Што робяць настаўнікі Касцюковіцкага раёна для захавання архітэктурнай спадчыны?

- 14:24Родная земля

Педагогі Касцюковіцкага раёна не толькі вывучаюць помнікі архітэктуры, але і робяць канкрэтныя справы для іх захавання. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Прывабны выгляд

У школьным краязнаўстве звычайна так: настаўнікі разам з вучнямі даследуюць гісторыю храмаў, палацаў, замкаў, іншых будынкаў, якія засталіся на малой радзіме з вякоў мінулых, прадстаўляюць сабраныя звесткі на краязнаўчых форумах, у сродках масавай інфармацыі, уключаюць аб’екты ў экскурсійныя маршруты. Такая дзейнасць дазваляе звярнуць увагу грамадскасці на праблемы захавання, аднаўлення помнікаў.

У Новасаматэвіцкай сярэдняй школе пайшлі далей. Напрыклад, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Уладзімір Яўгенавіч Сальнікаў разам з вучнямі падчас пешых і веласіпедных паходаў у вёску Канічы абавязкова наведваюць велічныя руіны касцёла і бровара, пры неабходнасці высяка­юць там хмызняк, зграбаюць лісце, сухую траву, каб архітэктурная спадчына знаходзілася ў прывабным для турыстаў выглядзе.

Дарэчы, у гэтай справе школа цесна супрацоўнічае з Новасаматэвіцкім сельсаветам. А падобныя працоўныя дэсанты сталі неад’емнай часткай краязнаўчай дзейнасці ўстановы адукацыі ў рамках рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне сеткавай мадэлі фарміравання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў: рэгіянальная мадэль”.

— Пачалося ўсё па нашай ініцыятыве. У адзін з паходаў узялі не толькі рукзакі, але і граблі, невялікія рыдлёўкі. Пасля таго як расказаў вучням пра гісторыю будынкаў, мы дружна выкарчавалі каля іх кусты, зграблі смецце, мінулагодняе галлё, лісце. Адным словам, сумясцілі прыемнае з карысным. Канечне, усё робіцца ў залежнасці ад нашых магчымасцей. Напрыклад, рэстаўрацыяй будынкаў мы заняцца не можам, тут патрэбны спецыялісты. А вось навесці чысціню нам цалкам па сілах, — падзяліўся Уладзімір Яўгенавіч.

Прычым не толькі навесці чысціню, але і добраўпарадка­ваць прылеглую да помнікаў тэрыторыю. Напрыклад, каля бровара ёсць вялікая паляна. “Цудоўная футбольная пляцоўка”, — вырашыў аднойчы Уладзімір Яўгенавіч і разам з калегамі змайстраваў на ёй драўляныя вароты. Цяпер з надыходам цяпла тут кожныя выхадныя і на канікулах гу­чаць дзіцячыя галасы, арганізоўваюцца спаборніцтвы па футболе, дваровыя гульні.

— Галоўнае — даць дзецям магчымасць выбару, як праводзіць вольны час: карысна на свежым паветры ці са смартфонам на канапе. Калі зацікавіць, то ніякія гаджэты не заменяць ім гульні на свежым паветры, — адзначыў настаўнік фізкультуры.

Краязнаўчая матэматыка

— Калі падыходзім да храма, заўсёды задаю вучням розныя краязнаўчыя загадкі, — працягвае
Уладзімір Яўгенавіч, углядаючыся ў магутныя вежы касцёла. — Спачатку прапаную дакрануцца да сцен і вызначыць, наколькі моцная цэгла. Потым расказваю, што такая трываласць невыпадковая. У пачатку ХХ стагоддзя ў кожную цаглінку дадавалі яечны жаўток. А цяпер пытанне: “Колькі яек пайшло на будаўніцтва храма?” Дзеці пачынаюць гадаць: тысяча, мільён. Я ж прапаную назваць дакладную лічбу, напрыклад, для левай сцяны. Называю яе даўжыню і вышыню, памеры адной цагліны, таўшчыню шва. Задача нескладаная, рашаецца ў некалькі дзеянняў.

Міжволі падумалася: сапраўдная краязнаўчая матэматыка. І падобныя задачы, заснаваныя на мясцовым матэрыяле, могуць даваць рашаць вучням настаўнікі матэматыкі любой школы. Для дзяцей гэта будзе адначасова і цікавы працэс вывучэння новай тэмы, і выхаванне любові да роднай зямлі.

Пра любоў, каханне і праектную дзейнасць

Даволі рэдкая з’ява — края­знавец і настаўнік фізкультуры. Звычайна мінулым роднага краю захапляюцца педагогі-гісторыкі, географы, філолагі, інфарматыкі і нават матэматыкі, а вось каб фізрукі… Але тут усё залежыць ад самога чалавека, яго інтарэсаў. Уладзімір Яўгенавіч не толькі прапагандуе сярод вучняў здаровы лад жыцця, але і выхоўвае любоў да малой радзімы.

Сам ён родам з Краснадарскага краю. Аднак па волі лёсу і сваім уласным жаданні аказаўся ў Канічах. Справа ў тым, што яго мама з Гомельскай вобласці, а ў Гродне жылі яе родныя. У горад над Нёманам яна і параіла сыну пасту­піць у фізкультурны тэхнікум. Неяк падчас вучобы Уладзімір Яўгенавіч паехаў на рыбалку ў Канічы (малую радзіму свайго аднагрупніка) і адразу палюбіў гэты куточак з яго маляўнічай і рыбнай Бесяддзю, з багатай гісторыяй. Тут жа сустрэў і сваё каханне — сястру аднагрупніка, якая стала не толькі вернай спадарожніцай жыцця, але і калегай.

Сёння Любоў Мікалаеўна Сальнікава працуе намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Новасаматэвіцкай сярэдняй школы. Ва ўсіх пачынаннях, у тым ліку краязнаўчых, яна падтрымлівае мужа, як і Уладзімір Яўгенавіч дапамагае жонцы спраўляцца з работай на адказнай пасадзе. А яшчэ яны разам працуюць ва ўжо згаданым рэспубліканскім праекце.

— Асноўная ідэя інавацыйнага праекта — у фарміраванні грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў на аснове сеткавага ўзаемадзеяння і сацыяльна-педагагічнага партнёрства. У праекце ўдзельнічае шэраг устаноў адукацыі краіны, каардынатарам выступае Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі. У ваколіцах аграгарадка Новыя Саматэвічы знаходзіцца шмат гістарычных помнікаў. Адной з задач праекта якраз і з’яўляецца іх вывучэнне. Для рэалізацыі праекта створана група педагогаў-наватараў у складзе сямі чалавек, а таксама вучняў 6, 7 і 10 класаў. Кожны з педагогаў працуе над сваёй тэмай. Так, Уладзімір Яўгенавіч курыруе экскурсійна-турыстычную дзейнасць, настаўнік гісторыі Мікалай Іванавіч Купцоў — пошукава-края­знаўчую і музейную. Фарміраванне грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі на вучэбных занятках — поле адказнасці настаўніцы інфарматыкі Ганны Леанідаўны Завадскай, валанцёрскім рухам кіруе педагог-арганізатар Яўгенія Сяргееўна Дзюндзіна. Кіраўніком праекта ў нашай школе з’яўляецца дырэктар Аксана Міхайлаўна Міхалёва, — паведаміла Любоў Мікалаеўна.

Важны паказчык

За два гады ўдзелу школы ў праекце дасягнуты значныя вынікі. Што тычыцца краязнаўчага і экскурсійнага напрамку, то тут створаны прэзентацыі, відэаролікі, напісаны шэраг даследчых работ, з якімі новасаматэвіцкія краязнаўцы паспяхова выступалі на канферэнцыях раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, прывезлі адтуль нават некалькі прызавых дыпломаў, таксама распрацавалі экскурсійныя маршруты па малой радзіме, стварылі краязнаўчыя сайты.

Упрыгажэннем касцёла ў Канічах былі не толькі роспісы і каляровыя вітражы, але і арган. Яго падчас Вялікай Айчыннай вайны, а таксама дубовае ўбранства акупанты вывезлі ў Германію. У 1950—60-я гады абваліліся перакрыцці. Храм больш не аднаўляўся. Сёння яго руіны ўзяты пад ахову дзяржавы. З нядаўняга часу чысціню ўсярэ­дзіне храма і на прылеглай тэрыторыі сумесна з сельсаветам падтрымліваюць настаўнікі і вучні Новасаматэвіцкай сярэдняй школы. 

Аднак самым важным, на мой погляд, паказчыкам паспяховай рэалізацыі праекта з’яўляецца актыўны добраахвотны ўдзел падлеткаў у працоўных акцыях на тэрыторыі помнікаў архітэктуры, жаданне зрабіць малую ра­дзіму больш прыгожай, утульнай. Ці не гэта ёсць сапраўдны патрыятызм?

Архітэктурныя жамчужыны

Асноўныя архітэктурныя жамчужыны Касцюковіцкага раёна знаходзяцца не толькі ў вёсцы Канічы.

У выселеных пасля аварыі на ЧАЭС Саматэвічах адзінока ўзвышаецца будынак цаглянай Свята-Троіцкай царквы. Як паведаміў Мікалай Іванавіч Купцоў, храм пабудаваны ў 1840-х гадах па ініцыятыве памешчыка Галынскага. Храм праектаваўся архітэктарамі з Пецярбурга і Масквы, пад іх кіраўніцтвам і ўзводзіўся. Сёння гэты помнік знаходзіцца ў выселенай зоне, і трапіць туды можна толькі па пропуску.

— Пра такія закінутыя храмы мы не павінны забываць. У іх хоць і не служыцца літургія, але гэта святое, намоленае многімі пакаленнямі землякоў месца, — падзяліўся Мікалай Купцоў.

У вёсцы Забычанне аднаўляецца будынак таксама цаглянай Свята-Узнясенскай царквы канца ХІХ стагоддзя. Вёску Прусіна ўпрыгожвае праваслаўны храм Казанскай іконы Божай Маці, пабудаваны з дрэва ў 1860-я гады.

Горад, які здзіўляе

Цудоўныя прыклады грама­дзянскай архітэктуры захаваліся і ў райцэнтры.

Калі прайсціся па галоўнай вуліцы Касцюковіч Ленінскай, можна ўбачыць шмат цікавага. Гэта мы і зробім разам з настаўніцай геаграфіі сярэдняй школы № 1 Касцюковіч Вольгай Міхайлаўнай Кісялевай. Вольга Міхайлаўна, дарэчы, атэставаны экскурсавод, таму нас чакае цікавая, інфарматыўная прагулка.

— Касцюковічы — гасцінны горад, які любіць здзіўляць. Вось першы дзіўны момант: вы едзеце на цягніку ў Касцюковічы, а прыязджаеце ў Камунары, — пачынае экскурсію настаўніца.

Такія чыгуначна-тапанімічныя крыжаванкі нярэдка сустракаюцца на чыгуначных вакзалах беларускіх гарадоў. Напрыклад, едзеш у Заслаўе — прыязджаеш у Беларусь, едзеш у Іванава, а выходзіш на станцыі Янаў-Палескі. Што тычыцца назвы Камунары, то пра яе паходжанне здагадацца нескладана. У 1920-я гады тут былі арганізаваны першыя камуны, таму і назва адпаведная.

“Ёсць станцыя такая — Камунары, // Не верыш мне, на карту глянь, таварыш: // Уніз ад Оршы, кожнаму знаёмай, // Стаіць яна ля роўных рэек сёмай”, — цытуе словы ўраджэнца Касцюковіцкага раёна Аркадзя Куляшова настаўніца. Гэтыя словы прыведзены не проста так. Будынак станцыі якраз і знаходзіцца на вуліцы, названай у гонар паэта. Метраў праз 200 гэтая вуліца паступова пераходзіць у Ленінскую. Па ёй мы і накіруемся ў цэнтр горада.

У распрацаваным Вольгай Міхайлаўнай маршруце “Галоўная вуліца горада: дзень учарашні і сённяшні” вядзецца падрабязны аповед пра больш чым два дзясяткі будынкаў. Мы ж спынімся каля тых, якія былі ўзведзены ў канцы ХІХ або пачатку ХХ стагоддзя. Для гэтага перамесцімся бліжэй да цэнтральнай плошчы, недалёка ад якой знаходзіцца двухпавярховы цагляны бела-ружовы будынак з яркай назвай “Техномир”. Гэта цяпер у ім можна набыць сучасную тэхніку, а калісьці тут жыла сям’я шаўца.

Па словах Вольгі Міхайлаўны, гэта адзін з самых старых будынкаў горада. За апошні час ён значна змяніўся. Першапачатковы выгляд захавалі вокны, яны і цяпер зверху закругленыя. Пабудаваны дом у 80-я гады ХІХ стагоддзя і спачатку належаў шаўцу Івану Панамарову. На другім паверсе жылі гаспадар і яго сям’я, на ніжнім — працавалі падзёншчыкі, якія шылі рэчы на заказ і на продаж. Падчас нямецкай акупацыі дом гарэў, але быў адноўлены перасяленцамі. Па ўспамінах старажылаў, у пасляваенны час тут знаходзіліся розныя службы. У будынку размяшчаўся і Цэнтр дзіцячай творчасці, працавалі гурткі, таму жыхары горада ўжывалі розныя назвы будынка: Дом піянераў, “Юны ўмелец”, “Умелец”. У 2003 годзе дом быў выкуплены прыватным прадпрымальнікам.

— Каля гарадскога сквера — стары будынак, гаспадыняй якога была багатая ўдава Красоўская. Потым гэты дом набыў Вінакураў, і да 1917 года ён належаў яму і яго спадчыннікам. Пабудаваны ў 80-я гады ХІХ стагоддзя, перабудоўваўся пасля 1910 года. У гаспадароў дома была маслабойня для вытворчасці льнянога і канаплянага масла. На другім паверсе жыла сям’я. У час Вялікай Айчыннай вайны ў ім размяшчаліся паліцыя і жандармерыя. Супрацоўнікі бібліятэкі расказалі мне, што ў падвальным памяшканні на сценах да гэтага часу захаваліся надпісы, зробленыя ахвярамі фашыстаў. Я спецыяльна спусцілася ў падвал, каб пераканацца і сфатаграфаваць гэтыя надпісы. У пасляваенны час у будынку размяшчаўся раённы ваенкамат, а з 1976 года — раённая бібліятэка. Цяпер тут прыватныя магазіны, — паведаміла Вольга Міхайлаўна.

Асобны аповед настаўніца вядзе ў гарадскім скверы. Калісьці тут узвышалася цагляная Свята-Узнясенская царква, узведзеная ў 1876 годзе. Вакол царквы быў цэлы лабірынт гандлёвых радоў. Незадоўга да Вялікай Айчыннай вайны яе ўзарвалі. Пад храмам быў некропаль з магіламі святароў, купцоў, прадстаўнікоў дваранства.

Цяпер на гэтым месцы брацкая магіла воінаў, якія загінулі пры абароне і вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, помнік, прысвечаны воінам-інтэрнацыяналістам і Алея Герояў з бюстамі землякоў Герояў Савецкага Саюза: Васіля Маргелава, Мітрафана Зіньковіча, Феадосія Аўхачова, Уладзіміра Скугара, Мікалая Су­дзі­лоўскага, Аляксандра Варанцова.

Паралельна вуліцы Ленінскай ідзе вуліца Бонч-Бруевіча, на якой знаходзіцца будынак сярэдняй школы № 1 Касцюковіч — адзін са старэйшых у горадзе. Па словах дырэктара Святланы Анатольеўны Касцянковай, узведзены ён у 1961 годзе і размяшчаецца ў гістарычным цэнтры — самым ціхім і зялёным мікрараёне горада. Пра 1960-я гады нагадваюць не толькі знакамітыя словы Уладзіміра Ільіча пра неабходнасць вучыцца, размешчаныя на франтоне будынка, але і вялікія ліпы, пасаджаныя першымі настаўнікамі і вучнямі.

— Сярод іх быў і мой тата. Дарэчы, многія нашы настаўнікі з’яўляюцца выпускнікамі школы. Думаю, вы адчулі асаблівую атмасферу ў сярэдзіне будынка, — паведаміла Святлана Анатольеўна.

Асаблівая атмасфера

Так, адчуў. А яшчэ адчуў асаб­лівую атмасферу самога горада, калі прагульваўся па яго ўтульных вуліцах, слухаючы цікавы аповед Вольгі Міхайлаўны. Таксама пераканаўся падчас сустрэчы з новасаматэвіцкімі педагогамі, што ў нашай краіне яшчэ шмат малавядомых шырокаму колу падарожнікаў архітэктурных жамчужын, якія неабходна захоўваць, аднаўляць.

Этнаграфічныя шэдэўры

Дарэчы, Касцюковіцкі раён адметны не толькі архітэктурнай, але і этнаграфічнай спадчынай. Азнаёміцца з ёй можна ў музеі сярэдняй школы № 4 Касцюковіч.

Раздзелы экспазіцыі расказваюць пра гісторыю школы, будаўніцтва цэментнага завода і новага мікрараёна для сем’яў работнікаў. Самым вялікім па колькасці экспанатаў з’яўляецца этнаграфічны раздзел.

— Тут паказаны бытавыя ўмовы жыцця нашых продкаў. Найбольш каштоўны экспанат — вось гэтыя кросны. Ёсць цікавая калекцыя чамаданаў савецкага перыяду, сабраная былым кіраўніком музея Святланай Валянцінаўнай Маслянковай. Значна прадстаўлены прадметы ганчарства, вырабы з тканіны. Мы, дарэчы, пастараліся паказаць увесь працэс яе стварэння, пачынаючы ад апрацоўкі льну, — паведаміла кіраўнік музея настаўніца гісторыі Валерыя Пятроўна Ісачанка.

Асаблівую ўвагу прыцягвае калекцыя ручнікоў з традыцыйным жывёльным і раслінным арнаментам.

— Каштоўны экспанат — гэты ручнік. Хутка яму бу­дзе 100 гадоў. Яго саткала і вышыла мясцовая майстрыха. На прыкладзе гэтага ручніка расказваю вучням, што раней лю­дзі былі вельмі працавітыя, але не асаб­ліва адукаваныя, як чулі, так і пісалі, у гэтым выпадку так і вышывалі. Каб апраў­даць сваю непісьменнасць, майстрыха вышыла такія словы: “ашыбка нищытаеца запарок”, — адзначыла настаўніца.

Валерыяй Пятроўнай вывучаюцца розныя аспекты мінулага раёна. Гэта помнікі архітэктуры, этнаграфічная спадчына, а таксама гісторыя горада, цэментнага завода, мікрараёна, школы.

 Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара