Гэта ўжо восьмая скульптура, зробленая ў Смілавіцкім дзяржаўным каледжы згодна з сімвалам, які будзе адпавядаць новаму году паводле ўсходняга календара. Раней былі створаны певень, сабака, свіння, пацук і іншыя, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Фота прадастаўлена каледжам
Над арт-аб’ектам 6 навучэнцаў першага курса і загадчык цэнтра кампетэнцый Арцём Крывапуст працавалі паўтара месяца. Хвост дракона ў даўжыню — 5 м. А ён сам — тры метры ў вышыню і столькі ж складае размах крылаў. Дракоша (так яго, дарэчы, назвалі) створаны са спісаных дзвярэй, з бляхі, ланцугоў і металалому. Без ніякіх праектаў і чарцяжоў, чыстая імправізацыя.
— У мяне не было адпаведнага вопыту па стварэнні скульптур з бляхі, металу, — прызнаецца педагог. — Але неяк навучэнец прынёс бензабак ад матацыкла «Іж» і сказаў, што бачыць у ім вобраз пеўня. Мы пачалі прымацоўваць да яго розныя дэталі: шасцярні, ланцугі, дрот, спружыны. І атрымалася даволі цікава і прыгожа.
Пазней у каледжы пачалі эксперыментаваць і з тэхнікамі стварэння скульптур. Калі спачатку гатовыя дэталі складвалі такім чынам, каб атрымалася патрэбная частка, то сёння яе проста выразаюць і гнуць пад неабходную форму.
Усе арт-аб’екты, якія «ажываюць» у мясцовых майстэрнях, знаходзяцца на тэрыторыі ўстановы, але дракону быў наканаваны іншы лёс: ён пераехаў у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк.
Чым здзівяць у Смілавіцкім дзяржаўным каледжы праз год, наступнай зімой? Пачакаем — убачым. Але тое, што гэта будзе чарговы шэдэўр, можна не сумнявацца.
Наталля САХНО
Фота аўтара