Аб тым, на якіх прынцыпах будуецца ўзаемадзеянне з педагогамі, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Смалявіцкага райвыканкама Ірына Чарняўская.
У адказнасці за вынік
— Ірына Аляксандраўна, у вас ёсць вопыт кіравання сістэмай адукацыі Мінска. Ці адчуваеце розніцу паміж тым, як пабудавана работа ў гэтым кірунку ў сталіцы і ў горадзе-спадарожніку, у Смалявіцкім раёне?
— Глабальных адрозненняў я не бачу, але дакладна ведаю, што і ў Мінску, і ў Смалявіцкім раёне трэба працаваць, каб атрымаць вынікі, якімі можна ганарыцца. Адзін раз у два тыдні праводжу з дырэктарамі ўстаноў адукацыі раёна рабочыя нарады, падчас якіх падводзім вынікі работы, будуем планы. Калегі заўсёды, калі чуюць просьбы, пагаджаюцца з імі. Такая падтрымка для мяне як для начальніка вельмі каштоўная.
— Бягучы год аб’яўлены ў краіне Годам якасці. Што робіцца ў Смалявіцкім раёне для павышэння якасці адукацыі?
— Вельмі трапна і змястоўна мэту Года якасці вызначыў кіраўнік дзяржавы: “Мы павінны пераўзысці сябе, каб нармальна канкурыраваць на ўсіх рынках і выжыць. Гэта значыць, падымаем планку патрабаванняў да сябе і сумленна прызнаём, дзе недапрацавалі”.
Я з гэтым згодна: якасць павінна быць ва ўсім і залежыць яна ад кожнага з нас. А сістэма адукацыі знаходзіцца ў авангардзе ўсіх працэсаў якаснага пераўтварэння. Чаму? Таму што дзіцячы сад, школа, установа дадатковай адукацыі — гэта як залаты ганак з дзіцячай лічылачкі. Нашы дзеці стартуюць у жыццё менавіта адсюль. Аснова іх будучыні, паспяховага і цікавага жыцця — гэта адукацыя, якую яны атрымаюць. Таму менавіта яе якасць павінна ўдасканальвацца, а адказнасць педагогаў і кіраўнікоў за вынік павінна быць высокай на кожным этапе яе дасягнення. Пагадзіцеся, вектар поспеху ў любой сферы дзейнасці задаюць стандарты якасці.
Упэўнена, што якасць адукацыі напрамую залежыць ад педагога, яго кампетэнцый. Пытанні прафесійнага росту павінны вырашацца своечасова, бо для гэтага створаны ўсе ўмовы.
Сёння Смалявіцкі раён будзе нарошчваць падрыхтоўку спецыялістаў такога профілю, як дашкольная, фізіка-матэматычная і лінгвістычная адукацыя, фізічная культура. Перш за ўсё для вырашэння гэтага пытання шукаем рэзервы ў сябе. Мы ўжо адкрылі 7 педагагічных класаў і груп. Што тычыцца перспектыў, то ў бягучым годзе плануем адкрыць адпаведныя класы яшчэ ў чатырох установах. Але адкрыць — гэтага мала. Мы павінны весці мэтанакіраваную работу на матывацыю навучэнцаў стаць педагогам.
Развіццё сістэмы ў цэлым і кожнай установы вызначае ў першую чаргу правільная кадравая палітыка, якая будуецца з перспектывай на некалькі гадоў. У 2023 годзе сістэма адукацыі раёна папоўнілася маладымі спецыялістамі, да нас прыйшоў працаваць 41 чалавек. Трэба і далей паляпшаць пазіцыі ў рабоце па замацаванні маладых спецыялістаў. Неабходна, каб увагу на месцах атрымаў кожны педагог, а не толькі той, хто са студэнцтва быў паспяховым. Маладым неабходна падтрымка, якасная работа інстытута настаўніцтва.
Нам варта больш актыўна выкарыстоўваць магчымасць мэтавага навучання, якое з’яўляецца гарантам доўгатэрміновага замацавання маладых спецыялістаў.
Пазітыўная прастора
— Як акрэсліце місію сучаснай школы? Якія задачы ставіце перад калектывамі для яе выканання?
— Не сакрэт, што адукацыя — падмурак дзяржаўнасці. А быць карысным грамадству і ўмацоўваць сваёй працай родную краіну — гэта асноўны сэнс сістэмы адукацыі і, безумоўна, місія школы. Разам з гэтым мы павінны дапамагчы вучням самарэалізавацца, у першую чаргу свядома падысці да выбару прафесіі.
Ужо ў верасні ў нас павінен быць створаны банк даных адораных вучняў па кожным вучэбным прадмеце, заняткі з імі таксама павінны адсочвацца. Кіраўнікам устаноў адукацыі даручана асабіста кантраляваць работу з такімі дзецьмі, не забываючы ўключыць гэты від работы ў функцыянал педагогаў.
Сістэма адукацыі Смалявіцкага раёна гнутка і аператыўна рэагуе на зменлівыя ўмовы, каб забяспечыць даступнасць і якасць адукацыі для кожнага дзіцяці.
У нашых установах паслядоўна рэалізуецца найважнейшы прынцып дзяржаўнай палітыкі — прынцып інклюзіі ў адукацыі. Лічу, што неабходна больш уважліва ставіцца да праблем дзяцей з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. Для іх найбольш прымальнай з’яўляецца арганізацыя груп і класаў сумеснага навучання і выхавання. Гэтую работу ў наступным навучальным годзе будзем наладжваць у кожнай установе адукацыі раёна. Тым не менш я ўпэўнена, што пачынаць дзейнічаць па вызначаным кірунку неабходна ўжо сёння.
Яшчэ адно важнае даручэнне для педагогаў: школа павінна стаць пазітыўнай і прывабнай прасторай для вучняў і надзейным навігатарам сям’і. Абавязковыя кампаненты выхаваўчага асяроддзя, якія трэба рэалізаваць кожнай установе адукацыі, — музей, ваенна-патрыятычны клуб або клас, школьны тэатр, школьны спартыўны клуб, медыяцэнтр.
— Ірына Аляксандраўна, бягучы навучальны год падыходзіць да свайго лагічнага завяршэння. Калі пачняце рыхтавацца да новага?
— Ужо ў бягучым месяцы будуць разгледжаны пытанні падрыхтоўкі ўстаноў да пачатку навучальнага года, пачнуцца працэдуры закупак і рамонтныя работы.
Дарэчы, падчас правядзення пасяджэння раённай выніковай калегіі мы з педагогамі прыйшлі да высновы: як бы ні мянялася сістэма адукацыі, якія б працэсы ні адбываліся ў грамадстве, наша роля застанецца нязменнай, галоўнай і вызначальнай. На нас ляжыць адказнасць за дзяцей, а значыць, за нашу будучыню.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА