеркаванне. Часта хвалююцца пра тое, ці змогуць быць, скажам, аўдытарам, не маючы вопыту. Тады мы тлумачым, што ў дапамогу за кожным пачаткоўцам замацоўваецца настаўнік-супервайзер, які штодзень адказвае на 150 яго пытанняў і радуецца поспехам разам са сваім падапечным. Супакойваючы, гаворым, што ўсім дапаможам, усяму навучым. Галоўнае — не баяцца і хацець працаваць. Па вопыце магу сказаць, што, калі чалавек прыходзіць працаўладкоўвацца і праходзіць субяседаванне, найбольш важная ўнутраная матывацыя, якая ім рухае, чым сярэдні бал атэстата, — адзначыла Ірына Цімашкевіч.
Студэнтка 2 курса магістратуры ўлікова-эканамічнага факультэта БДЭУ Юлія Капітонава ў гэтым годзе на кірмашы па той бок стэнда і знаёміць студэнтаў з перавагамі работы ў арганізацыі. Яна ўжо некалькі гадоў супрацоўнічае з аўдытарска-кансалтынгавай кампаніяй. Пераходзячы на 4 курс, дзяўчына прайшла летнюю бізнес-школу, затым тры месяцы стажыравалася ў арганізацыі, а потым засталася там па размеркаванні. Дзелячыся ўражаннямі аб працаўладкаванні, малады спецыяліст у галіне аўдыту адзначае:
— Падчас вучобы ў бізнес-школе нам патлумачылі, у чым заключаецца сутнасць і спецыфіка працы, мы знаёміліся з рознымі напрамкамі дзейнасці кампаніі, затым, ужо на стажыроўцы, я прайшла вучэбныя трэнінгі па асновах бухгалтэрыі, аўдыту, вывучала праграму Excel. Работа і калектыў мне вельмі падабаюцца, ёсць магчымасць і кар’ернага росту.
Сярод старажылаў кірмашу прадпрыемства “Алютэх”. Пагутарыўшы з прадстаўніком кампаніі Ірынай Мінкевіч, даведалася, што пераддыпломную практыку ў іх штогод праходзяць каля 20 студэнтаў. З іх прыкладна трэць, стаўшы дыпламаванымі спецыялістамі, застаюцца на вытворчасці маркетолагамі, менеджарамі, бухгалтарамі, фінансістамі, лагістамі, спецыялістамі па збыце, мытнай справе, кіраванні персаналам.
Попыт і прапанаванне
На кірмашы студэнты запаўняюць анкеты, пакідаюць рэзюмэ, цікавяцца асаблівасцямі прапанаваных вакансій, кадравай палітыкі прадпрыемстваў і іх карпаратыўнай культурай. Сваімі эмоцыямі і ўражаннямі яны ахвотна дзеляцца.
— У гэтым годзе я толькі паступіла ва ўніверсітэт, таму ўпершыню апынулася на такім мерапрыемстве. Мне ўсё вельмі цікава, вочы разбягаюцца. Зараз я толькі прыглядаюся да магчымых варыянтаў, дзе можна будзе праходзіць першую азнаямленчую практыку, — расказвае студэнтка 1 курса факультэта фінансаў і банкаўскай справы Таццяна Іванюк. — Яшчэ не ўсё паспела разгледзець, але пакуль больш за ўсё прыцягвае банкаўская сфера. Верагодна, пайду на практыку ў адзін з банкаў.
— Аб чым даведаліся ў патэнцыяльнага работадаўца?
— Высветліла, што далёка не ўсе банкі чакаюць на практыку першакурснікаў. Але мне вельмі спадабалася камунікацыя. Супрацоўнікі банкаў цікава і пазітыўна расказваюць пра сваю работу, відаць, што прафесія ім падабаецца.
Эльвіра Глімбоцкая, студэнтка 2 курса факультэта фінансаў і банкаўскай справы, з мноства магчымых вакансій для праходжання практыкі разглядае варыянты з банкам і прававой інтэрнэт-платформай. Аднакурснік Эльвіры Сямён Егуноў, зазіраючы на перспектыву, зацікавіўся прапановамі прадпрыемстваў з актыўнай міжнароднай дзейнасцю, турыстычных фірм, агенцтваў нерухомасці.
Загадчык кафедры банкаўскай справы Віталь Пазнякоў:
— Факультэт фінансаў і банкаўскай справы даўно супрацоўнічае з банкамі. Каля 30% студэнтаў нашага факультэта на 3 курсе ўжо працуюць, а з пачатку навучання на 4 курсе — усе 90%. Яны ўладкоўваюцца ў кол-цэнтры, кансультантамі ў банкі, аўдытарскія кампаніі. Ёсць нюансы з арганізацыяй працоўнага часу, але, калі моладзь гарыць жаданнем працаваць, знаходзіцца магчымасць сумяшчаць адно з адным.
Каля стэнда Следчага камітэта назіраю за студэнтамі, якія асвойваюць самыя розныя спецыяльнасці, але, прыпыніўшыся, многія вымушаны ісці далей. Прапанова супрацоўнікаў СК можа зацікавіць толькі будучых юрыстаў — больш нікога для прыёму на службу ў якасці следчых камітэт не разглядае.
— Калі студэнты-юрысты цікавяцца, як праходзіць працэдура працаўладкавання, мы ім тлумачым, што на працягу паўгода трэба прайсці спецправерку, медкамісію, паліграфічнае даследаванне, псіхалагічнае тэсціраванне, — адзначае галоўны інспектар упраўлення кадраў і ідэалагічнай работы ўпраўлення СК па Мінскай вобласці Алена Вароўкіна. — Мы ж усіх студэнтаў, пачынаючы з 2 курса, запрашаем на практыку, каб яны маглі пазнаёміцца з прафесіяй. У нас ёсць інстытут пазаштатных супрацоўнікаў — памочнікаў следчых. Сюды прымаюцца паўналетнія грамадзяне. Працаваць пазаштатна яны могуць на працягу ўсёй вучобы ва ўніверсітэце. За кожным замацоўваецца настаўнік з ліку следчых, выдаецца часовае пасведчанне. У вольны ад вучобы час маладыя людзі выязджаюць з імі на следчыя дзеянні, удзельнічаюць у допытах, знаёмяцца з прафесіяй следчага нават бліжэй, чым практыканты.
Праз тры гадзіны кірмаш вакансій адшумеў. Студэнты і патэнцыяльныя работадаўцы пазнаёміліся асабіста, паглядзелі адно аднаму ў вочы, задалі мноства пытанняў. Наперадзе ў студэнтаў час для самавызначэння. Тым, хто схільны да сумнення, магчыма, дапамогуць дні адкрытых дзвярэй, якія многія арганізацыі — заказчыкі кадраў традыцыйна праводзяць вясной.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара