Працавітая сямейная пара педагогаў з Ляхавіччыны — Ігар Аркадзевіч і Алена Вячаславаўна Рагаўцовы — перадаюць веды і выхоўваюць сваім прыкладам не толькі вучняў мясцовай школы. Да іх у Жарабковічах прыходзяць па параду і тыя дарослыя, якія хочуць навучыцца больш эфектыўна гаспадарыць у хаце і на зямлі, а таксама ўмацаваць сваё здароўе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
НЕцяплічныя ўмовы
Вясковы настаўнік — больш чым прафесія, гэта лад жыцця. Пашанцуе ў такога вучыцца — і вельмі хутка засвоіш: нішто на зямлі не бярэцца з нічога. Хочаш, каб нешта вырасла, — пасей ці пасадзі, дагледзь. Вобразна кажучы, працай зазямлі свае жаданні. У жартоўнай форме гэты прынцып перадае фраза “Ну хоць адзі-і-і-н ты латарэйны білет купі!..”.
Такая падказка Усявышняга спатрэбіцца, калі просіш у яго падмогі, жадаеш выйграць у жыццёвай латарэі, а не даеш таму шчасцю ні шансу на цябе зваліцца. Купі білецік!.. І калі мы жадаем родным-сябрам-знаёмым “на аўтамаце” здароўя, дабрабыту і шчасця, то варта б “для аздараўлення” дарыць лыжы, хоць палкі для хадзьбы ці сабаку — штодня выгульваць. Плюс парсючка (не адкормленую свінню!), сякеру, лапату ці новыя граблі, расаду і гумовыя боты — простыя сімвалы вясковага дабрабыту. А шчасце — гэта каму як пашанцуе: патрэбен комплексны падыход…
Пераскочыць у аповедзе пра настаўнікаў Рагаўцовых адразу “да шчасця”, да іх латарэйнага білеціка мяне прымушае тое, што ўпершыню з Ігарам Аркадзевічам сустрэліся мы… на Камароўцы. Купляў гадоў 5 назад раннюю бульбу. І ў размове на пытанне “Адкуль жа?” гандляр мне: “З Жарабковіч…” “О, дык вы, пэўна, Рагаўцоў?!.” Пра гаспадарлівага суседа-настаўніка не раз мне казала родная цётка Галя. І настаўнік мяне прызнаў: можа, па барадзе і роднай мове. Ці ж не містыка: у настаўніка з маёй школы я купіў бульбу ў сталіцы — з зямлі-агарода, які потам палівалі мае дзяды і бабулі, хросны бацька Валодзя, а ў дзявоцтве і матуля мая, спявачка-салістка знакамітага Падлескага хору Вольга Арэшка…
Простае шчасце людское, пра якое пісаў Максім Танк, паэт-мудрэц з вясковым радаводам, і ў Рагаўцовых — з мазалёў расце. Сваю агародна-цяплічную гаспадарку таму і развілі, што цяплічных умоў для выжывання ім не выпадала чакаць. Перабралася маладая сям’я ў Жарабковічы на пачатку 90-х і ўсё пачынала практычна з нуля.
Дарэчы, аніякім чынам тая мінская сустрэча не паўплывала на “выбар натуры” ў час камандзіроўкі ў родныя мясціны. Нядаўні дырэктар Жарабковіцкай сярэдняй школы Вольга Бурак, якая ўзначальвае аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама, сама прыгадала пра настаўніцкі дуэт Рагаўцовых. Так што лёс!..
Прэзентацыя дуэта вуснамі Вольгі Бурак
І вось яны перада мной, і ўжо зроблены фотаздымак: Ігар Аркадзевіч з жонкай на фоне ўзнагарод яго выхаванцаў. Былі пры спартзале — заглянулі туды: светла, утульна, чысценька, і ўсё аж блішчыць. Вольгу Іванаўну, бачна было, парадавала, як у яе былой гаспадарцы ўсё ладзіцца. Пазней я мімаходзь пачуў ад школьнай тэхнічкі ўдзячнасць ёй — за тое, што навяла ў школе такі парадак, і цяпер усе імкнуцца “не зрабіць горш, чым было”.
Вольга Іванаўна прадстаўляе мне калег ёмка, па дзелавых якасцях. Такое ад саміх настаўнікаў не часта пачуеш: хто ж будзе сябе хваліць? А тут — погляд збоку, вывераны часам: “Яны актыўныя, жыццялюбы, людзі творчыя і дзейсныя. На такіх заўсёды можна спадзявацца: робяць сваю справу добрасумленна, з поўнай аддачай. І, калі па шчырасці, я захапляюся іх працай. І ў школе разам, і дома: падтрымліваюць і дапаўняюць адно аднаго. У Алены Вячаславаўны ёсць добрыя вынікі ў даследчай дзейнасці — па абслуговай працы. Маю на ўвазе, што выхаванцы заўсёды на вышыні. Ігар Аркадзевіч таксама ніколі з яго спартсменамі без дыпломаў не прыязджае са спаборніцтваў любога ўзроўню. Прыклад сям’і Рагаўцовых — добры стымул для педагогаў, якія сумняваюцца ў сваіх сілах. Да таго ж, ведаю, Алена Вячаславаўна — добрая гаспадыня, кулінар. Рукі ў яе залатыя: кроіць, шые, мадэлюе, кручком вяжа, пруткамі… Надзейная жонка і клапатлівая маці. А Ігар Аркадзевіч не проста дасведчаны настаўнік фізкультуры, але і шафёр, спецыяліст у розных гаспадарчых, агародных справах. І спявае, і вершы расказвае, і гісторыю ведае…”
Праз церні — у настаўнікі
Пасля шчырай прэзентацыі суразмоўцы мае, здалося, крышку заружавелі. Бывае ж такое, калі хваляць. Але смела ўступілі ў гутарку. І аказалася, у Жарабковічах Рагаўцоў з’явіўся спачатку як шафёр. А перад тым скончыў сталічны інстытут фізкультуры, працаваў тры гады ў Федзюкоўскай школе, ажаніўся, і ў войску адслужыў. “Мяне старшыня калгаса “Беларусь” Віталь Іванавіч Буско ўзяў на працу вадзіцелем — і я сумленна шафёрыў тут гады тры: з 1991-га па 1994-ы. Цікавая была пара, я пазнаёміўся з многімі людзьмі, можна сказаць, стаў сваім”.
На пытанне, дзе ж яны самі пазнаёміліся, Рагаўцовы ў адзін голас: “На вяселлі!”. Спадарыня Алена прадаўжае: “Ігар жыў на той час у Начы ў бацькоў — кіламетраў 5 адсюль. І я з гэтага раёна: Ліпскую школу скончыла. Калі сяброўка ў 1987-м выходзіла замуж за яго сябра, то мы былі сведкамі — шаферам і шаферкай — на іх вяселлі ў Начы. Так усё і склалася. А як ажаніліся, муж перавёўся ў Смалявіцкі раён: я там працавала. І месяцы праз тры яго ў войска…”. Нача хоць і стала “началом” іх сумеснага жыцця, але працы там не знайшлося.
Дарэчы, Алена Вячаславаўна праз мужа прыйшла ў педагогіку. Хоць і марыла ў школе працаваць, аднак у майстра Ганцавіцкага лясгаса Вячаслава Бурчыца было шасцёра дзяцей і сям’я не змагла “ўсіх вучыць”. Алена з трыма чацвёркамі ў атэстаце пайшла ў Мінскі тэхналагічны тэхнікум, скончыла яго і сустрэла сваё каханне ўжо тэхнолагам-мадэльерам у Жодзіне. А сястра, залатая медалістка, “скончыла БДУ па хіміі і біялогіі, паехала ў Івацэвіцкі раён — там і працуе амаль 25 гадоў, Зоя Вячаславаўна Саук — дырэктар школы ў Зялёным Бары…”
Забягаючы наперад, скажам: малодшая дачка маіх суразмоўцаў Ганна Рагаўцова скончыла Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт, стала настаўніцай беларускай і англійскай мовы. Былая выпускніца вясковай школы ведае ўжо чатыры (!) замежныя мовы (іспанская, нямецкая, англійская, польская) і працуе ў ІТ-фірме. Так спраўдзіла дачка мару маці, якая “хацела паступіць у іняз”. Алене ўвогуле карцела з побыту вясковага вырвацца, ды інакш склаўся лёс: “У 88-м, як ажаніліся, мужу я сказала: у вёску не паеду! Але ж потым — яго ў армію, а ў 89-м Даша нарадзілася, і мы з ёй куды? У вёску Начу, да маіх свёкра і свякроўкі”.
Тым часам Дашын татка служыў (інжынерныя войскі), штодзень пісьмы жонцы пісаў. І нават каханая з дачкою да яго з’ездзіла: бо Алупка ж, Крым! Чорнае мора ўпершыню пабачыла. Ну а пра паслявайсковае ўваходжанне Рагаўцова ў жарабковіцую суполку мы ўжо ведаем. Праўда, быў такі ў яго шафёрстве стратэгічны разлік: гаспадарка моцная — раз, ад Начы-бацькоў недалёка — два, і ў школе працаваў добры яго знаёмы (і мой былы настаўнік фізкультуры) Сцяпан Іванавіч Шклянік, які збіраўся на пенсію. Заадно шафёр-начавец да людзей прыглядваўся: “Тут усе працавітыя! Хочаш ці не, але ж і сам з імі такім будзеш (смяецца). Мы з жонкай да вясковай працы абодва звыклыя. Бацька мой, Аркадзь Фёдаравіч, з Магілёўскай вобласці: быў галоўным ветурачом у племсаўгасе “Нача”, маці, Надзея Данілаўна, таксама ветурач, і яе бацька такі ж спецыяліст быў. А мы вось педагагічную дынастыю распачалі, спадзяемся на яе працяг ва ўнуках”.
Пойдзеш да нас?
У 1994-м дырэктар школы Мікалай Фёдаравіч Гаспадура неяк паклікаў шафёра-настаўніка Рагаўцова, запытаў: “Пойдзеш да нас?” З лёгкай усмешкай ён згадвае: “Вядома, пайду! Да таго я праводзіў заняткі ў школе для дзяцей, прычым бясплатна: баскетбол, валейбол, футбол. Яны мяне ўсе ведалі, можна сказаць, глебу падрыхтаваў, каб паклікалі. У той жа год нарадзілася наша Ганна. Добрая частка жыцця нашага ў Жарабковічах пражыта”.
Першыя ўрокі
Алена Вячаславаўна ўспомніла, як у 93-м ім ад калгаса далі хатку: “Звычайная, далёка не новая. І мы яе самі перабудоўвалі, у парадак прыводзілі: укладзена шмат сіл і сродкаў. А жыццё так склалася, што і мне ў школе знайшлося месца. Калі Ганне было тры гады, у дырэктара школы памерла жонка, якая вяла хімію і біялогію. Настаўніца абслуговай працы яе замяніла, і паклікалі мяне, бо працаваць не было каму. А я крыху лабаранткай была, мяне ў школе ведалі. Даручылі весці ўрокі абслуговай працы, я ж швачка і мадэльер. У райана сказалі, падыходжу. І я адразу палюбіла гэтую прафесію”.
Вядома ж, Алена Вячаславаўна памятае свае першыя ўрокі: “Ой, было цяжка! Я нават плакала, баялася. Але мне вельмі дапамагала Ірына Вячаславаўна Дробат: яна таксама вяла такія заняткі. А ўсе ўзрадаваліся, што бяру на сябе ўрокі па абслуговай працы для дзяўчынак з 5 па 9 клас. Мы раскрываем таленты, юныя гаспадыні вучацца гатаваць і шыць — у нас ёсць асобныя кухня і швейны клас. Пліта, халадзільнік, сталовы посуд і прыборы — ёсць усё, паступова стваралася база, прычым найбольш актыўна пры Вользе Іванаўне. Спачатку мелі толькі дзве нажныя швейныя машынкі, цяпер дабавіліся тры прамысловыя — з Баранавіцкага тэхнікума. Ёсць аверлок, 4 электрычныя бытавыя машынкі. На такой базе ў нас працавала нават бізнес-кампанія, рэалізоўваліся сур’ёзныя праекты”.
Мы, аднак, выйдзем за фармат рубрыкі, калі паглыбімся і ў школьны бізнес. Розныя СМІ, у тым ліку і наша газета, пра крэатыўныя справы ў Жарабковіцкай школе паведамлялі. Хіба што скажам: там увасобілі ў жыццё праект бізнес-кампаніі “Нехитрые изделия”, нават з іншых раёнаў прыязджалі вучыцца. Ён быў прадстаўлены на абласным этапе конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.
Юныя майстрыхі з Жарабковіч паспяхова ўдзельнічаюць у творчых конкурсах, праектах. “Мы, як правіла, у раёне бяром дыпломы, займаем 2-е ці 3-е месца. Напрыклад, поспех меў набор-камплект з шалем вязаны. І бісерапляценне асвойваем, вяжам кручком, пруткамі. Мае выхаванкі ўмеюць смачна гатаваць і прыгожа шыць. Вяду два факультатывы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве: пэчворк (шматковае шыццё) у 6 класе і вышыванне гладдзю ў 7-м”, — адзначае Алена Рагаўцова. Так што, заключаем, выпускніцы Алены Рагаўцовай у жыцці не прападуць.
Напрыканцы размовы ў клас прынеслі прыгожую форму для вучняў, якія ўдзельнічаюць у праектах Школы міру, а такой Жарабковіцкая школа імя М.Г.Мінкевіча стала ў 2022 годзе. І, дарэчы, летась яна прызнана пераможцай абласнога этапу конкурсу Школ міру. А форму для юных міратворцаў шыла якраз Алена Вячаславаўна, “і некаторыя сяброўкі дапамагалі”.
Калі рукі з розумам у згодзе
Будзе не лішнім дадаць, што развіццём працоўнай адукацыі, выхаваннем працай нямала займаўся ў маштабах усёй Беларусі міністр адукацыі БССР Міхаіл Гаўрылавіч Мінкевіч, у гонар якога названа школа. Ён мясцовы: родам з суседніх Гуліч. Там яшчэ стаіць пачатковая школа, у якой ён вучыўся… Вось бы надаць будынку другое жыццё! Стварыць, можа, там раённы цэнтр па працоўным выхаванні? Асветніцкі музей раёна? У час размовы з Рагаўцовымі і Вольгай Бурак мы разважалі: кожны, заканчваючы школу, павінен умець хоць нешта рабіць сваімі рукамі, а то і зарабляць на жыццё. Чаго вартае тое выхаванне, калі хлопец, вобразна кажучы, не ўмее цвік забіць, трымаць венік ці лапату, а дзяўчына — гузік прышыць, згатаваць для сябе і сям’і кашу ці дранікі! Вольга Іванаўна мяркуе так: “Уменне рабіць нешта рукамі, а таксама элементарныя эканамічныя веды — вельмі патрэбныя! Рукам жа мала расці адкуль трэба — іх яшчэ трэба вучыць-практыкаваць. І калі ўсё з галавой рабіць, не будзе аніякага шансу развіцца гультайству ці ўтрыманству. Так што эканамічная, працоўная школьная дзейнасць маюць вялізны выхаваўчы эфект”. Дададзім: і эканамічны, патрыятычны, а таксама ідэалагічны. Бо калі рукі з розумам у згодзе, гэта і ёсць гарманічная асоба, калі ж не, то будзе дысгармонія, праблема і для самога чалавека, і для яго блізкіх, і для грамадства.
Тым часам хацелася ўдакладніць: як жа Рагаўцовы хату даводзілі да ладу? Ігар Аркадзевіч паглыбляецца думкамі ў няпростыя 90-я: “Хата невялічкая, грошай мала… І ляпілі мы, як кажуць, з таго, што было. Разабралі стары дах, паклалі новы. Разбудавалі пры тым хату шырэй, паднялі сцены на два паверхі: цеснаватая была. Нават уваход у іншым месцы зрабілі. Матэрыял звычайны: дрэва, цэгла. І ўсё мы з жонкай, сваімі рукамі ў асноўным: замешвалі бетон, цягалі камяні — на полі збіралі, тут па ваколіцах многа. Прывозілі сабраныя, залівалі падмуркі. А потым, як грошай сабралі — спецыялістаў наймалі, далей рухаліся. З маёй настаўніцкай зарплатай будоўлю, дзяцей было б не падняць, таму распачалі невялічкі аграбізнес: цяпліцы, ранняя бульба. Гэта ўжо як дзеці крыху падраслі…” Пра Ганну вы ведаеце, а Дар’я фінансіст, скончыла эканамічны ўніверсітэт (у нас па-ранейшаму кажуць: Нархоз) і ў Баранавічах працуе”. Пры тым жонка з кранальным замілаваннем дадае: “І дзве ўнучачкі ўжо маленькія ў нас ёсць — у Дар’і дачушкі”.
Агрападпрацоўку настаўнікі Рагаўцовы распачыналі разам. Тэхналогію вырошчвання маладой бульбы перанялі ў швагра, мужа сястры Ігара, які родам са Случчыны. Там жа вяскоўцы, кажа, заўсёды пры такім клопаце, і першыя ўвесну на рынку — случакі. Метад яравізацыі з іншымі аграсакрэтамі (свая тэхналогія адпрацавана!) Рагаўцовы якраз і прывезлі ў Жарабковічы ды паспяхова ўкаранілі. Дарэчы, я пісаў пра тое раней, а не ведаў, што былыя мае аднакласнікі Аляксандр Шэлех ці Леанід Новік, якія бульбай займаліся, у Рагаўцовых-першапраходцаў вучыліся.
“Нам расказалі асновы, а далей мы самі, — удакладняе Ігар Аркадзевіч. — Яшчэ ў халады бульбу дастаём са сховішча, прарошчваем у падагрэтым пакоі. Апырскваем, каб лепш прарастала. Калі зямля прагрэецца, саджаем у рады, закрываем. І ўжо на пачатку чэрвеня прадаём. Якраз, жартуем, пад настаўнікаў тэхналогія: у школе пачынаюцца канікулы. Дарэчы, на рынках я сустракаю і іншых настаўнікаў — таксама з ранняй бульбай”.
Агратэрапія!
Калі Рагаўцовы ўжо асвоілі бульбаводства, сябры падказалі, як вырошчваць агуркі — яны і гэтым заняліся. Чатыры соткі цяплічныя, каля тысячы кустоў агуркоў. І вазіць ураджай нікуды не трэба, мясцовы люд іх разбірае, бо свае і вельмі смачныя. Сарты, тэхналогія — усё адпрацавана. Гаспадар наладзіў у цяпліцы кропельны паліў, некалькі печак на дровах, трубы па цяпліцы для прагрэву. Пазней і без падагрэву вырошчвалі расаду (памідоры, кветкі, перцы) і ўсё мясцовым гаспадыням распрадавалі.
І што ва ўсім гэтым радуе: жарабковіцкія жыццялюбы Рагаўцовы не закапалі пры тым свой аптымізм у глебу! А то ж бывае: вясковая праца чалавека як зацягне, то і згорбіць, запалоніць — і ён, як кажуць, свету белага за ёю не бачыць. Ды не, яны ў адзін голас, меру мы ведаем, і школьнай рабоце тое не перашкаджала. Гэта для годнага жыцця, і каб дзяцей на ногі падняць усё рабілася, а не дзеля ўзбагачэння. І ў такіх справах, дадаюць, адпачывае галава: калі нават які стрэс — да раслін прыйшоў, і яны цябе лечаць. Агратэрапія!
Між тым агародніцка-настаўніцкі каштоўны досвед сярод вучняў школы, раёна пакуль не пашыраецца: “Хутчэй бацькі тым цікавяцца, вучацца ў нас. Расказваем, калі хто пытае. І многія пачалі патроху займацца”. Вось я і згадаў пра будынак школы ў Гулічах: можа б, там прыжыўся раённы цэнтр працоўнага навучання і выхавання, з ухілам на агратэхналогіі? Зрэшты, што гадаць: узоры жыцця, спляценні лёсаў складваюцца так дзіўна і непрадказальна. Узяць хоць бы сустрэчу маю на Камароўцы, альбо як аказалася ў нашых месцах ураджэнка Любаншчыны Вольга Іванаўна, ці тое, што з часам Рагаўцовы парадніліся з Мікалаем Фёдаравічам, былым дырэктарам школы… А ўсё тое ўсплывала ў даверлівай размове, калі Алена Вячаславаўна згадала, чым упрыгожвае свой дом. У ім ёсць і кветкі самаробныя, і вышыўкі, кашпо, абрусы: “Гэта ўсё зімою робіцца, калі вольнага часу больш. Як тэлевізар гляджу, то не магу проста сядзець: рукі нешта робяць”. А нехта ж Нябачны, робім выснову, стварае непаўторнае макрамэ з нітак нашых лёсаў, жыццяў…
Жарабковічы фізкультурныя
На заканчэнне нататак — пра школьныя справы, поспехі і дасягненні Ігара Аркадзевіча. Яны, вядома ж, прадмет яго асаблівай гордасці.
“Гэта досвед, як вярнуўся ў школу, нікуды не дзеўся і дзяцей ведаў, — прыгадвае ён 90-я. — Дырэктар бачыў, што я адданы сваёй працы, адзін раз прыйшоў на ўрок, сказаў: “Усё нармальна”. Мы з ім разам рэканструявалі школьны стадыён. Падсыпку рабілі. Ранейшае абсталяванне было ў кучы звалена, то мы яго паднавілі, паставілі. Уладкавалі гімнастычны гарадок і ўсе пляцоўкі, бегавы круг на 330 метраў самі спланавалі, зрабілі бегавую дарожку. На той час яна, можна сказаць, была крутая, але ж 30 гадоў прайшло — зноў трэба паднаўляць. І ўся гэтая гаспадарка догляду патрабуе. Увесну ці ўлетку косім з рабочым траву ў вузкіх месцах трымерам, а стадыён трактар косіць — прыходзіць ад райаддзела адукацыі”.
У самога Ігара Аркадзевіча найбольш ляжыць душа да лёгкай атлетыкі, у пашане бег на сярэднія дыстанцыі: 800 і 1500. Са школы яшчэ любіць лыжы, футбол. Пэўны час у школе была моцная каманда па футболе: паспяхова гулялі на раёне, выходзілі на вобласць.
Жартуем: жонка вучыць дзяцей працаваць рукамі, а ён — нагамі. Ну і галавой, вядома ж, і не толькі “лбом”…
Некаторыя дзяўчынкі нядрэнна ў футбол гуляюць, але ў асноўным хлопцы: “Мы заўсёды на раёне ў прызёрах. Мае выхаванцы паступалі ва ўніверсітэт фізкультуры, асноўныя нашы поспехі — па лёгкай атлетыцы. Нават чэмпіёнка Беларусі па бегу была — Каця Мацюшэнка. Яна потым перайшла на спартыўную хадзьбу, скончыла вучылішча алімпійскага рэзерву і сышла, як я кажу, з дыстанцыі. Але, мяркую, спартыўная загартоўка ёй у жыцці не лішняя. Уладзімір Застаўны быў прызёрам абласных спаборніцтваў у бегу на 1500 метраў: выступіў амаль па 1-м разрадзе. Былі ў нас нават чэмпіёны Беларусі па футболе — Яўген Ашмарын і Міхаіл Літвіновіч. Калі яны гулялі за “Граніт” з Мікашэвіч, то каманда ў першай лізе ў 2010-м стала чэмпіёнам. Абодва і цяпер гуляюць. Хоць многія нашы вучні скончылі тэхнікум ці ўніверсітэт фізкультуры, але далей не ў спорт пайшлі — армія, МНС, міліцыя. Добрая фізпадрыхтоўка ім спатрэбілася, мне яны за гэта ўдзячныя, заходзяць у школу. Яшчэ мы па лыжах паспяхова рухаемся, у “Снежным снайперы” ўжо ёсць прызёры абласных спаборніцтваў: Кірыл Лук’янчык займаў другое месца, Сяргей Негарожын і Улад Мацвіенка былі трэцімі”.
Напрыканцы размовы я запытаў, як настаўнік фізічную форму падтрымлівае, і даведаўся цікавае. Аказваецца, ён прыхільнік сістэмы загартоўкі арганізма, прыязна ставіцца да ідэй Парфірыя Іванова і яго сістэмы “Дзетка”, скіраванай на комплекснае аздараўленне арганізма: “Не штодзень, але часта бяру тазік ледзяной вады, выходжу на ганак, раздзеўся — і плюх на галаву. Пасля гэтага заўсёды адчуваю прыліў сіл і бадзёрасці”.
Ігар Рагаўцоў акунаецца ў вадохрышчанскую купель, 18 студзеня 2024 г.
І вось ужо на самае заканчэнне жонка паведаміла такі факт: “Ён жа ў нас і ў палонку на Вадохрышча залазіць…” Ігару Аркадзевічу нічога не заставалася, як гэта прызнаць і дадаць, што папярэдне да купання-маржавання ён рыхтуецца. Абрад выконвае ў Ляхавічах альбо Клецку, дзе робяць палонкі: “Акунуўся — і здаровы. Ну і іншыя практыкаванні ёсць, якія выконваю: трэба ж форму абавязкова трымаць”.
Хоць такія экстрэмальныя спосабы аздараўлення сярод школьнікаў сам настаўнік не афішуе, аднак на здымках, размешчаных у сацсетках пасля Вадохрышча, выхаванцы яго прызналі.
Зрэшты, у тым, што настаўніцкі дуэт Рагаўцовых у Жарабковічах і раёне ўсім добра вядомы, у тым ліку і дзякуючы поспехам іх вучняў, няма ніякіх сумненняў.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Жарабковіцкай сярэдняй школы