Штогадовую скрынінг-дыягностыку праходзяць дашкольнікі ў Ваўкавыскім раёне

- 17:24Новости

Спецыялісты Ваўкавыскага раённага ЦКРНіР штогод праводзяць псіхолага­-медыка­-педагагічны прагнастычны скрынінг ва ўстановах дашкольнай адукацыі раёна, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Мэта скрынінгу — выявіць дзяцей ранняга ўзросту з рызыкай адставання ў развіцці, прафілактыка ўзнікнення магчымых парушэнняў або выпраўленне ўжо існуючых.

— Часцей за ўсё скрынінг праводзіцца ў кастрычніку — лістападзе, калі спецыялісты ЦКРНіР у меншай ступені задзейнічаны ў рабоце ПМПК, — расказала дырэктар установы Валянціна Слашчыніна. — Да ведама бацькоў выхаванцаў даводзіцца інфармацыя аб правядзенні такога мерапрыемства, яго мэтах і задачах, распаўсюджваецца буклет “Што такое псіхолага-медыка-педагагічны скрынінг?”. Баць­кі падпісваюць згоду на яго правядзенне. Падчас даследавання выкарыстоўваюцца распрацаваныя намі табліцы ацэнкі ўзроўню развіцця дзіцяці, дзе адлюстраваны асноўныя ўменні, уласцівыя дзецям пэўнага ўзросту. Яны дазваляюць ацаніць узровень развіцця агульнай і дробнай маторыкі, успрымання, памяці, мыслення, канструктыўнага праксісу, узаемадзеяння з іншымі дзецьмі і дарослымі, экспрэсіўнага маўлення, разумення маўлення, сфарміраванасці санітарна-бытавых уменняў і навыкаў.

Педагогі дзіцячых садоў — выхавальнікі, настаўнікі-дэфектолагі, педагогі-псіхолагі — папярэдне запаўняюць інфармацыю аб кожным дзіцяці. У дзень правядзення скрынінгу спецыялісты ­ЦКРНіР (настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг, урач-псіхіятр дзіцячы) арганізоўваюць назіранне за выхаванцамі ўсёй групы падчас заняткаў з педагогам і ў свабоднай дзейнасці. Такім чынам спецыялісты сумесна выяўляюць дзяцей групы рызыкі.

Максімальна ранняе выяўленне дзяцей з АПФР дае магчымасць павысіць эфектыўнасць спецыяльнай адукацыі і карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, бо яна пачынаецца на ранніх этапах.

Наступны крок: спецыялісты ЦКРНіР распрацоўваюць рэкамендацыі для педагогаў па суправаджэнні дзяцей з рызыкай адставання ў развіцці, выяўленых падчас скрынінгу. Напрыклад, рэкамендуюцца правядзенне асветніцка-прафілактычнай работы з бацькамі, кансультацыя настаўніка-дэфектолага, педагога-псіхолага, накіраванне на кансультацыю да ўрача (рашэнне прымае ўрач-псіхіятр дзіцячы) або абследаванне на раённай ПМПК для вызначэння далейшага адукацыйнага маршруту. Інфармацыя аб выніках скрынінгу даводзіцца і да ведама бацькоў выхаванцаў.

— Па выніках навучальнага года спецыялісты ЦКРНіР аналізуюць, колькі дзяцей было ахоплена скрынінгам і колькі выяўлена выхаванцаў з рызыкай парушэнняў развіцця, якая работа была праведзена з гэтымі дзецьмі, колькі абследавана на ПМПК, якія вынікі гэтага абследавання і далейшая арганізацыя неабходнай дапамогі, — адзначае Валянціна Чаславаўна. — У 2023/2024 навучальным годзе ў Ваўкавыскім раёне скрынінгам было ахоплена 406 выхаванцаў. Практычна кожнае дзіця ранняга ўзросту, якое наведвае дзіцячы сад, намі было агледжана. За кожнай установай адукацыі раёна замацаваны спецыяліст ЦКРНіР, які аказвае дапамогу настаўнікам-дэфектолагам дзіцячых садоў і школ у правядзенні папярэдняга абследавання (скрынінг-дыягностыкі).

У мінулым навучальным годзе спецыялісты правялі ў раёне прафілактычную работу са 121 дзіцем ранняга ўзросту з рызыкай адставання ў развіцці, паралельна вялося супрацоўніцтва з бацькамі па павышэнні іх псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці. Ваўкавыскай раённай ПМПК у мінулым годзе абследавана 30 упершыню выяўленых дзяцей з АПФР ранняга ўзросту, што ў два разы больш, чым у папярэднія гады. А вось доля ўпершыню выяўленых дзяцей з асаблівасцямі школьнага ўзросту нязначная, прычым гэта вучні, якія раней не наведвалі дзіцячыя сады.

Надзея ЦЕРАХАВА