Штодзённыя інтэлектуальныя баталіі: месцам сустрэчы юных разумнікаў і разумніц стаў лагер «Спадарожнік»

- 17:23Образование

У пачатку жніўня ў лагеры “Спадарожнік”, які знаходзіцца у Лідскім раёне, стартавала XXV Рэспубліканская профільная аздараўленчая змена для членаў клубаў і гурткоў інтэлектуальных гульняў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Сярод удзельнікаў — 150 хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх куткоў Беларусі. Усе яны аматары інтэлектуальных спаборніцтваў і ўваходзяць у склад каманд, якія паказалі лепшыя вынікі на міжнародных і рэспубліканскіх турнірах па інтэлектуальных гульнях.

— У агульнарэспубліканскім рэйтынгу наша каманда “Хронікі Нарніі” заняла дастойную пазіцыю, што дало нам магчы­масць акунуцца ў атмасферу лагера інтэлектуалаў, — падзялілася ўдзель­ніца змены са Шчучына Ксенія Утоўка. — Трапіць сюды нам дазволілі вынікі ўдзелу ў рэс­публіканскіх турнірах “Кубак Яраслава Мудрага”, “Кубак Агінскага”, “БусЛІК”, а таксама ў шматлікіх абласных гульнях.

Што тычыцца першага ўражання, то, на думку дзяўчыны, лепш за ўсё яго перадаюць некалькі слоў: людзі побач — супер!

Сямёра разумнікаў і разумніц прадстаўляюць Гродзенскую вобласць у профільнай аздараўленчай змене. Усе яны аб’яднаны не проста цікавасцю да пытанняў і задач, як гаворыцца, з зорачкай, але і камандным духам. На працягу года інтэлектуалы з сярэдняй школы № 3 і гімназіі Шчучына разам удзельнічалі ў мазгавых штурмах на званне самых дасведчаных і крэатыўных.

Адказ на пытанне, ці адрозніваюцца адпачывальнікі гэтага лагера ад любых іншых, відавочны: так! Справа ў тым, што ўсе яны ведаюць адно аднаго, многія не раз сустракаліся на розных інтэлектуальных турнірах, чэмпіянатах. Да таго ж у іх падобныя імкненні і захапленні.

У “Спадарожніку” юныя інтэ­лектуалы краіны адпачываюць не ўпершыню. Аднак сабраліся зноў у вёсцы Дакудава, што на Лідчыне, яны пасля непрацяглай паўзы. Два апошнія гады аналагічная профільная змена праходзіла ў Магілёўскай вобласці. Сёлета больш чым для сотні хлопчыкаў і дзяўчынак Гродзеншчына зноў стала галоўным пунктам на карце краіны на час незвычайнай лагернай змены.

Лагер будзе працаваць да 22 жніўня. А гэта значыць, што юных адпачывальнікаў ва ўзросце 13—17 гадоў чакае яшчэ нямала яркіх, насычаных адукацыйных і спартыўных дзён. У планах — не толькі штодзённыя інтэлектуальныя баталіі і конкурсы. У лагеры выбе­руць сваіх міс і містара, вызначаць лепшы атрад і наймацнейшых у спорце. Потым разумнікі і разумніцы раз’едуцца па розных кутках Беларусі, але развітвацца адно з адным яны не збіраюцца. Зусім хутка пачнецца новы інтэлектуальны сезон, а значыць, многія сустрэнуцца зноў. Няхай і за рознымі гульнявымі сталамі.

Арганізатарамі змены традыцыйна выступаюць Міністэрства адукацыі, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а таксама Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларуская ліга інтэлектуальных каманд”.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота прадастаўлена
кіраўніцтвам лагера “Спадарожнік”