Сіла роднай зямлі

- 9:18Авторские колонки, Мнение

Вольга ДУБОЎСКАЯ

 

 

 

 

 

 

У школах краіны 10 чэрвеня пройдуць выпускныя вечары — урачыстыя цырымоніі развітання са школай і настаўнікамі, поўныя гордасці, суму і ўдзячнасці.

Настаўнікі будуць ганарыцца сваімі выпускнікамі. А як жа інакш, калі на іх вачах яны сталелі і разумнелі! А маладыя людзі будуць дзякаваць за веды, разуменне і падтрымку, за раскрыццё талентаў і веру ў іх нават у моманты няўдач. Менавіта настаўнікі здольны выяўляць патэнцыял сваіх вучняў, і дзякучы педагогам яны адчуваюць сябе асобамі, якія здольны смела ісці па жыцці.

Увогуле, сіла роднай зямлі фарміруе жыццёвыя арыенціры і патрыятычны настрой. А калі на малой радзіме шануюць твае дасягненні, то ты зможаш стаць сапраўдным чалавекам, які ніколі не забудзе пра свае карані.

Гэта можна сказаць пра выпускнікоў і школьнікаў Петрыкаўскага раёна, што на Гомельшчыне. Літаральна за некалькі дзён да маёй камандзіроўкі ў гэты паўднёвы рэгіён тут адбылося шанаванне школьнікаў, якія сталі пераможцамі абласной і рэспубліканскай алімпіяд. У прыгожай зале мясцовага райвыканкама яго старшыня Аляксандр Кохан падзякаваў вучням, іх педагогам і бацькам за карпатлівую сумесную працу, якая ў выніку прынесла поспех кожнаму з іх, праславіла ўстановы адукацыі і раён. Дзеці і настаўнікі атрымалі не толькі натхняльныя словы падзякі ў свой адрас, але і важкія грашовыя прэміі.

Прыемна? Канечне! Акрамя таго, такое ўважлівае і клапатлівае стаўленне мясцовых органаў улады да сістэмы адукацыі фарміруе яе прэстыж, дае падставы юным петрыкаўчанам адчуваць сябе дастойнымі прадстаўнікамі свайго краю.

Падчас камандзіроўкі мне давялося пазнаёміцца з Ганнай Ганчар, навучэнкай гімназіі Петрыкава, якая перамагла ў Рэспуб­ліканскай алімпіядзе па грамадазнаўстве, таму была запрошана на раённае свята. Ганна пакуль не выпускніца (яна скончыла 10 класаў), але вельмі ганарыцца тым, што прадстаўляе Петрыкаў. Разумная, таленавітая і прыгожая дзяўчына ўжо цяпер ра­зумее сэнс прыцяжэння малой радзімы і лічыць сябе паўнавартаснай грамадзянкай сваёй краіны, а ўсё таму, што родныя педагогі імкнуліся максімальна раскрыць яе патэнцыял, прывіваючы любоў да роднай зямлі.

Падчас размовы не хавалі гордасці ні настаўніца Ганны Галіна Туравец, ні дырэктар гімназіі Людміла Хільман, ні начальнік аддзела адукацыі Людміла Жукавец. Кожная з іх падарыла часцінку сваёй любові і клопату таленавітай дзесяцікласніцы, як, зрэшты, і іншым вучням, таму ўсе яны трывала стаяць на петрыкаўскай зямлі.

Дарэчы, і настаўніца, і дырэктар, і начальнік аддзела адукацыі на ўласным прыкладзе паказваюць: калі будзеш самааддана і сумленна працаваць дзеля росквіту сваёй Радзімы, то яна абавязкова аддзячыць. Таму ўсім нашым выпускнікам хочацца нагадаць, што моц роднай зямлі не толькі сілкуе, але і натхняе. У добры шлях!

Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з сайта pixabay.com