Адразу тры дыпломы і тры камплекты каштоўных падарункаў — шматфункцыянальныя прынтары і 3D-прынтары — выйграла Гомельская вобласць у конкурсе на лепшую арганізацыю падпіскі на “Настаўніцкую газету” і іншыя друкаваныя сродкі масавай інфармацыі Выдавецкага дома за першае паўгоддзе. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Уладальнікамі прызоў сталі аддзелы адукацыі Мазырскага, Хойніцкага і Акцябрскага райвыканкамаў.
Павіншаваць і ўручыць прызы — адна з прычын наведаць нашых адданых падпісчыкаў на Гомельшчыне. Акрамя таго, было цікава даведацца і паглядзець, як арганізаваны дзіцячы адпачынак і рамонтныя работы ў навучальных установах. Першым у нашым маршруце значыўся Мазыр. Гэты горад стаў лідарам па падпісцы на профільную газету сярод населеных пунктаў, колькасць насельніцтва ў якіх складае 100 000 чалавек.
Начальнік аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама Ларыса Папкова атрымала заслужаны прыз.
“Сістэма адукацыі Мазырскага раёна працуе зладжана і вынікова, у нас шмат педагогаў, вартых увагі журналістаў, — адзначыла Ларыса Аляксееўна. — І мы заўсёды рады на старонках “Настаўніцкай газеты” дзяліцца сваімі педагагічнымі знаходкамі з калегамі з іншых рэгіёнаў”.
Л.Папкова адзначыла, што сёння школы горада актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага года, у многіх ужо завяршаюцца рамонтныя работы. Каб упэўніцца ў гэтым, журналісты разам з начальнікам аддзела адукацыі наведалі сярэднюю школу № 7 Мазыра.
Дырэктар установы Уладзімір Хамутоўскі расказаў, што самыя маштабныя работы ўжо выкананы, засталося толькі дафарбаваць падлогу ў калідоры. Дарэчы, абнаўленнем кабінетаў падчас канікул займаліся не толькі педагогі і рабочыя, але і навучэнцы. У чэрвені ў школе працаваў лагер працы і адпачынку, у якім хлопчыкі займаліся зборкай школьных парт. Навучыцца гэтаму майстэрству проста: асновы вучні атрымліваюць падчас урокаў працоўнага навучання. Дарэчы, сярэдняя школа № 7 Мазыра — пляцоўка для арганізацыі і правядзення заняткаў па працоўным навучанні. У вучэбна-вытворчыя майстэрні ў межах адпаведных урокаў у школу прыязджаюць вучні з усіх устаноў адукацыі горада.
“Навучэнцы прыязджаюць для таго, каб атрымаць у нас навыкі па васьмі прафесійных кірунках, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Халадовіч. — Так, за мінулы навучальны год 247 навучэнцаў 11-х класаў атрымалі такія прафесіі, як кухар, швачка, майстар па манікюры, візажыст, жывапісец, слесар па рамонце аўтамабіляў і цясляр. Заняткі праходзяць два разы на тыдзень па тры ўрокі”.
Ужо 232 навучэнцы атрымалі пасведчанні з прысваеннем разраду. Што тычыцца ўдасканалення прафесійных навыкаў, то ў школы заключаны дагаворы на праходжанне вытворчай практыкі на прадпрыемствах. Цесляры і слесары вучацца асновам прафесіі на сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Козенкі-агра”, тыя, хто выбраў для сябе жывапіс, займаюцца на фабрыцы мастацкіх вырабаў, а швачкі, майстры па манікюры, візажысты пераймаюць вопыт у спецыялістаў камбіната бытавога абслугоўвання і інш. Згодна з вучэбнай праграмай, установа адукацыі, маючы тэхнічную базу, можа часткова праводзіць вытворчую практыку і на сваёй тэрыторыі.
“У нас ёсць швейны цэх, асобны вучэбны клас, лабараторыі для кухараў, слесараў, — дадала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. — Сёлета дзеці ўжо бралі накіраванні ў Гомельскі каледж бытавога абслугоўвання і іншыя ўстановы для паступлення на кухараў. У сталовых Мазыра вялікая патрэба ў адпаведных спецыялістах, таму мы сарыентавалі дзяцей на паступленне па вызначаным профілі”.
Швейная лабараторыя
Мазырскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі на два тыдні ператварыўся ў майстэрню па пашыве элементаў адзення.
Тут знаходзіцца пляцоўка для арганізацыі часовай працоўнай занятасці навучэнцаў школ горада. У цэнтры на працягу 10 дзён 12 дзяўчынак, якім ужо споўнілася 14 гадоў, шылі для сябе спецадзенне, якое трэба насіць падчас заняткаў за швейнай машынкай, выраблялі касынкі, нарукаўнікі, чахлы на крэслы.
“Сярод дзяўчынак, якія наведваюць лагер працы і адпачынку, не толькі тыя, хто займаецца на працягу навучальнага года ў нашых педагогаў рознымі відамі дадатковай дзейнасці”, — зазначае метадыст аддзела дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці цэнтра Аксана Старавойтава.
Швейнай справай навучэнкі займаюцца па некалькі гадзін у дзень. Тым, хто толькі прыйшоў вучыцца гэтаму майстэрству, пасля завяршэння лагернай змены будзе прысвоены 2-і разрад. А заробленыя грошы стануць яшчэ адным прыемным бонусам.
“Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мазырскага райвыканкама выдзяляе пэўнае фінансаванне, дзякуючы якому закупляюцца неабходныя для работы матэрыялы, — працягвае метадыст. — Пасля закупкі тканіны пачынаецца яе раскрой, а затым і выраб запланаваных рэчаў”.
Гледзячы на тое, з якім спрытам дзяўчаты працуюць з ніткамі і тканінай, нават не верыцца, што некаторыя трымаюць іх у руках упершыню: кожны шывок атрымліваецца роўным і прыгожым.
“Жадаючых прыходзіць да нас, каб займацца швейнай справай і зарабіць першыя грошы, знайшлі вельмі лёгка, — дадае дырэктар цэнтра Аксана Казачэнка. — Увогуле, арганізацыя часовай працоўнай занятасці — гэта выдатны варыянт правядзення канікул”.
Акрамя часовай працоўнай занятасці, у першы летні месяц у цэнтры дзейнічаў летнік дзённага знаходжання мастацкага профілю “Лета-Пік”. Для яго ўдзельнікаў праводзіліся шматлікія мерапрыемствы мастацкага кірунку.
За 15 дзён, пакуль доўжылася змена, школьнікі паспрабавалі сябе ў ролі аніматараў, змаглі прадэманстраваць інтэлектуальныя здольнасці, пабывалі на віртуальнай канферэнцыі і інш.
“Мы заўсёды імкнёмся да таго, каб выхаванцам было ў нас цікава, — падкрэсліла дырэктар. — Прычым гэта тычыцца не толькі арганізацыі канікул, але і дадатковай дзейнасці на працягу навучальнага года”.
Уласны ўраджай
Падчас летніх канікул педагогі і навучэнцы Прудкоўскай сярэдняй школы Мазырскага раёна сустракаюцца на агародзе.
Градкі, якія кожную вясну дружна саджаюць настаўнікі і вучні, дапамагаюць зрабіць харчаванне больш танным.
“Тое, што вырошчваем на працягу апошніх трох гадоў, ідзе на патанненне харчавання вучняў, — расказвае дырэктар школы Ганна Песянка-Сіраш. — У нас не вельмі вялікі агарод, але пашыраць яго не плануем, хочам толькі паставіць парнік”.
Ужо наступным летам у ім будуць расці агуркі і памідоры. Сёлета ў адкрыты грунт гэтыя культуры вырашылі не саджаць — абышліся бульбай, капустай, буракамі, морквай, фасоляй.
“Гэтыя культуры ў нас добра растуць, і менавіта іх можам выкарыстоўваць, каб гатаваць абеды для навучэнцаў, — працягвае дырэктар. — З улікам таго, што ў нас невялікія градкі, то з дзевяці месяцаў, пакуль доўжыцца навучальны год, патанненне харчавання адбываецца на працягу аднаго месяца”.
Калі надыходзіць пара збіраць ураджай, пэўная яго колькасць аддаецца ў цэнтр эпідэміялогіі на лабараторныя даследаванні, дзе вызначаюць наяўнасць нітратаў.
“Мы нічым не падкормліваем свой агарод, ён у нас экалагічна чысты, — запэўнівае Г.Песянка-Сіраш. — А даглядаем яго разам з вучнямі, якія ў першы летні месяц наведваюць лагер працы і адпачынку. У астатні час даглядаюць градкі нашы супрацоўнікі”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА